Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Эдзі Агняцвет

   Эдзі Агняцвет (сапраўднае імя Эдзі Сямёнаўна Каган), нарадзілася 11 кастрычніка 1913 г. у горадзе Мінску ў сям'і служачых. Пасля заканчэння сямігодкі працавала на мінскім заводзе «Камунар» (1930), год правучылася ў мінскай будаўнічай прафтэхшколе. Скончыла крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута (1934). Завочна вучылася на педагагічным аддзяленні літаратурнага факультэта педінстытута (1934-1936), працавала рэдактарам Беларускага радыё (1934-1938), кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР (1939), у аддзеле паэзіі часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1940-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны жыла ва Узбекістане. У 1945-1946 гг. працавала ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1937 г.
   Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
   Першыя вершы надрукавала ў 1929 г. Піша пераважна для дзяцей. Выдала зборнікі паэзіі «Маё пакаленне» (1935), «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Край мой родны» (1945), «Дарога ў будучыню» (1949), «Беларуская рабіна» (1959), «Лірыка» (1965), «Круглы год: Выбранае» (1966), «Жаданне» (1971), «Спадзяванне калыханак» (1983), «Закаханым» (1986), паэму «На беразе Волгі» (1940). Выйшлі кнігі паэзіі для дзяцей «Васількі» (1947), «Ля піянерскага кастра» (1952), «Твае таварышы» (1957), «Госць з далёкай зямлі» (1958), «Незвычайныя канікулы» (1962), «Першы ліст» (1966), «Падарожнік» (1969), «Піянерская гама» (1970), «Краіна маленства» (1975), «Мы сур’ёзныя, мы вясёлыя» (1976), «Доктар Смех» (1977), «Ад зярнятка да вясёлкі» (1981), «Хто пачынае дзень?» (1982), «На двары алімпіяда» (1984), «Буду настаўнікам» (1990), паэмы «Песня пра піянерскі сцяг» (1949), «Мы будзем сябраваць» (1955, дапрацаванае выданне ў 1979), кніга для чытання ў 4 класе «Роднае слова» (з Я. Івашуціч, 1989). У 1976 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
   Аўтар лібрэта опер для дзяцей «Джанат» (1962, ставілася ў 1944, 1947, 1974), «Марынка» (урыўкі ў 1958, пастаўлена ў 1956).
   Пераклала на беларускую мову паасобныя творы А. Пушкіна, М. Някрасава, У. Маякоўскага, М. Ушакова, Г. Ахматавай, В. Шэфнера, А. Барто, Лесі Украінкі, М.Бажана, Я. Судрабкална, С. Карыма і інш., кнігу Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з А. Грачанікавым, 1985), зборнікі паэзіі для дзяцей Я. Османіса «Сабака з рагаткай» (1976), Г.Сулейманавай «Сорак косак» (1982), М. Джаліля «Я гляджу на зоры» (1985). З французскай мовы пераклала кнігі П. Ж. Беранжэ «Выбраныя песні» (1960), «Краіна Паэмія» (анталогія французскай паэзіі для дзяцей, 1962), Антуана дэ Сент-Экзюперы «Маленькі прынц» (1969), Г. Апалінэра «Зямны акіян» (1973), П. Элюара «З табою» (1980).
   У 1986 г. узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х. К. Андэрсена за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей «На двары алімпіяда».
   Памерла Эдзі Сямёнаўна 17 ліпеня 2000 г.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!