Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Уладзімір Хадыка

   Паэт Уладзімір Хадыка нарадзіўся 21 снежня 1904 года (3 студзеня 1905 года) ў вёсцы Цітва Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і, у якой было 9 дзяцей. Пазней Хадыкі перабраліся ў мястэчка Дудзічы, радзіму бацькі. Уладзімір Хадыка скончыў Дудзіцкую школу, агульнаадукацыйныя курсы ў Мінску (1923), працаваў настаўнікам пачатковых класаў. Пасля службы ў арміі (1926-1927) быў сакратаром Дудзіцкага сельсавета, арганізаваў там літаратурны гурток, мастацкую самадзейнасць. Сам увайшоў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», удзельнічаў у яго першым з’ездзе (лістапад 1925).
   З 1926 года вершы маладога паэта пастаянна друкуюцца ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. У гэтым жа годзе выйшаў яго першы зборнік паэзіі «Суніцы», вершы якога прасякнуты радасцю жыцця, светлымі пачуццямі любові да радзімы, душэўнай узнёсласцю.
   У паэзіі Уладзіміра Хадыкі, як адзначаў Варлен Бечык, «найперш важна і дорага для нас паэтава шчырасць, маральная чысціня, душэўная сама-аддача і нават ахвярнасць, з якімі ён шукае, знаходзіць і абараняе свае жыццёвыя і творчыя прынцыпы, грамадскія і эстэтычныя ідэалы. Вершы паэта насычаны перажываннямі, у якіх рознабакова адбіліся і яго ўласныя няспынныя пошукі і хістанні, і сама рэчаіснасць, што паклікала паэта да творчасці, – зменлівая, складаная, супярэчлівая...».
   З асаблівай цеплынёй і павагай ставіўся да Уладзіміра Хадыкі Янка Купала, які заўсёды падтрымліваў маладыя таленты. Захавалася яго жартоўная эпіграма «Валодзю Хадыку» (1934):

Хадыка хадыкае,
дыбае,
Сто вершаў задумністых
выбаяў...


   У адказ Янку Купалу малады паэт напісаў верш «Ад сэрца»:

 

Я рад зразумелым быць свету.
Дзе даль ледзяная адтала...
А што не ўдалося дагэтуль, –
Прабачце мне, Янка Купала...


   Многае не ўдалося здзейсніць паэту за сваё кароткае жыццё. Яго творчы разбег быў спынены на самым пачатку. Аднак і тады яго вершамі захапляліся не толькі шматлікія слухачы, перад якімі даводзілася паэту выступаць у многіх паездках па краіне. Незвычайны паэтычны талент у Хадыку заўважыў і вядомы рускі паэт М. Асееў які ў сваім выступленні на трэцім пленуме праўлення СП СССР, што адбыўся ў Мінску ў лютым 1936 года, гаворачы пра набыткі савецкай паэзіі, высока ацаніў мастацкія пошукі маладога беларускага паэта. Гэта была вялікая маральная падтрымка Уладзіміру Хадыку, які з канца 1920-х гадоў, як і многія іншыя беларускія паэты, абвінавачваўся крытыкамі-вульгарызатарамі ў «ідэалагічных хібах» і буржуазным нацыяналізме. Але ўсё ж нядобрыя прадчуванні не пакідалі паэта:

 

Ўзнімае ноч свой чорны вэлюм
Перад вянком маіх трывог...


   Уладзімір Хадыка паспеў выдаць толькі тры зборнікі вершаў – «Суніцы» (1926), «Выбраныя вершы» (1932) і «Радасны будзень» (1935), а таксама перакласці і апублікаваць на беларускай мове творы рускіх пісьменнікаў У. Бахмецьева, М. Горкага, М. Шолахава (раман «Ціхі Дон»),
   26 лістапада 1936 года Уладзімір Хадыка быў арыштаваны органамі НКУС і асуджаны на 10 гадоў зняволення. Яго выслалі спачатку ў канцлагер «Нова-Іванаўка» Кемераўскай вобласці, потым у каменяломні Новасібірскай вобласці. Станіслаў Шушкевіч, які разам з ім адбываў высылку, расказаў у сваіх успамінах пра жудасны канец Уладзіміра Хадыкі, які загінуў 1 ліпеня 1940 года, раздушаны каменнай глыбай. Было тады яму толькі 35 гадоў.


Крыніца: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с. [8] с.: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!