Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Пімен Панчанка

   Пімен Емяльянавіч Панчанка паходзіў з Ашмяншчыны, але нарадзіўся ў Таліне, куды з вёскі Гедэйкі ў пошуках працы прыехалі яго бацька Емяльян Арцёмавіч і маці Дар'я Факееўна. Пасля рэвалюцыі сям'я Панчанкаў вярнулася ў Беларусь і ў пошуках заробкаў вандруе па Віцебшчыне.
   Пімен Панчанка вырашыў звязаць сваё жыццё з настаўніцкай працай. У 1932 годзе пасля заканчэння Бягомльскай сямігодкі, а потым гадавых педагагічных курсаў ён пачаў працаваць настаўнікам пачатковых школ Кіраўскага раёна і адначасова паступіў вучыцца на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Мінскага настаўніцкага інсгытута.
   Першыя вершы Пімена Панчанкі былі надрукаваныя ў 1934 годзе ў альманаху "Ударнік". Да вайны выйшлі два зборнікі яго паэзіі "Упэўненасць" і "Вераснёвыя сцягі". Асноўныя матывы даваеннай творчасці былі тыповымі для тагачаснай літаратуры. Паэт услаўляў савецкую рэчаіснасць, працоўныя будні, гаварыў пра сваю любоў да радзімы. Аднак ужо тады ў першых зборніках паэта адчувалася сапраўдная глыбіня яго паэзіі, характэрнае для пазнейшых твораў Панчанкі тонкае адчуванне і веданне жывой прыроды, заклік да сучаснікаў жыць у суладнасці з яе няпісанымі, спрадвечнымі законамі. Былі адчувальныя ў яго тагачасных вершах і прага філасофскага асэнсавання жыцця, і тонкі лірызм:

 

Чуваць, як дыша вераснем зара
Па ўсёй зямлі, што ў вечаровым дыме,
І добра нам маўчаць і пазіраць
На родны край вачыма маладымі.


   У верасні 1939 года Пімена Панчанку прызвалі на вайсковую службу, і ён ішоў цяжкімі дарогамі вайны ажно да 1946 года ўключна, на ўласным лёсе, як і Васіль Быкаў, праходзячы складаную школу салдацкага жыцця. На пачатку малады салдат прымае ўдзел у паходзе Чырвонай арміі на заходнебеларускія землі, а пазней, калі пачалася Другая сусветная вайна, ён становіцца спецыяльным карэспандэнтам розных вайсковых выданняў. Вершы і фельетоны Пімена Панчанкі змяшчаліся як у малавядомых сёння армейскіх газетах, так і ў славутых газеце-плакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну", "Партызанская дубінка" і інш.
   У 1944 годзе Пімен Панчанка ў складзе 34-й арміі трапляе ў Іран. Экзатычная зямля, чужыя звычаі, побыт захапляюць паэта, ды не засланяюць у яго душы галоўнага: ён імкнецца вярнуцца на радзіму і да радзімы. Але толькі ў 1946 годзе ён змог прыехаць у Мінск і пачаць працаваць у рэдакцыі часопіса "Вожык". З гэтага часу творчае жыццё і лёс Пімена Панчанкі непарыўна звязаны з літаратурай. Ён працуе ў рэдакцыях тагачасных знакамітых літаратурных выданняў: штотыднёвіку "ЛіМ" і часопісе "Маладосць", рускамоўным альманаху "Советская Отчизна", пэўны час сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, але ніколі не пакідае паэзіі.
   За шматгадовую і плённую працу на літаратурнай ніве Пімена Панчанку неаднаразова адзначалі высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі — ордэнамі Леніна і Айчыннай вайны 2-й ступені, Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі і ганаровымі граматамі. Быў ён ушанаваны і высокім званнем народнага паэта Беларусі. Аднак адносіны паэта з афіцыйнымі ўладамі тагачаснай Беларусі складваліся няпроста.
   З 1972 г. Пімен Панчанка цалкам аддаецца творчай дзейнасці.
   У сваіх творах Пімен Панчанка — шчыры патрыёт Беларусі, нястомны змагар за захаванне прыроды, за культаванне ў грамадстве высокіх маральных ідэалаў, выкрывальнік партыйнай і ўрадавай бюракратыі. У яго вершах спалучаецца лірызм з публіцыстычным напалам. Пімен Панчанка становіцца адным з найпапулярных паэтаў свету. Паэт і сам актыўна займаецца перакладам. Перакладаў на беларускую мову творы Адама Міцкевіча, М. Нагнібеды, Я. Райніса, Ф. Шылера і інш.
   У 70-90-я гады выходзіла шмат паэтычных кніг Пімена Панчанкі. I хоць на той час ён быў народны паэт, член Прэзідыума Вярхоўнага савета БССР, у дадатак франтавік і камуніст, да якіх сістэма (на словах) адносілася з асаблівай пашанай, ён не мог адкрыта выказацца публічна. Вострыя, сатырычна-з'едлівыя творы прызнанага паэта неаднойчы забараняліся цэнзурай, выкідваліся з газетных палос і паэтычных зборнікаў. Так, напрыклад, у кнізе "Маўклівая малітва" цэнзура і аддзел прапаганды ЦК КПБ выкінулі сем вершаў, перад гэтым на такую ж экзекуцыю быў асуджаны і зборнік "Крык сойкі" (1976). Улада не магла дараваць знакамітаму паэту яго бескампраміснае імкненне да праўды.
   Другая палова 80-х — пачатак 90-х гг. былі ў жыцці паэта ці не самымі цяжкімі. Даймалі шматлікія хваробы. Ён амаль што не выходзіў з бальніцы. Пачаліся і матэрыяльныя нястачы. Найбольш мучыў душэўны боль. У творчасці паэта ўзмацніліся публіцыстычнасць, палемічная вастрыня, сатырычны пафас. Вершы грамадзянскага гучання склалі зборнікі "І вера, і вернасць, і вечнасць" (1986), "Прылучэнне" (1987), "Горкі жолуд" (1988), "Неспакой" (1988), "Высокі бераг" (1993). Вялікі грамадзянскі рэзананс выклікала ў свой час "Паэма сораму і гневу".
   Пасля смерці паэта (2 красавіка 1995 г.) з друку выйшлі яго кнігі "Зямля ў мяне адна" (1996) і "Жытнёвы звон" (2002), у якіх сабраны творы розных гадоў. Пімену Панчанку належаць шматлікія публіцыстычныя артыкулы і эсэ, успаміны пра вядомых беларускіх пісьменнікаў і падзеі літаратурнага жыцця.