Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Наталля Арсеннева

   Наталля Арсеннева нарадзілася ў азербайджанскім горадзе Баку 20 верасня 1903 года ў сям’і ўрадавага чыноўніка. Па жаночай лініі яна мела сваяцтва з рускім паэтам-рамантыкам Міхаілам Лермантавым. Аднак неўзабаве пасля нараджэння Наталлі Арсенневай яе сям’я пераехала ў Вільню, дзе будучая паэтка правяла сваё дзяцінства і атрымала пачатковую адукацыю – найперш дома з маці, а потым, адразу перад Першай сусветнай вайной, у Віленскай Марыінскай гімназіі. З надыходам вайны Арсенневы пакінулі Вільню, апынуўшыся спачатку ў Баку, потым у Яраслаўлі, дзе яны пражылі чатыры гады.
   Толькі на пачатку 1920-х Наталля зноў вярнулася ў Вільню, дзе разам са сваімі братам і сястрой была прынятая ў зноў адчыненую Першую Віленскую беларускую гімназію. Сярод выкладчыкаў гэтай установы было многа слынных дзеячаў беларускага адраджэння, такіх, як празаік і першы гісторык беларускай літаратуры Максім Гарэцкі, публіцыст і літаратурны крытык Антон Луцкевіч, аўтар беларускай граматыкі Браніслаў Тарашкевіч і іншыя. Менавіта тут Арсеннева ўпершыню далучылася да беларускага руху і зрабілася яго чыннай удзельніцай. Яшчэ ў Яраслаўлі яна спрабавала пісаць вершы па-руску, але ў Вільні аднойчы і назаўжды перайшла на беларускую мову.
   Яна паказала свае раннія творы Максіму Гарэцкаму, які даў ёй многа каштоўных парадаў; першая публікацыя вершаў Наталлі Арсенневай адбылася ў газеце «Наша думка» 28 кастрычніка 1921 года.
   Пасля заканчэння гімназіі ў 1921 годзе Наталля Арсеннева працавала настаўніцай у адной з беларускіх пачатковых школ, якія былі адчыненыя ў Вільні. Праз год яна паступіла на гуманітарны факультэт Віленскага універсітэта. Аднак яе навучанне было перапынена ўвосені 1922 года, калі яна пабралася шлюбам з капітанам польскага войска Францішкам Кушалем. Пасяліўшыся ў Польшчы, спачатку Наталля Арсеннева пісала мала, але калі яна наведала Вільню і бацькоў свайго мужа, якія жылі ў Валожынскім раёне, у яе зноў абудзілася цікаўнасць да сваёй краіны і вера ў яе, якая паступова ў свядомасці паэткі ператварылася ў ідэалізацыю Беларусі. У 1920-х гадах Наталля Арсеннева перапісвалася і часам уступала ў паэтычны дыялог з некаторымі з найбуйнейшых беларускіх паэтаў - Міхасём Машарам, Уладзімірам Жылкам і асабліва з Максімам Танкам. Польскі перыяд у яе творчасці пазначаны глыбока асабістым лірызмам. Ён скончыўся, калі немцы ўвайшлі ў Польшчу, і муж Н. Арсенневай, які пайшоў змагацца з захопнікамі, быў арыштаваны савецкай уладай (якая, вядома ж, хутка падпісала пагадненне з Нямеччынай). Наталля Арсеннева, якая ў той час знаходзілася з сынамі ў Вілейцы, таксама была арыштавана і выслана ў Казахстан. Дзякуючы зваротам вядучых беларускіх пісьменнікаў да ўлад яна, аднак, змагла ў траўні 1941 года вярнуцца ў дом свайго мужа ў мястэчку Доры Віленскага раёна (у той час як сам Ф. Кушаль быў вызвалены з Лубянкі), акурат перад тым, як немцы акупавалі гэтую тэрыторыю.
   Так распачаўся другі, незвычайна плённы творчы перыяд Н. Арсенневай (1941-1944). Падчас нямецкай акупацыі яна жыла з мужам у Менску, лад жыцця, уласьцівы таму часу, відавочна, задавальняў абодвух. З набліжэннем Чырвонай арміі ў 1944-м маладая сям’я, як і некаторыя іншыя прадстаўнікі нацыянальна свядомай інтэлігенцыі, скіравалася на Захад, і напрыканцы вайны яны зрабіліся «перамешчанымі асобамі». Некалькі год прабавіўшы ў розных лагерах, у 1950 годзе паэтка эмігравала ў ЗША, дзе асталявалася ў горадзе Рочэстэры, штат Нью-Ёрк. Там яна правяла рэшту жыцця - да смерці ў 1997 годзе.
   Наталля Арсеннева, адна са старэйшых паэтаў-эмігрантаў, пражыла ў Беларусі толькі дваццаць год, але за сваё доўгае жыццё стварыла мноства разнастайных лірычных вершаў, вытанчаных і дасканалых, асабліва ў перадачы гукаў, водараў і фарбаў сваёй роднай краіны. Паэтка ад Бога, яна без цяжкасці дасягала ў сваіх вершах музычнасці, някідкай, але заўсёды вышуканай гармоніі рыфмы і рытму ў спалучэнні з ураўнаважаным, можна нават сказаць, арыстакратычным светапоглядам. Творчы росквіт Наталлі Арсенневай прыпадае на канец дваццатых - трыццатыя гады. У другой палове свайго жыцця, у Амерыцы, яна, здаецца, страціла натхненне, хаця пазней здолела набыць у літаратуры прыкладна гэткі ж статус, як брытанскія паэты-лаурэаты, ствараючы выштукаваныя і меладычныя вершы «на выпадак», да рэлігійных і іншых святаў. Аднак менавіта ранейшыя лірычныя творы паэткі вызначаюць яе месца ў сэрцах і свядомасці ўсяе беларускай эміграцыі; вялікая колькасць яе вершаў пакладзена на музыку і часта выконваецца ў канцэртных залах і ў храмах, як уніяцкіх, так і праваслаўных.


Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура дыяспары: Манаграфія: / Пер. з англ. В. Бурлак, В. Жыбуля / А. Макмілін. – Мн.: УП «Тэхнапрынт», 2004. – 440 с.