Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Міхась Чарот

   Міхась Чарот (сапраўднае прозвішча — Міхаіл Сымонавіч Кудзелька) нарадзіўся 7 лістапада 1896 г. у вёсцы Рудзенск Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сям'і малазямельных сялян.
   Пасільная праца на гаспадарцы ў гады дзяцінства спалучалася для будучага паэта з пачаткамі вучобы: першую адукацыю атрымаў у наёмнага так званага «дарэктара», потым скончыў двух-класную пачатковую школу, а ў 1913 г. паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. У гады першай сусветнай вайны семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск. Тут прайшлі два апошнія гады навучання Міхася Чарота, калі ён быў ужо не «свавольнікам», а за паспяховае навучанне пераведзены ў лік стыпендыятаў.
   Семінарыю Міхась Чарот закончыў у 1917 г., але настаўнічаць яму не давялося: быў мабілізаваны ў армію. Служыў афіцэрам запаснога палка ў г. Кузнецку, там намагаўся разам з іншымі афіцэрамі-беларусамі стварыць беларускі гурток. Вясною 1918 г. Міхась Чарот вярнуўся ў Мінск, пачаў настаўнічаць у беларускай школе, паступіў на вучобу ў педагагічны інстытут. У гэты ж час ён далучыўся да культурна-нацыянальнага жыцця: маючы прыгожы барытон, спяваў у хоры В. Тэраўскага пры «Беларускай хатцы», стаў старшынёй тэатральнага гуртка «Маладзік». Бурныя палітычныя падзеі таго часу не далі магчымасці засяродзіцца на вучобе і настаўніцкай працы. Трэба было бараніць Бацькаўшчыну са зброяй у руках, і Міхась Чарот у 1919 г. спрабуе ўступіць у Беларускае войска, якое стваралася пры Беларускім нацыянальным камітэце, што існаваў як выканаўчы орган Усебеларускага з'езда 1917 г. Гэта быў час польскай акупацыі на Беларусі, і Міхась Чарот быў у шэрагах барацьбітоў за нацыянальнае вызваленне, што ў далейшым знойдзе водгук шмат у якіх яго паэтычных творах.
   Даследчыкі зусім правамерна называюць Міхася Чарота адным з лідэраў беларускай савецкай літаратуры 20-х гадоў. Яго творчасць адбіла ў сабе рамантычныя парыванні, супярэчнасці і вялікія ілюзіі свайго часу.
   Пасля 1920-1921 гг. творчыя арыентацыі Міхася Чарота мяняюцца, нацыянальна-патрыятычныя матывы саступаюць месца рэвалюцыйнай патэтыцы.
   Восенню 1923 г. здарылася знамянальная падзея ў літаратурным жыцці Беларусі — утварылася першая масавая літаратурная арганізацыя «Маладняк». Міхась Чарот, які быў ужо вядомым паэтам, шмат друкаваўся, выдаў некалькі кніг, стаў яе аўтарытэтным кіраўніком. У 1927 г. пасля «другога расколу» арганізацыі ён выйшаў з «Маладняка» і далучыўся да «Полымя», затым, у 1928 г., стаў членам БелАППа. У гэты час ён — рэдактар «Савецкай Бсларусі» і кандыдат у члены ЦК КП(б)Б.
   У 30-я гады Міхась Чарот практычна адышоў ад літаратурнай дзейнасці. Пасля працэсу 1930 г., калі ўсе праявы нацыянальнага жыцця былі асуджаны як «нацыянал-дэмакратызм», сам Чарот прычыніўся да асуджэння тых пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў, з кім не так даўно разам тварыў літаратуру, і змагаўся за Беларусь у 1919 г.
   У канцы студзеня 1937 г. Міхась Чарот быў арыштаваны, абвінавачаны як удзельнік «контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» і пасля допытаў і катаванняў, прызнаўшы сябе вінаватым, быў прыгавораны да расстрэлу. Загінуў 29 кастрычніка 1937 г. у Мінску. У 1956 г. рэабілітаваны.


Багдановіч І. Э. Міхась Чарот // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 454-474.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!