Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Міхась Лынькоў

1899-1975

   Нарадзіўся Міхась Ціханавіч Лынькоў 30 лістапада (18 лістапада па старым стылі) 1899 г. у вёсцы Зазыбы Віцебскага павета Віцебскай губерні (цяпер — Лёзненскі раён Віцебскай вобласці). Бацькі будучага пісьменніка не мелі дастаткова зямлі, каб пракарміць сям'ю, і таму працавалі на чыгунцы: бацька — рамонтным рабочым, маці — вартаўніцай на пераездзе. Дзяцінства прайшло ў дамах-казармах для чыгуначнікаў і ў будках на перагонах паміж станцыямі.
   Калі бацька дастаў пасаду пуцявога абходчыка, сям'я пераехала ў будку № 230, што пад Рагачовам, паблізу вёскі Старое Сяло. Адсюль Міхась пайшоў у школу.
   На вучобу і пражыццё сродкаў не хапала, таму летам працаваў на падсобных чыгуначных работах, даваў прыватныя ўрокі.
   Скончыўшы школу, вучыўся ў Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі, скончыў яе ў 1917 г. за месяц перад лютаўскай рэвалюцыяй. Пасля працаваў настаўнікам у Ліпінецкай земскай школе Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Як чалавек адукаваны і прыхільны да новых палітычных павеваў прымаў актыўны ўдзел ва ўсіх важнейшых падзеях мясцовага грамадскага жыцця. У час нямецкай акупацыі меў непасрэднае дачыненне да арганізацыі партызанскага атрада.
   У 1919-1922 гг. Міхась Лынькоў служыў у Чырвонай Арміі, хадзіў у яе складзе паходам на Варшаву, назіранні з якога сталі змястоўнай асновай некаторых яго пазнейшых твораў. Удзельнічаў у іншых баявых дзеяннях Чырвонай Арміі. У час службы ў арміі памёр бацька Міхася Ціханавіча, а пасля яго звароту з арміі неўзабаве трагічна загінула на чыгунцы маці. На яго руках засталіся два меншыя браты і сястра. Пасля дэмабілізацыі працаваў настаўнікам у мястэчку Свержань Рагачоўскага раёна. У гэты час стаў актыўным селькорам, дасылаючы свае допісы ў бабруйскую акруговую газету «Камуніст», і хутка быў запрошаны туды на пастаянную працу. Пераехаў у Бабруйск з братамі і сястрой.
   Працуючы ў акруговай газеце, Міхась Ціханавіч прайшоў усе ступені прафесійнага журналісцкага ўзвышэння: ад сакратара рэдакцыі да адказнага рэдактара. Ён рабіў вялікія намаганні, каб аб'яднаць вакол газеты таленавітую літаратурную моладзь Бабруйшчыны. Вынікам гэтых намаганняў стала стварэнне бабруйскай філіі «Маладняка», якая стала выдаваць літаратурны альманах «Уздым» і штомесячны літаратурны дадатак да газеты «Вясна».
   З гэтага часу пачынаецца яшчэ больш мэтанакіраваная творчая пісьменніцкая праца Міхася Лынькова. «Праца мая, — згадваў ён, — у якасці рэдактара газеты, удзел у грамадскім жыцці, час-тыя наведванні фабрык, заводаў, вёсак пашыралі мой кругагляд, давалі мне багаты запас назіранняў. Усё гэта дапамагала маёй пісьменніцкай дзейнасці».
   У 1930 г. Міхась Лынькоў, будучы ўжо шырока вядомым пісьменнікам, пераехаў на сталую працу ў Мінск і быў прызначаны галоўным рэдактарам дзяржаўнага выдавецтва БССР, стаў таксама адным з кіраўнікоў БелАПП (Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў). Пасля стварэння адзінага Саюза пісьменнікаў (1934) актыўна ўдзельнічаў у яго дзейнасці. 3 1933 па 1941 год быў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі» — да 1932 г. проста «Полымя». У гэтым дробязным факце — перайменаванні часопіса — адчуваецца ўжо ідэалагічная пасуравеласць часу.
   Пераезд у сталіцу рэспублікі і сталіцу нацыянальнага літаратурнага жыцця безумоўна стаўся важнай вехай у жыццёвым і творчым лёсе Міхася Ціханавіча. Ён апынуўся на самым стрыжні тых інтэлектуальных імкненняў беларускай інтэлігенцыі, якія ў сваім развіцці абяцалі духоўнае адраджэнне народа і культурнае ўзмужненне перадавых сіл усяго савецкага грамадства. Аднак з пачатку 30-х гадоў гэтыя імкненні пачалі не толькі абмяжоўвацца і стрымлівацца, але і адкрыта прыгнятацца органамі бяспекі, якія выдумвалі ілжывыя суровыя абвінавачванні ў адрас амаль усіх беларускіх пісьменнікаў. Цяпер можна толькі здагадвацца, якога дыпламатычнага ўмення і звычайнага жыццёвага спрыту спатрэбілася пісьменніку, каб весці часопіс па, магчыма, самай бяспечнай у той час дарозе, хоць, вядома, без ідэйна-эстэтычных страт ужо нельга было абысціся, пра што сведчыць змест часопіса «Полымя рэвалюцыі» за 30-я гады.
   У 1934 Міхась Лынькоў выбіраўся дэлегатам на першы Усесаюзны з'езд пісьменнікаў, З 1938 г. узначальвае Саюз пісьменнікаў БССР.
   Пісьменнік прымаў удзел у паходзе Чырвонай Арміі у Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 г., што адлюстравалася ў яго творчасці. Рэдагаваў вайсковую газету «Беларуская звязда».
   З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Міхась Лынькоў знаходзіўся ў дзеючай арміі ў якасці работніка друку. Ён рэдагаваў газету «За Савецкую Беларусь», публікаваў фельетоны, нарысы і артыкулы ў іншых франтавых выданнях, а таксама ў газетах «Правда», «Известня», «Савецкая Беларусь», у вядомых часопісах «Огонёк» і «Славяне», у многіх альманахах і зборніках ваеннага часу. Пісьменніцкая прафесія аказалася вельмі патрэбнай вайсковай спецыяльнасцю.
   Газета «За Савецкую Беларусь» пачала выдавацца ў цяжкіх умовах адступлення Чырвонай Арміі, калі членам рэдакцыі разам з рэдактарам даводзілася ратавацца ад частых бамбёжак і вырывацца з акружэння. Пякучым болем жыла ў сэрцы Міхася Ціханавіча трывога за лёс сям'і, якая засталася ў акупаваным Мінску. Хоць некаторыя чуткі спачатку давалі надзею, што жонка і сын жывыя, але надзея не спраўдзілася. Іх расстралялі фашысты.
   Дэмабілізаваўшыся і вярнуўшыся ў Мінск, Міхась Лынькоў застаецца Старшынёй Саюза пісьменнікаў і шмат увагі аддае наладжванню элементарных жыццёвых умоў для пісьменнікаў у разбураным Мінску. Адначасова некалькі гадоў працуе дырэктарам Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі Навук. У пасляваенныя гады разгортваецца актыўная грамадская дзейнасць пісьменніка. З'яўляецца разам з Якубам Коласам членам камісіі па расследаванню злачынстваў фашысцкіх захопнікаў у Мінску. Удзельнічае ў руху абароны міру. У якасці дыпламата ездзіць у ЗША на паседжанні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Наведвае іншыя краіны.
   Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі. Народны пісьменнік БССР з 1962 г.
   Памёр Міхась Лынькоў 21 верасня 1975 г. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Там стаіць зроблены яму прыгожы помнік, да якога ў юбілейныя дні і цяпер людзі прыносяць кветкі.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!