Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Міхась Багун

   Паэт, празаік, перакладчык Міхась Багун (сапраўднае прозвішча Блошкін) нарадзіўся 8 лістапада 1908 года ў Мінску ў сям’і служачых. Пасля заканчэння школы і курсаў у педтэхнікуме (1928) працаваў настаўнікам у вёсцы Рожна Бягомльскага раёна. Рана пачаў займацца літаратурнай творчасцю. Першы верш быў апублікаваны ў газеце «Беларуская вёска» ў 1925 годзе. З гэтага часу вершы Міхася Багуна (ён падпісваў іх псеўданімамі Асака М., Багунец, крыптанімамі А. Б., Mix. Б., Баг.) рэгулярна з’яўляюцца на старонках рэспубліканскага друку. Першы зборнік вершаў «Рэха бур» выйшаў ў 1931 годзе, праз год з’явілася другая паэтычная кніга Міхася Багуна «Рэвалюцыя». Якраз у гэты час паэт жыў у Полацку, працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына», потым вярнуўся ў Мінск, уладкаваўся стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве. З 1935 года працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва». Шмат пісаў нарысаў апавяданняў сяброўскіх эпіграм на пісьменнікаў (Б. Мікуліча, Уладзіміра Хадыку, В. Маракова, М. Хведаровіча), займаўся перакладамі (з А. Пушкіна, Л. Первамайскага, Ф. Панфёрава, М. Астроўскага, Галаваніўскага, У Сасюры і інш. аўтараў). Асабліва захапляўся У. Маякоўскім, перакладаў яго творы на беларускую мову. З паэм Міхася Багуна найбольш вядомыя «Крокі ў вяках» (1930), дзе паэт імкнуўся расказаць пра поспехі сацыялістычнага будаўніцтва, і «Канчыта з-пад Таледа» (1936) пра падзеі ў Іспаніі.
   Вядомы Міхась Багун і як стваральнік прыпевак (друкаваліся ў газетах «Бальшавіцкі шлях», «Савецкая Беларусь»), Яны шырока спяваліся ў гарадах і вёсках Беларусі, пазней увайшлі ў фальклорныя зборнікі як народныя.
   Вершы, паэмы, апавяданні, нарысы, крытычныя артыкулы Міхася Багуна публікаваліся ў газетах «Чырвоная змена», «Звязда», «Беларуская вёска», «Беларусь калгасная», «Віцебскі пралетарый», «Піянер Беларусі», «Калгаснік Беларусі», «Літаратура і мастацтва», у часопісах «Маладняк», «Полымя», «Чырвоны сейбіт», «Работніца і калгасніца Беларусі». Але па-сапраўднаму разгарнуцца маладому таленту не было суджана. У 1936 годзе яго беспадстаўна арыштавалі і асудзілі на 8 гадоў зняволення. Загінуў ён па дарозе ў Сібір.
   Пра заўчасную смерць Міхася Багуна расказаў Масей Сяднёў у сваёй «Масеевай кнізе»: «...Праехаўшы Свярдлоўск, мы пабачылі першую зіму... За час дарогі мы настолькі змарнаваліся, што былі дужа радыя, калі прыехалі ў горад Марыінск Новасібірскай вобласці, дзе меркавалі нас выгрузіць і накіраваць у Іванаўскія канцэнтрацыйныя лагеры. Але перш за ўсё мы павінны былі трапіць у так званы «Распрэд». Нас загналі ў нейкую «ліцейку » без падлогі і столі, з каменных сцен сцякалі чыстыя кроплі вады. Людзей тут было столькі, што не было месца сесці. Уначы, калі засыналі, усё было пераблытана – нельга было зразумець, дзе ногі, дзе галава, дзе рукі. Было толькі нейкае «месіва», прычым гэтае «месіва» было ў заўсёдным руху... Нуда заядала усіх. Толькі часамі «ўкраінска-беларуская капэла» ратавала сваімі песнямі ад смяртэльнага смутку. Але не ўсіх. Пад гукі «Як умру, то поховайтэ» на руках Звонака і Мікуліча памёр малады беларускі паэт Міхась Багун...» Гэта быў снежань 1937 года. Яму толькі споўнілася тады 29 гадоў.

 

 

Крыніца: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с. [8] с.: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!