Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Мялецій Сматрыцкі

   Знакаміты беларуска-ўкраінскі царкоўна-рэлігійны дзеяч, таленавіты пісьменнік-палеміст і філолаг Мялецій (свецкае імя Максім) Сматрыцкі (1577—1633) нарадзіўся ў горадзе Смотрыч на Украіне. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію, вучыўся ў нямецкіх універсітэтах. Жыў і працаваў у Беларусі, Літве, Украіне. З 1620 г. — архіепіскап полацкі, епіскап віцебскі і мсціслаўскі. Да пераходу ў 1627 г. ва унію ў сваіх публіцыстычных творах ён палка абараняў інтарэсы праваслаўнай царквы і яе вернікаў, асуджаў паводзіны беларуска-ўкраінскага духавенства і свецкіх арыстакратаў, якія пакінулі веру продкаў, палітыку каталіцкай царквы і вярхоўных улад Рэчы Паспалітай. Пад канец жыцця Мялецій расчараваўся ў артадаксальным праваслаўі і яго святарах, перагледзеў сваю пазіцыю і адмовіўся ад сваіх ранейшых твораў.
   Сярод багатай творчай спадчыны гэтага пладавітага публіцыста вылучаецца "Трэнас, альбо Плач... усходняй царквы...", выдадзены ў 1610 г. у Вільні на польскай мове пад псеўданімам Тэафіла Арталога. У гэтым палемічным творы, напісаным эмацыянальна, пераканаўча, вобразнай моваю, аўтар настолькі смела закранаў самыя балючыя пытанні царкоўна-рэлігійных адносін і становішча праваслаўнай царквы ў дзяржаве, што выклікала вялікі грамадскі рэзананс, а яго выдаўцы нават падвергліся рэпрэсіям з боку афіцыйных улад. З'яўленне "Трэнаса" значна актывізавала царкоўна-рэлігійную палеміку ў краіне.
   Мялецій Сматрыцкі — аўтар славутай "Граматыкі славянскай" (1618-1619), якая з'явілася плёнам яго філалагічных намаганняў і выкладчыцкай дзейнасці. Абапіраючыся на папярэднія "Адельфотес" (1591) і "Граматику словенску" Лаўрэнція Зізанія, Сматрыцкі першым у гісторыі славянскага мовазнаўства стварыў поўны, навукова сістэматызаваны курс граматыкі царкоўнаславянскай мовы, выклаўшы яе чатыры асноўныя (як лічылася ў тыя часы) часткі: арфаграфію, этымалогію, сінтаксіс, прасодыю. У прадмове да "Граматыкі" Сматрыцкі прапануе школьным настаўнікам і найлепшую з яго пункту гледжання методыку навучання царкоўнаславянскай мове. Добрае ж веданне і адпаведную павагу да гэтай мовы Мялецій прама звязвае з узмацненнем рэлігійнай свядомасці, якую кладзе ў аснову культурнай самабытнасці свайго народа. Укладзеная на высокім для свайго часу навуковым узроўні "Граматыка славянская" адыграла важную культурна-асветніцкую ролю ў славянскім свеце, стала ўзорам для сербскай, харвацкай, расійскай, балгарскай граматык.
   Да першага, дауніяцкага перыяду творчасці Мялеція Сматрыцкага належыць таксама "Казанне на пахаванне Лявонція Карповіча" — яркі помнік царкоўна-рэлігійнай аратарскай прозы эпохі Барока. Гэтая пахавальная прамова-пропаведзь была напісана аўтарам у канцы 1620 г. да сарачын з дня смерці чалавека, якога ён лічыў сваім духоўным бацькам, і ў тым жа годзе надрукавана ў Вільні.
   Пасля кароткага ўступу прамоўца разгортвае перад слухачамі выклад-асэнсаванне антрапалагічных і сатэрыялагічных палажэнняў праваслаўнага веравывучэння наконт спосабаў ці станаў чалавечага жыцця і смерці. Вымалёўваецца не пазбаўленая пэўнай арыгінальнасці схема, дзе "живот прироженья", натуральнае прыроднае быццё чалавека супрацьпастаўлены "смерти прироженья" — аддзяленню душы ад цела, г. зн. натуральнай фізічнай смерці; "живот ласки" тлумачыцца як паяднанне чалавека з Богам, чаму супрацьстаіць "смерть греха" — адпадзенне ад Бога; "животу славы" — вечнаму жыццю ў раі — супрацьпастаўлена "смерть геенны" — вечныя пякельныя пакуты; "живот смыслов" як пачуццёва-эмацыянальны стан жыцця адмаўляецца "смертью цноты" — вызваленнем ад цялесных прыхільнасцей і страсцей, што максімальна ўвасабляецца ў манаскім быцці; а "живот житейский" — свецкае быццё ёсць антыподам "смерти изступленья", г. зн. самавырачэння, адмаўлення ад уласнага "я". Зыходзячы з гэтай схемы, М. Сматрыцкі і характарызуе асобу Лявонція Карповіча як выдатнага царкоўна-рэлігійнага дзеяча, чалавека выключных духоўных якасцей, "святога мужа".