Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Максім Гарэцкі

   Максім Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся на Магілёўшчыне 18 лютага 1893 г. у невялічкай беларускай вёсачцы Малая Багацькаўка на Мсціслаўшчыне ў мнагадзетнай сям’і селяніна Івана Гарэцкага. Бацька служыў панам, маці не цуралася любой вясковай работы.
   Максім Гарэцкі закончыў пачатковую школу граматы ў вёсцы Вялікая Багацькаўка, царкоўна-прыходскую ў Вольшы. Увосень 1908 г. прыехаў у Горкі, а праз год, пасля занятак з рэпетытарам, паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, хаця конкурс быў велізарны: толькі 25 месцаў пры 400 заявах.
   Захапленне творчасцю беларускіх дэмакратычных пісьменнікаў ХІХ-ХХ ст. з цягам часу разбудзіла ў юнака прагу да самастойнай літаратурнай працы, якая пачалася з невялікіх нататак, допісаў, а потым фельетонаў, што друкаваліся на старонках "Нашай нівы" за подпісамі "М.Б.", "Беларус", "М. Беларус". У Горках у канцы 1912 г. М. Гарэцкі напісаў сваё першае апавяданне "У лазні", якое было надрукавана 26 студзеня 1913 г. у газеце "Наша ніва" пад псеўданімам "Максім Беларус". Пад тым жа псеўданімам у гады вучобы ён надрукаваў шэраг нататкаў, апавяданне "Стогны душы", драматычны абразок "Атрута". Поўнасцю сваё сапраўднае прозвішча аўтар паставіў толькі на кнізе "Рунь", якая была выдадзена ў 1914 годзе.
   Улетку 1913 г. Максім Гарэцкі закончыў навучанне ў каморніцка-агранамічным вучылішчы, атрымаўшы званне прыватнага каморніка-агранома, і паехаў на службу ў Віленскую губерню. У гэты пэрыяд ён напісаў: драматычную аповесць "Антон", у якой адным з першых у нацыянальнай літаратуры расказаў жорсткую праўду пра беларуса — нашага земляка ў штодзённым быцці, а таксама артыкулы "Наш тэатр" і "Развагі і думкі", у якіх выявіў сябе як тэарэтык, публіцыст, зацікаўлены праблемамі развіцця нацыянальнай культуры, мовы, тэатра.
   У ліпені 1914 года Максім Гарэцкі быў залічаны салдатам у армію і адразу трапіў на фронт – разведчыкам і сувязістам артылерыйскай батарэі, быў цяжка паранены, затым лячыўся, вучыўся ў ваенным вучылішчы, зноў быў на фронце, хварэў. У арміі прабыў да 1917 года.
   Франтавыя ўражанні і назіранні пісьменнік пазней выкарыстаў для напісання дакумэнтальна-мастацкай аповесці "На імперыялістычнай вайне". Шчырасць і праўдзівасць, уменне паказаць страшны твар праклятай вайны, яе ніколькі не прыфарбаванае, сурова-жудаснае аблічча — вось галоўныя вартасці гэтай кнігі.
   Кастрычніцкую рэвалюцыю Максім Гарэцкі сустрэў у Смаленску, дзе працаваў камендантам жыллёвага аддзела Смаленскага гарадскога Савета, шмат пісаў, друкаваўся ў газетах "Известия Смоленского Совета", "Дзянніца", "Вольная Беларусь". Разам з братам Гаўрылам выдаў "Руска-беларускі слоўнік" (1918) — першы беларускі слоўнік такога тыпу, надрукаваны пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, і першы вопыт самаго пісьменніка ў галіне лексікаграфіі.
   У жніўні 1918 г. працаваў у газеце "Звязда", рэдакцыя якой спачатку пераехала ў Мінск, а потым, у сувязі са стварэннем Літоўска-Беларускай рэспублікі, у Вільню. Тут ён выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах, у Віленскай беларускай гімназіі, працаваў рэдактарам-выдаўцом газеты "Беларускія ведамасці". У 1920-1921 гг. выйшлі першае і другое выданне "Гісторыі беларускай літаратуры", якое ў скарочаным выглядзе друкавалася і на польскай мове, у 1922 г. — "Хрэстаматыя беларускай літаратуры. ХІ век – 1905 год", дзе змешчаны яго пераклад  "Слова об полку Игореве", прызнаны лепшым перакладам літаратурнага помніка на славянскія мовы.
   У 1919 г. Максім Гарэцкі ўзяў шлюб з Леанілай Чарняўскай — настаўніцай малодшых класаў Віленскай беларускай гімназіі. У іх нарадзілася дачка Галіна (1921), сын Леанід (1922), які загінуў у няпоўных 22 гады на фронце 18 лютага 1944 г. — у дзень нараджэння бацькі. На жаль, далейшы прамы працяг радаводу Максіма Гарэцкага абарваўся.
   У студзені 1922 г. польскія ўлады арыштавалі Гарэцкага і пасадзілі ў адзіночную камеру ў Лукішкі, прад’явіўшы абвінавачванне "ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе", за што польскім заканадаўствам прадугледжваўся смяротны прысуд ці катарга. Суд не адбыўся, а пісьменнік, па яго словах, "са здзекам быў выкінуты з Вільні…".
   У 1923 г. разам з сям’ёй пераехаў у Мінск. Знаходзячыся ў савецкай Беларусі, выкладаў на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, актыўна ўдзельнічаў у літаратурным і грамадскім жыцці. У студзені 1925 г. быў зацверджаны правадзейным членам Інстытута беларускай культуры.
   З 1 лютага 1926 года пачаў працаваць дацэнтам, а потым і загадчыкам кафедры беларусазнаўства Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
   У горацкі перыяд рупліва збіраў матэрыялы да "Камароўскай хронікі", у якой адлюстраваў лёс беларусаў ад часоў прыгону да савецкай рэчаіснасці. Займаўся таксама перакладамі мастацкай прозы: пераклаў "Разгром" А. Фадзеева, горкаўскія апавяданні "Канавалаў", "Чалкаш", "Камісараў" Ю. Лебядзінскага і інш.
   У 1930 г. арыштаваны ў Мінску на падставе несправядлівага абвінавачання ў "контррэвалюцыйнай" дзейнасці. 10 красавіка 1931 г. Максіма Гарэцкага прыгаварылі да 5 гадоў высылкі ў Вятку (цяпер г. Кіраў). Але і ў турме ў Мінску, і потым у ссылцы ён не пакідаў пісаць: скончыў "Віленскіх камунараў", значна папрацаваў над "Камароўскай хронікай".
   Пасля адбыцця тэрміну пакарання разам з сям’ёй жыў у п. Пясочная Кіраўскай вобласці, выкладаў рускую літаратуру і мову. У сваім апошнім незавершаным творы "Скарбы жыцця" пісьменнік паказаў трагізм становішча мастака ў таталітарнай дзяржаве.
   У ноч з 3 на 4 лістапада 1937 г. яго арыштавалі, 21 снежня перавялі ў Вязьму. Праз 15 дзён, 5 студзеня 1938 г., адбылося пасяджэнне "тройкі" Кіраўскага аддзялення НКУС, якое пастанавіла "Горецкого Максима Ивановича расстрелять".
   Потым яго сям'я атрымала паведамленне, што Максім Гарэцкі памёр 20 мая 1939 г. у Комі АССР. На справе ж Максіма Іванавіча, як было ўстаноўлена даследчыкамі, расстралялі 10 лютага 1938 г. у 15 гадзін у Вязьме... Да 45-годдзя заставалася 8 дзён.
   Імя Гарэцкага разам з імёнамі іншых беспадстаўна абвінавачаных пісьменнікаў было выкраслена з гісторыі літаратуры, а яго творы, пахаваныя ў архіўных сховішчах.
   Пасля доўгіх гадоў забыцця вярнулася да чытача, да беларускай культуры і навукі імя і творы Максім Гарэцкага. З’явіліся літаратуразнаўчыя манаграфіі, артыкулы, успаміны.
   У 1993 г. па рашэнні сусветна вядомай арганізацыі ЮНЭСКА святкавалася стагоддзе з дня нараджэння нашага славутага земляка. Рэгулярна праводзяцца Гарэцкія чытанні — у Горках, Магілёве і Мінску. Імя пісьменніка ўшанавана ў назвах вуліц, устаноўлены помнікі, мемарыяльныя дошкі, працуе музей-сядзіба ў Малой Багацькаўцы.
   Па словах народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, "…мы можам і павінны ганарыцца, што Максім Гарэцкі з’яўляецца ў нашай культуры постаццю еўрапейскай вышыні".
 


Крыніцы:
Гарэцкі Максім // Беларуская літаратурная спадчына : анталогія. У 2 кн. Кн. 1. / укладальнікі: С. А. Курбанава [і інш.]. — Мінск : Беларуская навука, 2011. — С. 626 : фота.
Гарэцкі, Р. Ахвярую сваім  "я" …  (Максім і Гаўрыла Гарэцкія) / Р. Гарэцкі. — Мінск : Беларуская навука, 1998. — 287 с. : іл.
Грышкевіч, В. М. Гарэцкі Максім / В. М. Грышкевіч // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік. У 3 т. Т. 2. Верабей – Іваноў / Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН Рэспублікі Беларусь ; Беларуская энцыклапедыя ; рэдкалегія: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. — С. 148-155.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!