Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Леапольд Родзевіч

1895-1938

   Леапольд Іванавіч Родзевіч нарадзіўся 12 чэрвеня 1895 г. у фальварку Кур'янаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер – Лагойскі раён Мінскай вобласці) у сям'і збяднелага шляхціца. Родзевічы мелі чатыры валокі зямлі, але не абраблялі яе ўсю самі, а здавалі ў арэнду «запашнікам», як у тутэйшых мясцінах называлі арандатараў. Лёля (так ласкава называла Леапольда маці) рос пятым, апошнім, дзіцём у сям'і. Перад ім у Яна і Гелены (у дзявоцтве Яноўскай) Родзевічаў нарадзіліся Яніна, Ядвіга, Чэслаў і Марыя. Сям'я была каталіцкая, мела шмат польскіх кніг, але разам з тым не цуралася беларускай мовы і сваёй роднай культуры. Леапольд, як падае са слоў старэйшай сястры пісьменніка Яніны вядомая польская даследчыца беларускай і польскай палітычнай гісторыі А. Бергман1, меў з дзяцінства скрытны характар, любіў адзіноту і па гэтай прычыне часта хаваўся ад сям'і, каб пабыць сам-насам. З задавальненнем чытаў, добра маляваў, любіў забаўляць малых дзетак і мог гадзінамі слухаць песні, казкі, розныя гісторыі, што спявалі і расказвалі маці з бабуляй. Леапольд вельмі любіў сваю маці, быў падобны на яе з выгляду. Любай матулі ён прысвяціў свой першы паэтычны зборнік.
   Першай сур'ёзнай жыццёвай прыступкай стала для Л. Родзевіча паспяховае заканчэнне пачатковай школы ў мястэчку Крайск (адсюль, відаць, і адзін са шматлікіх яго псеўданімаў – Крайскі). Затым будучы пісьменнік падаўся ў Вілейку, дзе працягваў вучобу ў гарадскім вучылішчы. Там, дарэчы, ужо займаўся і старэйшы брат Л. Родзевіча – Чэслаў. Вучнем Леапольд Родзевіч быў здольным, цікавіўся ўсім, хоць больш схіляўся да навук гуманітарных у адрозненне ад Чэслава, які цягнуўся да тэхнікі і прыродазнаўства.
   У 1910 г. пятнаццацігадовы Леапольд прыязджае ў Вільню, дзе ў гэты час ужо знаходзіліся Ядвіга і Чэслаў. Матэрыяльная падтрымка бацькоў была не дастатковай, каб цалкам задаволіць жыццёвыя патрэбы маладых Родзевічаў, таму Леапольд, як і Ядвіга (Чэслаў вучыўся ў хіміка-тэхнічным тэхнікуме і атрымліваў сякую-такую стыпендыю), вымушаны быў пайсці працаваць. Каля трох месяцаў у якасці рабочага ён працуе на цукеркавай фабрыцы «Вікторыя», затым уладкоўваецца чарцёжнікам пры зямельнай камісіі Сялянскага банка. Праз некаторы час здае экзамены на атэстат сталасці.
   Віленскае грамадска-культурнае жыццё адразу ж захапіла маладога Л. Родзевіча. Яго самога ці разам з братам Чэславам часта можна было сустрэць у рэдакцыі «Нашай нівы» (у гэтай газеце ён з 1911 г. пачаў рэгулярна змяшчаць свае допісы і творы), у таварыстве беларускіх культурнікаў і літаратараў, на вечарынах-прадстаўленнях і іншых мерапрыемствах, што ладзіліся нацыянальна свядомай беларускай інтэлігенцыяй. П. Мядзёлка ў сваіх успамінах піша, што Л. Родзевіча ў кампаніі Максіма Гарэцкага і Змітрака Бядулі можна было часта бачыць у цукерні «Зялёны Штраль», якая была адным з месцаў сустрэч і гутарак беларускай творчай інтэлігенцыі2. Трое Родзевічаў – Чэслаў, Ядвіга і Леапольд – становяцца членамі калектыву I. Буйніцкага.
   Несумненна, што ўражанні ад першых беларускіх вечарын-прадстаўленняў, у якіх Леапольд Родзевіч браў актыўны ўдзел, развілі ў ім цікавасць да тэатра, пэўным чынам падштурхнулі да напісання сцэнічных твораў. Першай ластаўкай стала п'еса «Блуднікі» (1912), якая засведчыла, што ў літаратуру прыйшоў малады і таленавіты пісьменнік-драматург.
   Наступная поўнаметражная драма Л. Родзевіча (у 1914 г. у «Нашай ніве» быў змешчаны аднаактовы абразок-замалёўка пісьменніка «Марцовы снег») «Пакрыўджаныя» (1916) – твор, цікавы па сваёй праблематыцы і даволі своеасаблівы па вобразна-выяўленчых сродках, агульнай танальнасці, – пацвердзіла, што аўтар яе валодае самабытным драматургічным талентам.
   Зазначым, што за час свайго першага знаходжання ў Вільні Л. Родзевіч вырас і ўзмужнеў не толькі як пісьменнік. Адбылося яшчэ і цэласнае станаўленне яго асобы, выпрацаваліся пэўныя грамадска-палітычныя погляды, якія потым самым непасрэдным чынам паўплываюць на яго далейшую творчую і грамадска-палітычную дзейнасць.
   Удзелу ў Першай сусветнай вайне Л. Родзевіч не прымаў па прычыне хваробы. Яму аперыравалі стрававод і з мэтай далейшага лячэння Леапольд напярэдадні ці адразу пасля кастрычніцкіх падзей выехаў на Паўночны Каўказ, у Георгіеўск, дзе жыла сястра Яніна. Працаваў некаторы час у кандытарскім кааператыве. З прыходам белых быў мабілізаваны ў іх войска, адкуль неўзабаве ўцёк і накіраваўся ў Мінск. Там у гэты час гаспадарылі жаўнеры Пілсудскага. Месяцы з два Л. Родзевіч працаваў пісарам у Беларускай вайсковай камісіі, рэшту часу – у гарадской бібліятэцы. Актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці не прымаў, але многа пісаў. У газеце «Беларусь» і некаторых іншых перыядычных выданнях 1919-1920 гг., у альманахах і зборніках гэтага часу было змешчана каля паўтара дзесятка драматычных твораў Л. Родзевіча. Гэта класічныя беларускія вадэвілі «Збянтэжаны Саўка», «Пасланец», «Конскі партрэт», драматургічныя абразкі «У кавалёвай хаце», «Калыханка», «На шляху да сонца», «Сказ аб гуслях», «Стараста», драматызаваныя апавяданні «На рацэ зімой», «Разбітая ваза», «Змярканне», «Беларуская казка». Амаль усе з названых твораў з'явіліся непасрэдным водгукам аўтара на драматычныя падзеі 1919-1920 гг. на Беларусі, калі ў пэўнай ступені вырашалася яе будучыня. Вядома, пісаліся ў гэты складаны і неспакойны час і вершы, якія ўвайшлі пазней у зборнік «Беларусь».
   1921 г. у жыцці Л. Родзевіча з'явіўся ў пэўным сэнсе пераломным. Пасля ўсталявання савецкай улады ў Мінску ён прыязджае ў родныя мясціны і некаторы час працуе там настаўнікам мясцовай сямігодкі. Як толькі быў заключаны Рыжскі мір, Л. Родзевіч з родных мясцін, якія засталіся пад Саветамі, накіроўваецца ў Вільню, дзе адразу ж актыўна ўключаецца ў беларускае грамадска-палітычнае і культурнае жыццё. Зроблены Л. Родзевічам выбар не на карысць савецкага Мінска, дзе застаўся яго старэйшы брат Чэслаў, быў абумоўлены хутчэй за ўсё тым, што Леапольд не прымаў савецка-польскай дамовы, варожа адносіўся да абодвух «гістарычных» прэтэндэнтаў (тэрмін А. Ліса3) на беларускія землі. Менавіта такую пазіцыю адразу пасля свайго ўтварэння (крыху пазней гэтая пазіцыя перацерпіць істотныя змены) заняла Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), адным з духоўных лідэраў якой якраз і з яўляўся А. Родзевіч. Крыху забягаючы наперад, адзначым, што з цягам часу ў негатыўных ці, скажам так, не надта прыязных адносінах Л. Родзевіча да бальшавікоў (а што яны мелі месца, у гэтым не прыходзіцца сумнявацца; дадзены факт канстатуе не толькі грамадска-палітычная дзейнасць пісьменніка, але і яго мастацкая творчасць, хоць бы тая ж камедыя «П.С.Х.») адбылося істотнае «пацяпленне», і асабліва пасля таго, як у БССР была распачата беларусізацыя. А затым Л. Родзевіч і зусім пяройдзе на бальшавіцкія пазіцыі.
   У Вільні Л. Родзевіч далучаецца да рэдагавання і выдання газет «Беларускі звон», «Наша будучыня», «Наш сцяг», удзельнічае ў заснаванні БРА, працуе ў так званай «драматычнай майстэрні», прымае самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах, звязаных з выбарамі ў польскі сейм у 1922 г., наладзіўшы пры гэтым сувязь з віленскім камуністычным падполлем, якое крыху пазней, у канцы 1923 г., дапаможа яму з прычыны пастаянных паліцэйскіх праследаванняў пакінуць Вільню і перабрацца ў Мінск.
   Другі віленскі перыяд, нягледзячы на шэраг не надта прыемных момантаў, звязаных з матэрыяльнымі нястачамі, пэўнымі неладамі са здароўем, агульнай жыццёвай неўладкаванасцю, пастаяннымі паліцэйскімі праследаваннямі (у пачатку 1922 г. пісьменнік за нейкі газетны матэрыял нават адседзеў некалькі тыдняў у Лукішках), быў для Л. Родзевіча ў цэлым даволі плённым. За гэты час ён вырас як палітычны дзеяч, а ранейшую літаратурную рэпутацыю яшчэ больш памножыў і стала замацаваў за сабой. Л. Родзевіч стаў вядомым і ўплывовым беларускім літаратарам, вакол якога пачалі гуртавацца лепшыя пісьменніцкія сілы. Ён, можна сказаць, замяніў сабою М. Гарэцкага, якога польскія ўлады выслалі з Вільні ў пачатку 1922 г. Драматычныя творы пісьменніка, яго вершы, апавяданні, публіцыстычныя артыкулы рэгулярна з'яўляюцца на старонках заходнебеларускай перыёдыкі. У 1922 г. у Вільні пабачыў свет першы паэтычны зборнік Л. Родзевіча пад назвай «Беларусь». Годам раней былі надрукаваны ў Мінску «Пакрыўджаныя». Асобным выданнем выйшла аднаактоўка «П.С.Х.», за якую пісьменнік атрымаў прэмію Беларускага грамадзянскага сходу ў Вільні. З самага лепшага боку характарызуе Л. Родзевіча і той факт, што ён клапаціўся аб выданні твораў маладых, пачынаючых аўтараў. У прыватнасці, менавіта дзякуючы яго клопатам і старанням у 1923 г. у Вільні былі надрукаваны паэтычныя зборнікі «Строма» Уладзіміра Дубоўкі, «Уяўленне» і «На ростані» Уладзіміра Жылкі.
   У Мінску Леапольд Родзевіч доўга не затрымаўся. У хуткім часе ён быў накіраваны ў Маскву на вучобу. Там, у Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захаду, Л. Родзевіч, не будучы яшчэ фармальна камуністам (пагадняльная канферэнцыя паміж БРА і КПЗБ адбылася толькі ў снежні 1923 г.), пачынае грунтоўна знаёміцца з самым папулярным вучэннем і ідэалогіяй XX стагоддзя. «Смакую і паважаю марксізм. Паглядай, браце, і ты ў гэты бок», – раіць ён У. Жылку. Не пакідае Л. Родзевіч і творчасці. Піша вершы, апавяданні (дарэчы, адно з іх пад назвай «Пакой № 184» адлюстроўвае заняткі і быт тагачасных маскоўскіх студэнтаў, да якіх можна было залічваць і Л. Родзевіча), друкуецца ў альманахах і зборніках. Сустракаецца з беларускімі літаратарамі, і асабліва часта з У. Дубоўкам.
   Летам 1924 г. Л. Родзевіч вяртаецца ў Мінск, адкуль яго адразу ж накіроўваюць на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. Родзевіча абіраюць першым сакратаром Гродзенскага акружкама КПЗБ, акрамя таго, кааптуюць у склад ЦК КПЗБ, тым самым ліквідоўваючы пэўную несправядлівасць у дачыненні да яго як да аднаго з арганізатараў і духоўных лідэраў БРА. Аднак сакратаром акружкама быць доўга Л. Родзевічу не давялося, бо яго як прафесійнага журналіста накіроўваюць на працу ў Цэнтральную рэдакцыю КПЗБ у Вільні. Вільня даўно ўжо стала для Л. Родзевіча родным горадам, аднак на гэты раз яму па канспіратыўных прычынах прыйшлося знаходзіцца тут у пэўнай ізаляцыі ад тутэйшага беларускага інтэлігенцкага асяродку. Пайшла праца над артыкуламі, дакументамі, адозвамі, тлумачэннямі тэкстаў і г. д. Родзевіч-пісьменнік паступова ператвараецца ў палітычнага функцыянера. Займацца літаратурай, вядома, не перастаў, аднак сапраўдная творчасць пачала пакрысе адыходзіць на задні план.
   З 1926 г. і да самага арышту Л. Родзевіч жыве і працуе ў Мінску. Асноўнай з'яўлялася праца ў замежнай рэдакцыі ЦК КПЗБ; акрамя таго, на грамадскіх пачатках ён узначальвае Камісію па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Акадэміі навук БССР. А. Родзевіч становіцца фактычным кіраўніком рэдакцыі, рэдагуе цэнтральныя друкаваныя органы КПЗБ «Бальшавік», «Чырвоны сцяг» і іншыя, рэгулярна змяшчаючы ў іх і свае матэрыялы адпаведнага характару і зместу пад псеўданімамі Сталевіч, Ігнат, Антось, Васіль, Васіль Бедны, Васіль Касагар. Публіцыстычныя артыкулы, а часам і апавяданні, вершы Л. Родзевіча на заходнебеларускую тэматыку даволі часта друкуе перыёдыка Савецкай Беларусі. Пачынаючы з 1924 г., Л. Родзевіч удзельнічае ва ўсіх партыйных форумах КПЗБ, выступае на іх з дакладамі і паведамленнямі, бярэ ўдзел у дыскусіях. Зазначым, што ў апараце ЦК КПЗБ даволі высока цанілі Л. Родзевіча як спецыяліста па пытаннях заходнебеларускай культуры, друку, аграрнай палітыкі. Разам з тым і яму прыйшлося выпраўляць уласныя светапоглядныя «памылкі», каяцца ў неіснуючых грахах, нават у пэўным сэнсе закрэсліць сваё юнацтва: «У цягнік, які імчыць па сацыялістычнаму шляху, нельга ўлезці з нашаніўскім багажом. Кампартыя, якая кіруе гэтым цягніком, рашуча выкідвае нашаніўскі, буржуазны баласт пад колы цягніка»4.
   Хацелася б асобна спыніцца на трох момантах, звязаных з асабістым жыццём Л. Родзевіча ў 1924-1933 гг. Думаецца, яны дадуць магчымасць па-сапраўднаму зразумець і асэнсаваць перыпетыі складанага, пакручастага і наогул трагічнага лёсу гэтага таленавітага, прыгожага душой і сэрцам чалавека, патрыёта сваёй роднай зямлі, Бацькаўшчыны, Беларусі, дапамогуць больш глыбока зразумець яго творчасць.
   У 1924 г. у Гродне Л. Родзевіч пазнаёміўся з маладой і прыгожай работніцай тытунёвай фабрыкі Ф. Язерскай. Жэня – такі быў яе партыйны псеўданім – стала ў 1926 г. жонкай Л. Родзевіча. Ён, відаць, моцна кахаў яе, быў пэўны час вельмі шчаслівы, бо нават узяў псеўданім Жэневіч, удзельнічаючы ў рабоце IV з'езда КПП летам 1927 г. Але шчасце, на жаль, было нядоўгім: Жэня паехала вучыцца ў Маскву і праз некаторы час выйшла там другі раз замуж. На чуллівую і ўражлівую душу пісьменніка гэта наклала моцны адбітак.
   Асабліва цяжкім у плане асабістага жыцця стаў для Л. Родзевіча 1929 г. У гэтым годзе ў Мінску ў бальніцы памерла ад рака яго маці, якую Леапольд вельмі моцна любіў. Маці пісьменніка пахавалі ў в. Хадакі, недалёка ад Кур'янаўшчыны.
   Велізарнай стратай для А. Родзевіча стала нечаканая і ўвогуле недарэчная смерць яго самага блізкага сябра яшчэ з часоў заснавання БРА (члена ЦК КПЗБ Арсеня Канчэўскага (брата Ігната Канчэўскага). Летам 1931 г. А. Канчэўскі, яго жонка, таксама актывістка КПЗБ, і Л. Родзевіч адпачывалі ў Геленджыку. Аднойчы Арсень заплыў далёка ў мора і назад не вярнуўся. Разам з жонкай сябра Леапольд прывёз у Мінск яго цела.
   Па прыездзе ў 1926 г. у Мінск Л. Родзевіч атрымаў у пэўным сэнсе тое, аб чым даўно марыў: наладжаны быт і спрыяльныя ўмовы для творчасці, у тым ліку і адзіноту, абумоўленую патрэбамі канспірацыі. Але гэтая адзінота перарасла з цягам часу ў ізаляцыю, бо сустракацца з ім маглі толькі, як правіла, людзі з апарату ЦК КПЗБ, і то не ўсе. Невялічкім акенцам у свет з'яўляліся брат Чэслаў, які працаваў у Народным камісарыяце земляробства, і яго сям'я. Але гэта было ўсяго толькі акенца, і не болей. Такім чынам, Л. Родзевіч, слынны літаратар, адзін з нашаніўцаў і пачынальнікаў заходнебеларускай літаратуры, у другой палове 1920-х гг. (пазбаўлены жывых кантактаў з сябрамі па пяру  з людзьмі, з рэальным жыццём увогуле, паволі пачынаў знікаць з літаратуры. Менавіта з літаратуры вялікай, сапраўднай, бо пісаць ён не перастаў. Доказ гэтаму – выданне ў 1928-1930 гг. Белдзяржвыдавецтвам пад сапраўдным прозвішчам аўтара двух зборнікаў апавяданняў «Рэвалюцыйным шляхам» і «Вогнішча барацьбы» агульным памерам каля дзевяці друкаваных аркушаў. Акрамя таго, у 1923 г. выдавецтвам ЦК КПЗБ для распаўсюджвання ў Заходняй Беларусі быў выпушчаны паэтычны зборнік Л. Родзевіча. Дарэчы, гэты зборнік адмыслова выдалі з мэтай маскіроўкі сапраўднага прозвішча аўтара і характару змешчаных у ім твораў. Зборнік меў дзве вокладкі. На першай, верхняй, вокладцы на польскай мове было напісана: «Адам Хмель. Беларуская народная песня. Адбітак з IV тома 1 часткі Матэрыялаў і прац мовазнаўчай камісіі Акадэміі навук у Кракаве. 1928 год». На другой, ніжняй (вокладцы, якая змяшчалася пад першай, на беларускай мове стаяла: «Л. Родзевіч. На паняволеных гонях». Напісана, як бачна, многа. Але амаль усё, што пісалася пасля таго, як Л. Родзевіч стаў прафесійным рэвалюцыянерам, пазначана пячаткай пэўнай спрошчанасці, схематызму, засацыялагізаванасці. Толькі з’яўленне раз-пораз той ці іншай мастацкай дэталі, пэўныя стылёвыя адметнасці сведчылі пра тое, што аўтар, нягледзячы на зададзенасць галоўнай думкі твора, яго ідэі, усё-такі добра валодае сакрэтамі пісьменніцкага майстэрства.
   У пачатку 1933 г. быў арыштаваны старэйшы брат Д. Родзевіча Чэслаў і высланы з сям'ёй у Саратаў. Самому Леапольду засталося чакаць нядоўга: у хуткім часе ён быў адхілены ад кіраўніцтва Камісіяй па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР, а дзесьці ў сярэдзіне 1933 г. (дакладная дата невядома) зрыштаваны і высланы за межы Беларусі. Знаходзіўся ў Саратаве, жыў у сям’і старэйшага брата. На жыццё зарабляў працай у лясніцтве. У 1938 г. Л. Родзевіч быў паўторна арыштаваны. У гэтым жа годзе яго жыццё абарвалася. Пасмяротна рэабілітаваны Л. Родзевіч у 1956 г.

1. Bergman A. Leopold Rodziewicz (1895-1938). Zarys biografii politychnej // Przegląd historyczny. T. LXX. 1979. Zesz. 3. S. 435.
2. Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця. Мінск, 1974. С. 74.
3. Ліс А. Малазнаёмы гвор добра знаёмага драматурга // Тэатральная Беларусь. 1993. №4. С. 15.
4. Родзевіч Л. Беларускі нацыянал-фашызм. Яго вытокі тэорыя і практыка. Мінск, 1930. С. 41.
 


Крыніца: Родзевіч Л.І. Творы: драматургія, проза паэзія, публіцыстыка, лісты / Леапольд Родзевіч; укладанне, прадмова і каментарыі Віктара Яцухны. – Мінск.: «Мастацкая літаратура», 2008. – 343 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!