Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Кастусь Акула

   Кастусь Акула (да эміграцыі Аляксандр Качан) нарадзіўся ў вялікай сям’і 16 лістапада 1925 года ў вёсцы Верацеі Вілейскага раёна Віленскай вобласці. Ягоны бацька быў арыштаваны ў 1951 годзе і памёр у сталінскіх лагерах. Атрымаўшы пачатковую адукацыю ў польскай школе і сярэднюю – у савецкай, Кастусь Акула падчас нямецкай акупацыі вывучыўся на настаўніка і выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, паспеўшы правесці чатыры месяцы ў нямецкім канцлагеры. Прайшоўшы падрыхтоўку, ён зрабіўся афіцэрам ухваленай немцамі Беларускай Краёвай Абароны і разам з нямецкімі войскамі пакінуў Менск у чэрвені 1944 года. Аднак ужо ў жніўні, знаходзячыся ў Францыі, ён прыняў бок саюзнікаў і праз чатыры месяцы далучыўся да другой польскай дывізіі Восьмага брытанскага войска, вядомага таксама як Войска генерала Андэрса, ваяваў у Італіі і атрымаў узнагароды, удзельнічалі ў славутай бітве пры Монтэ-Касына, дзе загінула шмат беларусаў. Прабавіўшы нейкі час ў Англіі (1945-1946), у тым ліку праходзячы вайсковае навучанне, у 1947 годзе ён рушыў у Канаду, напачатку жыў у горадзе Ашава, быў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў у Канадзе, першым ягоным старшынём. Потым пераехаў у Таронта, належаў да ЗБК, быў адным з актывістаў парафіі св. Кірылы Тураўскага ў Таронта, належаў да лагеру прыхільнікаў Рады БНР.
   Заснаваў першае ў Паўночнай Амерыцы выданне на беларускай мове – газету «Беларускі Эмігрант» (1948-1954), у 1974-1997 гг. выдаваў часопіс «Зважай». Кастусь Акула працаваў на прамысловым прадпрыемстве да выхаду на пенсію ў 1990 годзе, але ў той жа час многа пісаў.
   Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі, у 1992 годзе наведаў бацькаўшчыну.
   Кастусь Акула пайшоў з жыцця на 83-м годзе пасля цяжкай хваробы 29 студзеня 2008 года.
   Літараіурная спадчына Кастуся Акулы ўключае чатыры складнікі: дакументальны раман «Змагарныя дарогі» (1962); раман на англійскай мове «Tomorrow Is Yesterdaу» («Заўтра - гэта ўчора») (1968); гістарычная трылогія «Гараватка» (1965, 1974 і 1981) і раман «За волю» (1991).
   Акрамя таго, Кастусь Акула – аўтар разнастайных чыста публіцыстычных эсэ, згадак, а таксама трохактнай камедыі «Тараканы ў саладусе» (1957). Гэтыя творы сабраныя ў кнізе «Усякая ўсячына» (1984).


Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура дыяспары: Манаграфія: / Пер. з англ. В. Бурлак, В. Жыбуля / А. Макмілін. – Мн.: УП «Тэхнапрынт», 2004. – 440 с.