Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Кандрат Крапіва

   Кандрат Крапіва (сапраўднае імя Кандрат Кандратавіч Атраховіч) — беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец.
   Нарадзіўся будучы пісьменнік 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок. Потым, з уласцівым яму гумарам, Кандрат Крапіва зазначыць: "У сям'і майго бацькі, Кандрата Міхайлавіча Атраховіча, гэта была выдатная падзея: нарадзіўся наследнік..." Нягледзячы на тое, што спадчына была зусім невялікая, бацьку Кандрата ўсё ж хваляваў яе лёс, бо з васьмярых братоў і сясцёр, што нарадзіліся раней за Кандрата, у жывых засталіся толькі дзве сястры, ды і тое, адна з іх хутка памерла. Як зазначыў далей Кандрат, "...каб застрахаваць мяне ад такога ж лёсу, бабулькі параілі даць мне імя майго бацькі. Так і стаў я на ўсё жыццё Кандратам Кандратавічам..."
   Далей было самае звычайнае, тыповае для таго часу жыццё вясковага хлопчыка: спачатку яго насілі на поле ў калысцы, потым ён сам хадзіў, "учапіўшыся за матчын падол...", затым пасвіў свіней, кароў, у чатырнаццаць год пайшоў за плугам, пачаў касіць. Ды і адукацыю ён атрымаў самую звычайную: у сем год пайшоў у царкоўнапрыходскую школу, праз чатыры гады яе скончыў, навучыўшыся чытаць, пісаць, лічыць. "Бацька вырашыў, што гэтай прамудрасці аж занадта для таго, каб кіраваць гаспадаркай, у якой і да ста лічыць няма чаго".
   Можа, так і застаўся б будучы пісьменнік малаадукаваным чалавекам, каб не адзін трагічны выпадак: памерла яго маці. Бацька вырашыў ажаніцца другі раз. Новая сям'я, новая гаспадарка, новы нашчадак... Кандрату нічога не застаецца, як "ісці ў людзі", працягваць далей сваю адукацыю. І вось, пасля гадовага перапынку, ён зноў у школе: апошні клас народнага вучылішча ў мястэчку Узда. У наступным годзе — другі клас чатырохкласнага вучылішча ў мястэчку Стоўбцы. Вучоба давалася даволі лёгка, але ... "на гэтым і абмяжоўваўся мой культурны рост". І вось тут даволі характэрная, тыповая карціна парушаецца: цяга да асветы бярэ верх, і Кандрат, правучыўшыся два гады, пакідае Стоўбцы і паступае ў такое ж вучылішча ў Койданаве. Паміж гэтымі вучылішчамі было адно маленькае, але істотнае адрозненне: у Койданаве была багацейшая бібліятэка. Тут Кандрат старанна вучыцца і шмат чытае. Да гэтага ж часу адносяцца і першыя спробы пяра: шаржы на сяброў і вершы, прасякнутыя "сусветнай тугой". Ён нават дасылае адзін з такіх вершаў у часопіс, але... Атрымаўшы адмоўны адказ, юнак пакідае займацца гэтай справай на цэлых восем гадоў.
   У 1913 годзе Кандрат закончыў койданаўскае вучылішча, але не атрымаў ніякай спецыяльнасці. Усё лета ён працаваў на гаспадарцы, дапамагаў бацьку, сям'і. Трэба было думаць, як жыць далей: у бацькі было няшмат зямлі, няма чаго было разлічваць на ўласны куток, на свой надзел. Восенню, пазычыўшы ў суседа тры рублі, Кандрат накіраваўся ў Мінск, здаваць экстэрнам экзамены на званне народнага настаўніка. Здаў экзамены і, шчаслівы, вярнуўся дадому, але быў ужо кастрычнік, таму ён не змог уладкавацца на працу (не было свабодных месцаў). Таму зімой і вясною ён ездзіў з бацькам на заробкі. Восенню 1914 года яго накіравалі настаўнічаць у вёску Мнішаны. Але працаваць тут давялося толькі адзін школьны сезон.
   З 1914 года пачалася першая сусветная вайна Была аб'яўлена мабілізацыя, дарослых мужчын бралі ў армію і пасылалі на фронт. Дайшла чарга і да Кандрата. Яго накіравалі ў школу прапаршчыкаў у Гатчыне, з якой, праз тры месяцы, ён выйшаў маладым афіцэрам. "Аб гэтым сведчылі не столькі мае вайсковыя веды, колькі новае абмундзіраванне, рэвальвер у кабуры і шашка пры баку, якая з непрывычкі замінала мне хадзіць". Затым быў фронт у Румыніі. Будучы пісьменнік даслужыўся спачатку да паручніка. А потым і да капітана.
   Восенню 1917 г. малады афіцэр захварэў на брушны тыф. Хутка адбылася і Кастрычніцкая рэвалюцыя. Пачаліся значныя перамены: улады імкнуліся даць людзям адукацыю. Усе настаўнікі былі дэмабілізаваны. Дайшла чарга і да Атраховіча. У лютым 1918 г. ён вярнуўся ў родную вёску. А ў лістападзе 1918 года пачаў настаўнічаць у вёсцы Каменка.
   У гэты ж час адбываецца даволі значная падзея ў жыцці самога Кандрата: ён ажаніўся з дзяўчынай са сваёй вёскі, Аленай Махнач. Неўзабаве ў іх нарадзіўся сын, які пражыў зусім нядоўга.
   Праз невялікі час зноў мабілізацыя. На гэты раз у рады Чырвонай Арміі. Служыў у Мінску, у розных часцях, найбольш — у школе па падрыхтоўцы малодшага каманднага саставу.
   У 1921 г. Кандрат Кандратавіч зноў пачынае пісаць. Ён дасылае свае творы ў газету "Красноармейская правда". Гэта былі нататкі, фельетоны, вершы ў гумарыстычным, сатырычным плане. Спачатку пісаў на рускай мове, а потым, прачытаўшы ў "Савецкай Беларусі" твор на беларускай мове, паспрабаваў напісаць. Атрымалася. Прынёс свой верш у рэдакцыю...
   Менавіта з гэтага часу пачынаецца творчая біяграфія Крапівы.
   У кастрычніку 1923 года скончыўся тэрмін службы ў Чырвонай Арміі. Зноў дэмабілізацыя. І перад Кандратам паўстае пытанне: "На што жыць?"
   Кандрат вяртаецца на радзіму, у вёску Нізок, маючы сталы намер асесці на зямлі. Але лёс вырашыў інакш: у бацькі Кандрата памерла другая жонка, і ён ажаніўся трэці раз. "Новая мачыха з усёй рашучасцю" пачала імкнуцца да таго, каб "выжыць" астатніх нашчадкаў. Восенню 1924 года Крапіва пакінуў непрыветлівую бацькоўскую хату і перабраўся ў суседнюю вёску Астравок, настаўнічаць, вучыць вясковых дзяцей грамаце. Спраў было шмат, і Крапіва амаль закінуў літаратурную дзейнасць. Але школьная праца не давала вялікага прыбытку, і Крапіва вырашыў перабрацца ў Мінск. Здарылася гэта ў маі 1925 года. Сябры-пісьменнікі дапамаглі яму ўладкавацца інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. Гэта работа была вельмі карыснай для пісьменніка. Але сам Кандрат Крапіва адчуваў, што ведае ён яшчэ недастаткова, у ведах ёсць значныя прагалы. І ў 1926 годзе ён паступае ў БДУ, на літаратурна-педагагічнае аддзяленне.
   Пісьменнік старанна вучыўся і адначасова займаўся навукова-даследчай працай. У 1930 г. ён заканчвае БДУ і атрымлівае дыплом. З гэтага часу Кандрат вырашае займацца літаратурай. Кола інтарэсаў акрэслілася даволі выразна: гэта сатырычныя вершы, творы, п'есы і, безумоўна, байкі. Менавіта ў гэтыя часы Кандрат Крапіва паспрабаваў сябе ў ролі драматурга.
   Да сярэдзіны 30-х гадоў, а дакладней — к 1934 г., калі з першай п'есай выступіў Кандрат Крапіва, беларуская савецкая драматургія дасягнула дастаткова высокага узроўню. Наша драматургія перастала быць набыткам толькі нацыянальнай культуры: пачынаючы з 20-х гг. беларускую п'есу можна было сустрэць на сцэнах тэатраў братніх рэспублік і нават за мяжой краіны.
   Самыя першыя крокі Кандрата Крапівы ў драматургіі былі пазначаны арыгінальнасцю, самастойнасцю, яго голас не згубіўся ў драматургічным хоры, а загучаў чыста, магутна, непаўторна. Яго адметны талент адразу ж быў заўважаны ўсесаюзнай грамадскасцю.
   З 1932 па 1936 г. Кандрат Крапіва працаваў у часопісе "Полымя рэвалюцыі" загадчыкам аднаго з раздзелаў.
   І вось наступае пераломны для Беларусі 1939 год. Кандрат Крапіва зноў мабілізаваны. Зімой 1939-1940 г., марознай і жудаснай, пісьменнік прымае ўдзел у фінскай вайне. Пасля гэтага ён працуе ў рэдакцыі франтавой газеты "Красноармейская правда".
   1941 год... Пачатак другой сусветнай вайны.
   Вайна патрабавала ад пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, кампазітараў змянення накірунку і зместу творчасці. Галоўнае месца пачала займаць тэма патрыятызму, адданай любові да радзімы, нацыянальнай годнасці савецкіх людзей. Ужо ў першыя дні вайны былі апублікаваны глыбока патрыятычныя вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятра Глебкі, Кандрата Крапівы, Петруся Броўкі, Максіма Танка і інш. У тую суровую гадзіну беларуская проза і паэзія апраналася, без прымерак, у ваенныя шынялі.
   Вялікая Айчынная вайна для Кандрата Крапівы была чацвёртай, на якой яму давялося быць. У першы ж дзень вайны ён знаходзіўся ў часці, да якой быў прыпісаны — на гэты раз у рэдакцыі франтавой газеты "Красноармейская правда". "Мне давялося быць сведкам варварскай бамбардзіроўкі Мінска фашысцкімі вырадкамі, у выніку якой быў разбураны і дом, у якім я жыў. 25 чэрвеня з болем у сэрцы я пакінуў ахоплены полымем родны горад, не ведаючы нічога пра лёс сям'і, якая знаходзілася ў шасцідзесяці кіламетрах ад Мінска, з трывогай думаючы аб старшым сыне Барысе, які быў у арміі і к пачатку вайны знаходзіўся на савецка-польскай граніцы. Месяцы праз тры я даведаўся, што мая сям'я з некалькімі іншымі сем'ямі пісьменнікаў на выпадковай грузавой машыне паехала на Усход. Пасля кароткага прабывання ў Новых Бурасах, Саратаўскай вобласці, яна выехала ў Уральск, дзе ў той час знаходзіўся беларускі тэатр імя Якуба Коласа" — так прыпамінае свой ваенны час Кандрат Крапіва. Разам са звесткай пра сям'ю прыйшла і сумная вестка пра смерць выдатнага беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі, што памёр у цяплушцы па дарозе ў Уральск.
   У рэдакцыі "Красноармейскай правды" Кандрат Крапіва быў усяго некалькі дзён. Па рашэнні Палітупраўлення арміі пачала выдавацца франтавая газета "За Савецкую Беларусь", адказным рэдактарам якой быў Міхась Лынькоў, а супрацоўнікамі — многія беларускія пісьменнікі і паэты: Ілля Гурскі, Пятро Глебка, Пімен Панчанка, А. Стаховіч, В. Барысенка. Пазней да іх далучыліся Пятрусь Броўка, Максім Танк, Алесь Кучар.
   "Спачатку наша група — Міхась Лынькоў, Ілья Гурскі, Васіль Барысенка і я — выпускалі газету "За Савецкую Беларусь". У нас была паходная друкарня, увесь тыраж круцілі ўручную, зрэдку ў гарадскіх друкарнях. Газеты адразу ж адпраўлялі на аэрадромы. Іх закідвалі ў тыл ворага. З фронту да нас заходзілі нашы чытачы (салдаты і афіцэры), радзей, але наведвалі і партызаны. Гэта падтрымлівала нас маральна, мы адчувалі, што робім важную справу. У снежні 1941 года я стаў камуністам".
   У канцы 1941 года ўся група, якая выпускала газету, была адклікана ў Маскву. Некаторы час яны яшчэ выпускалі газету "За Савецкую Беларусь", а ў канцы 1942 года Кандрат Крапіва з некаторымі іншымі таварышамі быў дэмабілізаваны і знаходзіўся ў распаражэнні ЦК КП(б)Б. Менавіта ў гэты час сям'я Кандрата Крапівы панесла вялікае гора: пад Сталінградам загінуў старэйшы сын Барыс. "Уцехай у гэтым цяжкім горы было толькі тое, што сын мой аддаў жыццё за святую справу вызвалення ад фашысцкай няволі".
   З сакавіка 1943 года і да канца вайны Кандрат Крапіва быў адказным рэдактарам сатырычнага выдання — газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну", якая да вызвалення Беларусі закідвалася ў нямецкі тыл на самалётах. Пісьменнікі Антон Бялевіч, Міхась Чавускі, якія працавалі разам з ім у газеце-плакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну", сведчаць, што Крапіва ўвесь свой час аддаваў рэдакцыйным справам. "Работнікаў тады ў часопісе было вельмі мала, — пісаў Бялевіч, — даводзілася працаваць многа. А больш за ўсіх працаваў сам рэдактар Кандрат Крапіва. Ён шмат пісаў сам ды яшчэ дапрацоўваў усё тое, што трэба было даць у нумар". Яго творчасць, як і творчасць іншых нашых пісьменнікаў у тыя гады, служыла адзінай мэце — наблізіць перамогу над ворагам.
   Доўгія два ваенныя гады не даходзілі рукі Кандрата Крапівы да драматургіі. У гэты час ён амаль цалкам страціў сувязі з тэатрам: газетная работа паглынала ўвесь час да астатку. У 1943 годзе Кандрат Крапіва напісаў п'есу "Проба агнём". Ставіў яе Другі беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (цяпер Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імія Якуба Коласа). Прэм'ера адбылася ў ліпені 1943 года ў горадзе Уральску.
   Вясной 1944 года рэдакцыя пераехала ў Гомель, а 7 ліпеня "я ўжо быў у толькі што вызваленым Мінску".
   У пасляваенны час, калі неабходнасць у газеце "Раздавім фашысцкую гадзіну" адпала, яна спыніла сваё існаванне. Але пачаў выходзіць часопіс "Вожык", арганізатарам якога стаў Кандрат Крапіва.
   У пасляваенныя гады былі экранізаваны творы Кандрата Крапівы. Экранізацыі садзейнічалі творчаму супрацоўніцтву з кінематаграфістамі тэатральных акцёраў і рэжысёраў, мастакоў, кампазітараў. Без гэтага цяжка было разлічваць на аднаўленне разбуранай вайной кінавытворчасці рэспублікі.
   З 1947 года пісьменнік — загадчык сектара мовазнаўства ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. Калі ў 1952 годзе быў створаны асобны Інстытут мовазнаўства, ён стаў дырэктарам гэтага інстытута на чатыры гады. У гэты ж час пісьменнік актыўна займаецца пытаннямі беларускага мовазнаўства. У 1953 годзе яму прысудзілі ступень доктара філалагічных навук. Усё сваё далейшае жыццё Кандрат Крапіва прысвяціў навуцы, але не забываўся і пра літаратурную дзейнасць.
   У 1956 годзе Кандрата Атраховіча абралі віцэ-прэзідэнтам АН БССР; на гэтай пасадзе ён прабыў да 1982 года, калі яго, па ўласнай просьбе, перавялі на пасаду старшага навуковага супрацоўніка-кансультанта. Ён курыраваў усе грамадскія навукі, займаўся шматлікімі адміністрацыйнымі пытаннямі, удзельнічаў у розных нарадах, пасяджэннях. На працягу многіх гадоў яго выбіралі дэпутатам Вярхоўнага савета БССР, у кіруючыя партыйныя органы.
   У 1976 годзе, калі Кандрату Крапіве было 76 год, выйшла п'еса "Брама неўміручасці", якая стала для Кандрата Крапівы п'есай-пераадоленнем. Пераадоленнем ранейшай творчай манеры, прывычных выяўленчых прыёмаў і інш. Характэрна тое, што гэта пераадоленне не адэкватна адмаўленню: у тыпалагічным плане паміж "Брамай неўміручасці" і ранейшымі п'есамі драматурга засталося вельмі многа агульнага.
   Акрамя літаратуры, Кандрат Крапіва шырока распрацоўваў пытанні мовазнаўства. Пад яго рэдакцыяй былі выдадзены: "Руска-беларускі слоўнік" (пад агульнай рэдакцыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Пятра Глебкі); "Беларуска-рускі слоўнік" (каля 90.000 слоў); другое выданне "Руска-беларускага слоўніка" (2 тамы); тлумачальны слоўнік беларускай мовы і інш.
   У 1975 годзе Кандрату Крапіве было нададзена ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы, а ў 1978 г. — заслужанага дзеяча навукі БССР.
   Кандрат Крапіва скончыў свой зямны шлях 7 студзеня 1991 года.