Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Генадзь Бураўкін

Фатаграфія Генадзя Бураўкіна   У сярэдзіне 50-х пачатку 60-х гадоў у беларускую паэзію ўліўся значны атрад першых пасляваенных паэтаў. У іх быў горкі вопыт вайны, жыццярадаснасць, запал, актыўнасць, талент. Адзін з самых яркіх і самабытных прадстаўнікоў гэтага пакалення – паэт Генадзь Бураўкін. З яго імем звязаны выдатныя здабыткі беларускай паэзіі, глыбокае веданне жыцця, разуменне душы чалавека працы, захапленне багаццямі роднай мовы. Паэт добра ведае жыццё народа, яго гісторыю і звычаі. Ён высока цэніць жывое слова, умее паставіць у вершы гэтае слова так, што яно заўсёды гучыць свежа і шчыра. У кожнага сапраўднага паэта абавязкова ёсць творы, якія найбольш поўна прадстаўляюць яго найлепшым чынам. Яны, як правіла, і найбольш вядомыя…
   Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна, цяпер Тродавічы Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачага ільнозавода. Бацька яго, Мікалай Сцяпанавіч, у гады Вялікай Айчыннай вайны быў у партызанах, пазней перайшоў лінію фронта, ваяваў у дзеючай арміі, быў цяжка паранены пад Ржэвам. Вучыўся будучы паэт у Расонскай школе да восьмага класа, а потым у Полацку, куды пераехалі бацькі. Дзяцінства яго было цяжкім і змрочным, яно супала з пачаткам вайны.
   У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе "Першая старонка" (1964) Генадзь Бураўкін успамінае: "Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне было пяць гадоў. Бацька пайшоў на фронт, а маці засталася з намі. Страх за дзяцей, трывожная насцярожанасць, калі паблізу хаты з'яўляліся паліцаі, голад, нястачы – праз усё гэта прайшла маці паэта, Феадосія Ягораўна. Самае страшнае было наперадзе, калі зімой 1943-га года прыйшлі ў вёску карнікі, помсцячы сем'ям партызан і ўсім вяскоўцам. Карнікі выгналі людзей з хат, выстраілі перад кулямётам і доўга трымалі на холадзе. Мы стаялі на ўзгорку трыма радамі: першы рад - мужчыны і дзяды, другі – заплаканыя жанчыны з малымі на руках і трэці – мы, каму шэсць – дзесяць – дванаццаць гадоў. На нас быў нацэлены кулямёт. Мы чакалі стрэлаў. Плачуць жанчыны, маўчаць дзяды. А стрэлаў усё няма. Пад вечар нас сагналі ў лазню на ўскрайку вёскі. Было цёмна і цесна. Для малых адвялі палок, мы сагрэліся на ім і пачалі валтузню, а маці нашы плакалі і чамусьці пачалі абдымацца. Я тады не ведаў, што дзверы лазні забіты цвікамі, што лазня абкладзена саломай, і паліцаі пайшлі шукаць бензіну. Я тады многае не разумеў. Шчаслівы выпадак выратаваў людзей. Я не памятаю твару таго, хто вызваліў нас. Памятаю толькі, што гэта быў стары немец-салдат. Ён не ўмеў гаварыць па-руску і ўсё махаў рукамі ў бок лесу. Мы ўсе ўцяклі і выратаваліся".
   Сярэднюю школу Генадзь Бураўкін закончыў у 1954 годзе ў Полацку. Усе тыя гады ў будучага паэта была прага да вучобы і ведаў. Ён паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на аддзяленне журналістыкі філфака, якое скончыў у 1959-тым годзе. Сваю працоўную дзейнасць Генадзь Бураўкін пачаў у часопісе "Камуніст Беларусі", потым перайшоў на радыё, затым быў загадчыкам аддзела і намеснікам галоўнага рэдактара ў газеце "Літаратура і мастацтва". У 1968-1972 гадах працаваў уласным карэспандэнтам па Беларусі газеты "Правда", з 1972 па 1973 год узначальваў рэдакцыю часопіса "Маладосць". З "Маладосці" ён трапляе на пасаду старшыні Дзяржкамітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні (1978-1990). Гэтая пасада забрала шмат сіл і здароўя, але забяспечыла паэту высокі грамадскі і партыйны статус. Генадзь Мікалаевіч стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1980-1990) і членам ЦК КПБ (1981-1990). У КПСС ён уступіў у 1964 годзе. З 1990 па 1994 год быў пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН. У 1994-1995 гг. быў намеснікам міністра культуры, а з 1995 па 2001 год працаваў у часопісе "Вожык".
   Негледзячы на актыўную грамадскую дзейнасць і паспяховую службовую кар'еру, галоўным для Генадзя Бураўкіна заўсёды была паэзія. Сваімі настаўнікамі паэт лічыў Уладзіміра Маякоўскага, Уладзіміра Лугаўскога і па-зямляцку блізкага Петруся Броўку. Пісаць вершы пачаў яшчэ ў школе ў старэйшых класах і частку з іх надрукаваў у 1952-ім годзе ў полацкай абласной газеце "Сцяг камунізму".
   Першы зборнік "Майская просінь" выйшаў у 1960-тым годзе, сюды ўвайшлі самыя раннія яго творы, напісаныя ў гады вучобы на рубяжы дзяцінства і юнацтва. Зусім юначымі вершамі былі "Дрэва", "Кастрычнік", "Ластаўкі" і іншыя. З першых публікацый у прэсе адчуўся самабытны талент Генадзя Бураўкіна. Пачала праяўляцца грамадзянскасць таленту паэта, трыбуннасць і актыўнасць паэтава слова. І разам з тым лірычнасць, мяккасць, стрыманая расчуленасць. Вершы: "Полаччына", "Палеская балада", "Полацкая балада", "Вочы сінія-сінія" - вельмі арганічныя для пачаткоўца, перапоўненага пачуццём любові да свайго краю, да горада, што стаў родным. Генадзь Бураўкін прызнаецца ў любові да сваёй роднай Полаччыны, дзе яскрава праяўляецца здольнасць аўтара шырокімі мазкамі намаляваць аблічча роднага краю.
   Ён сапраўды любіць не толькі сівую гісторыю свайго мілага краю, дзе праз тоўшчу гадоў свецяць імёны Сімяона Полацкага і Францыска Скарыны, а яшчэ яго задумлівую Дзвіну і чыстую Дрысу, яго сінія азёры і пявучыя бары, яго "кветкі і траўкі". Яго песня ў даўгу перад краем гордым і прыгожым, дзе паэт навучыўся любіць і ненавідзець.
   Паступова адна за другой выходзяць кнігі Генадзя Бураўкіна: "З любоўю і нянавісцю зямною" (1963), "Дыханне" (1966), "Жніво" (1971), "Выток" (1974), "Варта вернасці" (1978, у 1980 годзе адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы), "Гняздо для птушкі радасці" (1986), "Узмах крыла" (1995), "Паміж зоркай і свечкай" (2000), "Жураўліная пара (2005). Гэта ўсё арыгінальныя зборнікі паэзіі, адрасаваныя дарослым чытачам. А былі яшчэ і кнігі паэзіі для дзяцей – "Тры казкі пра Зая" (1974), "Сінія арэлі" (1987). Выйшлі: празаічная аповесць "Тры старонкі з легенды" (1971) і зборнік песенных тэкстаў "Табе, Беларусь" (1984).
   Больш-менш рэгулярна выдаваліся і кнігі выбраных твораў: зборнік вершаў у серыі "Бібліятэка беларускай паэзіі"(1969), "Вершы пяці кніг"(1976), кніга вершаў пра каханне "Пяшчота" (1985), двухтомнік "Выбраныя творы" (1986), дзе змешчаны і пераклады, аднатомнік "Выбранае" (1998), у якім прадстаўлены вершы, паэмы, казкі, песні, створаныя ў 1955-1995 гадах, кніга "Чытаю тайнапіс вачэй" (2001) – зноў зборнік вершаў пра каханне, у які ўключаны 110 вершаў, напісаных у розныя гады. А ў 2009 годзе выйшаў зборнік "Выбраныя творы", куды ўвайшлі вершы, паэмы, казкі пісьменніка.
   Новая кніга паэзіі "Лісты да запатрабавання" Генадзя Бураўкіна выйшла ўжо ў 2010 годзе. Яе склалі паэмы "Узнясенне" і "Развітанне", прысвечаныя Францішку Багушэвічу і Якубу Коласу, а таксама лірычныя вершы, прасякнутыя балючымі клопатамі нашых дзён, асветленыя любоўю да роднай зямлі і прадыктаваныя ўзвышаным пачуццём чыстага кахання.
   Дыяпазон таленту Генадзя Бураўкіна шырокі: гнеўны публіцыст, шчыры лірык, абураны гумарыст, усмешлівы дзіцячы дарадчык, празаік-дакументаліст, кінасцэнарыст, паэт-песеннік, высокапрафесійны перакладчык зарубежнай паэзіі. Таму і тэматыка твораў пісьменніка таксама вельмі разнастайная: гераічная тэма, грамадзянская, інтымная і пейзажная лірыка. Але гераічная тэма стала адной з асноўных у творчасці Генадзя Бураўкіна. Гэтай тэме паэт прысвяціў многія творы: "Палеская балада", паэмы: "Хатынь", "Хатынскі снег" і інш.
   Вострыя ўспаміны з дзяцінства дазволілі Генадзю Бураўкіну стварыць жахлівую карціну дзікага сваявольства фашыстаў у Хатыні. У паэме "Хатынь" паэт апісвае трагедыю, якая працінае душу, нібыта апынаешся там, у пекле Хатыні. І перад нашымі вачамі праходзіць трагедыя людзей, іх апошнія жудасныя крыкі.
   Словам пранікнёным, узнёслым, словам пяшчотным і гнеўным сцвердзіў паэт сваю любоў да Радзімы. Вернасць роднай мове праносіць ён праз усе жыццё, робячы ўсе, каб наша слова гучала шырока і далёка. Наогул са словам, з роднай беларускай мовай у паэта былі асаблівыя адносіны. Яна дала паэту адчуць радасць, сказаць нешта сваё. У слова Г. Бураўкіна цвёрдая цана, слову яго можна верыць, слоў яго чакаюць. Ён любіць слова да самазабыцця, да самаахвярнасці.
   Свае лепшыя вершы Генадзь Бураўкін стварыў пра вечны свет кахання, яго загадкавыя таямніцы, пра пакланенне жаночай красе, радасць першага кахання, калі для чалавека неяк нечакана ўсё адкрываецца і ўспрымаецца па новаму: сустрэча з каханым, багацце пачуццяў, падкрэсленая беражлівасць да сяброўкі, горыч разлук – усё гэта адметныя рысы інтымнай лірыкі паэта. Вершы: "Не, мы с табою не святошы", "Месяц-жоўтая лодка", "Такі спрадвечны лёс мужчын" – сабраны ў зборніку "Пяшчота". У вершы "Вочы сінія-сінія" гаворыцца пра вернае каханне маладой прыгожай дзяўчыны: яе каханы загінуў на фронце, яна жыве адна, не хоча "ні прызнанняў, ні песень", усё чакае і не можа дачакацца свайго абранніка.
   Такое сапраўднае каханне – найвышэйшы дар, які можа адзін чалавек даць другому. Лірыка Генадзя Бураўкіна шчырая і сардэчная, і нарэшце, як кажуць, у жыцці каханне і добрая песня заўсёды ідуць побач. Можа, таму многія лірычныя вершы паэта пакладзены на музыку: "Зачарованая мая", "У прысадах цяністых", "Матылі" і інш. Яго песенны сусвет кахання – таямнічы, загадкавы, чарадзейны.
   Увогуле інтымная лірыка ў Бураўкіна надзвычай багатая і разнастайная. Кампактна сабраная ў кнігах "Пяшчота" і "Чытаю тайнапіс вачэй", яна нязменна вабіць сваёй высокай адухоўленасцю, глыбінёй чалавечай душы, бясконцасцю ў пачуццёвых праявах.
   Цесна звязана з інтымнай і пейзажная лірыка паэта. Яна ашчадная на фарбы, душэўная, бо ідзе яна з радзімы Г. Бураўкіна – паўночнай Беларусі, дзе заўсёды цанілася шчырасць, унутраныя багацці. Толькі вока паэта, закаханае ў свой край, можа ўбачыць у халодным краявідзе столькі цеплыні. Прырода ў разуменні паэта жывая, нераўнадушная, у яе свае багатае і зменлівае жыццё. У вершах прырода часта апяваецца як крыніца лірычнага перажывання, прычым найбольш блізкія паэту фарбы вясны і восені.
   Прыкметнай з'явай для беларускай дзіцячай літаратуры стала трылогія Генадзя Бураўкіна "Тры казкі Зая", якая апавядае пра блізкі, зразумелы для дзяцей свет, выхоўвае любоў да прыроды, звяртае на сябе ўвагу.
   Паміма казак Генадзь Бураўкін стварыў некалькі легенд, у якіх праслежваецца цесная сувязь з фальклорам. Вылучаецца жартоўная легенда "Рабіна-рабіна".
   Паэт не застаецца абыякавым да розных праяў і сённяшняга жыцця. У сваёй паэзіі Генадзь Бураўкін абараняе дзяржаўную незалежнасць Беларусі, інтарэсы сваёй краіны, сваю родную мову.
   Цыкл вершаў "Брагінская вясна – 1986" паэт прысвяціў аварыі на ЧАЭС. Пасля "чарнобальскай начы" паэт змяняе свой погляд на навуку і, увогуле, на людзей і жыццё. У кожным з гэтых вершаў паміж радкоў Г. Бураўкін задае пытанне: "А ці будзем мы жыць?!".
   Паэт заўсёды на ветраломным хрыбце часу, адчувае патрэбы гэтага часу і свайго чытача. Да дзелавітасці, да актыўнасці грамадзянскай і творчай заклікае аўтар. Паэзія Г. Бураўкіна ахоплівае новыя тэмы, з кожным напісаным радком робіцца ўсё больш глыбока-псіхалагічнай (вершы "Пакуль жывы", "Чаму павінен плакаць чалавек…", "Удача…"), абагачаецца новымі думкамі, новымі падыходамі да раскрыцця старых тэм.
   Паэзія Генадзя Бураўкіна думае, разважае, заклікае разабрацца ў праблемах нашага часу, нашай душы. Напэўна, таму ў Бураўкіна раскрыўся талент да публіцыстыкі. Публіцысту яшчэ ў большай меры, чым паэту неабходна цвёрдая і ясная пазіцыя, каб аб'ектыўна ацэньваць палітычную сітуацыю. Многія з гэтых якасцей ёсць у Бураўкіна-публіцыста. Памяць вайны, абарона высокіх ідэйных і маральных каштоўнасцей, гуманістычных ідэалаў – адна з важнейшых тэм публіцыстыкі Генадзя Бураўкіна. Публіцыстычны пачатак яскрава праявіўся ў цыклах "Полацк. Нафтабуд" і "Старонкі з фестывальнага блакноту". Цікавыя артыкулы, кароткія нарысы, допісы паэта змешчаны ў "Праўдзе" пад час яго работы ў гэтай газеце на працягу 1968-1972-га гадоў карэспандэнтам па Беларусі.
   Генадзь Бураўкін спрабаваў свае сілы і ў кінадраматургіі, напісаў два сцэнарыі для кароткаметражных фільмаў: "Падарожжа па Беларусі" (1976) і "Апалённая памяць" (1975). Галоўная яго работа ў новай галіне – удзел у стварэнні кінасцэнарыя "Полымя" (1974), па якому быў пастаўлены двухсерыйны мастацкі фільм з той жа назвай. Г. Бураўкін выступіў у сааўтарстве з кінадраматургам Ф. Коневым і мастацтвазнаўцам У. Халіпам у стварэнні кінаэпапеі пра гераічную дзейнасць беларускіх партызан, якая пазней атрымала назву "Прарыў".
   Нямала ўвагі надае Генадзь Бураўкін і літаратурнай крытыцы, праяўляе шчырую зацікаўленасць да работы сваіх равеснікаў і маладзейшых літаратараў. Аб гэтым сведчаць яго артыкулы пра Яўгенію Янішчыц, Алеся Разанава і Ю. Голуба ў цэнтральным друку, а таксама рэцэнзія на зборнік І. Хадановіча "За акном дождж". Адзін з любімых пісьменнікаў Генадзя Бураўкіна – Васіль Быкаў. Яму прысвечаны артыкул "Па доўгу і праву салдата", з яго відаць як удумліва прачытваецца Бураўкіным кожны твор празаіка, вылучаецца самае галоўнае.
   Не менш любімым пісьменнікам Бураўкіна з'яўляецца Іван Мележ. З глыбокай павагай гаворыцца аб ім у артыкуле "Тры дні развітання з Крымам". У актыве Бураўкіна-крытыка ёсць артыкулы пра творчасць Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі, А. Пысіна, Ніла Гілевіча. Па-глыбокаму ўнутранаму абавязку напісаны Г. Бураўкіным артыкул пра кнігу "Крывёю сэрца" (1967), у якой сабраны вершы загінуўшых на вайне маладых беларускіх паэтаў: З. Астапенкі, Л. Гаўрылава, А. Дубровіча і іншых. Яны розныя – гаворыць аўтар артыкула, але ў кожнага ёсць штосьці адметнае, арыгінальнае, праўдзівае.
   Асобная галіна творчай работы паэта – пераклады з найбольш вядомых яму славянскіх моў. У 1968 годзе ў Мінску выйшла кніга выбранай лірыкі "Белая чайка" балгарскага пісьменніка Найдана Вылчава, перакладзеная Генадзем Бураўкіным сумесна з Рыгорам Барадуліным і Нілам Гілевічам. Бураўкіну належаць пераклады патрыятычных твораў: "Прадчуванне", "Лістападаўскае святло", а таксама вершаў пра мастакоў і мастацтва: "Сутарэнне", "Кашмар", "Малюнак тушшу". Ён пераклаў на беларускую мову камедыю А. Хмеліка "Пузыркі", пастаўленую ў Мінску ў 1966 годзе. У 1979 годзе ў Мінску ў серыі "Паэзія народаў СССР" выйшла кніга "Заклінанне агню", перакладзеная Бураўкіным.
   За сваю творчую і працоўную дзейнасць Генадзь Бураўкін узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў, медалём "За доблесную працу", ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Вярхоўнага Савета УССР, Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР. Ён з'яўляецца лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу вершаў "Варта вернасці", прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча (2005).
   Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін адзначыў, што Генадзь Бураўкін з'яўляецца знакавай асобай Беларусі, якая ўнесла значны ўклад у беларускае нацыянальнае адраджэнне. "Там, дзе ён – мудрасць, павага і беларуская нацыянальная ідэя. Бураўкін зрабіў часопіс "Маладосць" лепшым часопісам краіны, а Беларускае тэлебачанне – па-сапраўднаму нацыянальным. На яго "Калыханцы" выхавана не адно пакаленне беларусаў. Працуючы ў ААН, ён першым працягнуў руку эмігрантам – вядомым дзеячам нацыянальнай культуры. Яго паэзію трэба чытаць душою, таму што Бураўкін не піша вершы, а дыхае імі",- гаворыць Барадулін. Сапраўды, у творах Генадзя Бураўкіна ёсць разуменне галоўнай місіі мастацкай літаратуры, духоўнай культуры наогул – весці бой за чалавека гуманнага і разумнага, рознабаковага і цэласнага, неабмежавана шырокага ў сваіх ведах аб сабе і сусвеце, сына роднай зямлі і народа, цвёрдага ў сваіх ідэйна-маральных ідэалах і перакананнях.


Ды мне не страшна:
                              нешта застанецца
Пасля мяне ад дум маіх і спраў,
Ад парыванняў, што ў душы сабраў.
Я веру: нешта ў свеце застанецца...
Застанецца
                  на роднай зямлі грудок.
Застанецца
                  на роднай мове радок...

Похожие статьи:

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Малітва

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Шпак спявае

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Я хачу прайсці па зямлі...

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Калыханка

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Настаўнікі не паміраюць...