Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Вацлаў Ластоўскі

   Гісторык, пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч, акадэмік БАН, Вацлаў Ластоўскі, які часта выступаў у друку пад псеўданімам Власт, нарадзіўся 27 кастрычніка (8 лістапада) 1883 шда ў засценку Калеснікаў Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён) у шляхецкай сям’і. Скончыў Дзісенскае павятовае вучылішча. Працаваў у Пецярбургу, слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце (1904-1905). З 1909 года працаваў сакратаром рэдакцыі газеты «Наша ніва» ў Вільні, загадчыкам першай у Вільні беларускай кнігарні. У гэтыя гады пачаў друкаваць публіцыстычныя, крытычныя артыкулы, апавяданні ў асноўным гістарычнай тэматыкі.
   З 1 студзеня 1910 года «Наша ніва» публікуе на сваіх старонках «Кароткую гісторыю Беларусі» Вацлава Ластоўскага, якая асобным выданнем выйшла затым у друкарні Марціна Кухты. Напісаная на беларускай мове, кніга паслужыла фундаментам для далейшага даследавання гісторыі Бацькаўшчыны. Янка Купала вітаў выхад «Гісторыі...» вершам «Дудар», прысвяціў Вацлаву і Марыі Ластоўскім і выдатны верш «Песня званара». Творчасць Вацлава Ластоўскага высока цаніў Максім Багдановіч: «Власт надрукаваў усяго 3-4 рэчы, але кожную можна ўзяць за прыклад, як трэба пісаць...» А пісаў ён у гэты час шмат апавяданняў абразкоў. Асаблівае значэнне для развіцця нацыянальнай культуры мелі яго шматлікія публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, якія вельмі надзённа гучаць і сёння. У іх Вацлаў Ластоўскі змагаўся за права беларусаў развіваць сваю культуру на сваёй мове, за іх «права называцца культурным народам, каб на край свету пралунала беларускае імя...».
   З пачаткам Першай сусветнай вайны і акупацыяй Вільні кайзераўскімі войскамі, Вацлаў Ластоўскі, застаўшыся ў горадзе, быў адным з арганізатараў партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915), падтрымліваў праект дзяржаўнай «Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага» (Літвы і Беларусі), стаў ідэолагам палітычнай арганізацыі «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі». Ён адзін з аўтараў прадстаўленага на міжнароднай канферэнцыі ў Лазане (1916) «Мемарандума прадстаўнікоў Беларусі», дзе адстойваліся правы беларусаў на стварэнне самастойнай дзяржавы.
   У 1918 годзе ў Вільні была ўтворана Беларуская рада на чале з Антонам Луцкевічам, куды ўвайшоў і Вацлаў Ластоўскі. З канца 1918 года – сябар Літоўскай Тарыбы. Адначасна з гэтай грамадска-палітычнай дзейнасцю Вацлаў Ластоўскі займаецца выданнем школьных падручнікаў і хрэстаматый, рэдагуе газету «Гоман» (1916-1917), піша глыбоказмястоўныя гісторыка-публіцыстычныя артыкулы па беларускім пытанні («Дзе мы жывём і колькі нас?», «Што такое дэмакратыя», «Прычыны заняпаду беларускага адраджэння ў XIX ст.», «Духоўная каталіцкая літаратура ў беларускай мове», «Сялянскія рэспублікі канца XVIII ст. у Беларусі і Літве», «Рэфармацкі рух на Беларусі», «Што трэба ведаць кожнаму беларусу», «Нацыянальнае пытанне», «Са старабеларускай літаратуры», «Францішак Скарына», «Беларусь пад Расеяй» і шмат іншых). Многія з іх увайшлі ў кнігу «Калісь і цяпер: Гістарычна-грамадзянскія нарысы» (Вільня, 1918).
   У 1919 годзе Вацлаў Ластоўскі ўваходзіў у партыю беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, якія стварылі Народную Раду БНР. Вацлаў Ластоўскі ўзначальваў у ёй кабінет міністраў. У 1919 годзе быў арыштаваны польскімі ўладамі, але ў 1920 годзе вызвалены. Быў адным з арганізатараў партызанскай барацьбы супраць польскай акупацыі Заходняй Беларусі. Пасля падпісання прэлімінарнага міру паміж Саветамі і Польшчай (кастрычнік 1920) Вацлаў Ластоўскі звярнуўся да краін Антанты аказаць дапамогу БНР у барацьбе за незалежнасць Беларусь Ён браў актыўны ўдзел у рабоце Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (верасень 1921). З дыпламатычнымі місіямі наведаў Бельгію, Германію, Ватыкан, Італію, Францыю, Чэхію, Швейцарыю (1920-1923). Пазней адышоў ад палітычнай дзейнасці, выйшаў з урада БНР (1923). Працаваў у міністэрстве беларускіх спраў у Літве, выдаваў літаратурны часопіс «Крывіч», друкаваў на яго старонках свае вершы, апавяданні, надрукаваў некалькі школьных падручнікаў. Напісаў аповесць «Лабірынты» (1923), прысвечаную гістарычнаму мінуламу Беларусь Выдаў грунтоўны «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік», апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і сваю самую славутую «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі» – агляд беларускага пісьменства ад X да XIX ст. (усе выданні – 1924-1926).
   У 1927 годзе Вацлаў Ластоўскі пераехаў у Мінск, працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, у Інбелкульце, стаў акадэмікам, неадменным сакратаром АН БССР, уваходзіў у Камісію па ахове помнікаў старасветчыны ў БССР. Працаваў у Камісіі жывой беларускай мовы, рэдагаваў «Працы кафедры этнаграфіі», арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, дзякуючы якім быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай. Разам з М. Шчакаціхіным апрацаваў «Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства» (1929), пачаў працаваць над манаграфіяй «Матэрыяльная культура Беларусі». Удзельнічаў у рэформе беларускага правапісу, напісаў успаміны пра Максіма Багдановіча, Янку Купалу, артыкулы пра творчасць беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў мінулага, займаўся перакладамі з рускай мовы (А. Талстой), англійскай (Р. Кіплінг), польскай (Эліза Ажэшка), дацкай (Г. К. Андэрсан). Сапраўды тытанічная дзейнасць выдатнага вучонага, гісторыка, пісьменніка была абарвана ў 1929 годзе: у развіцці нацыянальных культур савецкая ўлада бачыла для сябе смяртэльную небяспеку. Вацлаў Ластоўскі быў вызвалены з пасады неадменнага сакратара Акадэміі навук БССР, а ў красавіку 1930 года арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Трымалі яго ў турмах Мінска і Масквы. Пастановай Калегіі АДПУ СССР 10 красавіка 1931 года яго выслалі на 5 гадоў у Саратаў. Там быў паўторна арыштаваны і 23 студзеня 1938 года расстраляны. Яму не было яшчэ і 55 гадоў.

 

Крыніца: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с. [8] с.: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!