Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Васіль Быкаў

   Імя Васіля Быкава ў нацыянальнай літаратуры і для ўсёй Беларусі – знакавае. Гэта імя па-сапраўднаму вялікага пісьменніка, якога пры жыцці называлі класікам і духоўным прарокам нацыі. Ён быў для Беларусі літаратурным геніем, які стварыў выдатныя творы, глыбокую філасофію гуманізму.
   Нарадзіўся Васіль Уладзіміравіч Быкаў 19 чэрвеня 1924 года ў невялікай вёсачцы Бычкі на лясной і азёрнай Ушаччыне. Бацькі, Уладзімір Фёдаравіч і Ганна Рыгораўна, увесь час жылі ў вёсцы, працавалі ў калгасе. Вось што гаворыць пра іх Васіль Быкаў : "Бацька быў строгі да нас, дзяцей, увогуле мы яго пабойваліся. Маці ж наадварот – дужа мяккая і жаллівая, я ніколі не чуў ад яе гучнага слова – усё з ласкай і добрасцю…". Зямная дарога Ганне Рыгораўне выпала вельмі нялёгкая, але працяглая. Жанчына развіталася з белым светам на дзевяностым годзе жыцця (восенню 1984 г.). Бацька ўдзельнічаў у Першай сусветнай вайне, з арміяй Самсонава трапіў у палон. Пасля вызвалення з палону ўдзельнічаў у грамадзянскай вайне, потым у мірны час шмат працаваў у калгасе. Памёр на васьмідзесятым годзе жыцця (1966 г.).
   Дзіцячыя гады будучага пісьменніка прайшлі ва ўмовах нялёгкага даваеннага жыцця. В. Быкаў згадваў: "Я не люблю свайго дзяцінства. Галоднае жыццё, калі трэба ісці ў школу, а няма чаго паесці і апрануць… Адзінае, што было радасцю, дык гэта прырода і кнігі." У аўтабіяграфіі пісьменнік піша: "Майн Рыд, Жуль Верн, Джэк Лондан, а таксама Гайдар, Горкі, Талстой – вось уладары маіх тагачасных дум, тыя хто запаліў у душы агеньчык надзеі і паклікаў да іншага і светлага". А яшчэ Васіль любіў маляваць. Гэта былі, бадай што, галоўныя юначыя захапленні будучага слыннага пісьменніка – "запойнае", як ён сам падкрэсліваў, чытанне кніг і маляванне. Невыпадкова пасля заканчэння васьмі класаў Кубліцкай сярэдняй школы Васіль Быкаў паступіў на мастакоўскае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча, а потым пераведзены на скульптурнае аддзяленне.    У 1940 годзе адмянілі стыпендыі, і гэтая акалічнасць вярнула будучага пісьменніка зноў у вёску. Давялося давучвацца ў сярэдняй школе, якую ён закончыў напярэдадні вайны. Перад самай вайной Быкаў апынуўся на Украіне. Ён збіраўся паступаць у індустрыяльны інстытут у г. Шостка Сумскай вобласці.
   Але пачалася вайна. Будучы пісьменнік быў мабілізаваны на абарончыя работы ў інжынерны батальён. Потым былі баі на Паўднёва-Заходнім фронце, пяхотнае вучылішча ў Саратаве. З 1943 г. ваяваў на 2-м і 3-м Украінскім франтах. Быў двойчы паранены, ляжаў у шпіталях. У 1944 г. бацькі В. Быкава атрымалі паведамленне, што іх сын мужна загінуў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі каля Кіраваграда (гэта было засведчана на абеліску).
   Але В. Быкаў выжыў і ваяваў далей. "Лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён жыў і пісаў ад імя цэлага пакалення, ад імя тых, што юнакамі спазналі вайну і ўзмужнелі духам са зброяй у руках, для якіх дзень жыцця быў ровен веку жыцця", – адзначыў Чынгіз Айтматаў. Васіль Быкаў з дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю — старшым лейтэнантам, камандзірам узвода палкавой, потым армейскай артылерыі. Служыў на Украіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе.
   Пасля дэмабілізацыі (1947) жыў у Гродне, працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях, у рэдакцыі абласной газеты "Гродзенская праўда" (1947-1949). У 1949-1955 гг. зноў служыў у Савецкай Арміі. Канчаткова дэмабілізаваўшыся (маёр запасу), працаваў літаратурным супрацоўнікам, літаратурным кансультантам і выступаў як журналіст газеты "Гродзенская праўда" (1956—1972). У абласным і рэспубліканскім друку з'яўляліся яго замалёўкі, фельетоны, нарысы. Быў абраны сакратаром Гродзенскага аддзялення СП БССР (1972-1978), а членам СП СССР з'яўляўся з 1959 г.    У 1978 годзе пераехаў на сталае жыццё ў Мінск. 3 гэтага часу займаўся выключна творчай працай.
   Творчы шлях пісьменніка пачынаўся непрыкметна – з апавяданняў, якія былі надрукаваны ў часопісе "Вожык" (1947, "Дапякло"), газеце "Гродзенская праўда" (1949, "У першым баі"). Але сам Васіль Быкаў свой пісьменніцкі лёс адлічвае з 1951 года, калі на Курылах, дзе ў той час служыў, напісаў апавяданні "Смерць чалавека" і "Абознік". Іх ён паслаў на водгук Міхасю Лынькову. Нягледзячы на ўвогуле ўдалы творчы дэбют, Васіль Быкаў не быў перакананы ў тым, што літаратура — яго жыццёвае прызванне. 3 героя апавядання "У першым баі" Мікалая Беражнога пачаліся быкаўскія героі — маладыя афіцэры і салдаты з трагічным франтавым лёсам.
   Першы зборнік "Ход канём" (1960) раскрывае пасляваеннае жыццё савецкіх людзей, іх узаемаадносіны ў працы, побыце, паказвае нараджэнне новых якасцей у характары чалавека, асабліва моладзі.
   Канец 50-х - пачатак 60-х гадоў для Васіля Быкава — час пошукаў самога сябе. Ён піша сатырычныя мініяцюры, гісторыка-прыгодніцкую аповесць "Апошні баец", серыю навел на маральна-этычныя тэмы, другі цыкл ваенных апавяданняў, нарысы, рэцэнзіі. Гэтыя творы сведчаць пра тое, што іх аўтар ішоў да свайго адкрыцця свету, да аналітычнага даследавання чалавечага быцця, рашуча адмаўляючыся ад дробнатэмнасці, апісальнасці. Кожны твор быў для яго своеасаблівай школай майстэрства, пяро пісьменніка сталела, почырк набываў большую індывідуальную афарбоўку, мова — выразнасць і дакладнасць. Васіль Быкаў набліжаўся да раскрыцця тых трагічных падзей 1941-1945 гг., з якімі сутыкаецца галоўны герой яго аповесцей.
   У аповесці "Жураўліны крык" (1959) пісьменнік звярнуўся да ваеннай тэмы, каб застацца ёй верным амаль увесь час. У наступных яго аповесцях паўстае перад чытачом гранічна праўдзівае адлюстраванне вайны. Яго творы нязменна нясуць у сабе моцны зарад маральнай энергіі, неабходнай чалавеку сёння.
   Шырокая вядомасць прыйшла да Быкава пасля публікацыі аповесці "Трэцяя ракета" (1961). Тэма чалавека на вайне таксама праходзіць праз аповесці "Пастка" (1962), "Альпійская балада" (1963), "Праклятая вышыня" (1968).
   У застойныя гады афіцыйная крытыка непрыймальна ставілася да бескампрамісных аповесцей Васіля Быкава пра вайну. Адзін з самых вострапраўдзівых яго твораў "Мёртвым не баліць" (1965) убачыў свет на той час толькі ў часопісах "Маладосць" і "Новый мир", дзякуючы грамадзянскай мужнасці іх рэдактараў Пімена Панчанкі і А. Твардоўскага. Васіля Быкава абвінавачвалі ў тым, што ён не з тых пазіцый піша пра вайну, скажае праўду, ачарняе гераічных савецкіх воінаў. Шматлікія чытачы патрабавалі ўключыць "Мёртвым не баліць" у збор твораў Ваіля Быкава. Грамадская думка перамагла – аповесць была ўключана ў 4-ы том збору твораў пісьменніка.
   У 70-я гады Васіль Быкаў працягвае цыкл аповесцей на ваенную тэму: "Сотнікаў" (1970), "Абеліск" (1971), "Дажыць да світання" (1972), "Воўчая зграя" (1974), "Яго батальён" (1975).
   Ваенныя аповесці Васіля Быкава — гэта высокамастацкія творы, з якіх складаецца гераічны эпас пра Вялікую Айчынную вайну. У іх аўтар сцвярджае, выпрабаваныя ў полыме барацьбы з фашызмам, ідэйныя і маральныя якасці: вернасць адвечным агульначалавечым каштоўнасцям, інтэрнацыяналізм, любоў да роднай зямлі, высокую годнасць чалавека-працаўніка і воіна. У творчасці В. Быкава прасочваюцца ідэйна-эстэтычныя пошукі савецкай літаратуры апошняга часу, далейшае развіццё такіх яе неад'емных якасцей, як філасафічнасць, аналітычнасць, псіхалагізм, глыбокае раскрыццё ўнутранага свету чалавека, яго паводзін у экстрэмальных умовах ваенных гадоў. У партызанскім цыкле аповесцей ("Круглянскі мост" (1968), "Пайсці і не вярнуцца" (1978), "Знак бяды" (1982) з асаблівай сілай выявілася праблема трагічнага, адвечная тэма выбару ў складаных умовах акупіраванай тэрыторыі і партызанскай барацьбы народа супраць фашыстаў.
   Не менш востра паказаў пісьменнік і падзеі калектывізацыі, да якіх упершыню звярнуўся ў аповесці "Знак бяды". У беларускай літаратуры ніхто так аголена-праўдзіва, з болем, абгрунтавана не паказаў бессэнсоўнасць, жорсткасць сталінскіх метадаў абагульнення сялянскіх гаспадарак, вытручвання ў селяніне-працаўніку любові да зямлі-карміцелькі, вынішчэння яго гаспадарчых традыцый. Гэту тэму пісьменнік працягвае даследаваць і ў аповесці "Аблава".
   Пераасэнсаванне мінулага стала галоўным напрамкам, па якім рухалася быкаўская думка ў 80-я гады. Пісьменнік пераасэнсоўвае і прыкметна ўдакладняе многае з таго, што ўпэўнена сцвярджаў у сваіх творах. У рамане "Кар'ер" (1985) паяднаны сучаснасць і вайна. Складаны лёс чалавека ва ўмовах фашысцкай акупацыі пісьменнік паказвае ў аповесці "У тумане" (1988). "Аблава" (1989) мае рэальную жыццёвую аснову. В. Быкаў акцэнтуе ўвагу на злавесна-разбуральнай сутнасці часу і гаворыць пра катастрафізм духоўнага быцця ў цэлым. З суровым рэалізмам у адлюстраванні падзей напісана быкаўская "Сцюжа" (1969, 1991).
   У 90-я гады В. Быкаў бярэ на ўзбраенне апавяданне – самы мабільны і змястоўны жанр літаратуры: "На чорных лядах", "Бедныя людзі" (абодва – 1994), "Жоўты пясочак", "Зенітчыца", "Палкаводзец", "Палітрук Каламіец", "Падоранае жыццё" (усе – 1995).
   Аповесць "Пакахай мяне, салдацік" (1996) тэматычна звязана з цыклам "ваенных" апавяданняў. Аповесць "Ваўчыная яма" (1999) расказвае пра жыццё ў чарнобыльскай зоне. Надзвычай складаныя рэаліі ваеннай рэчаіснасці паўстаюць з аповесці "Балота" (2001).
   Яшчэ адна іпастась пісьменніка – сучасны Быкаў, аўтар "баек жыцця" з філасофска-алегарычным зместам: "Сцяна" (1995), "Музыка", "Народныя мсціўцы" (абодва – 1997), "Ваўчыная яма", "Мальбара", "Тры нявымаўленых словы", "Труба" (усе – 1998), "Галоўны крыгсман", "Хутаранцы", "Апалагетыка "нагана", "Кошка і мышка" (усе – 1999). Выходзяць кнігі прозы "Сцяна" (1997), "Пахаджане" (1999). Быкаўскія прыпавесці ўвайшлі ў супольную кнігу Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава "Калі рукаюцца душы" (2003).
   Захапленне маляваннем, якое заявіла аб сабе яшчэ ў дзяцінстве, не мінулася з часам: Васіль Быкаў рабіў замалёўкі і на вайне, і пасля вайны – "для сябе". Яго малюнкі – чорна-белая графіка – змешчаны ў кнізе Рыгора Барадуліна "Лісты ў Хельсінкі".
У гады перабудовы В. Быкаў актывізаваўся як грамадскі дзеяч, публіцыст. Яго выступленні, артыкулы, інтэрв'ю склалі зборнікі "На крыжах" (1992) і "Крыжовы шлях" (1998).
   Пісьменнік падсумаваў вынікі свайго жыцця і творчасці кнігай успамінаў "Доўгая дарога дадому" (2002). Гэта кніга-развітанне. Яна нараджалася тады, калі Быкаў ужо ведаў, што зусім хутка яму давядзецца пакінуць белы свет. Кніга ахоплівае ўсё жыццё пісьменніка, пачынаючы з самага дзяцінства. Яна стваралася па памяці, без выкарыстання дакументальных матэрыялаў, бо ўвесь архіў пісьменніка заставаўся ў Мінску.
   Вядома, што апошнія гады свайго жыцця Васіль Быкаў знаходзіўся ў вымушанай эміграцыі. Дзяржаўныя ўлады забаранялі друкаваць творы Васіля Быкава, у прэсе і на тэлебачанні была траўля пісьменніка. З 1998 года па запрашэнні фінскага ПЭН-цэнтра ён жыў ў Фінляндыі. Калі ў канцы 1999 года Васіль Быкаў вярнуўся на Радзіму, ганенні пачаліся з новай сілай. Пісьменнік, зноў вымушана пакінуў Беларусь, жыў у Германіі, у горадзе Франкфурт-на-Майне. Пазней, па запрашэнні прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела, Быкаў жыў ў Чэхіі. У маі 2003 года пісьменнік, ужо невылечна хворы, вярнуўся ў Мінск, каб памерці на радзіме.
   Памёр вялікі беларускі класік 22 чэрвеня 2003 года. Пахаваны Васіль Быкаў з вялікай народнай жалобай на Усходніх (Маскоўскіх) могілках сярод самых славутых сыноў Беларусі. На радзіме пісьменніка зараз дзейнічае сядзіба-музей В. Быкава.
   Але і пасля смерці Васіля Быкава з'яўляюцца на старонках друку невядомыя беларускаму чытачу творы. У кнігу "Бліндаж" (2007) увайшлі аповесці "Бліндаж" (1987) і "Апошні баец" (1958), якія раней не ўключаліся аўтарам у ніводзін свой зборнік. Працягвае тэму сяброўства кніга "Дажыць да зялёнай травы" (2008). Кнігу пад такой назвай В. Быкаў і Рыгор Барадулін пісалі 43 гады. Складаецца яна з сяброўскага ліставання двух выдатных творцаў, якое пачалося ў 1960-м і закончылася ў 2003-м. Адной з апошніх прац В. Быкава сталі аповеды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 г., якія пазней увайшлі ў кнігу "Грамадзянін свету" (2004). Кожны з 12 аповедаў пачынаецца лірычна-белетрыстычным уступам самога В. Быкава, які пры гэтым каларытна характарызуе нямецкія рэаліі і апавядальніка.
   Па творах В. Быкава пастаўлены кінафільмы: "Трэцяя ракета" (1963), "Альпійская балада" (1966), "Дажыць да світання" (1975), "Воўчая зграя" (1976), "Абеліск" (1977), "Узыходжанне" (1977, паводле "Сотнікава", рэжысёр Л. Шапіцька) "Знак бяды" (1985), кароткаметражны фільм "Пастка", тэлефільм "Доўгія вёрсты вайны" (1976, паводле аповесці "На ўсходзе сонца"). В. Дашуком створаны фільм пра В. Быкава "Узыходжанне" (1985). П'еса "Апошні шанц" шырока ставілася ў тэатрах краіны. Былі інсцэніраваны яго аповесці: "Абеліск" (Масква), "Альпійская балада" (Масква), "Дажыць да світання" (Масква), "Знак бяды" (Гомель, Ленінград, Мінск), "Пайсці і не вярнуцца" (Кастрама, Масква, Чарнігаў), "Сотнікаў" (Ленінград, Магілёў), "Трэцяя ракета" (Кіеў, Масква) і інш. Балет "Альпійская балада" (1967) напісаў Я. Глебаў, на яго ж аснове стварыў "Сюіту з балета "Альпійская балада". Оперу "Сцежкаю жыцця" (1980, паводле "Воўчай зграі") стварыў Г. Вагнер. У 1990 годзе пастаноўка радыёспектакляў па аповесцях Васіля Быкава "У тумане" і "Кар'ер" адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.
   Свае лепшыя вершы беларускаму класіку прысвячалі Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімір Караткевіч, А. Салтук, Яўгенія Янішчыц, С. Законнікаў і іншыя. Да творчасці пісьменніка звярталіся мастакі А. Кашкурэвіч, I. Немагай. Партрэты В. Быкава напісалі М. Будавей, Л. Дробаў, М. Савіцкі і інш.
   Літаратурны талент Васіля Быкава атрымаў высокую ацэнку. Ён стаў народным пісьменнікам Беларусі (1980), Героем Сацыялістычнай Працы (1984), Лаурэатам Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1964, за аповесць "Трэцяя ракета"), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974, за аповесці "Абеліск", "Дажыць да світання"), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1978), за аповесці "Воўчая зграя", "Яго батальён"), Ленінскай прэміі (1986, за аповесць "Знак бяды"). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, Дружбы народаў, шматлікімі медалямі.
   Васіль Быкаў уваходзіў у састаў праўлення СП СССР, Рады СП БССР, рэспубліканскага Савета Фонду міру. Пісьменнік – Ганаровы грамадзянін Ушацкага р-на Віцебскай вобл. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1978-1989), народным дэпутатам СССР (1989). З'яўляўся членам грамадскага рэдсавета "Литературной газеты" і адным з аўтараў "Рыжскага звароту" (1990). Быў прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра.
   Творчасць Васіля Быкава атрымала прызнанне і за межамі нашай краіны. У 1996 годзе ён быў узнагароджаны Ордэнам "За заслугі перад Італьянскай Рэспублікай", у 1997 годзе адзначаны Расійскім "Ордэнам Дружбы", а ў 1999 годзе Васіль Быкаў быў узнагароджаны Расійскай незалежнай прэміяй "Трыумф".