Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Антон Луцкевіч

   Публіцыст, літаратуразнавец, крытык, гісторык, лінгвіст, грамадска-палітычны дзеяч Антон Луцкевіч паходзіў са старажытнага шляхецкага роду герба Навіна (адсюль яго псеўданім Антон Навіна). Нарадзіўся ён 17 (29) студзеня 1884 года ў горадзе Шаўлі Ковенскай губерні (цяпер г. Шаўляй у Літве). Антон Луцкевіч – малодшы брат Івана Луцкевіча, вядомага грамадска-палітычнага дзеяча, публіцыста, археолага, краязнаўца, празаіка, аднаго з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя. Пасля смерці бацькі сям’я пераехала ў Мінск. Тут Антон Луцкевіч скончыў гімназію і паступіў у Пецярбургскі універсітэт на прыродазнаўчы факультэт. У Пецярбургу стаў адным з арганізатараў «Круга беларускай народнай прасветы і культуры», мэтай якога было распаўсюджанне асветніцтва сярод выхадцаў з Беларусі, стварэнне беларускай школы, выданне кніг. Разам з братам Іванам, іншымі студэнтамі, якія вучыліся ў Пецярбургу, выдаў «Калядную пісанку», «Велікодную пісанку», увайшоў у Беларускую рэвалюцыйную грамаду (з 1904 года – Беларуская сацыялістычная грамада), абіраўся членам Цэнтральнага камітэта БСГ. Актыўна ўдзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях 1905-1907 гадоў. З 1906 года – у Вільні. Быў у ліку заснавальнікаў газеты «Наша доля» (дзе ён апублікаваў свой першы беларускамоўны артыкул) і «Наша ніва». На іх старонках друкаваліся яго вострыя публіцыстычныя артыкулы, якімі ён змагаўся за сацыяльнае і нацыянальнае разняволенне беларускага народа. Пісаў таксама літаратуразнаўчыя і крытычныя нататкі, рэцэнзіі на творы беларускіх пісьменнікаў, артыкулы пра становішча беларускай мовы, школы.
   Антон Луцкевіч быў членам многіх віленскіх выдавецтваў, разам з Вацлавам Ластоўскім выдаваў газету «Гоман», разам з Самойлам выконваў асноўную работу ў газетах незалежніцкага дэмакратычнага напрамку «Голас беларуса», «Сялянская праўда», «Сын беларуса», «Беларуская доля». Артыкулы Антона Луцкевіча рэгулярна з’яўляліся на старонках такіх выданняў, як «Беларускі звон», «Студэнцкая думка», «Беларуская справа», «Наш шлях», «Школа і жыццё», «Родныя гоні» і інш. Антон Луцкевіч абіраўся старшынёй Віленскай беларускай рады (1918-1919), быў адным з арганізатараў Рады беларускай школы, якая пазней злілася з Таварыствам беларускай школы, выкладаў беларускую мову на курсах настаўнікаў. Ад Віленскай беларускай рады быў кааптаваны (разам з Iванам Луцкевічам) у склад Рады БНР. Якраз Антон Луцкевіч у сакавіцкія дні 1918 года выступіў з прапановай абвясціць незалежнасць БНР. З лістапада 1918 года ён узначаліў Раду Народных Міністраў і быў міністрам замежных спраў БНР, але ў лютым 1920 года змушаны быў пайсці ў адстаўку.
   За актыўную беларускую дзейнасць Антон Луцкевіч у 1927 годзе быў арыштаваны палякамі і 8 месяцаў адбываў зняволенне на Лукішках. Хоць суд і апраўдаў яго, ганенні не спыняліся: было забаронена выдавецкае таварыства, якое ён узначальваў, потым ён быў звольнены з выкладчыцкай працы ў Віленскай беларускай гімназіі. Затое больш увагі пачаў аддаваць створанаму ім Беларускаму музею імя Івана Луцкевіча, шчыльней займаўся навуковай дзейнасцю, застаючыся старшынёй Беларускага навуковага таварыства, пісаў артыкулы, якія друкаваліся ў заходнебеларускіх, нямецкіх, чэшскіх газетах і часопісах, выходзілі асобнымі кнігамі і брашурамі.
   Па ўз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР Антон Луцкевіч выступіў у Вільні на сходзе культурна-асветных работнікаў з заклікам да адраджэння беларускай школы, усёй нашай культуры і мовы. Рэакцыі доўга чакаць не давялося: 30 верасня 1939 года ён быў арыштаваны органамі НКУС і этапіраваны з Вільні ў Мінск, а потым у Маскву, дзе Асобая нарада пры НКДБ СССР засудзіла яго на 8 гадоў зняволення ў канцлагерах. 23 сакавіка 1942 года сэрца слаўнага сына беларускага народа не вытрымала нечалавечых здзекаў энкавэдыстаў на этапе. Смерць напаткала яго на перасыльным пункце ў Аткарску Саратаўскай вобласці.


Крыніца: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с. [8] с.: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!