Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Анатоль Вольны

Фатаграфія Анатоля Вольнага   Паэт, празаік, кінадраматург Анатоль Вольны (сапраўднае імя Ажгірэй Анатоль Усцінавіч) нарадзіўся 19 лістапада (2 снежня) 1902 года ў сям’і служачых у Пухавічах Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці). Пасля заканчэння Ігуменскай гімназіі служыў у Чырвонай Арміі (1920-1921), затым працаваў у ЦК камсамола, карэспандэнтам газеты «Малады араты», вучыўся ў БДУ.
   У літаратуру Анатоль Вольны прыйшоў у 1922 годзе і адразу стаў актыўным удзельнікам літаратурна-грамадскага руху, сябрам літаратурнага аб’яднання «Маладняк» (1923). Непасрэдны ўплыў на творчасць А. Вольнага, як і на іншых маладых паэтаў, аказаў Міхась Чарот, які быў арганізатарам, кіраўніком «Маладняка», папулярным на той час пісьменнікам. Усе маладыя аўтары ў 20-я гады былі захоплены новымі павевамі ў жыцці, жылі спадзяваннямі, верылі ў светлую будучыню Беларусі. Анатоль Вольны шмат у гэты час піша карэспандэнцый, нарысаў пра моладзь, вёску, цэлыя цыклы вершаў, прысвечаныя розным чырвоным датам, камсамолу, Кастрычніцкай рэвалюцыі. Выходзяць яго зборнікі вершаў «Камсамольская нота» (1924, разам з А. Александровічам), «Чарнакудрая радасць» (1926), «Табе» (1927). У 1925 годзе былі напісаны паэмы «Беларуская камсамолія», «Кастусь Каліноўскі», «Сінія кветкі».
   У сярэдзіне 1920-х гадоў А. Вольны пераходзіць на прозу. У 1925 годзе разам з А. Александровічам і Алесем Дударом ён выдаў прыгодніцкі раман «Ваўчаняты». З-пад яго пяра выйшлі таксама аповесці «Два» і «Антон Савіцкі».
   Проза А. Вольнага, хоць і была шмат у чым схематычная і дэкларатыўная, аднак узбагачала вобразна арсенал беларускай літаратуры, паказвала людзей новай эпохі, змагароў за вольную Беларусь. Пад псеўданімам Алёша выдаў кнігі «Зборнік фельетонаў», «Суседзі». А. Вольны пісаў таксама апавяданні, нарысы, замалёўкі, пародыі. Напісаў шэраг «літаратурных сілуэтаў» (Міхась Чарот, А. Александровіч, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Лужанін, Тодар Кляшторны, Уладзіслаў Галубок), гумарэсак на Рыгора Мурашку, С. Баранавых, А. Александровіча, Р. Кобеца, В. Сташэўскага. Спрабаваў сваё пяро і ў жанры драматургіі, пісаў драматычныя сцэнкі, драматычныя агітжарты («Калі дзяк гаворыць праўду», «Міколка», «У агранома», «Гумарысты з Магілёва», «Ход канём» і інш.), п’есы (камедыя «Ратуй, божа» разам з Р. Кобецам).
   Вядомы і сцэнарыі Анатоля Вольнага, па якіх былі пастаўлены фільмы «Хвоі гавораць» (1929, разам з К. Дзяржавіным), «Атэль «Савой» (1930), «У агні народжаныя» (1930), «Сонечны паход» (1931), «Новая радзіма» (1935), кінааповесць «Шасцідзесятая паралель» (1935). У 1935 годзе А. Вольнаму было прысуджана званне «Заслужаны дзеяч мастацтва Беларусі».
   Нягледзячы на тое, што заслугі А. Вольнага перад савецкім мастацтвам былі высока ацэнены дзяржавай, а творчасць была авеяна пафасна-патрыятычнымі адносінамі да тагачаснай рэчаіснасці, таленавіты пісьменнік не пазбег трагічнага канца. 4 лістапада ён быў арыштаваны органамі НКУС і 29 кастрычніка 1937 года расстраляны на 35-м годзе жыцця.
   Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 3.12.1957. Асабовая справа № 11054-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.


Крыніца: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с. [8] с.: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).

Похожие статьи:

ВВольны верш