Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Аляксей Дудараў

   Аляксей Ануфрыевіч Дудараў нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Кляны Дубровенскага раёна на Віцебшчыне ў сям'і калгаснікаў. Закончыў сярэднюю школу, вучыўся ў Наваполацкім ПТВ нафтавікоў (1967—1968). Служыў у войску, пасля дэмабілізацыі два гады працаваў на заводзе. У 1972 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, які скончыў у 1976 годзе па спецыяльнасці "акцёр драмы і кіно". У гэтым жа годзе А. Дудараў быў запрошаны на работу ў Тэатр юнага гледача, дзе быў акцёрам, а з 1978 па 1983 год загадваў літчасткай тэатра. У гэты час А. Дудараў і пачаў актыўна займацца літаратурнай дзейнасцю: пісаў апавяданні, казкі, п'есы. Зборнік прозы "Святая птушка" (1979) быў неўзабаве перакладзены на рускую мову і выйшаў у Маскве.
   У Беларусі і за яе межамі ў шэрагу тэатраў пачалі ставіцца п'есы "Парог", "Вечар", "Радавыя", збіраючы вялікую аўдыторыю, выклікаючы пільную ўвагу крытыкі, спрэчкі ў друку. Бясспрэчна адно: кароткая акцёрская кар'ера назаўсёды прывіла будучаму драматургу дасканалае адчуванне сцэны.
   Ужо ў першым зборніку прозы А. Дударава "Святая птушка" крытыка адразу адзначыла блізкасць паміж дудараўскімі дзівакамі і шукшынскімі "чудиками".
   Паступова дудараўскі тыпаж дзівака, які канфліктуе з бездухоўным асяроддзем і ў той жа час сам не пазбаўлены яго хібаў, перайшоў у драматургію.
   У першай жа п'есе "Выбар" (1979) знаходзіць працяг канфлікт паміж асобай і асяроддзем.
   П'еса "Узлёт" (1982) таксама, як і "Выбар", шмат у чым схематычная, вучнёўская. Аднак у ёй А. Дудараў рэалізаваў свой, непадобны да традыцыйнага, погляд на вайну. Бадай, упершыню ў нашай літаратуры зроблена спроба пазбегнуць напрацаваных крытэрыяў у ацэнцы ваеннага мінулага. Вайна не спрыяе і не можа спрыяць духоўнаму ўздыму чалавека. Наадварот, яна нявечыць, дэфармуе здаровыя людскія якасці. Вайна вымушае чалавека высільвацца, збядняе яго асобу. Гэтая балючая праблема знойдзе далейшае развіццё ў п'есе "Радавыя" (1984). У гэтай п'есе ў маральнай ацэнцы недалёкай гісторыі дамінуе пацыфізм і досыць востра ставіцца пытанне пра цану, якой дасталася Перамога. А. Дудараў далёкі ад таго, каб рамантызаваць забойства, нават забойства ў імя высокай мэты. Драматург ацэньвае як маральны подзвіг здольнасць салдата заставацца чалавекам нават у крывавых, жорсткіх абставінах. Так, Салянік паслядоўна выконвае Боскі запавет "не забі": шчыры вернік хадзіў на небяспечныя аперацыі, але ні разу не стрэліў у ворага. Такая лінія паводзін выклікае ў яго таварышаў рэзка адмоўную рэакцыю. А. Дудараў выявіў свой погляд на вайну як на ненатуральную, анармальную з'яву незалежна ад мэт яе ўдзельнікаў. Яна аддаляе, а часам і адбірае ў чалавека магчымасць спраўдзіць сваё прызначэнне. Яна памнажае бездухоўнасць...
   "Парог" (1983) — першы шырокавядомы твор Аляксея Дударава, які выклікаў ажыўленую палеміку ў прэсе. У полі зроку драматурга — чалавечая асоба, якая не прымае нормаў, паводле якіх жыве людская маса. Алкаголік, дэмаралізаваная і цынічная асоба Андрэй Буслай пратэстуе супраць "сытасці" і "цвярозасці", што апанавалі грамадства. Аднак ні гарэлка, ні ўнутраны стыхійны пратэст не робяць Буслая лепшым, чуйным. Ён — прычына няшчасцяў ва ўласнай сям'і, пакут жонкі і бацькоў. Ён — "жывы труп".
   "Парог", як і макаёнкаўскі "Трыбунал", напісаны паводле лубка — папулярнай у народзе "байкі" пра тое, як бацькі пахавалі сына-валацугу і алкаголіка, а той з'явіўся на ўласныя памінкі. Буслая залічваюць у нябожчыкі без яго ведама: прычынай быў выпадак, непаразуменне. Гісторыю пра памылку міліцыі пры апазнанні нябожчыка драматург скарыстаў як падставу для пераводу дзеяння ў іншы план. Як метафарычны расчытваецца сам вобраз "парога", мяжы. За ёю пачынаецца незваротны распад чалавечай асобы, духоўнае паміранне. А яно набывае куды больш пачварныя формы, чым паміранне фізічнае.
   Драматызм і канфліктнасць "Парога" грунтуюцца на няспынным этычным пошуку, які вядуць аўтар твора і яго персанажы.
   Працяг этычнага пошуку назіраецца і ў драмах "Вечар" (1983) і "Злом" (1989). Героі "Вечара" — трое старых людзей: Мікіта (Гастрыт), Васіль (Мульцік) і Ганна, якія дажываюць свой век у так званай "неперспектыўнай" вёсцы Вежкі.
   Выдатнае адчуванне сцэны дапамагло драматургу стварыць цэласны ансамбль-трыа, надзвычай прыдатны для тэатральнага ўвасаблення. Героі ўтвараюць любоўны "трыкутнік". Для іх настаў вечар жыцця — час пераасэнсавання жыцця, роздуму над вынікамі ўласнага шляху на зямлі. Мастацкі час "Вечара" — час успамінаў і самаацэнкі.
   Героі драмы "Злом" (Піфагор, Хітры, Дацэнт, Афганец, Пастушок, Русалка), як і Буслай, апынуліся на сметніку жыцця. Але, у адрозненне ад Буслая, — не дзеля пратэсту супраць фальшу грамадскага існавання, а ў выніку фатальных абставін. Грамадства нібы паводле нейкай сістэмы "выбракоўвае", адкідае ад сябе "лішніх" людзей.
   У маналогах-споведзях жыхары "Злому" пераказваюць свае гісторыі. Кожны скардзіцца на збег абставін, на амаральнасць асяроддзя, якія спарадзілі гэтыя абставіны. Пры гэтым амаль цалкам выпадае момант уласнай адказнасці, віны, выбару, супраціўлення асяроддзю.
   Расійскі крытык Леў Аненскі так пісаў пра "Парог": "Ці ведаеце, у чым страшная праўда п'есы Дударава? Не ў тым, што разбураецца душа чалавечая. А ў тым, што чалавек наіўным чынам аб існаванні гэтага ў сабе не падазрае. Што заўгодна, а вінаватым — не, вінаватым ён сябе не прызнае. Ні ён сябе, ні мы яго, ні мы — сябе". У дачыненні да большасці п'ес А. Дударава словы Л. Аненскага таксама справядлівыя.
   Перад драматургам паўстала пытанне: што далей?
   Арыентацыя на этычны пошук, на сцвярджэнне занядбаных духоўных каштоўнасцей засталася звышмэтай драматурга. Памяняўся суб'ект пошуку. Ранейшы — тып маральна спустошанага, знявечанага чалавека — вычарпаў свае магчымасці. Драматург шукае іншага, больш цэласнага героя, які сканцэнтраваў бы ў сабе стваральныя, пазітыўныя якасці. Персанаж павінен быць асобай дзейснай. Яго духоўная энергія павінна быць скіравана не на "раскіданне", а на "збіранне" камянёў. Пошук вывеў драматурга да значных, векапомных і адначасова драматычных эпізодаў нацыянальнай гісторыі, да жыццяпісу яе выбітных дзеячаў.
   Аляксей Дудараў зрабіў спробу стварыць драматычны твор паводле паэмы Міколы Гусоўскага "Песня пра зубра" (1993), толькі перанёс час дзеяння ў XV ст. — у пару княжання Вітаўта, пра што ў паэме Міколы Гусоўскага згадваецца ў рэтраспектыўным плане. П'еса з'явілася не больш чым эскізам да будучай працы — трагедыі "Князь Вітаўт" (1994), першая назва якой — "Купала".
   Драмы "Палачанка" (1998), "Чорная панна Нясвіжа" (1999), "Крыж" (2000) прысвечаны дзяячкам беларускай гісторыі і культуры — Рагнедзе, Барбары Радзівіл, Ефрасінні Полацкай. Усе названыя творы аб'ядноўвае адвольнае абыходжанне з летапіснымі сюжэтамі, паводле якіх яны напісаны.
   Літаратуразнавец П. Васючэнка даводзіць, што "ў творах пра мінулае А. Дудараў выглядае не як прадстаўнік гістарычнага жанру, а, хутчэй, як драматург, які ў межах гістарычнага кантэксту выпрабоўвае свае творчыя магчымасці, перадусім — пошук яркіх характараў, паказ моцных пачуццяў, стварэнне эфектнага тэатральнага відовішча".