Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Алесь Гурло

   Алесь Гурло заявіў пра сябе ў беларускай літаратуры на пачатку ХХ стагоддзя. Ён прызнаваўся, што "захапіўся самой ідэяй адраджэння Беларусі і пачаў сам прабаваць свае сілы на літаратурнай ніве" ("Аўтабіяграфія"). Пасля публікацыі твораў у газеце "Наша Ніва" яго прывітаў і падтрымаў у сваім лісце Янка Купала. Першыя творчыя поспехі натхнілі і надалі ўпэўненасці ў сабе. Плённымі былі для Алеся Гурло наступныя гады літаратурнай працы, яго імя стала прапісалася на старонках "Нашай Нівы". Паступова ён вырас у прыкметную творчую асобу, склаўся як арыгінальны мастак слова. Яго паэтычны талент быў заўважаны і прызнаны літаратурнай грамадскасцю. "У дзень твайго 20-гадовага юбілею літаратурнай дзейнасці мы, твае таварышы па працы, пасылаем табе сваё гарачае прывітанне", — так у 1929 годзе са старонак "Савецкай Беларусі" да Алеся Гурло звярталіся Цішка Гартны, Змітрок Бядуля, Янка Купала, Максім Гарэцкі, Якуб Колас і іншыя беларускія пісьменнікі.
   Біяграфія паэта ў аснове сваёй досыць тыповая, яна ўвабрала многія факты і падзеі 1910-1930-х гадоў ХХ стагоддзя. Алесь (Аляксандр Кандратавіч) Гурло выйшаў з сацыяльных нізоў, нарадзіўся ён у шматдзетнай сялянскай сям'і 31 студзеня 1892 года ў Капылі. Жыццё яго было нялёгкім, прынесла шмат выпрабаванняў. З маленства давялося пастушкоўствам зарабляць на хлеб. Лёс змушаў парабкаваць і працаваць чорнарабочым на лесапільні. Урэшце, ён далучыўся да грамадска-палітычнай дзейнасці, што разгарнулі ў мястэчку Цішка Гартны (Жылуновіч), Станілевіч, Лагвіновіч і іншыя капыляне. У 1909 годзе Алесь Гурло ўступіў у шэрагі мясцовай арганізацыі РСДРП і пачаў весці агітацыю супраць царызму, удзельнічаць у выданні рукапісных часопісаў сацыял-дэмакратычнага кірунку "Заря", "Голос низа", "Вольная думка". З "Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі" (Т. 2) можна даведацца, што нелегальны часопіс "Голос низа" выдаваўся ў Капылі ў 1911 годзе, а ў апублікаваных у ім літаратурных і публіцыстычных творах "крытыкавалася царскае самадзяржаўе", "перададзена імкненне народных мас да свабоды і сацыяльнай справядлівасці". У гэтым выданні (№ 2) былі змешчаны першыя вершы Алеся Гурло. Адбылося светапогляднае пасталенне маладога капыляніна. У анкеце, напісанай для беларускай Акадэміі навук, ён згадваў: "...Яшчэ на школьнай лаўцы мне даводзілася чуць і чытаць пра "Белоруссию" і "белоруссов", а ў хаце не толькі чуць, а і гаварыць беларускаю моваю, і гэта, вядома, прымушала часамі думаць, чаму ў школе гавораць і вучаць расійскаю моваю, а ў хаце беларускаю. Свядома пачаў разбірацца ў нацыянальным пытанні тагды, як скончыў школу і ўвайшоў у сацыял-дэмакратычную арганізацыю".
   Лёс не шкадаваў яго сям'ю і самога паэта. Смерць забірала малых дзяцей, у маладым веку звяла ў магілу маці. Затым раптоўна памёр бацька, і пры Алесю засталіся трое малодшых дзяцей. Пра сірочую долю ён прачула выказаўся ў вершы "Да дзіцяці", які быў напісаны ў 1911 годзе. Нялёгка яму было адважыцца пакінуць Капыль і падацца на пошукі працы і заробкаў. У тым жа 1911 годзе ён прыехаў у Пецярбург, дзе з цягам часу ўладкаваўся працаваць на ліцейны завод "Вулкан". Неўзабаве Алеся Гурло прызвалі ў царскую армію. Ён служыў на Балтыйскім флоце — перш матросам на крэйсеры "Богатырь", пазней, пасля заканчэння школы унтэр-афіцэраў (1915), трапіў на эскадронны мінаносец "Забияка". На флоце, як і ў пецярбургскі перыяд, ён працягваў пісаць вершы. Так у яго творчасці нарадзілася марынісцкая тэма. Цыкл твораў пра мора па-наватарску абнаўляў і пашыраў вобразна-мастацкі дыяпазон тагачаснай беларускай паэзіі.
   Гісторыя і час наканавалі Алесю Гурло стаць удзельнікам шматлікіх трагічных падзей. Ён зведаў жахі першай імперыялістычнай вайны, ледзь не загінуў каля Данцыга, дзе эсмінец падарваўся на міне (на той момант Гурло знаходзіўся ў эпіцэнтры выбуху). На яго вачах гінулі людзі, і гэта болем адгукалася ў душы. Моцнае ўражанне пакінулі баі ў Рыжскай затоцы і каля вострава Эзэль. Ваяваў ён датуль, пакуль не атрымаў цяжкае раненне. Але час уцягваў далей Алеся Гурло ў крывавы вір — на гэты раз у падзеі, звязаныя з 1917 годам. У Лютаўскую рэвалюцыю ён разам з матросамі выступаў супраць царызму на маніфестацыях і барыкадах, у завірушныя кастрычніцкія і паслякастрычніцкія дні біў юнкераў у Смольным, падаўляў эсэраў у Яраслаўлі, са зброяй у руках ішоў на калчакаўцаў — словам, змагаўся з так званымі "ворагамі рэвалюцыі". Пра той перыяд барацьбы і змагання паэт згадваў у вершы "Ленінград", які быў напісаны ў 1937 годзе. І праз дваццаць гадоў ён гаворыць, што "на барыкады ішоў з верай", апісвае, як штурмаваў Зімні палац:

Я штурмам браў палац і крэпасць,
Ламаў сцяну вінтовак, пік
І, нібы шкуматы, атрэп'е,
Нізаў я юнкераў на штык.

Я дань прынёс, хоць і малую...
Прымі яе, жыві, красуй!
Я сцяг чырвоны пацалую
І ў даль адважна панясу.


   Не чакаў ён, каго называлі "матросам рэвалюцыі", што ў 30-я гады яму прыйдзецца слухаць абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай і нацыянал-фашысцкай дзейнасці. Сталінская ўлада распачала паляванне на "нацдэмаў", сфабрыкавала справу супраць беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі. Дзесяткі чалавек былі нібыта прыналежныя да падпольнай арганізацыі "Саюз вызвалення Беларусі" (СВБ). Ідэйным цэнтрам "нацдэмаўскай контррэвалюцыі" хацелі абвясціць Янку Купалу — і беларускі пясняр зрабіў спробу самагубства. Сярод удзельнікаў міфічнага "Саюза вызвалення..." арыштавалі і Алеся Гурло. Дзесятага красавіка 1931 года ён быў асуджаны на пяць гадоў высылкі ў Самару, аднак быў вызвалены з-за кратаў. Выйсці на волю са сталінскай пасткі ўдавалася нямногім. У сваіх паказаннях следчым АДПУ ён не толькі даводзіў, што "ніякіх нацыянал-дэмакратычных тэндэнцый не меў" і "да арганізацыі СВБ... ніколі не належаў і аб такой ніколі нічога не чуў", але і быў змушаны нагаворваць на сяброў і таварышаў па літаратуры, мусіў ратаваць сябе як мог. Ён пераконваў катаў у вернасці пралетарска-камуністычнай ідэалогіі і яе ідэалам, у тым, што для савецкай улады ён свой чалавек: "Ды хіба можна наогул дапусціць, каб я — чалавек, які мае 20-гадовы рэвалюцыйны стаж, чалавек, які быў непасрэдным удзельнікам амаль усіх франтоў грамадзянскай вайны, барыкадных баёў Лютаўскай рэвалюцыі, чалавек, які разам з маракамі "Аўроры", "Забіякі" і інш. караблёў, а таксама плячо ў плячо з перадавымі рабочымі старога Піцера штурмаваў апошнюю цытадэль рускага імперыялізму — Зімні палац, хіба я мог дапусціць, каб я здрадзіў справе пралетарыяту?! Не і не!". Матэрыялы допытаў пісьменніка, апублікаваныя ў газеце "Літаратура і мастацтва" ў 1992 годзе У. Міхнюком пад назвай "Штрыхі да аўтапартрэта, напісаныя Алесем Гурло ў сталінскіх засценках", дапамагаюць убачыць і зразумець трагедыю Алеся Гурло — савецкага чалавека, сталінскага вязня, беларускага паэта. Эпоха і палітыка гартавалі пісьменніка і пераломвалі яго сутнасць, выносілі на стромкія і скрутныя грэбні грамадскай рэчаіснасці. Рэабілітаваны Алесь Гурло быў у 1957.
   Памёр Алесь Гурло ў 1938 г. ад сухотаў. Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.

   Алесь Гурло ў сваёй жыццёва-творчай эвалюцыі прайшоў супярэчлівы шлях: ад паэта-адраджэнца да прадстаўніка пралетарскай літаратуры.
   У лірыцы нашаніўскай пары ён выяўляў надзённыя і запаветныя думкі беларуса, спавядаў ідэю адраджэння роднага краю. Як паэт Алесь Гурло пачынаў пісаць пад уплывам песень-жальбаў Якуба Коласа і іншых нашаніўцаў. У рэчышчы традыцыйных матываў ён складаў радкі пра гаротнае народнае жыццё і сацыяльную несвабоду. "А я ж жыць хачу як трэба!" — усклікае паэт у вершы "Нядоля". У той жа час ён здолеў узняцца над аднастайна-панылай скаргай пра абяздоленасць і разгарнуць "паэтычны ветразь" духоўнага аптымізму, сцвердзіць патрэбу прасветленага існавання. У гэтым сэнсе ён выступаў як пераемнік купалаўскай рамантычнай канцэпцыі свету. У вершы "Не гасіце агнёў" яго заклікальная эмоцыя акрылена верай у будучыню:

Не гасіце агнёў! Хай гараць весялей,
Хай палаюць іскрыста ў цьме ночы.
Не гасіце агнёў! Хай праменні ясней
Асвятляюць праспаныя вочы!..


   Ужо ў нашаніўскі час паэт прадэманстраваў майстэрства ў стварэнні рытмічнага малюнка і яскравай вобразнасці. Яго верш "Віхор" як узор мастацкага дынамізму вылучыў Максім Гарэцкі (у творы ўжыта больш за 20 дзеясловаў руху). Запамінальнай вобразнай выяўленчасці аўтар дасягнуў у паэтычных замалёўках жніўнай пары і вечара (вершы "Полудзень пры жніве", "Вечар").
   Сапраўдным набыткам нашай паэзіі пачатку ХХ стагоддзя стала лірыка Алеся Гурло на тэму мора. Ён па сутнасці першы раскрыў беларускаму чытачу дзівосную экзотыку і паэзію марскіх краявідаў. Мора паўстае ў сваёй велічы і неўтаймоўнасці:

 

Т о ціха яно. чуць дыша, чуць б'ецца,
І сонца праменні цалуюць яго;
Т о, ўзняўшыся валам, нясецца, нясецца,
І белая пена блішчыць, як агонь.

Ракоча і стогне удар за ударам
І лезе на хвалю хваль новых града.


   Паэт натхнёна паэтызуе гоман хваль, крыкі чаек, залатыя агні маякоў, бурлівасць вады, бяскрайнюю іскрыстую шыр марскіх даляглядаў. Ён малюе пейзажы з нястрымнай захопленасцю і ўзнёсласцю. Алесь Гурло паказвае мора ў розных станах і праявах — грознае, ціха-вечаровае, разбуджанае ранішнім усходам сонца, таямніча-казачнае (вершы "Шторм", "Вечар на моры", "Мора на ўсходзе сонца", "Русалкі"). Яно — вобраз непакоры і свабоды, тое стыхійнае з'явішча, якое блізкае паэту сваім неспакойным, вольным духам: "Сілы волі і прастору // Надта многа ў бурным моры!.." ("Вечны гоман").
   У цэлым плённай была творчасць Алеся Гурло ў 20-я гады. На гэты час прыпадае выхад яго пяці паэтычных кніжак — "Барвёнак" (1924), "Спатканні" (1925), "Сузор'і" (1926), "Зорнасць" (1927), "Межы" (1929). Наступнае дзесяцігоддзе не прынесла яму прыкметных творчых удач. Наадварот, сталінская ідэалогія калечыла тагачасную паэзію, бо вымагала гучных услаўляльных прамоў, пафаснай ідэалізацыі рэчаіснасці, прымітыўна-простых радкоў і даступных вобразаў. Гэткай стала і вершатворчасць А. Гурло. Калісьці ў пецярбургскі перыяд ён мог шчыра выказаць свой чалавечы смутак і тугу, сэрца без боязі выбірала мінорную ноту. У савецкі час усё стала інакш — на кожным кроку ад яго патрабавалася ўнутраная перабудова на савецкі лад. І тут не магло быць ніякіх сумненняў, роздумаў ды разваг. Хіба мог паставіць паэт пад сумнеў сваю веру, з якой браў Смольны і Зімні палац? Ён верыў, што знаходзіцца на правільным шляху, што ў грамадства ёсць праўдзівая мэта жыцця. Алесю Гурло зычылі аднаго: каб яго творчасць развівалася ў напрамку ўзбагачэння пралетарскай літаратуры. Ён спяшаў засведчыць, што не заблудзіўся ў часе, актыўна далучаецца да новага жыцця, каб "споўніць Камуны загад" ("Загад Камуны"). Гэтым, зрэшты, і можна растлумачыць уступленне яго, былога паэта-нашаніўца, у шэрагі "Маладняка". У кнізе "Узгоркі і нізіны" (1928) Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч) якраз і разгледзеў творчыя набыткі пісьменніка-земляка з пазіцый сацыялістычнай ідэйнасці, залічыў яго да "беларуска-працоўнае літаратуры", канстатаваў, што той "шчыльна падышоў да камуністычных ідэй".
   Каштоўнасць лірычнай творчасці паэта — і гэта відавочна — не ў яе ідэалагічнай пралетарскай скіраванасці, а ў тых вечных пачуццях, якія ён умеў перадаць усхвалявана, тонка, па-мастацку адметна. Асабліва запыняюць увагу прыродаапісальныя вершы А. Гурло, дзе прысутнічае яркая вобразнасць слоўнага жывапісу, мілагучнасць радкоў. Да ліку лепшых трэба аднесці творы "Хіба ў зіме...", "Як гожа...", "Пралескі", "Клён", "Канец лета", "Асенняя ноч" і інш. Ён запалонена сузіраў родную беларускую красу, даводзіў, што "прыроды фарбы ўсе жывыя" ("Родныя вобразы"). Нямала цудоўных строф паэт прысвяціў бацькоўскаму краю, які апяваў з замілаванасцю і любасцю. Самая святая і райская зямля для яго — Беларусь і яе ўлонне: "Мая Мекка — прастор Беларусі, // А Медына — яе краса" ("Мая Мекка"). Хараство роднага краю дапамагала жыць, па-сапраўднаму паэтычна адчуваць навакольны свет:

...Ззяюць срэбрам люстэркі крынічныя.
Так, здаецца б, дняваў, начаваў

Сярод гэтай бязмежнай прыгожасці,
Сярод гэтай цудоўнай красы.
Тут не бачу ні зла, ні варожасці,
Адчуваю сябе тут, як сын...

("Бары")


   Успрымаў ён родную прыроду адухоўленым і чулым сэрцам, вострым зрокам мастака.
   Алесю Гурло належыць свая, хоць і сціплая, старонка ў гісторыі літаратуры. Нам, безумоўна, трэба яе ведаць. Той жа Цішка Гартны справядліва адносіў Алеся Гурло да "здольных, яскрава выяўленых паэтаў і пісьменнікаў...". Памятайма: гісторыя літаратуры — гэта не толькі агульныя шляхі і кірункі развіцця мастацтва слова, але і гісторыя пісьменніцкіх імёнаў і розных творчых лёсаў.