Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алаіза Пашкевіч (Цётка)

Фатаграфія Алаізы Пашкевіч (Цёткі)   Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч (Цётка) нарадзілася 3 ліпеня 1876 г. у в. Пешчына недалёка ад Ліды (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) у дробнай шляхецкай сям'і. «З прычыны таго, што ў сям'і дзяцей было многа, а бацькі мусілі шмат працаваць, Алаізу трохлетнім дзіцянём, разам з яе малодшым братам, аддалі гадаваць дзядам Пашкевічам (бацька бацькі паэткі), якія жылі ў фальварку Тарэсін сярод густых лясоў у пяці вярстах ад зямлі бацькоў». Бацькі ж стала жылі ў маёнтку Стары Двор, які прыдбалі неўзабаве па нараджэнні Алаізы. У бабулі «Лізенька», як пяшчотна яе называлі ў сямейным коле, навучылася чытаць і пісаць па-польску, бо сям'я была каталіцкага веравызнання. Ад старой нянькі, якая ведала шмат казак і песень, пераняла любоў да жывой народнай творчасці. Пасля смерці бабулі дзевяцігадовую Алаізу бацькі забралі да сябе ў Стары Двор, клапаціліся пра яе адукацыю, бо яна вылучалася сваімі здольнасцямі да навукі. Падрыхтаваная «хатнімі настаўнікамі» да гімназіі, Алаіза паступіла ў 1894 г. у 4-ты клас прыватнай жаночай гімназіі В. Прозаравай у Вільні. Вучыцца давялося з вялікімі перапынкамі, бо пачаткі сухотаў і дрэннае харчаванне падрывалі і без таго кволы ад прыроды арганізм. Поўны курс гімназіі скончыла ў 1901 г., а ў 1902 г. пасля спецыяльных іспытаў атрымала пасведчанне на званне хатняй настаўніцы. Марыла працягваць асвету і ў 1903 г. пачала вучобу на Курсах выхавальніц і кіраўніц фізічнай адукацыі П. Ф. Лесгафта ў Пецярбурзе. У гэты час у Пецярбурзе ўжо арганізацыйна аформіўся і дзейнічаў гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы», удзельніцай якога была і Цётка. Вучоба на курсах П. Ф. Лесгафта, дзе вальнадумства спалучалася з высокім узроўнем маральнай, эстэтычнай і прафесійнай патрабавальнасці, а таксама актыўны ўдзел у выдавецкай і прапагандысцкай дзейнасці «Круга...», сярод актывістаў якога былі браты В. і Ю. Іваноўскія, I. і А. Луцкевічы, Ф. Умястоўскі і інш., з'явіліся вызначальнымі ў станаўленні грамадзянскай пазіцыі і светапогляднай арыентацыі Цёткі. Яна становіцца свядомай дзяячкай нацыянальна-вызваленчага руху, актывізаванага рэвалюцыйнай барацьбой супраць царскага самаўладдзя, сябрам першай беларускай рэвалюцыйнай партыі «Беларуская Рэвалюцыйная грамада» (БРГ).
   Курсаў Лесгафта Цётка не скончыла, але ў 1904 г. здала спецыяльныя іспыты ў Аляксандраўскай жаночай гімназіі, а таксама атрымала пасведчанне аб здачы лацінскай мовы ў аб'ёме гімназічнага курса пры С.-Пецярбургскай першай гімназіі. Напэўна, ужо тады Цётка мела на мэце працяг гуманітарнай адукацыі. Але гэта будзе крыху пазней, у Львове і Кракаве, а пакуль у 1904 г., напярэдадні рэвалюцыйных падзей, Цётка вярнулася з Пецярбурга ў Вільню і распачала тут актыўную прапагандысцкую працу сярод віленскіх рабочых, «укладаючы ў яе непачаты край энергіі і шмат захаплення».
   У бурныя часы вострага змагання з царызмам яна цалкам аддавалася рэвалюцыйнай дзейнасці, якая для яе была барацьбой не толькі за сацыяльнае вызваленне абяздоленых працоўных, але цесна лучылася з нацыянальным вызваленнем Бацькаўшчыны. На кватэры ў Вільні Цётка ладзіла канферэнцыі Беларускай сацыялістычнай грамады, на якія, сярод іншых, збіраліся браты Луцкевічы, А. Бурбіс, Я. Хлябцэвіч. Тут перахоўваўся шапірограф, на якім друкаваліся пастановы, адсюль разыходзіліся даручэнні сябрам аб правядзенні мітынгаў, распаўсюджванні ўлётак, сярод якіх вялікай папулярнасцю карысталіся ананімна надрукаваныя віленскім краёвым камітэтам БСГ тры вершы Цёткі — «Хрэст на свабоду», «Мора», «Пад штандарам». Цётка прымала ўдзел ў жаночым з'ездзе ў Маскве (май 1905 г.) як «дэлегатка ад беларускіх жанчын».
   Ужо ў 1905 г. Цётцы даводзілася жыць на нелегальным становішчы. Яна хавалася ад паліцыі ў Нова-Вілейцы, дзе працавала сястрой міласэрнасці ў псіхіятрычным шпіталі. У студзені 1906 г. яна прымала актыўны ўдзел ў 2-м з'ездзе Беларускай рэвалюцыйнай грамады ў Мінску, на якім было высунута ў якасці праграмнага пытанне аб стварэнні незалежнай беларускай рэспублікі. Неўзабаве стараннямі «грамадоўцаў», і ў тым ліку Цёткі, пачала выходзіць першая беларуская легальная газета «Наша доля», якая на шостым нумары сваё існаванне спыніла. Спрычынілася Цётка і да выдання першых нумароў газеты «Наша Ніва».
   Аднак ужо з сярэдзіны 1906 г. пачынаюцца яе эмігранцкія вандроўкі. Спачатку Цётка наведала Львоў, відаць, таму, што туды яе запрасіў I. Свянціцкі — вядомы ўкраінскі славіст, знаўца беларускай літаратуры. Пры ягоным садзейнічанні ў выдавецтве Базыльянскага кляштара ў м. Жоўква (цяпер г. Несцераў) непадалёку ад Львова ў 1906 г. пабачылі свет паэтычныя кнігі Цёткі кірыліцай «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская» (адбіткі на лацінцы выйшлі, па меркаванні С. Александровіча, крыху раней у Вільні). У гэты ж час, дбаючы аб асвеце роднага народа, Цётка рыхтуе «Першае чытанне для дзетак-беларусаў».
   У 1907 г. абвастрыліся сухоты, і Цётка на некалькі месяцаў выехала на лячэнне ў Закапанэ. Сябравала ў гэты час з I. Білюнасам, літоўскім пісьменнікам, і яго сям'ёй. Вясною 1908 г. Цётка ў Кракаве, яна залічана на летняе паўгоддзе на філасофскі факультэт Ягелонскага універсітэта. Працягвае навучанне там і ў зімовае паўгоддзе 1908/09 г., прымае ўдзел у дзейнасці рэвалюцыйнай маладзёжнай арганізацыі «Спуйня». У 1908 г. разам з жонкай I. Білюнаса падарожнічала па Італіі.
   У 1909-1910 гг. Цётка была «надзвычайнай» слухачкай філасофскага факультэта Львоўскага універсітэта. Яна хадайнічала аб залічэнні яе ў «звычайныя» слухачкі (або інакш на стацыянарнае аддзяленне) і дзеля гэтага брала ўрокі грэчаскай мовы ў I. Свянціцкага, а ў 1910 г. здавала іспыт па грэчаскай мове ў Пецярбурзе. «Звычайнай» слухачкай філасофскага факультэта Цётка стала ў 1912/13 навучальным годзе. Яна збірала матэрыялы і мелася пісаць грунтоўную даследчую працу аб беларускай батлейцы, пра якую нагадвае цяпер толькі складзеная Цёткай «Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках на Беларусі».
   З 1910 да 1914 г. жыццё Цёткі стракацела пераездамі: «Да пачатку вайны жыла то ў Пецярбургу, то ў Вільні, то ў Менску». Сюды трэба дадаць яшчэ Львоў, дзе яна ўсё ж лічылася слухачкай універсітэта. На Бацькаўшчыне ў 1910 г. Цётка брала ўдзел у стварэнні беларускага тэатра I. Буйніцкага, бо разглядала сцэнічнае мастацтва як сродак абуджэння народа да свядомага культурнага жыцця. Яна сама была выдатнай драматычнай актрысай, сыграўшы ў тэатры I. Буйніцкага ролі Пантурчыхі (у спектаклі «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага), Наталкі («Сватанне» А. Чэхава), старой Насты («У зімовы вечар» Элізы Ажэшкі) пад тэатральным псеўданімам М. Крапівіха.
   7 лютага 1911 г. адбыўся шлюб Алаізы Пашкевіч са Сцяпанам Кайрысам, літоўскім інжынерам, дзеячам літоўскай сацыял-дэмакратыі, што было, напэўна, таксама прычынай яе больш частых візітаў на Бацькаўшчыну. Аднак толькі, магчыма, у канцы 1913   г. яна назусім вяртаецца ў Беларусь. Стараннямі Цёткі ў 1914  г. у Мінску пачынае выдавацца часопіс для моладзі «Лучынка», рэдактарам якога яна фактычна з'яўлялася. Каб паправіць здароўе, у сакавіку гэтага ж года яна гасцявала ў Фінляндыі, напісаўшы аб гэтым каштоўныя сваёй пазнавальнасцю ўспаміны. Улетку падарожнічала ў Швецыю, мелася наведаць Нарвегію, але пачатак сусветнай вайны змусіў Цётку вярнуцца дадому.
   У 1915 г. грамадская дзейнасць Цёткі цесна злучана з Беларускім таварыствам дапамогі ахвярам вайны. Яна шмат працуе па арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні. Як сястра міласэрнасці даглядала хворых у тыфусовым бараку ў Вільні, дапамагала ў арганізацыі дзіцячых прытулкаў. У студзені 1916 г. Цётка атрымала паведамленне аб смерці бацькі і выехала на пахаванне яго ў Ліду. Пасля наведала Стары Двор і, застаўшыся там на некаторы час, каб дапамагчы хворым землякам, сама заразілася і захварэла на тыфус. Яе аслаблены сухотамі і цяжкімі варункамі жыцця арганізм не здолеў змагацца з хваробаю, і ў ноч з 4 на 5 лютага Цётка памерла пад дахам роднага дома. Пахавана яна ў Старым Двары.

 

Крыніца: Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т 1. 1901 – 1920 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літ. імя Я. Купалы. – Мн.: Беларуская навука, 1999. – 583 с.

Похожие статьи:

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Сварба

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Мора

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка (Алаіза Пашкевіч)

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Прысяга над крывавымі разорамі

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Міхаська