Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ядвіга Бяганская - Новенькая

Увага!!! Поўны змест

   – Вось вам новенькая! – сказала Вера Паўлаўна, уваходзячы ў клас.
   Новенькая ў канцы лютага? Па партах праляцеў шэпт, і трыццаць пар цікаўных вачэй нацэліліся на тонкую бялявую дзяўчынку.
   Але дзяўчынка не пачырванела, не апусціла вачэй. На твары яе не было і следу збянтэжанасці. Наадварот, яна глядзела на ўсіх смела, нават крыху задзірыста, нібы хацела сказаць: «А я вас ніколечкі не баюся, можаце глядзець на мяне, колькі хочаце».
   – Завуць яе Люда Арловіч. Яна – выдатніца, – сказала Вера Паўлаўна.
   – Адразу відаць, што задавака, – ціхенька прашаптаў Віця Савіч. Словы «выдатнік», «выдатніца» заўсёды выклікалі ў яго злосць, і гэта, відаць, таму, што сам ён ніколі не атрымліваў пяцёрак.
   – Чаму задавака? – запытаў у сябра Толя.
   – Бачыш, як глядзіць, нібы яна – Гулівер, а мы – ліліпуты!
   – Пабачым яшчэ, якая яна выдатніца! – з выклікам прашаптала сваёй суседцы Оля Голуб. Оля не магла ўявіць сабе, каб нехта ў класе вучыўся лепш за яе.
   Тым часам Вера Паўлаўна прабегла вачыма па партах і, звярнуўшыся да Любы Захарэвіч, сказала:
   – Люба, перасядзь, калі ласка, да Соні Верас.
   Тваё месца зойме новенькая. Яна кепска бачыць.
   – Хіба я вінавата? – прабурчала Люба. – Мы з Алай сябруем з трэцяга класа...
   – Люба! – з дакорам паглядзела на дзяўчынку Вера Паўлаўна. – Хіба так сустракаюць сяброў?
   Люба начала збіраць свае рэчы і, скоса пазіраючы на новенькую, усё яшчэ бурчала нешта сабе пад нос.
   – Загінулі!.. – штурхануўшы ў бок свайго суседа, прашаптаў Віця.
   – Чаму? – спытаў Толя.
   – Хто цяпер падказваць будзе?
   Трэба шчыра прызнацца, што шосты «Б» не карыстаўся ў школе добрай славай. У большасці тут былі хлопчыкі – народ неспакойны і не такі старанны, як дзяўчынкі. Асабліва адставаў клас па матэматыцы. I каб не Люба Захарэвіч, то многім давялося б вельмі туга. I не таму, што яна добра вучылася, – дзяўчынка ўмела ціха і непрыкметна падказаць. Хлопчыкі радаваліся, што яна, а ніхто іншы, сядзела на першай парце, каля самай дошкі.
   Новенькая заняла месца і, не звяртаючы ніякай увагі на суседак, пачала ўладкоўваць кнігі ў парце.
   Вера Паўлаўна пачала ўрок. Разгарнуўшы журнал, яна выклікала Віцю. Хлопчык разгубіўся, пачырванеў і неахвотна пайшоў да дошкі. Глянуўшы на новенькую, ён уздыхнуў.
   Вера Паўлаўна прадыктавала задачу. Віця запісаў яе на дошцы і пачаў рашаць. Біўся, біўся, але задача, як на тую бяду, не рашалася. Ён нешта запісваў, сціраў, зноў запісваў і скончыў тым, што, утаропіўшыся ў дошку, пачаў нервова круціць у руках крэйду.
   – Не рашаецца? – глянуўшы на хлопчыка, спытала настаўніца. – Не ведаеш, з чаго пачаць? Хто дапаможа Віцю? – нечакана звярнулася яна да вучняў.
   – Я! – адгукнулася Люда Арловіч і, устаўшы з-за парты, смела падышла да дошкі.
   – Падліза! – кінуў ёй услед нехта з хлопчыкаў.
   – Сядзіць каля дошкі і маўчыць, як рыба, – прабурчаў Міша Паўловіч.
   – На чужой бядзе хоча пяцёрку зарабіць, – не вытрывала Оля Голуб.
   Люда тым часам падышла да Віці, узяла крэйду і пачала спакойна тлумачыць задачу і акуратна запісваць дзеянне.
   – Хопіць! – усміхаючыся, сказала Вера Паўлаўна. – Цяпер няхай прадоўжыць сам Віця.
   Але і на гэты раз Віця аказаўся бездапаможным. Вера Паўлаўна мусіла адправіць хлопчыка на месца. Ідучы паўз парту Люды, Віця злосна тузануў дзяўчынку за касу. Новенькая аж угнула плечы ад болю.
   – А цяпер будзе адказваць Віцеў сусед, – зірнуўшы ў журнал, сказала Вера Паўлаўна. Толя, як уколаты іголкай, падхапіўся і пашыбаваў цераз увесь клас да дошкі.
   У матэматыцы хлопчык адчуваў сябе не вельмі моцна, і, калі шчыра прызнацца, заўсёды спадзяваўся на дапамогу Любы Захарэвіч. Але цяпер яна сядзела далёка ад дошкі. Ах, якая прыкрасць!
   «Паспрабую», – вырашыў Толя і, выбраўшы хвіліну, калі новенькая нарэшце глянула на яго, па-змоўніцку падмаргнуў ёй. Але дзяўчынка адвяла вочы ўбок, нібы нічога не разумеючы. Абураны такімі адносінамі новенькай, Толя зусім разгубіўся і не мог далей рашаць задачу. Калі б настаўніца запыталася ў гэты час, колькі будзе пяць у пяць, Толя, відаць, і на такое пытанне наўрад ці адказаў бы.
   – Ну, што ж, сядай, – уздыхнула Вера Паўлаўна. – Табе, Толя, трэба менш захапляцца боксам, а больш сур'ёзна вучыць матэматыку, – сказала яна і паставіла ў Толевым дзённіку двойку. – Люда, ты рашыла? – перавяла позірк настаўніца на новенькую. – Раскажы, калі ласка...
   Люда Арловіч пачала тлумачыць.
   Як ненавідзеў яе ў гэтую хвіліну Толя! Ды хіба толькі адзін Толя?
   Нарэшце празвінеў званок. Не паспела Вера Паўлаўна выйсці за дзверы, як у класе загулі, зашумелі:
   – Падліза!
   – Задавака!
   – Сядзіць на першай парце і маўчыць!
   – Сябры, можа, яна нямая?
   – Не будзем з ёю дружыць! – заявіў Міша Паўловіч.
   – Мы табе пакажам! – прыгразіў Віця. – Ну, кажы шчыра: будзеш падказваць? – спытаў ён, грозна ссоўваючы бровы.
   – Не буду! – адказала Люда.
   – Пачакай жа! – не на жарт узлаваўся Віця. – Пакаешся, але позна будзе.
   З гэтага дня хлопчыкі стараліся як бы не заўважаць Люду. Але яна ніколькі не хвалявалася. Застаўшыся на перапынку адна, Люда або чытала кніжку, або паўтарала ўрокі.
   Усе настаўнікі, нібы згаварыўшыся, хвалілі новенькую і ставілі яе ў прыклад усім. Хлопчыкі ад злосці не ведалі, што рабіць.
   – Віця, Толя, хадзіце сюды... – папрасіў Міша Паўловіч, атрымаўшы неяк чарговую двойку.
   Хлопец адвёў сяброў у кут і расказаў ім пра свой план помсты Людзе Арловіч.
   – Можаце паклясціся, што не выдасце тайны? – сурова спытаў Міша.
   – Клянёмся! – адказалі хлопцы ў адзін голас.
   I помста пачалася...
   Назаўтра была кантрольная дыктоўка. Настаўнік раздаў сшыткі і пачаў дыктаваць. Толя і Віця напісалі сказ і скоса зірнулі на Люду Арловіч. Яна важдалася з ручкай і вельмі хвалявалася.
   – Чаму ты не пішаш, Арловіч? – запытаў настаўнік.
   – У мяне з ручкаю нешта здарылася, не піша... – чырванеючы, адказала Люда.
   – Ану, пакажы!
   Праз хвіліну настаўнік вярнуў ёй ручку і з дакорам сказаў:
   – Ручку не трэба кідаць у партфель абы-як. Добра пакласці ў пенал.
   – А я і трымаю ў пенале, – цвёрда адказала дзяўчынка.
   – У каго ёсць лішняя ручка? – звярнуўся да класа Віктар Платонавіч.
   Мішава суседка хацела прыйсці на дапамогу Людзе, але хлопчык балюча тузануў яе за касу, і яна стрымалася.
   Так і прасядзела Люда ўвесь урок, не напісаўшы ніводнага радка. Хлопчыкі радаваліся: так ёй і трэба!
   На другі дзень у Люды Арловіч зноў здарылася непрыемнасць: нехта заліў тушшу яе кніжкі і сшыткі.
   I так амаль кожны дзень у Люды здаралася што-небудзь непрыемнае. Але яна нікому не скардзілася і паводзіла сябе па-ранейшаму строга і сціпла: як след рыхтавалася да кожнага ўрока і, вядома, заўсёды атрымлівала пяцёркі.
   «Няўжо Людзе не сумна адной? – думаў Толя. – Няўжо не хочацца ёй пагуляць з намі?»
   Невядома, колькі б яшчэ хлопчыкі здзекаваліся з Люды, каб з Віцем раптам не здарылася бяда.
   У пачатку апошняй чвэрці Віця зламаў нагу і доўга не хадзіў у школу. У класе занепакоіліся: прапусціўшы шмат урокаў, ён мог зусім адстаць у вучобе, асабліва па матэматыцы.
   – Сябры, хто дапаможа Віцю па матэматыцы? Ты, Оля? – неяк спытала настаўніца ў дзяўчынкі.
   – Я з Наташай Ваўчок займаюся, – адказала Оля.
   – Я памагу! – пачуўся раптам голас Люды Арловіч.
   Хлопчыкі ў недаўменні павярнуліся да яе. Як? Няўжо гэта сур'ёзна? Віця ж – яе вораг?..
   – Малайчына, Люда, – кіўнула Вера Паўлаўна, – дапамажы хлопцу...
   Толя ледзь дачакаўся вечара, каб хутчэй пабегчы да Віці. Яму карцела даведацца, ці была ў яго Люда.
   Віця сустрэў сябра добрай усмешкай.
   – Як яна добра растлумачыла мне задачу, – з захапленнем расказваў ён пасля. – Яна так проста, па-свойску гаварыла са мною, што я і адумацца не паспеў, як пасябраваў з ёю. I ведаеш, што яна сказала?
   – Што?
   – Я ведаю, кажа, што ты разам з Мішам і Толем сапсавалі мне ручку, залілі тушшу «Тайну двух акіянаў», што вы ненавідзіце мяне. «Дык чаму ты маўчала?» – запытаў я. Яна на гэта адказала: «Калі б я скардзілася на вас, вы яшчэ больш ненавідзелі б мяне».
   Толя ў здзіўленні слухаў Віцю. Бач ты! Вось гэта дзяўчынка! I сумленная, ніякая не нагаворшчыца, не задавака, як гэта ім раней здавалася.
   Хутка Толя і Віця пасябравалі з Людай.
   – А чаму ты не хацела падказваць нам? – запытаўся неяк у Люды Віця.
   – Чаму? – Люда пачырванела і апусціла вочы.
   Яе тонкія пальцы пачалі нервова перабіраць кончыкі піянерскага гальштука. – Мая мама была настаўніца. Яна вельмі любіла школу, дзяцей. Але яна заўсёды абуралася і моцна перажывала калі хто-небудзь з вучняў спрабаваў ашукаць яе. Я вельмі любіла сваю маму і дала ёй слова, што буду заўсёды сумленнай, буду паважаць сваіх настаўнікаў і сяброў.
   – А дзе твая мама? – запытаў Толя.
   – П-памерла... – прашаптала Люда.
   – Даўно?..
   – Восенню... – адказала Люда. – Вось я і прыехала сюды, да бабулі.
   – А дзе ж твой тата? – асцярожна запытаў Віця.
   – Няма... Ён загінуў пад Берлінам, калі мне было ўсяго тры месяцы. Ён лётчык быў. Знішчальнік.
   Ад гэтых слоў хлопчыкі адразу засумавалі. Ім было вельмі шкада дзяўчынку і сорамна, што яны раней былі такія жорсткія і няўважлівыя да яе.
   – А бабуля ў цябе добрая? Не крыўдзіць? – абарваў няёмкае маўчанне Віця.
   – Крыўдзіць? Не, такога яшчэ ніколі не было. Бабуля часта хварэе, – адказала Люда і задумалася.
   Пазней хлопчыкі даведаліся, што Люда робіць дома амаль усё: прыбірае кватэру, носіць ваду, а калі бабуля адчувае сябе кепска, дзяўчынка нават паліць у печы і гатуе абед.
   Калі Віця паправіўся, хлопцы сабраліся разам і пакляліся быць вернымі сябрамі Люды, ва ўсім ёй дапамагаць.
   – Мы табе і ваду насіць будзем, і дроў насячом, і ў краму збегаем, і ў печы выпаліць дапаможам, – запэўніў дзяўчынку Віця.
   – Ты толькі загадвай, а мы – у адзін момант, – дадаў Толя, заглядаючы ў яе сінія вялізныя вочы.
   Адзін перад адным стараліся хлопчыкі загладзіць сваю віну перад Людай, і на душы ў іх было цяпер лёгка і радасна.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!