Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Уладзімір Юрэвіч - Бярозчыны валёнкі

Увага!!! Поўны змест

  Насупраць дома, дзе жыве Святланка, за лета вырасла высокая камяніца. Перад ёй на скверыку саджалі ўвосень дрэўцы. Адну бярозку, самую тонкую, адкінулі.
   – А гэтая не трэба вам? – спытала Святланка.
   – Бяры яе сабе, калі хочаш, – сказаў вясёлы дзядзька, які са шланга паліваў дрэвы.
   Святланка прынесла бярозку ў свой двор. Тата якраз быў дома. Дзяўчынка папрасіла яго пасадзіць дрэўца.
   Тата доўга трымаў тую бярозку, перабіраў пальцамі карэньчыкі і нешта думаў. Потым выкапаў ямку. Святланка прынесла з клумбы чарназёму, пасадзілі дрэўца, палілі.
   – Можа і прымецца, – сказаў тата. З кожным днём станавілася ўсё халадней і халадней.
   – А бярозка ўзімку не змерзне? Яна ж голенькая, – трывожылася Святланка.
   – Чаму голенькая? – не пагаджаўся тата. – На ёй кара. Ёй цёпла.
   – Можа апрануць яе на зіму? Ухутаць? – не сунімалася дзяўчынка. – На галінкі рукавічкі панадзяваць, а на ножкі – валёнкі?
   – А дзе ж у бярозкі ножкі? – усміхнуўся тата. – Яе ножкі – карэнне.
   – Зямля ж халодная.
   – Гэта для нас з табой халодная, а для бярозкі цёплая. Вось выпадзе снег, укрые, як коўдрай, зямлю, і карэньчыкам стане яшчэ цяплей, а пакуль трэба паліваць бярозку, каб лепш расла.
   Святланка палівала бярозку і чакала, калі выпадзе снег. Лісточкі даўно апалі. Бярозка выглядала як сірацінка побач з высокімі каштанамі і таполямі. Пра іх Святланка і не думала. Яны ж вялікія, моцныя. А бярозка тоненькая-тоненькая.
   Прачнулася аднойчы Святланка, а на дварэ бела.
   – Тата! – закрычала дзяўчынка. – Зіма прыйшла! Глянь, колькі снегу.
   – Вось цяпер можна і валёнкі для бярозкі зрабіць, – сказаў тата.
   Ён узяў шырокую рыдлёўку і пачаў падкідаць снег да бярозкі. I Святланка памагала сваім маленькім шуфлікам.
   Неўзабаве бярозка і сапраўды стаяла як бы ў вялікіх снегавых валёнках. На яе чорных галінках таксама быў пушысты снег. Дакранешся – ён сыплецца, іскрыцца, зіхаціць.
   Кожны раз, калі выпадаў снег, Святланка брала свой шуфлік і падграбала снег да дрэўца. Бярозчыны валёнкі станавіліся ўсё большыя і цяплейшыя.
   А ўвесну, калі прыгрэла сонейка, бярозка ўбралася ў зялёнае лісце.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!