Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Сымон Будны

   Беларускі філосаф XVI ст. Сымон Будны (каля 1530-1593) — асоба шматгранная, супярэчлівая. Эвалюцыя светапогляду яго надзвычай складаная: ад каталіцызму да кальвінізму, ад кальвінізму да крайнасцей антытрынітарызму (адмаўленне дагмату пра трыадзінства Бога — Тройцу); скончыў ён свой век атэістам.  

   Мысліцель, пісьменнік, перакладчык і палеміст, тэолаг і выдавец, выдатны філолаг, адзін з самых адукаваных людзей свайго часу (валодаў класічнай лацінай, іўрытам, грэчаскай, стараславянскай, польскай і іншымі мовамі), ён унёс істотны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры. 

   Будны прадоўжыў справу Францыска Скарыны — садзейнічаў адкрыццю друкарань у Нясвіжы, Заслаўі, Лоску і быў аўтарам выдадзеных там кніг: «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» і «Катэхізіс, гэта значыць навука старажытная хрысціянская ад святога пісьма для простых людзей мовы рускай, у пытаннях і адказах сабраная» (1562), «Апокрыф», «Аб зачацці Сына Божага», пераклад Новага Запавету з каментарыямі, «Аб галоўных палажэннях хрысціянскай веры», «Аб свецкай уладзе».  

   Выдавецкая справа, распачатая Ф. Скарынам і працягнутая Будным, мела і палітычнае значэнне — валоданне кнігай перастала быць прывілеяй духоўнай і свецкай эліты. Хоць бы з-за кошту: цана друкаванай кнігі паменшылася ў 4-5 разоў, што зрабіла яе адносна агульнадаступнай і таму ідэалагічна дзейснай. На жаль, многія кнігі Буднага не захаваліся. Так, не дайшло да нас узгаданае «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» — увесь тыраж быў кінуты ў агонь у разгар Контррэфармацыі, галоўнымі сродкамі якой былі інквізіцыя, манаскія ордэны, рымская курыя. У агонь кідалі кнігі ўсіх іншаверцаў, але перш-наперш арыянскую (ерэтычную) літаратуру. і тут працам Буднага аддавалася перавага, бо аўтар чорным па беламу адмаўляў Боскае паходжанне Хрыста, лічачы яго звычайным чалавекам, таленавітым тлумачальнікам Бібліі, героем і пакутнікам сваёй уласнай пропаведзі. Саму Біблію Будны трактаваў як літаратурны помнік старажытнасці. Непрызнанне спрадвечнасці Ісуса Хрыста аўтаматычна прыводзіла да адмаўлення Бога, бо ў хрысціянстве Ісус Хрыстос — неад'емная частка Тройцы. Няма Сына Божага — няма Тройцы, першага і другога прышэсцяў, канца свету і г. д. Як дзёрзкае блюзнерства ўспрымалася і адмаўленне несмяротнасці душы, замагільнага свету, пекла, раю. Працытуем адзін з выкладаў Буднага, які ілюструе гэты аспект яго светапогляду: «Душа — гэта не што іншае, як чалавечнае жыццё; думка, што быццам існуе нейкая душа, якая пасля выпрабаванняў смерці церпіць пакуты ці весяліцца на небе, з'яўляецца байкай».  

   Будны не спыніўся на рэфармацыі хрысціянства, ён стаў яго разбуральнікам. А таму супраць філосафа было накіравана ўсё: ад недарэчных выдумак пра яго жыццё і адзінай выявы Буднага ў кнізе езуіцкага аўтара, шаржыраванага партрэта ў профіль, — Будны ў пекле, у хвалях кіпячай серы — да ганенняў, выраку сяброў, парадзіраванага апісання апошніх дзён Сымона Буднага. 

   Памёр ён у галечы і адзіноце (паводле сведчання езуіцкага аўтара Фрыбеліуса), у страшэнных пакутах і вар'яцтве, якія, на думку Фрыбеліуса, сведчаць пра Божую кару за ерась.  

   Вучоны трымаўся сваіх перакананняў да апошняй хвіліны і не адмовіўся ад іx нават у пакутах смяротнай хваробы.  

   «Выбар зроблены», — пісаў Будны, пачынаючы крытычны аналіз Новага Запавета, тым самым пакідаючы і нашчадкам права выбару ў ацэнцы яго дзейнасці, якая тычыцца менавіта гэтага аспекту.  

   Найважнейшым элементам светапогляду і дзейнасці Буднага з'яўляецца ўсведамленне ім свабоды самавыяўлення. Свабоду самавыяўлення ён лічыў галоўнай умовай здаровага развіцця грамадства.  

   «... Хіба можа быць прызнанай улада, якая ўсім жадае зачыніць рот, а аднаму ці тром дазваляе папусціць лейцы, каб пісалі, што захочацца ? Я прызнаю ўладу і асуджаю беспарадак, — пісаў ён аднаму са сваіх апанентаў, — але я называю ўладай не тое, што ты. У цябе ўладай з'яўляецца тая, што аднойчы прынятая і патрабуецца тром, ахоўваецца ўсімі сіламі (нягледзячы на тое, добра гэта ці блага); для мяне гэта не ўлада, а тыранія і рабства, вельмі падобныя на папскія. Улада была б, калі б не гасілі дух, усё выпрабоўвалі і прымалі тое, што аказалася лепшым... Дай нам Божа такую ўладу, пры якой мы не думалі б пра сябе, не прыніжалі іншых, дазвалялі казаць праўду адзін аднаму, не лічылі б сябе бязгрэшнымі... Трэба, каб у нас была воля размаўляць аб Боскіх справах не толькі вучоным, але і простым людзям... не толькі заможным, але і бедным. Гэта цудоўная, асаблівая воля...».  

   Надзённа і афарыстычна гучаць гэтыя словы С. Буднага; яны вартыя таго, каб стаць лозунгам самай дэмакратычнай і справядлівай улады. Аднак не існавала і не існуе на свеце валадароў, тым больш у дзяржавах з таталітарным рэжымам, якім падабаліся б такія думкі і размовы. Жаданне карыстацца «цудоўнай, асаблівай воляй» заўжды ёсць выклік.  

   Прававыя ідэі Сымона Буднага паўплывалі на вядомых юрыстаў, тагачасных дзяржаўных дзеячаў — А. Валовіча і Л. Сапегу, якія вызначалі дактрыну Статута 1588 г. У многім дзякуючы С. Буднаму ў Статуце знайшлі адлюстраванне ідэі аб прэзумпцыі невінаватасці, царкоўна-рэлігійнай талерантнасці і верхавенстве законаў. 

   У памяці ўдзячных нашчадкаў Сымон Будны застанецца і за сваё стаўленне да нацыянальнай мовы. Дасканала валодаючы многімі еўрапейскімі мовамі, ён, пры садзейнічанні беларускага магната Мікалая Радзівіла, таксама прыхільніка Рэфармацыі, менавіта на беларускай мове выкладаў у пратэстанцкай школе. Ён пісаў на розных мовах, але, заснаваўшы ў Нясвіжы разам са сваімі паплечнікамі друкарню ў 1562 г., «Катэхізіс» выдаў таксама на беларускай мове. С. Будны не раз уздымаў свой голас у абарону роднай мовы, заклікаючы ўсіх грамадзян шанаваць матчыну мову а з ёй — і бацькоўскую зямлю.  

   З багатай, шматграннай і ў многім супярэчлівай спадчыны Сымона Буднага ўсе сумленныя людзі, не вагаючыся, выберуць для сябе і яго гуманістычныя антываенныя сцверджанні і наказы. Ён, як і іншыя рэфарматары яго часу, асуджаў несправядлівыя, захопніцкія войны і  апраўдваў абарончыя, прымаць удзел у якіх — абавязак патрыёта:

   «Не кажной войны христианин служити можеть. Бо часам война бываеть не справядливая. Яко коли тыран или мучитель какый гордый не переставаючи на своем панстве, чужие городы, княства или земли силою забираеть, таковое войны служити христианину не годиться. Бо таковая война ест разбой. Опять, справедливая война ест — коли не для гордости, не для лакомства, але для абороны пределов своих король или князь оружие противу врагом своим беротъ».

Комментарии (2)
Ганна # 22 июня 2014 в 22:56 0
Дзякуй вялікі за цудоўны сайт!
Администратор # 23 июня 2014 в 17:02 0
Калі ласка