Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Сучасная проза Беларусі

   80-я і ў значнай ступені 90-я гады прынеслі беларускай прозе немалы плён. Гэты час стаў вельмі важным момантам у развіцці празаічнага слова. Выразна ўбачыўся крызісны стан мастацкай свядомасці, абумоўлены ўплывам ідэалогіі, залежнасцю ад эстэтыкі сацрэалізму, адкрыўся іншы змест і іншыя выяўленчыя магчымасці літаратурнай творчасці, адбыўся заўважны паварот да ўласна мастацкіх падыходаў і прынцыпаў у паказе чалавека і рэчаіснасці. У сучаснай беларускай прозы вельмі значны духоўны, чалавеказнаўчы патэнцыял, псіхалагічна-аналітычная аснова мастацкага мыслення, пра што сведчаць хаця б творы Васіля Быкава, Янкі Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Івана Чыгрынава, Вячаслава Адамчыка і іншых вядомых майстроў нашай літаратуры. А яшчэ лепшыя набыткі сучасных празаікаў — і ў гэтым моц, прывабнасць створанага імі — звязаны з выяўленнем нацыянальнай самабытнасці роднага слова, глыбокім раскрыццём беларускага менталітэту, філасофскай і гуманістычнай канцэптуальнасцю думкі.
   80-я гады замарудзілі развіццё беларускай прозы: у многіх творах выявілася спрошчанасць характараў і канфліктаў, аднастайнасць тэматыкі, вобразаў, сюжэтаў, сумнае бытаапісальніцтва. У 90-я пасля змены літаратурна-мастацкіх арыенціраў паступова пачала складвацца рознапланавая панарама творчага працэсу. Праўда, давалі пра сябе знаць традыцыйныя рашэнні той ці іншай тэмы, выкарыстоўваўся ранейшы вопыт у трактоўцы падзей, з'яў рэчаіснасці.
   Кожны сапраўдны мастак піша сэрцам, душою,, імкнецца да праўдзівасці аўтарскіх вобразаў і характараў, ідзе ад жывога жыцця. Таму наіўна меркаваць, што ў савецкі час беларускія пісьменнікі толькі і рабілі, што кіраваліся ў сваёй творчасці метадам сацрэалізму. Не ўсе творцы думалі аднолькава, некаторыя не пагаджаліся з афіцыйнай дэмагогіяй і хлуснёй, пісалі свае творы "ў стол", чакалі спрыяльнага часу, спадзяваліся на лепшае. Праўдзівае слова, нягледзячы на шматгадовыя цяжкасці і забароны, прыйшло да нас, разварушыла свядомасць і душу. Толькі на парозе 90-х пабачылі свет дакументальна-мастацкая аповесць Ларысы Геніюш "Споведзь" (1990) пра перажытыя выпрабаванні ў гады таталітарнай улады, раман вострай сацыяльна-духоўнай праблематыкі У. Дамашэвіча "Камень з гары" (1990), рукапіс якога праляжаў у празаіка дваццаць гадоў.
   Другую палову 80-х — 90-я гады нельга назваць часам заняпаду беларускага рамана. Раманны эпас папоўніўся творамі Івана Шамякіна "Злая зорка" і "Вялікая княгіня", Івана Чыгрынава "Вяртанне да віны" і "Не ўсе мы згінем", Вячаслава Адамчыка "I скажа той, хто народзіцца", "Голас крыві брата твайго", Алега Лойкі "Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае", Алеся Асіпенкі "Святыя грэшнікі" і "Лабірынты страху", Віктара Карамазава "Бежанцы", Генрыха Далідовіча "Заходнікі", "Кліч роднага звона", Віктара Казько "Хроніка дзетдомаўскага саду", "Бунт незапатрабаванага праху", Георгія Марчука "Кветкі правінцыі", "Вочы і сон", "Без ангелаў", "Год дэманаў", Уладзіміра Дамашэвіча "Не праспі долю сваю", Таісы Бондар "Ахвяры" і "Мечаная", Леаніда Левановіча "Сіняе лета", Уладзіслава Рубанава "Неаднойчы забіты" і шмат інш. Між тым трэба заўважыць, што сёння, на памежжы XX і XXI стагоддзяў, раман саступае пазіцыі меншым па аб'ёме жанрам — аповесці, апавяданню, навеле. Вытлумачваецца гэтая тэндэнцыя некалькімі абставінамі. Па-першае, па фінансавых прычынах патанчэлі беларускія часопісы, а выдавецтвы скарацілі выпуск мастацкай літаратуры. Па-другое, сваю справу робіць эпоха сучасных тэхналогій і інфармацыйных камунікацый, калі аўдыа- і відэасістэмы істотна мяняюць прыярытэты, пасоўваюць кнігу на другі план. Да таго ж чытанне вялікіх па аб'ёме твораў займае нямала часу, таму і з гэтае прычыны раманны эпас і іншыя жанры пачынаюць звужаць свае тэкставыя рамкі, набываць больш дынамічную мастацкую структуру.
Значнае тэматычнае і стылёвае развіццё прынесла сучаснай прозе аповесць, пра што сведчаць творы Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Івана Навуменкі, Віктара Казько, Алеся Асіпенкі, Віктара Карамазава, Анатоля Кудраўца, Алеся Жука, Уладзіміра Арлова, Юрыя Станкевіча, Андрэя Федарэнкі, Анатоля Казлова і інш. I ўсё ж найбольш актыўным жанрам прозы з'яўляецца апавяданне. Так званая "малая проза" займае вядучае месца ў творчай біяграфіі многіх пісьменнікаў (Янка Брыль, Міхась Стральцоў, Вячаслаў Адамчык, Барыс Сачанка, Анатоль Кудравец, Янка Сіпакоў і інш.).
   Вялікай папулярнасцю, асабліва ў маладых празаікаў, карыстаецца жанр лірычнага абразка ці мініяцюры. Выдатныя майстры гэтай малой празаічнай формы — Янка Брыль (кнігі мініяцюр "Сёння і памяць", "Вячэрняе", "Пішу як жыву") і Фёдар Янкоўскі (кніга выбраных твораў "З нялёгкіх дарог"). Брылёўскія мініяцюры тэматычна шматгранныя. У сваіх кнігах "Вячэрняе" (1994), "Пішу як жыву" (1994), "Дзе скарб ваш" (1997) пісьменнік выказвае думкі пра ўбачанае і перажытае, вядзе роздум пра чалавечае быццё, час і падзеі, сведкам якіх ён быў, дзеліцца ўражаннямі ад прачытанага, раскрывае сакрэты творчага майстэрства, глыбіню і хараство мастацкага слова, робіць лірычна-настраёвыя запісы, падае аўтабіяграфічныя ўспаміны і інш. Вельмі моцная, непарыўная повязь духоўнага свету мастака з культурай і літаратурай іншых краін, асабліва — з польскай і рускай. Я. Брыль піша з эмацыянальна-пачуццёвай заглыбленасцю слова, ён імкнецца зафіксаваць імпульсы душэўных пачуццяў, імгненні навакольнай рэчаіснасці. Нярэдка мініяцюры празаіка — найчасцей прыродаапісальныя і лірычныя замалёўкі — успрымаюцца як вершы ў прозе, уяўляюць сабой паэтычны жывапіс словам, і тут згадваюцца творы аналагічнага жанру рускіх пісьменнікаў Івана Тургенева, Міхаіла Прышвіна, у якіх выяўляецца глыбокі лірызм, паэтычнасць мастацкай мовы. Лірычна-філасофскія мініяцюры Я. Брыля — гэта яркі адбітак змястоўнага ўнутранага жыцця асобы, шчырая споведзь чалавека, які найперш турбуецца пра тое, каб наш свет быў маральна ўладкаваны, духоўна паўнавартасны і прыгожы.
   У сучаснай літаратуры з'яўляецца проза неардынарная ў жанрава-стылёвых адносінах. Адныя з такіх адметных твораў — апавяданні-прытчы. Вопыт алегарычна-філасофскага пазнання свету чамусьці як бы забыўся. Але літаратура не можа не шукаць яркія мастацкія формы і сродкі самавыяўлення. Іншасказальнасць, парадаксальнасць, метафарычнасць мыслення яскрава выявіліся ў кнізе прытчаў Янкі Сіпакова "Тыя, што ідуць" (1993). Мовай алегорый і сімвалаў ён імкнецца данесці нейкі важны сэнс ці выснову, якія звязаны з гэтым зямным светам, быццём у ім чалавека і народа. "Тыя, што ідуць" — прытча-навела пра пошукі нашага беларускага шляху. Тут Белабог і яго племя — "чыстыя душою вандроўнікі" — нібы падарожнічаюць у часе і ўсё ж рухаюцца наперад, у будучыню. Я. Сіпакоў па-свойму рэагуе на сацыяльную рэчаіснасць і побыт, малюе іх у такіх прытчах, як "Пластылінавыя людзі", "Гармонік", "Дарога" і інш. Ён паказвае дэфармаванасць і абсурднасць свету, часам скрыжоўвае, як і сюррэалісты, здавалася б, неспалучальнае, рэальнае і пазарэальнае. Пісьменнік звяртаецца да міфалагічнай вобразатворчасці. У творах "Клетка", "Свой усяму", "Адзін з нас", "Перавернуты", "Хатнічак", "Пажар", "Заміра" і інш. адбываюцца містычныя пераўвасабленні: ажываюць пагарэльцы, дзейнічаюць дамавік, чалавек-воўк, чалавек-птах, паўстаюць вобразы іншых незвычайных істотаў. Празаік дэманструе раскаваную фантазію, заваблівае нас у чарадзейны, фантасмагарычны свет, нечым падобны да сучаснай казкі. Іншасказанне ў Я. Сіпакова падпарадкавана сцвярджэнню светлага і разумнага, мудрага і вечнага на зямлі.
Да жанру прытчы ў апошнія гады звярнуўся і наш знакаміты пісьменнік Васіль Быкаў. Створаныя ім алегарычныя карціны і сітуацыі з'яўляюцца сродкам выяўлення яго маральна-філасофскіх поглядаў і раскрываюць супярэчлівы, абсурдны свет сучаснай рэчаіснасці (творы "Сцяна", "Труба", трыпціх "Байкі жыцця" і інш.).
   Тэматычны змест сучаснай прозы істотна пашырыўся. I ўсё ж надзвычай вялікай і самай значнай мастацкай вяхой беларускай літаратуры стала "ваенная" проза альбо проза на тэму вайны. У другой палове 80-х — 90-я гады пісьменнікі выйшлі на новы круг асэнсавання ваеннага мінулага. Яны адкрылі і працягваюць паказваць малавядомыя, часам забытыя, заблытаныя падзеі і старонкі вайны з фашызмам. Сыходзяць у нябыт ранейшыя стэрэатыпы і схемы.
   Творчасць Васіля Быкава — выдатная старонка сучаснай "ваеннай" прозы. Да разумення той жорсткай бойні XX стагоддзя, якой была другая сусветная вайна, сёння мы перадусім падыходзім з маральна-гуманістычных пазіцый гэтага пісьменніка, ягонай "акопнай" праўды, праўды пра чалавека на вайне. Яго творы вызначае трагедыйнасць зместу, глыбокая маральная і філасофская аснова гучання канфлікту, аналітычны чалавеказнаўчы пафас. В. Быкаў, як і экзістэнцыялісты А. Камю, Ж. П. Сартр, у сваёй творчасці завастрыў праблему маральнага выбару перад тварам смерці, пытанні свабоды і сумлення, сэнсу існавання, псіхалагічна пранікліва выявіў увесь трагізм чалавечай асобы ва ўмовах вайны.
      Жорсткасць, жахлівасць і абсурднасць вайны пісьменнік паказвае ў аповесці "Пакахай мяне, салдацік" (1997). Апавяданне ў творы ідзе ад "я" героя — лейтэнанта Змітрака Барэйкі, які родам з Бешанковічаў. Аповесць гэтая найперш пра каханне яго і яе, што нарадзілася пад канец вайны на чужой зямлі. Змітрок закахаўся ў беларускую дзяўчыну Франю, якая не па сваёй волі апынулася ў аўстрыйскім гарадку, стала прыслугай у доме вучонага-біёлага Шарфа і фрау Сабіны. Праз яе лёс празаік паказвае той неймаверны трагізм абставінаў, у якіх апынуўся чалавек у даваенныя і ваенныя гады. Бацька Франі стаў ахвярай рэпрэсій, маці немцы павесілі ў Мінску, а ёй, каб захаваць сваю дзявочую і чалавечую годнасць, прыйшлося ратавацца ад сваіх, бо тыя хацелі ёй адпомсціць за ўцёкі з партызанскага атрада. Яна не па гадах сталая, удумлівая, мае чуйную душу. На чужыне Франя адкрыла для сябе шмат новага, нечаканага. Вось як яна разважае пра тое, што галоўнае для чалавека і людзей увогуле: "— Чалавечнасць, во што. Тое, што ідзе ад Бога, а не ад д'ябла. Ці ад малпы, як дарвіністы пісалі. Усё ж у нас дужа мала боскага...". I далей: "— Але ці магчыма без Бога жыць? Ніводзін народ, нават самы адсталы, не жыве без Бога. Мабыць, гэта немагчыма. Без Бога ён проста сам сябе з'есць. Асабліва прымітыўны народ". Ці не зрабіўся прымітыўным якраз той савецкі народ, калі навокал знішчалі "ворагаў народа", калі жыццё чалавека нічога не значыла і не каштавала? На гэтае пытанне пісьменнік спрабуе знайсці адказ не толькі ў аповесці "Пакахай мяне, салдацік", але і ў апавяданнях "Жоўты пясочак", "Палкаводзец" і іншых творах. Зміцер Барэйка — салдат вайны, паспеў усяго пабачыць і пакаштаваць на ёй, але застаўся чалавекам. Таму забойства Франі руйнуе ўнутраны свет героя. Яму нясцерпна балюча, цяжка перажыць гэтую трагедыю: "Дужа карцела выць і крычаць. Але хто мог пачуць мой крык, зразумець здзічэлы мой боль? Страшэнную несправядлівасць гэтай пагібелі? Вайны ці жыцця наогул...". Яго каханне згвалцілі, па-звярынаму растапталі, ён зведвае адчай, адчужанасць ад гэтага жудаснага свету. Перамога ператварылася для яго ў "чорнае свята бяды". Твор В. Быкава — гэта пратэст супраць "забі чалавека", ваяўнічага зла, бесчалавечнасці таго грамадства, дзе "рэлігіяй была жорсткасць, непрымірымасць ".
   Здавалася, тэма ваеннага мінулага вычарпаная, але гэта, як бачым, аказалася далёка не так. Яскравае сведчанне таму — аповесці Івана Шамякіна "Ахвяры" (1990) і Алеся Адамовіча "Vixi" (1993).
  Народ і вайна, вёска ў гады акупацыі, памяць пра вайну — тэматычная аснова раманаў Івана Чыгрынава, Вячаслава Адамчыка, Віктара Карамазава, Барыса Сачанкі, Алеся Савіцкага і інш.
   Раманы І. Чыгрынава "Вяртанне да віны" (1994) і "Не ўсе мы згінем" (1996) з'яўляюцца працягам папярэдніх твораў "верамейкаўскай хронікі" — такіх, як "Плач перапёлкі", "Апраўданне крыві", "Свае і чужынцы". Такім чынам, пісьменнік стварыў пенталогію на тэму вайны. У апошніх двух раманах далейшае развіццё атрымлівае вобраз Масея Зазыбы. Ён, нядаўні савецкі вязень, вяртаецца ў родную вёску. Турма, высылка ў Сібір не далі яму, адоранаму паэту, спраўдзіць творчыя задумы, а цяпер і тут, у акупацыі, прыходзіцца нялёгка. Трывожаць згадкі пра тое, што давялося перажыць. Верамейкаўцы ставяцца да Масея з насцярожанасцю, няпроста яму з імі гаварыць. Ваенныя абставіны складваюцца драматычна, наперадзе — невядомасць. Аднак паступова Масей пачынае ўсведамляць, што савецкую ўладу "цяпер трэба ад іншых бараніць", бо "справа ідзе не толькі пра канкрэтную ўладу, але і пра зямлю, якая... дарагая". У рамане "Не ўсе мы згінем" герой I. Чыгрынава не прымае ні сталінізм, ні фашызм, жадае бачыць Беларусь свабоднай і незалежнай. Ён становіцца ўдзельнікам складаных падзей, працуе ў акупацыйным друку ў Мінску. Ведаючы, што з прыходам бальшавікоў яго чакае расправа, Масей пакідае радзіму. Зазыба паўстае перад намі як беларускі паэт і інтэлігент, патрыёт сваёй бацькаўшчыны, але, разам з тым, і як ахвяра таго гістарычнага часу.
   Бацька Масея — Дзяніс Зазыба — прыходзіць у Мінск у шэрагу вызваліцеляў, даведваецца пра лёс сына, якому засталося адно — "мыкацца, гараваць па чужых краёх". Неаднойчы за гады вайны Дзяніс Яўменавіч сустракаў жорсткае аблічча вайны, быў сведкам таго, як гінуць людзі. Вось думка бацькі Масея пра вайну, якую пісьменнік перадае няўласна-простай мовай: "Значыць, мала хто з яе выйдзе без гора і слёз". Трагічна заканчваецца жыццё Радзівона Чубара. Трапіўшы у палон, ён гіне, але пры гэтым згадвае, як некалі забіў нявінных людзей — бешанковіцкага паўстанца і ваенурача. Бумеранг жорсткасці вярнуўся да самога Чубара. Пенталогія Івана Чыгрынава — эпапея народнай трагедыі. 
   Беларуская проза, пачынаючы з другой паловы 80-х гадоў, скіравалася да паказу жудасных культаўскіх часоў, калі ўсталёўваліся ўсеагульны страх і падазронасць, учыняліся масавыя рэпрэсіі, ламаліся чалавечыя жыцці і лёсы, гінулі безабаронныя людзі. Сталінская рэпрэсіўная машына працавала бязлітасна, жорстка. Пра ўсё гэта з суровай праўдзівасцю, балючымі перажываннямі расказалі ў сваіх творах былыя сталінскія пакутнікі Сяргей Грахоўскі (аповесці "Зона маўчання", "Такія сінія снягі", "З воўчым білетам"), Павел Пруднікаў (аповесці "Яжовыя рукавіцы", "Пекла"), Васіль Хомчанка (аповесць "Цар—зэк Сямён Івашкін"). Усе гэтыя творы маюць дакументальную аснову, уражваць жахлівымі падрабязнасцямі пра пакуты чалавека ва ўмовах няволі і нечалавечых здзекаў і, як творы рускіх пісьменнікаў пра сталінскія часы "Архіпелаг ГУЛАГ" Аляксандра Салжаніцына, "Калымскія апавяданні" Варлама Шаламава, "Круты маршрут" Яўгеніі Гінзбург, з'яўляюцца трагедыйным мастацкім летапісам сталінскіх злачынстваў супраць розных народаў і гуманізму ўвогуле. У гады сталінізму, як вядома, загінулі тысячы і мільёны людзей.
   30-я, ды і ў немалой ступені 40-я і пачатак 50-х, — гады драматычна-трагедыйныя, яны ў нашай гісторыі прывялі грамадства да многіх бедаў і няшчасцяў. Да паказу і асэнсавання вытокаў народнай трагедыі ў даваенныя гады звярнуўся вядомы сучасны празаік В. Быкаў у сваіх аповесцях "Аблава", "Сцюжа", апавяданнях "Жоўты пясочак", "Палітрук Каламіец" і інш. У цэнтры аповесці "Аблава" — лёс беларускага сялянства ў часы сталінскай калектывізацыі. Хведар Роўба, галоўны герой твора, якраз і ўвасабляе тыповую долю беларуса-гаспадара, народа-працаўніка, які зазнаў у 30-я гады нечуваныя рэпрэсіі, гвалт, масавае фізічнае вынішчэнне. Сімвалічная ў гэтым сэнсе назва роднай вёскі Хведара — Нядолішча. Адсюль, з бацькаўшчыны, з зямлі, на якой "біўся зімой і ўлетку, як рыба аб лёд", Хведар аказаўся прымусова высланы на катаргу. Калектывізацыя ўчыніла аблаву на дбайных працаўнікоў, рассяляніла вёску. Во хто ж ён, Хведар Роўба? Гаспадар зямлі, палітай уласным потам. Працавітасць, адданасць зямлі, адвечнаму ўкладу сялянскага жыцця — вось тыя рысы і якасці ягонай натуры, якія Збліжаюць гэты вобраз з такімі героямі нашай літаратуры, як Міхал з "Новай зямлі", Юзік Верамейчык з рамана "Мядзведзічы" Кандрата Крапівы, Леапольд Гушка з рамана "Бацькаўшчына" і Лявон Бушмар з аднайменнай аповесці Кузьмы Чорнага... На такіх працаўніках, як Хведар Роўба, трымаўся "сялянскі мацярык" (выраз Алеся Адамовіча). Савецкая ўлада залічыла яго, серадняка, у кулакі, зрабіла ворагам калгаснага будаўніцтва. Ён жа ніколі такім не быў і не жадаў быць, бо ніяк не мог зразумець, "завошта адабралі ўладай жа дадзеную зямлю". Хведар Роўба ўцякае з катаргі дамоў, дзе сустракае суровы прысуд лёсу. У арганізаванай аблаве ўдзельнічае яго родны сын Мікалай. Загнаны, як воўк "на адмысловым паляванні", Хведар захлынаецца ў багне.
   Зрэшты, В. Быкаў звярнуўся і да асэнсавання іншай трагедыйнай старонкі беларускай гісторыі — Слуцкага паўстання 1920 года. Гэтай тэме прысвечана апавяданне "На Чорных лядах". Пісьменнік паказвае паўстанцаў у апошнія хвіліны жыцця, калі яны апынуліся ў аблозе і па чарзе самаахвярна гінуць. Яны жадалі аднаго — жыць "сваёй беларускай сям'ёй, па справядлівасці, без маскалёў і палякаў". Камандзір паўстанцаў Мяцельскі на развітанне перад смерцю гаворыць пра тое, што яны змагаліся за незалежнасць Бацькаўшчыны: "Мы — за Беларусь. Нашу няшчасную старонку. Прымі, Божа, твае ахвяры...".
   Гэта аксіёма: без праўдзівага мінулага — няма будучыні. Таму заканамерным бачыцца зварот пісьменнікаў да тэмы сталінскіх рэпрэсій, імкненне асэнсаваць вынікі культаўскіх часоў і ўсё тое негатыўнае, што спарадзіла тагачасная сістэма ўлады. Сведчаннем таму — аповесці Янкі Брыля "Муштук і папка", I. Навуменкі "Вір", В. Казько "Но Пасаран", А. Асіпенкі "Цыркачка і маёр", Алеся Жука "Праклятая любоў", А. Кудраўца "Двое за нізкім столікам", Янкі Сіпакова "Кулак", а таксама шэраг сучасных раманаў і шматлікія апавяданні. Беларускія пісьменнікі выдатна ўсведамляюць, што без разумення трагічнага лёсу нашага народа і яго складанага мінулага ў даваенныя і ваенныя гады не можа быць поўнай гістарычнай праўды, маральнага ачышчэння і сцвярджэння гуманізму як галоўнай агульналюдскай каштоўнасці грамадскага быцця.
   Проза XX стагоддзя — гэта ў значнай ступені проза пра беларускую вёску. Лепшыя творы на тэму вёскі у прозе 70-80-х гадоў — гэта аповесці Міхася Стральцова "Адзін лапаць, адзін чунь", А. Жука "Халодная птушка", "Паляванне на Апошняга Жураўля", раманы Івана Пташнікава "Мсціжы", "Алімпіяда", А. Кудраўца "Сачыненне на вольную тэму" (другая назва — "Пасеяць жыта"). У гэтых творах пранікнёна апаэтызавана родная зямля, беларуская прырода, сялянская праца, глыбока раскрыты душа народа, вясковы побыт, хараство роднай мовы, мудрая філасофія жыцця на зямлі. У сваім паказе вясковай рэчаіснасці пісьменнікі не абмінулі праўды пра цяжкі лёс вяскоўца, яго пакуты, негатыўныя з'явы ў адносінах чалавека да чалавека, сваёй зямлі, працы на ёй, навакольнай прыроды. Магутная "вясковая" плынь і ў іншых літаратурах, напрыклад у рускай (Фёдар Абрамаў, Васіль Бялоў, Валянцін Распуцін і інш.). Зямля і чалавек на ёй — крыніца глыбокіх мастацкіх уяўленняў такіх выдатных майстроў сусветнай прозы, як Томас Гардзі, Уільям Фолкнер і інш.
   Сучасную беларускую літаратуру немагчыма ўявіць без вясковай тэмы, якая набыла ў наш час іншае гучанне, асэнсавана праз новыя ракурсы светаразумення і светабачання.
   Свет беларускай вёскі з яго маральна-этычнымі асновамі жыцця знаходзіцца ў цэнтры рамана Віктара Гардзея "Бедна басота" (1995). У лепшых традыцыях "вясковай" прозы пісьменнікам створаны яркія сацыяльна-побытавыя сцэны і малюнкі жыцця пасляваеннай беларускай вёскі, псіхалагічна выразна выпісаны характары многіх герояў: Ванькі Зайца, Фядоры Чыркун і яе дачкі Ядзюні, Аляксея Хамутовіча... Жыхары Малога Сяла, як і куранёўцы I. Мележа, трымаюцца адвечнага жыццёвага вопыту, тых прынцыпаў народнай маралі, згодна якім вельмі шмат значыць людское слова, сорам, ганьба. Здаецца, "сялянская Атлантыда", нягледзячы на перажытыя выпрабаванні, беднасць, пакуль непатапляльная: тут жыве здаровы народны дух. А яшчэ вёска ў творы паўстае як "смяшлівая, здатная да жартаў". Гэтая вясковая рэчаіснасць сваёй стыхіяй смеху і гумару падобная да беларускай вёскі 20-х гадоў у "Мядзведзічах" Кандрата Крапівы. Аднак перад намі з рэалістычнай дакладнасцю і пераканальнасцю ўзноўлены і іншыя жыццёвыя рэаліі ды абставіны жыцця пасляваеннай вёскі. Маласельцы пабойваюцца сельскага фінагента Лакідона, які спаганяе з палешукоў грошы, а калі трэба, і выпіўку. Неасцярожны жарт ці слоўца з перцам пра савецкую рэчаіснасць можа бокам вылезці, як да вайны гэта здарылася з Петруком Зайцам, якога забралі з вёскі на чорным "варанку". А пасля таго, як вучні-пераросткі пераблыталі святы і на першамайскае свята вывесілі лозунг да чарговай гадавіны Вялікага Кастрычніка, "усю наступную ноч пачатковая школа дрыжэла і трэслася ад страху немінучай сталінскай кары". I ўсё ж маласельцы наперакор розным нягодам імкнуцца захаваць маральны імунітэт, жыць у сваім вясковым асяродку па-людску.
   Калі ў рамане В. Гардзея беларуская вёска пасляваеннага часу паказваецца захавальніцай традыцыйнага ўкладу жыцця, маральна здаровым арганізмам, то вясковая рэчаіснасць нашых дзён у аповесцях Віктара Казько "Выратуй і памілуй нас, чорны бусел" (1993) і Андрэя Федарэнкі "Вёска" (1995) паўстае як свет, напоўнены шматлікімі сацыяльнымі бедамі, адмоўнымі з'явамі і пазбаўлены ў многім ранейшых каштоўнасцяў.
   Мала аптымізму выклікае сучасная вёска ў героя аповесці Андрэя Федарэнкі. Антон Васкевіч вярнуўся сюды пасля таго, як яго ў канцы 1990 года выгналі з інстытута за адраджэнска-патрыятычныя погляды — дакладней за тое, што ён моцна любіць сваё, роднае, вясковых людзей, іх мову, народныя звычаі. Апынуўшыся на радзіме, Васкевіч на свае вочы пабачыў, як моцна дэфармаваны вясковы лад жыцця: навокал пануе абыякавасць людзей да свайго лёсу, знікаюць чалавечая спагада і дабрыня, квітнее п'янства. "Ды ці любяць яны самі сябе, гэтую мову сваю, звычкі?!" — задаецца пытаннем хлопец, які яшчэ нядаўна любіў свой вясковы край на адлегласці, бачыў у ім крыніцу выратавання. Васкевіч пазбаўляецца ілюзій наконт вёскі, ён адчувае сябе чужым, непатрэбным ёй. I ў той жа час душа Антона жыве балюча-пакутнай любоўю да свайго роднага вясковага свету.
    Проза нашых дзён паказвае, што беларуская вёска перажывае не лепшыя часы, дае нямала падстаў для трывогі пра яе заўтрашні лес.
   Шырокая і бурная плынь сучаснага жыцця прыкметна ўзбагаціла ў літаратуры спектр тэматыкі. Беларуская проза асэнсоўвае многія важныя сацыяльныя і маральна-філасофскія праблемы, якія востра стаяць перад грамадствам.
   Самая трагедыйная тэма сучаснасці — Чарнобыль. I гэта тлумачыцца тым, што "мы ўсе, — як слушна сказаў замежны вучоны Роберт Гейл, — жывём паблізу Чарнобыля". Сучасныя беларускія пісьменнікі ўзрушана, з болем гавораць пра бяду роднай зямлі, трагедыйны лес чалавека і народа. Чарнобыль — галоўная тэма такіх твораў, як раман Iвана Шамякіна "Злая зорка" і яго ж аповесць "Зона павышанай радыяцыі", аповесці Барыса Сачанкі "Родны кут", Віктара Карамазава "Краем Белага шляху", Т. Бондар "Імем Айда і Сына", апавяданняў I. Пташнікава "Львы", В. Казько "Сенакос у канцы красавіка", Віктара Карамазава "Супраць неба — на зямлі", Л. Левановіча "Вяртанне ў радыяцыю", А. Федарэнкі "Бляха" і інш. У многіх творах чарнобыльская ява паўстае ў суаднесенасці з падзеямі мінулага і з'явамі сучаснага жыцця (раман В. Карамазава "Бежанцы", апавяданне I. Навуменкі "Гасцініца над Прыпяццю" і інш.). Прыкметна пашырылася асэнсаванне вынікаў атамнай катастрофы і звязанай з ёй праблемы чалавечага выжывання ў мастацкай дакументалістыцы ("Запіскі аб радыяцыі" Барыса Сачанкі, аповесці "Сталі воды горкія" Васіля Гігевіча і Алега Чарнова, "Выбух над Прыпяццю" Алеся Крыгі і інш.).
   У апавяданні Івана Пташнікава "Львы" (1987) глыбока выпісаны пакуты ад радыяцыі і яе наступстваў такой жывой істоты, як сабака Д'жукі. Аўтар тут выступае як пісьменнік, які ўмее чуйна, пранікліва ўяўляць і перадаваць перажыванні жывога стварэння. I гэта Збліжае яго з такімі таленавітымі сучаснымі празаікамі-анімалістамі, як англічанін Рычард Эдамс, які напісаў раман "Чумныя сабакі", рускія пісьменнікі Гаўрыіл Траяпольскі, пяру якога належыць вядомая аповесць "Белы Бім Чорнае Вуха", Васіль Бялоў, аўтар цікавага Зборніка "Апавяданні пра ўсякую жыўнасць". Чарнобыль змусіў людзей пакінуць радзіму. Увесь трагізм гэтага вымушанага расстання раскрыты ў сцэне, калі малады гаспадар развітваецца з Д'жукі: "Перад тым гаспадар пусціў яго ў хату і доўга гладзіў па галаве, гледзячы ў вочы. Пасля сам лізнуў яго, Д'жукі, у нос і заплакаў". Палічылі, што сабакі ў забруджанай зоне нібыта разносяць радыяцыю, таму іх адстрэльваюць. З гэтых жывых стварэнняў лезе поўсць, яны становяцца падобнымі на львоў. Д'жукі паўстае з твора як істота з адкрытай і відушчай душой, якой вельмі цяжка, балюча, трывожна.
  Праблема экалогіі жыцця, праблема адносінаў чалавека і прыроды набыла ў сучаснай прозе маральна-філасофскую заглыбленасць асэнсавання. Найперш гэта выяўляецца ў творах Алеся Жука, Віктара Казько, Віктара Карамазава і некаторых іншых празаікаў.
   Беларуская проза нашых дзён — гэта жывое, чуйнае люстэрка сучаснай рэчаіснасці з яе вострымі сацыяльнымі і маральна-этычнымі праблемамі. Пасля 1985 года азначыўся паварот ад традыцыйна-вясковай прозы да тэматычнай разнастайнасці. Літаратура як даследчыца жыцця пазбавілася розных забаронаў і абмежаванняў. Вельмі прыкметнай з'явай стала і тое, што ў беларускую прозу актыўна ўвайшоў малады герой (творы Уладзіміра Арлова, Алеся Асташонка, Алеся Наварыча, Андрэя Федарэнкі і інш.).
   Многія пісьменнікі, паяднаўшы сучасную рэальнасць і мінулае, імкнуцца паказаць, як новы час уплывае на духоўнае адчуванне асобы, маральнае развіццё грамадства, які змест і сэнс набывае чалавечае быццё. У гэтым красамоўна пераконваюць аповесці Iвана Шамякіна "Вернісаж", "Без пакаяння", "Падзенне", В. Казько "Да сустрэчы...", "Прахожы", В. Адамчыка "Развітальная аповесць". Гэтыя і іншыя творы пераконваюць у тым, што наша проза пры канцы XX стагоддзя ўсё больш робіцца па-філасофску экзістэнцыйнай: праз заглыбленне ў псіхалогію асобнага чалавека яна раскрывае драматызм, абсурднасць існавання ў сённяшнім свеце, пазбаўленым ідэалаў і маральнай трываласці, выяўляе страту радасці і шчасця, стомленасць і расчараванасць перад суровымі наступствамі часу і лёсу. У гэтай сувязі згадваецца канцэпцыя трагедыйнасці чалавечага быцця, якая вызначае светабачанне такіх вядомых пісьменнікаў, як Франц Кафка і Альбер Камю, Фёдар Дастаеўскі і Міхаіл Булгакаў. Разам з тым, у сучаснай прозе адчуваецца моцная прага светлай радасці, дабрыні на зямлі, жаданне выратаваць ад заняпаду чалавечага духу.
Iвана Шамякіна называюць пісьменнікам сучаснай тэмы, паколькі ён заўсёды быў цесна далучаны да асэнсавання надзённых праблем часу, вострых пытанняў грамадскага жыцця. З новай актыўнасцю пісьменнік пачаў даследаваць сучасную рэчаіснасць у 90-я гады. I гэта тлумачыцца тым, што ў грамадстве постсавецкага часу запанаваў бязладны хаос, пагоршыліся ўмовы жыцця, яго ахапіла інфляцыя духоўнасці, а яшчэ нарадзіўся сляпы культ грошай, які разбурыў мараль, выявілася абыякавасць чалавека да свайго лёсу, распаўзлася эпідэмія жорсткасці, насілля.    У кнігах прозы "Сатанінскі тур" (1995) і "Палеская мадонна" (1998) I. Шамякін малюе рэчаіснасць без прыхарошвання, паказвае такой, якая яна ёсць, каб мы ўбачылі ўсю абсурднасць навакольнага свету, адчулі яго расчалавечанасць, усвядомілі, што без маральных арыенціраў шлях вядзе толькі да вырачэння светлага і Боскага, да ўсенароднага бедства і вялікіх пакутаў. Сёння празаік піша з публіцыстычнай завостранасцю і ўсхваляванасцю слова, ён турбуецца пра лёс чалавечнасці і будучыні грамадства.
   Нямала драматычнага і трагедыйнага паўстае перад намі з твораў I. Шамякіна. Не ад добрага жыцця падаўся ў Польшчу гандляваць на базары малады навуковец-філолаг Уладзіслаў Булацкі з аповесці "Сатанінскі тур". Ён, дбаючы пра сям'ю і яе матэрыяльны дабрабыт, змушаны пераступіць праз тое, што абражае яго годнасць, становіцца ў выніку ахвяраю неспрыяльных абставінаў сучаснай рэчаіснасці. Не даехаўшы да мяжы, Уладзіслаў памірае. Ды смерць чалавека не спыніла астатніх камерсантаў, якія, не абцяжарваючы сябе дакорамі сумлення, маскіруюць у аўтобусе нябожчыка і спяшаюць як мага хутчэй патрапіць на Варшаўскі базар. Пісьменнік паказвае, як у пагоні за грашыма руйнуецца чалавечая мараль, нараджаецца абыякавасць, бяздушнасць.
   Усё прыкрае, брыдкае, ганебнае абясцэньвае ўнутраную сутнасць чалавека, ператварае яго ў пярэваратня, нейкага мутанта, якім і зрабіўся Раман Юшкоўскі, герой аповесці "Падзенне". Спакуса лёгкага жыцця стала прычынай таго, што ў ім "сумленне заснула". Раман бярэ хабар, адступаецца ад маральных прынцыпаў, даводзіць да самагубства жонку. Урэшце, ён праз сваю каханку Вераніку захварэў на СНІД. Нельга не пагадзіцца з несуцяшальным дыягназам пісьменніка: маральнае падзенне вядзе і да фізічнага выраджэння.
   Лёс маленькага чалавека з часоў Дзікенса, Чэхава і Дастаеўскага не перастае хваляваць прозу маральна-гуманістычнай скіраванасці, У сучасным разладзе жыцця, калі пануе сацыяльная неўладкаванасць, штодзённай з'явай сталі нястача і беднаець, найцяжэй прыходзіцца звычайным людзям, і гэта з хвалюючай праўдзівасцю, трывогай паказвае I. Шамякін у аповесці "Палеская мадонна". Мнагадзетная маці Надзея Русак думае пра тое, як пракарміць дзяцей, застаецца са сваёй бядой сам-насам. У той жа час прэзідэнт аграфірмы Валяр'ян Паповіч, адчуваючы сябе паўнапраўным гаспадаром становішча, дбае пра ўласны дабрабыт, а не пра людзей. Не можа ён дараваць Надзеі Русак праўду, што выказала яму ў вочы пра будаўніцтва катэджа, маўляў, за якія-такія грошы той будуе палац. Сапраўды, на гэтай грэшнай зямлі рай будуюць валяр'янавы — будуюць для сябе. Маленькаму ж чалавеку застаецца гараваць, пакутаваць, нярэдка так, як Надзеі Русак. I гэты чалавек не можа не выклікаць жалю, спачування. Пісьменнік не толькі шкадуе сваю гераіню і яе дзяцей, але і паказвае яе жыццястойкасць, захапляецца яе ахвярнасцю, мацярынскім пачуццём — глыбокім і невынішчальным. Нягледзячы на цяжкасці, душа маці не стала прадажнай, звыродлівай, здрадлівай, захавала свой чалавечы воблік.
   У аповесцях I. Шамякіна на тэму сучаснасці часта гучаць маральна-публіцыстычныя разважанні. пра страчаныя ідэалы, драму быцця. Адчуваецца нязгода пісьменніка з тым, што бяздушны прагматазм, абыякавасць да лесу чалавека, жорсткасць сталі ў значнай ступені рэальнай асновай існавання грамадства, ён у многіх выпадках выказваецца з пазіцый хрысціянскага гуманізму. Красамоўным сведчаннем трагічнага светаўспрымання аўтара з'яўляецца алегорыка-гратэскавая выява сучаснай рэчаіснасці, якая паўстае з аповесці "Вернісаж". З карціны мастака Міхала Рачыцкага на гледача абрынулася жудаснае відовішча: нясуцца ашалелыя звяры і машыны, праз шкло аўтамабіляў глядзяць чалавекападобныя монстры, да якіх працягвае руку "Маці ў лахманах". "А за ёй, што бярозавыя паленцы на мастку, ляжалі голенькія худзенькія трупікі дзяцей. I цягнулася жудасная сцежка з трупікаў у... неба". Што і казаць, страшную фантасмагорыю стварыў мастак: з'яўляецца прадчуванне вялікай катастрофы.
   I. Шамякін дэманструе жорсткі рэалізм пісьма, а, з другога боку, ім выкарыстоўваюцца прыёмы абсурду і сатыры ў паказе рэчаіснасці, каб узмацніць адчуванне парадоксаў, анамалій, кантрастаў сучаснасці. Тым самым пісьменнік скіроўвае нас да пошуку здаровага сэнсу і агульначалавечай логікі быцця.
   Для мастацкага асэнсавання нашага часу і яго балючых праблем у творах многіх сучасных пісьменнікаў характэрны зварот да гратэску, спалучэнне рэальнага і фантастычнага. У аповесці В. Казько "Да сустрэчы..." (1997) навакольны свет паўстае як тэатр абсурду і жаху, які палохае чалавека. Галоўны герой твора Майстар нібы апынуўся на раскрыжаванні часоў і розных эпох, бачыць натоўп чалавекападобных істотаў з жахлівымі кентаўрамі, і яго апаноўвае безвыходнасць. Таму ў аповесці з'яўляюцца матывы адзіноты і смерці, якія ў В. Казько, як і наогул у пісьменнікаў-экзістэнцыялістаў, сведчаць пра трагічную асуджанасць чалавека і гавораць пра страту ім сэнсу існавання перад наступствамі хаосу, зла, бездухоўнасці. Майстар пакутліва ўсвядоміў, што расшчапленне чалавечай душы атамам жорсткасці, вар'яцтва вядзе чалавецтва да вялікага бедства на зямлі. I ўсё ж ён спадзяецца на тое, што светлы пачатак сусвету пераменіць рэчаіснасць, прынясе нам сустрэчу ў горадзе розуму і шчасця.
   У многім фантастычнай паўстае перад намі сучаснасць і з твора Андрэя Федарэнкі "Смута, або XII фантазій на адну тэму" (1994), які па жанры ён вызначае як аповесць-фантасмагорыю. У Гімназіі Новага Тыпу разам з дэмакратычнымі новаўвядзеннямі адбываюцца і рэчы амаральнага, абсурднага парадку, якія ператвараюць сітуацыю ў навучальнай установе ў камічную і нагадваюць дзіўны маскарад. Бо і дырэктар гімназіі Расолька, і журналіст Джынсавы Прэсавіч успрымаюць змены як чарговую гульню, умеюць пачапіць патрэбную маску. Між сабой пераблыталіся шчырасць і хлусня, разумнае і дурное, добрае і злое, і гэта выклікае ў аўтара "Смуты..." справядлівую трывогу.
   Не застаюцца па-за ўвагай пісьменнікаў цёмныя і анамальныя бакі жыцця. Для прозы Юрыя Станкевіча характэрна жорсткая манера пісьма: ён паказвае рэчаіснасць такой жа змрочнай і нават агіднай, якая яна ёсць нярэдка на самай справе — з цяжкімі забойствамі, гвалтам, нялюдскасцю (аповесць "Рыфма", апавяданні "Знак да нападу", "Совы спяць днём", "Ізумрудна-зялёныя мухі" і інш.). Ён нярэдка з поспехам будуе сюжэты твораў у дэтэктыўным, прыгодніцкім ключы.
   Сурова-рэалістычны погляд выяўляецца ў апавяданнях Алеся Асташонка "Шклатара" і "Зное". Героі гэтых твораў — людзі "дна", якія сталі бядой, трагедыяй нашага грамадства. Пісьменнік паказвае маральную дэградацыю чалавека з бязлітаснай праўдзівасцю. Негатыўныя з'явы ў жыцці сучасных падлеткаў і моладзі, што сталі прыкрымі, ганебнымі хваробамі, паказаны ў аповесцях Ірыны Жарнасек "Мона Літа" (1991) і Уладзіслава Рубанава "Распусная" (1991). Гераіня аповесці "Распусная" — дваццацігадовая прастытутка Аксанка. Яна адна з тых сённяшніх маладзенькіх дзяўчат, якая трапіла ў пастку бяды. Гераіня аповесці I. Жарнасек таксама не з ліку станоўчых, бо, стаўшы маці, яна адраклася ад свайго дзіцяці. Апавяданне Пятра Васючэнкі "Белы мурашнік" уздымае праблему сацыяльнай заціснутасці і неўладкаванасці моладзі. Вельмі часта ў маладых хлопцах і дзяўчатах не жадаюць бачыць людзей са сваімі справядлівымі жаданнямі і жыццёвымі праблемамі, а ўспрымаюць іх толькі як "кузюрак з іхнімі хаценнямі". Пра вытокі трагічнага лёсу студэнта Жэнькі задумваецца Алесь Наварыч у апавяданні "АЗМ адпомшчанне ўздам", прычыны ўнутранага разладу маладога хлопца Вяргейчыка са светам рэчаіснасці раскрывае Андрэй Федарэнка ў аповесці "Гісторыя хваробы". Атмасфера вайсковага побыту з бязлітасным рэалізмам паказана ў апавяданнях Уладзіміра Сцяпана (Сцепаненкі) "Колер хакі", Міраслава Шайбака (Адамчыка) "Каб я здох...", "Дух, шнурок, кандзед, дзед...", "Парадка".
   Зірнуць на грамадства і навакольную рэчаіснасць з гумарам і дасціпнасцю — гэта ў добрай традыцыі беларускай прозы (згадайма хаця б раман Андрэя Мрыя "Запіскі Самсона Самасуя"). "Прыгоды Рабунькі" і "Дзённікі Рабунькі" (1995-1996) Алеся Наварыча напісаны ў духу гратэскаў і вострых шаржаў Эрнста Тэадора Гофмана, Карэла Чапека, Міхаіла Булгакава. Галоўны дзейны персанаж гэтых твораў — такая "вумная" істота, як карова. Рабунька, як ні дзіўна, умее не толькі гаварыць, але і пісаць. З запісаў, зробленых кароваю, мы даведваемся пра многае: пра яе захапленні, адносіны да мовы, нават пра тое, як яна падалася ў палітыку.
   У аповесці. Алега Мінкіна "Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў" (1994), якая напісана ў жанры утопіі, у гратэскна-сатырычным плане створана мадэль нашага грамадства і паказана яго гісторыя, сучасная рэальнасць. Фантастычная краіна Хлудзія — гэта аналогія таталітарнай дзяржавы, заснаванай на тыраніі, дэспатызме, утапічных ідэях, абсурдным ладзе жыцця. Гэтая невялікая краіна абнесена высокім парканам, які адгароджвае яе ад усяго свету і ўяўляе своеасаблівую "пятлю часу, якая з усіх бакоў абмяжоўвае кавалак прасторы". Лёсы людзей у Хлудзіі вяршыць Цмок Калывок, а самі яны забыліся, дзе жывуць і якая ў іх гісторыя, існуюць у атмасферы несвабоды, фальшу, тлуму, бязглуздых законаў і эксперыментаў. Усё ж "дыктатар Цмок быў зрынуты рухавымі з Хіцерам Зміцерам на чале". А. Мінкін праз гратэскавыя сцэны і вобразы стварае карнавальна-парадыйны свет і праводзіць думку пра неабходнасць вяртання грамадства да першародных агульначалавечых каштоўнасцяў. У гэтым сэнсе твор нашага сучаснага беларускага пісьменніка па-мастацку ярка ўпісваецца ў традыцыю сатырычнага, алегорыка-фантастычнага паказу рэчаіснасці, да якой належаць творы ў жанры антыутопіі вядомых пісьменнікаў Олдаса Хакслі, Джорджа Оруэла і інш.
   Колькасна нешматлікую, але надзвычай адметную старонку ў сучаснай літаратуры займае проза на тэму далёкага мінулага. Цікавасць да гісторыі і яе мастацкай інтэрпрэтацыі з кожным годам узмацняецца, пра што сведчаць такія найбольш значныя празаічныя творы 90-х гадоў, як раманы Iвана Шамякіна "Вялікая княгіня", Генрыха Далідовіча "Кліч роднага звона", Вольгі Іпатавай "Залатая жрыца Ашвінаў". Дзякуючы найперш творчым намаганням і набыткам Уладзіміра Караткевіча, гістарычная тэма ў сучаснай прозе стала з'явай эстэтычна важкай і рухомай. Менавіта У. Караткевіч заклаў грунтоўны падмурак у жанры гістарычнага рамана і аповесці, прадэманстраваў яркасць мастацкага пісьма. Творы гэтага пісьменніка захапляюць сваім духоўным зместам, сюжэтна-падзейным рухам думкі,'у іх жыве непадробны дух беларускай даўніны, героіка і драматызм мужных, ахвярных учынкаў, рамантычная паэтызацыя прыгожых чалавечых пачуццяў. Ён стаў для айчыннай гістарычнай прозы тым, кім з'яўляюцца для англійскай літаратуры Вальтэр Скот, польскай — Генрык Сянкевіч, нямецкай— Генрых Ман і Ліон Фейхтвангер... У. Караткевіч выдатна паказаў, што толькі ўсвядомленае гістарычнае і нацыянальнае быццё прадвызначае духоўную эвалюцыю асобы, грамадства, народа. Гістарычная проза нашых дзён плённа працягвае традыцыю У. Караткевіча ў мастацкім пазнанні далёкага мінулага, праз напластаванні часу пранікае да таямніцаў і загадак "слядоў даўно мінуўшых год". Нашы сучасныя пісьменнікі, уваскрашаючы ў вобразах і сцэнах беларускую даўніну, Зберагаюць, кажучы словамі У. Караткевіча, "народную памяць аб нашых слаўных продках, аб лепшых старонках сваёй гісторыі".
   Сучасную гістарычную раманістыку папоўнілі цікавыя творы Леаніда Дайнекі "Меч князя Вячкі" (1985), "След ваўкалака" (1988), за якія аўтар адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, а таксама ягоны раман "Жалезныя жалуды" (1990). У гэтай трылогіі пісьменніка ажываюць старонкі і падзеі нашага старажытнага мінулага. Раман "Меч князя Вячкі" пераносіць нас на пачатак XIII стагоддзя, калі на Полацкае княства абрынулася крыжацкая навала. Тэўтоны імкнуліся падначаліць славянскія і прыбалтыйскія землі. Мужным абаронцам Полацкай зямлі, непрымірымым ворагам крыжакоў паўстае князь Вячка (Вячаслаў Барысавіч), вобраз якога ў творы займае цэнтральнае месца. Пісьменнік паказвае яго як патрыёта роднай зямлі, свабодалюбівую натуру. Вячка добра ўсведамляе, што галоўнае — гэта спыніць міжусобіцы, варажнечу паміж князямі, утрымаць незалежнасць, уратаваць свой народ ад рабства. Празаік стварае яркі вобраз Якава Палачаніна. Менавіта ён пасля гібелі князя Вячкі выносіць ягоны меч, які сімвалізуе няскоранасць нашага народа.
   У цэнтры рамана "След ваўкалака" — вобраз славутага Усяслава Чарадзея, які, згодна легендарных звестак, валодаў незвычайнымі здольнасцямі — "разумеў галасы ўсяго жывога", мог перакінуцца ў ваўкалака. Князь паўстае перад намі ў вельмі драматычны момант: разам з сынамі яго паланілі кіеўскія князі Яраслававічы. "Вельмі любіць Усяслаў свой Полацк, Полацкую зямлю", ён — мужны і адважны вой — трымаецца перад Яраслававічамі з гонарам, высакародна. Неўзабаве на Кіеў рушылі палавецкія орды хана Шарукана. Кіяне вызвалілі з поруба Усяслава і даверылі яму свой лёс. У цяжкую, смяротную хвіліну, узначаліўшы войска кіян, ён моцным шчытом адкідвае палавецкую навалу. Аднак затым Усяслаў адмаўляецца ад вялікакняжацкага трона, бо не жадае, каб лілася кроў у міжусобіцах, каб па касцях славян хан Шарукан увайшоў у Кіеў: "Не хачу крыві і бягу ў Полацк. Люблю Кіеў, але Полацк люблю болей". Усяслаў паказаны як дальнабачны, разважлівы палітык, глыбока маральная асоба. Ён не прымае рэлігійнага процістаяння, бо і "дзеці Перуна" і хрысціяне — людзі адной зямлі". Князь Усяслаў асуджае непрымірымасць і жорсткасць да бліжняга, прытрымліваецца прынцыпаў гуманнасці, вышэй за ўсё ставіць адданасць радзіме.
   Раман "Жалезныя жалуды" вяртае нас у часы зараджэння беларуска-літоўскай дзяржавы (пачатак — сярэдзіна XII стагоддзя) і таксама ўваскрашае старонкі героіка-трагедыйнага змагання нашых продкаў з іншаземнымі захопнікамі. Адзін з галоўных персанажаў твора — вобраз Міндоўга. Гэты князь аб'яднаў беларускія і літоўскія землі ў адзіную дзяржаву з сталіцай у Наваградку. Ён здолеў кансалідаваць сілы і разбіць тэўтонскія полчышчы. Л. Дайнека не ідэалізуе Міндоўга як палітыка і чалавека, бо новая дзяржава славян і літоўцаў "нарадзілася ў вялікіх пакутах, агні і крыві". Яркую індывідуальна-мастацкую характарыстыку набылі ў рамане вобразы князёў Далібора, Ізяслава, Войшалка. Пры раскрыцці пісьменнікам падзей і канфліктаў мінулага не губляецца напружанасць дзеяння, займальнасць апавядання.
   Да пары зараджэння і барацьбы за беларускую дзяржаўнасць скіроўвае нас у сваім рамане "Кліч род нага звона" (1995-1998) і Генрых Далідовіч. З твора добра бачна, як драматычна складваюцца гістарычныя абставіны: новагародскай зямлі пагражаюць манголы і крыжакі, у суседнім Галіцка-Валынскім княстве таксама выношваюцца хітрыя, каварныя планы. Галоўная ідэя твора заключаецца ў тым, каб паказаць гартаванне патрыятычна-нацыянальнага духу і свядомасці, па-мастацку сцвердзіць думку, што незалежнасць — умова пабудовы сваёй уласнай дзяржавы. Калі У. Караткевіч імкнуўся паказваць мінулае ў рамантызаваным, прыгодніцкім ключы, то Г. Далідовіч прытрымліваецца традыцыі рэалістычнага жывапісання. Цікавасць да сюжэта твора ўзмацняе тое, што пісьменнік ярка паказвае любоўныя страсці, "жар кахання".
   Старадаўнія пласты гісторыі глыбока ўздымае Вольга Іпатава. Аповесць "За морам Хвалынскім" (1989) пераносіць нас у часы Полацкага княства (XI стагоддзе). За мора Хвалынскае (Каспійскае), у Сярэднюю Азію выпраўляецца і трапляе палачанін Алекса, які адкрывае экзатычны свет далёкага краю. Герой твора спазнае жыццёвую мудрасць і адвечныя традыцыі жыхароў Усходу, іх рэлігію, звычаі і побыт. Шмат што ўражвае і здзіўляе, аказваецца блізкім яго поглядам на свет. Усходняя філасофія і культура духоўна ўзбагаціла Алексу, ён прыходзіць да вельмі важнай высновы агульначалавечага характару пра тое, што "ў свеце — адна душа, а мы ўсе, усе тыя, хто жыве на зямлі, — толькі часткі гэтай душы". Пісьменніца ў сваёй аповесці маляўніча ўзнаўляе ўсходні каларыт, уводзячы ў мастацкі тэкст пейзажныя замалёўкі, прытчы, урыўкі з Карана, твораў Ібн Сіны.
   У гістарычным рамане "Залатая жрыца Ашвінаў" (1997) В. Іпатава робіць мастацкі экскурс у часы княжання Міндоўга, калі на нашай зямлі, нягледзячы на ўсталяванне хрысціянства, працягвала жыць вера ў адухоўленыя сілы прыроды, у існаванне Перуна, Сварога, Вялеса, Лялі і іншых бостваў. Сонца, неба і зоркі здаўна сталі крыніцай міфалагічнай вобразатворчасці і рэлігійнага пакланення для іншых народаў, і таму на старонках твора ідзе згадка пра самыя старажытныя вераванні і абрады, багоў індусаў Індры, Дакшапаці, Агні. Пісьменніца робіць выхад да першавытокаў міфалогіі беларусаў, асэнсоўвае глыбокі ўнутраны змест поглядаў і ўяўленняў нашых продкаў, спасцігае іх мудрую філасофію быцця, заснаваную на трывалай і гарманічнай духоўнай повязі з космасам. Жрыца храма Ашвінаў Жывена, галоўная гераіня твора, якраз і ўвасабляе сабой глыбокую, жывую повязь чалавека з прыродай, зорным сусветам. Яна гаворыць і Міндоўгу, і Войшалку пра тое, што душа прылятае на гэты зямны свет, каб выканаць пэўную ролю і зведаць выпрабаванні, наканаваныя вышэйшымі сіламі. Жывена, успрыняўшы сэрцам мудрыя ўрокі старога Святазара, сама стала прапаведніцай гартавання і паратунку чалавечага духу, яго ўзвышэння праз веру "багам і светламу пачатку жыцця". У творы з вуснаў жрыцы Ашвінаў гучыць гуманістычная думка пра духоўнае адзінства людзей пад вечным зорным небам: "І неба на ўсіх адно, і зоркі на ім тыя ж".
   У творах пра далёкае мінулае Уладзіміра Арлова знаходзіцца, як правіла, лёс пэўнай гістарычнай асобы. Зрэшты, кнігі пісьменніка "Дзень, калі ўпала страла" (1988) і "Рандэву на манеўрах" (1992) складаюць аповесці і апавяданні пра гісторыю Беларусі самых розных часоў і эпох (ад XII да XX стагоддзя). З аповесці "Дзень, калі ўпала страла" паўстае вобраз полацкага князя Уладзіміра, якога сяряднявечная "Хроніка Лівоніі" называе Вальдэмарам. У мастацкай трактоўцы пісьменніка Уладзімір — мужны заступнік і абаронца Полацкай зямлі, яе палымяны патрыёт. Акрамя таго, ён — разважлівы палітык і воін, які ўсведамляе, што супрацьстаяць крыжацкай агрэсіі трэба не толькі сілай, але і розумам. Палёт стралы, пра якую думае князь Уладзімір, становіцца сімвалам чалавечага шляху, яго паяднанасці з часам, памяццю і гісторыяй.
   "Час чумы" — аповесць пра выдатнага паэта-гуманіста XVI стагоддзя Міколу Гусоўскага. Празаік стварае яркі мастацкі жыццяпіс беларускага песняра ў італьянскі перыяд, калі ён апынуўся ў Рыме і стварыў там славутую "Песню пра зубра". Гусоўскі, як і кіраўнік дыпламатычнай місіі Эразм Вітэліус, не шукаў у Еўропе ўласных выгодаў і славы, бо сваё прызначэнне бачыў у тым, каб расказачь свету праўду пра радзіму, пакуты роднай зямлі, дапамагчы ёй і суайчыннікам у часіну пагрозы чужаземнага нашэсця. Пісьменнік шматгранна раскрыў унутраны свет творцы, паказаў нам яго як жывога чалавека, які моцна кахае, жыве светлымі і неспакойнымі згадкамі пра любы сэрцу бацькоўскі край, яго лес, балюча перажывае страту блізкіх людзей — каханай Франчэскі і сябра Эразма Вітэліуса.
   У аповесці "Сны імператара" аўтар малюе вобраз Напалеона. "Былы валадар Еўропы", апынуўшыся ў высылцы на востраве святой Алены, у згадках і снах перажывае "далёкія дні — да драбніцаў выяўна, з усімі падзеямі, з аналізам дзяржаўных спраў, з імёнамі, з пачуццямі і адценнямі пачуццяў".
   Пяру У. Арлова таксама належаць апавяданні "Каля Дзікага Поля", "Кроніка Лаўрына Баршчэўскага", "Пішу вам у Масковію", "Пяць мужчын у леснічоўцы" і некаторыя іншыя творы, якія значна паіпыраюць абсягі мастацкай літаратуры на тэму далёкага мінулага і спрыяюць пасталенню нашай гістарычнай памяці.
   Сярод сучасных пісьменнікаў, якія прыкметна сцвердзілі сябе на ніве мастацкай гістарычнай прозы, таксама трэба назваць імя Вітаўта Чаропкі, аўтара рамана "Храм без Бога" (1992). Гэты твор узнаўляе складаныя і вірлівыя падзеі ў Беларусі XVI стагоддзя: паход крымскіх татараў на Беларусь, разгром іх беларуска-літоўскімі войскам і над Клецкам у 1506 годзе, змову з вялікім князем маскоўскім, на чале якой стаяў князь Міхайла Глінскі. Раман шматгеройны, прычым нямала персанажаў рэальныя гістарычныя асобы (кароль Польшчы Аляксандр, вялікі князь Жыгімонт Стары, маскоўскі князь Васіль III, княгіня Настасся Слуцкая і інш.), але адным з цэнтральных вобразаў становіцца вобраз слуцкага ваяра Мацея Кузьмініча. Трагедыйнае гучанне ў творы набывае тэма братазабойчай вайны, прычынай якой становяцца карыслівыя ўласныя інтарэсы і амбіцыі князя Глінскага, які імкнуўся захапіць уладу ў дзяржаве, гэта той Міхайла Глінскі, які здабыў перамогу пад Клецкам над 30-тысячным войскам крымчакоў. Найвялікшая трагедыя, калі чалавек ідзе на здраду Бацькаўшчыне, забываецца на яе лес, пралівае кроў братоў, безразважна руйнуе тое, што нядаўна было святым. У рамане В. Чаропкі добра раскрыты драматызм асобнага чалавека і трагічныя абставіны лесу ўсяго народа на вырашальных паваротах гісторыі.
   Сучасная беларуская проза асэнсоўвае мінулае Беларусі не толькі далёкіх эпох, але і гісторыю XX стагоддзя. Мастацка-гістарычная трылогія Генрыха Далідовіча "Гаспадар-камень" (1986), "Пабуджаныя" (1988), "Свой дом" (1992) прысвечана аднаму з самых складаных і драматычных перыядаў нашага мінулага — станаўленню беларускай дзяржаўнасці ў 1917-1919 гадах. Асабліва насычаныя на падзеі апошнія два раманы трылогіі. Пісьменнік яскрава паказвае, што ў той час, узвіхраны рэвалюцыйнай бурай, супрацьстаяннем палітычных партый, рухаў, ідэй, вырашалася пытанне нашага нацыянальнага самавызначэння, лёс пабудовы беларускага дому, будучыня народа. Вялікае месца празаікам адведзена стварэнню вобразаў нацыянальнай інтэлігенцыі (Лашковіч, Васілевіч, Нямковіч), прычым ён узнаўляе воблікі рэальных дзеячаў тагачаснага грамадскага і культурнага руху, хто цесна прычыніўся да змагання беларусаў за права звацца нацыяй і народам (Зміцер Жылуновіч, які вядомы ў літаратуры як Цішка Гартны, Аляксандр Чарвякоў, Язэп Дыла і інш.).
   Раман "Заходнікі" (1994) Генрыха Далідовіча адлюстроўвае рэчаіснасць першых пасляваенных гадоў у былой Заходняй Беларусі. Паказваецца тут нямала негатыўнага, што нёс той складаны і цяжкі час, і ў гэтым прынцыповая навізна погляду аўтара на пасляваеннае жыццё. У нашай літаратуры было створана нямала ідылічных, павярхоўных карцін пра слаўны лад калгаснага гаспадарання і шчаслівы лёс працоўных у заходніх абласцях Беларусі. Пра адзін з такіх твораў "У Забалоцці днее" (1950) сам яго аўтар Я. Брыль з пазіцый сучаснасці і ведання сапраўдных тагачасных рэалій выказаўся вельмі крытычна: "Азіраешся назад, на сваё "Забалоцце", і горка, і цяжка". На прыкладзе сям'і Грыгарцэвічаў Г. Далідовіч паказвае, як сталінская ўлада рассяляньвала вёску, чыніла з сапраўдных гаспадароў здзек і гвалт. Чалавек заставаўся бяспраўны, яго можна было запалохаць і нават знішчыць. Прысланы старшыня сельсавета Кураглядаў якраз і "ажыццяўляе ўладу", ставіцца да заходнікаў як да ворагаў палітыкі партыі, хлусіць і паклёпнічае, толькі б скалечыць і патаптаць таго, хто стаіць на ягоным шляху. Урэшце, гэты прайдзісвет і дэмагог па-бандыцку ў лесе забівае Сцяпана Грыгарцэвіча — сапраўднага гаспадара, сумленнага працаўніка, і гэтая смерць становіцца ўвасабленнем трагедыі беларускай вёскі, суровым прысудам тагачаснай сістэме ўлады.
   Прыкметнай з'явай у сучаснай прозе стаў зварот да асэнсавання жыцця і дзейнасці найбольш значных асоб нашай гісторыі, культуры, літаратуры. З гісторыка-біяграфічцых твораў апошняга дзесяцігоддзя найперш трэба назваць раманы Алега Лойкі "Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае" і Валянціны Коўтун "Крыж міласэрнасці". Першы раман, як зразумела з назвы, прысвечаны славутаму беларускаму першадрукару і асветніку, другі апавядае пра Алаізу Пашкевіч (Цётку).
   Сучасная проза набывае прыкметны мастацкі вопыт у разнастайных жанравых і ідэйна-тэматычных кірунках. Так, пісьменнікі востра адчуваюць неабходнасць стварэння інтэлектуальнай, філасофскай прозы ў розных эпічных жанрах (апавяданне, аповесць, раман). У гэтым кірунку мастацкія пошукі і набыткі звязаны з імёнамі Васіля Гігевіча, Алеся Асташонка, Адама Глобуса, Барыса Пятровіча і іншых пісьменнікаў. Для іх характэрна экзістэнцыйная паглыбленасць у свет чалавечага жыцця.
   Больш шырока і прыкметна ўвайшла ў нашу прозу тэма горада. З'явілася нават вызначэнне "гарадская" проза. У 70-80-я гады тэма горада знайшла адлюстраванне ў творах Міхася Стральцова, Васіля Гігевіча, Міхася Кацюшэнкі і інш. Цяпер пра горад пераважна пішуць тыя з пісьменнікаў, хто нарадзіўся ў горадзе. Найбольш яркімі прадстаўнікамі "гарадской" літаратуры з'яўляюцца Адам Глобус, аўтар Зборнікаў "Адзінота на стадыёне" (1989), "Смерць — мужчына" (1992), і Галіна Багданава, якая выдала кнігі "Папяровыя замкі" (1990), "Чалавек без адраса" (1991), "Дом іхняе мары" (1994). У творах на тэму горада раскрываюцца свет уяўленняў і псіхалогія гарадскога чалавека, яго паводзіны ва ўмовах сучаснага жыцця.
   У другой палове 80-х — 90-я гады наша літаратура папоўнілася на творы фантастычнага і авантурна-прыгодніцкага зместу. Асаблівы поспех у жанры фантастычнай прозы належыць празаіку Васілю Гігевічу, які стварыў раман "Кентаўры" (1992), аповесці "Карабель" (1989), "Палтэргейст" (1992), "Пабаю" (1992). Апавядаючы неверагодныя гісторыі, пісьменнік найперш імкнецца выявіць і прадказаць тое драматычнае і трагічнае, што нясе ўсім нам страта маральных арыенціраў, чалавечая безразважнасць. Фантастычныя творы нарадзіліся таксама пад пяром іншых аўтараў. Гэта раман Леаніда Дайнекі "Чалавек з брыльянтавым сэрцам", аповесці Янкі Сіпакова "Блуканні па іншасвеце", Алеся Гары (Аляшкевіча) "Д'яблава мора", а таксама апавяданні Сержа Мінскевіча "Ці нашмат мы змяніліся?", Андрэя Гуцава "Сляды" і інш.
   Сучасныя празаікі дбаюць пра тое, каб стварыць цікавыя, займальныя творы для юнай чытацкай аўдыторыі. Захапляе сюжэтна-падзейная плынь у аповесці Андрэя Федарэнкі "Шчарбаты талер" (1997), у якой пераплятаюцца сучаснае і мінулае. Авантурна-прыгодніцкія кнігі належаць пяру Аляксея Якімовіча — "Эльдарада просіць дапамогі" (1989), "Сакрэт Тунгускага метэарыта" (1993), "Пастка для пярэваратня" (1997).
   Яшчэ У. Караткевіч калісьці заклікаў беларускіх пісьменнікаў пісаць дэтэктывы, сам даў яркія мастацкія ўзоры гэтага жанру ("Дзікае паляванне караля Стаха", "Чорны замак Альшанскі"). Празаікі — тыя, хто прыйшоў у нашу літаратуру ў другой палове 80-х — 90-я гады — пайшлі следам за У. Караткевічам і стварылі не адзін дэтэктыўны твор. У нашай літаратуры з'явіліся такія дэтэктывы, як раман Максіма Клімковіча "Сцэнарый смерці", аповесці Міраслава Шайбака "Забойства на Каляды", Алеся Усені "Афсайд", "Здань на хутары", Франца Сіўко "Захапленне бухгалтара Кавальчука", Віктара Праўдзіна "Эксгумацыя", апавяданне Адама Глобуса "Латвійскі дэтэктыў" і інш.
   Часам некаторыя з сучасных празаікаў пішуць пра тое, што ў нядаўнія савецкія часы замоўчвалася, лічылася забароненым. Сёння з'явіліся нават такія віды літаратуры, як эратычная і парнаграфічная. Кніга "Жар кахання" (1996) Г. Далідовіча раскрывае палкія парыванні закаханага сэрца, глыбокія інтымна-любоўныя перажыванні, у ёй шчыра паказаны ўзаемаадносіны мужчыны і жанчыны. Пісьменнік прыводзіць у якасці аднаго з эпіграфаў красамоўнае выказванне рускага пісьменніка I. Буніна: "Творца мае такое ж поўнае права быць смелым у сваім слоўным паказе кахання і яго асоб, якое ва ўсе часы дадзена было ў гэтым выпадку жывапісцам і дойлідам: толькі подлыя душы бачаць подлае нават у прыгожым". Г. Далідовіч імкнецца пазбягаць прымітыўных фізіялагічных карцін, бачыць сваю задачу ў тым, каб па-мастацку выявіць эратычны, пачуццёвы бок чалавечых паводзінаў. А вось кнігі Адама Глобуса "Дамавікамерон" (1994), "Толькі не гавары маёй маме" (1995) — гэта сексуальна-парнаграфічная літаратура, якая, хоць і пазначана тэматычнай навізной кірунку, але выклікае і насцярогу, пакідае ўражанне грубага натуралізму.
   Самая заўважная тэндэнцыя ў развіцці сучаснай прозы — гэта тое, што яна свядома спазнае і выкарыстоўвае вопыт замежнай літаратуры, яе формы і стылёва-выяўленчыя прыёмы пісьма. У творах апошняга часу мы ўсё часцей сустракаем плынь свядомасці, імкненне да падтэксту, умоўна-сімвалічнага і гратэскава-абсурдысцкага адлюстравання свету і да т. п. (творы Віктара Казько, А. Асташонка, Барыса Пятровіча і інш.). Некаторыя літаратурныя рэчы нашых пісьменнікаў вельмі нязвычныя і ўскладненыя, напісаны з выкарыстаннем мадэрнісцкіх элементаў, здзіўляюць сваімі алегарычнымі вобразамі і сімваламі. Беларуская проза зыходу XX стагоддзя ўсё больш арганічна ўпісваецца ў еўрапейскі і сусветны кантэкст літаратурнага развіцця.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!