Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Максім Клімковіч і Міраслаў Адамчык (Шайбак) - "Vita brevis, або Нагавіцы святога Георгія"

   П'еса прысвечана Францыску Скарыне, пастаўлена ў Рэспубліканскім тэатры нацыянальнай драматургіі. Рэакцыя гледача на спектакль была неадназначнай. Занадта нетрадыцыйна выглядаў у ёй першадрукар – у якасці... фрывольнага фарсавага персанажа, гэтакага аматара любоўных прыгод.
   Рэальны, даведзены гісторыкамі факт - сустрэчу і дыспут Скарыны і Марціна Лютэра ў горадзе Вітэнбергу драматургі перадаюць як фрывольную гісторыю пра адзюльтэр. Доктар Скарына сустракаецца не толькі з заснавальнікам лютэранства, але і з яго жонкай.
   Пасярэдзіне сцэны стаіць вялізны ложак, у які па чарзе будуць "правальвацца" дзейныя асобы. У прадбачанні магчымага абурэння, неразумення з боку гледачоў і крытыкі, аўтары паспрабавалі растлумачыць, чаму яны імкнуцца паказаць нетрадыцыйнага Скарыну. Гэта адбываецца ў сцэне, дзе вядуць спрэчку Рэжысёр і Драматург.
   Р э ж ы с ё р. ...Я гэта дарабляць не буду, і нікому паказваць не збіраюся.
   Д р а м а т у р г . Чаму гэта не будзеш?
   Р э ж ы с ё р . Я не ты, я са Скарыны і з Лютэра здзекавацца не магу. Пачыналі працу, ты мне як абяцаў? Напісаць сур'ёзны, манументальны твор, па магчымасці ў вершах, накшталт Фаўста. Узяў бы сапраўднага Фаўста і нарэзаў з яго цытат. Паставілася б нармальна.
   Д р а м а т у р г . На класіку пацягнула, то і ставіў бы класіку. Ты мне галавы не дуры. Скарына, Лютэр яго хвалююць. Які ж ён Скарына - звычайны актор. Сёння ён Скарына, заўтра - святы Георгій. Рэплікі яму я напісаў, мне за іх і адказваць...
   Р э ж ы с ё р . Тады здымай імя Скарыны і Лютэра, гані камедыю. Якія ж яны пасля гэтага дзеячы Адраджэння?
   Д р а м а т ур г. А ты ўяўляеш эпоху Адраджэння? Ты ведаеш што: Петрарка і Бакачча жылі пры каралеўскім двары, дзе адна французская графіня атруціла другую пры дапамозе клізмы. А праз год забіла ва ўласным ложку мужа каралевы. Двор гэты, як пісалі сучаснікі, нагадваў публічны дом. Што Мікеланджэла зламаў нос Леанарда да Вінчы і жахліва знявечыў твар аднаму нямецкаму ювеліру. А знакаміты скульптар Тарыджыяні сам расказваў Бенвенута Чэліні, як аднойчы так моцна ўдарыў маладога Мікеланджэла кулаком у нос, што нос ператварыўся ў аплатку. На што Чэліні расказваў пра тое, як ён катуе і забівае каханак, а потым пахваляўся злачынствамі, якіх нават і не рабіў. А Франсуа Рабле? Як мінімум у дзвюх краінах Франсуа Рабле быў прысуджаны да смяротнай кары. Ты думаеш, Скарына быў лепшы за іх?
   Р э ж ы с ё р . Ты на мяне не цісні. Ты мне Скарыну зрабі такога, каб не сорамна было ні за яго, ні за сябе.
   Д р а м а т у р г. А мне не сорамна ні за сябе, ні за Скарыну. Я раблю эпоху Адраджэння такой, якой яна была.
   Можна спрачацца з Драматургам і пра этычныя межы абыходжання з рэальнымі гістарычнымі асобамі ў мастацкім творы, і пра акалічнасці Рэнесансу, і пра дзейнасць і жыццяпісы асобных яго прадстаўнікоў. Напрыклад, Франсуа Рабле ў жыцці быў паважным аскетам, а да пакарання быў прысуджаны за ерэтычныя погляды.
   Адну з думак, выказаных Драматургам, немагчыма аспрэчыць: чытачу і гледачу мала адных толькі "забранзавелых", манументальных літаратурных партрэтаў вялікіх дзеячаў мінуўшчыны. Смех, гумар у паказе іх жыцця - не абавязкова блюзнерства. Дарэчы, і ў замежнай літаратуры можна сустрэць прыклады досыць вольнага абыходжання з гістарычнымі асобамі.
   Зрэшты, аўтары пастаноўкай твора разлічвалі на грамадскую рэакцыю, на эпатажнасць і нават на скандал - і ў пэўнай ступені свайго дамагліся. Творы, палемічныя паводле зместу, уносяць элемент разнастайнасці ў літаратурны працэс, і гэта варта прызнаць.
   Кожны літаратурны эксперымент рызыкуе абярнуцца выдаткамі, тэхнічнай недасканаласцю, цяжкасцю сцэнічнага ўвасаблення. Можна рабіць шматлікія крытычныя заўвагі, але не трэба забывацца і пра тое, што творчая смеласць і рызыка самі па сабе з'яўляюцца неад'емнай часткай эстэтыкі.

Похожие статьи:

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Голас крыві брата твайго

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - На тутэйшай зямлі

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Дзікі голуб

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Сонечны зайчык

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Пагарэльцы