Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Літаратура старажытнай Русі XI-XIII стст.

   Шмат стагоддзяў аддзяляюць нас ад таго далёкага часу, калі Старажытная Русь, што прывольна разлеглася на шырокіх прасторах Еўропы ад прычарнаморскіх стэпаў на поўдні да наўгародскіх лясоў на поўначы, ад Карпат на захадзе да Волгі на ўсходзе, а пры князях Уладзіміру Святаславічу і Яраславе Мудрым была багатай і магутнай дзяржавай. Але ўжо ў XII ст. палітычная форма адзінай аўтакратычнай імперыі зжыла сябе. I нішто ўжо не магло спыніць няўмольную хаду заканамернага гістарычнага працэсу, выкліканага самім жыццём. Наступленне эпохі феадальнай раздробленасці было абумоўлена ўсім ходам гістарычнага развіцця Старажытнай Русі, неабходнасцю далейшага грамадскага прагрэсу. 
  З ростам палітычнай магутнасці і самастойнасці асобных княстваў у XII ст. склаліся больш спрыяльныя, чым раней, магчымасці для выяўлення мясцовых творчых сіл, для развіцця прыкладнога мастацтва, архітэктуры, пісьменнасці ў розных землях Русі. Не толькі ў стольным Кіеве, але і ў правінцыі ствараюцца помнікі агульнарускага ўзроўню і значэння: белакаменныя саборы Полацка і Уладзіміра, творы Златавуста Кірылы Тураўскага, летапісца Нестара і інш. 
    Ёсць падставы меркаваць, што пісьменнасць на Русі зарадзілася яшчэ ў першай палове X ст., аднак яе шырокае распаўсюджанне пачалося толькі пасля прыняцця хрысціянства, калі рэзка ўзрасла патрэба ў кнізе, значна павялічылася колькасць адукаваных людзей і з'явілася запазычаная ў балгар літаратурная мова, якую звычайна называюць стараславянскай. (Заснавальнікамі яе былі стваральнікі першай славянскай азбукі, вядомыя балгарскія асветнікі IX ст. Кірыла і Мяфодзій.) На стараславянскай мове рускай рэдакцыі была напісана амаль уся царкоўна-рэлігійная літаратура Старажытнай Русі, як перакладная, так і арыгінальная, галоўным аўтарам якой з'яўлялася духавенства. 
   Большую частку літаратурнага фонду старажытнарускай пісьменнасці складала перакладная літаратура грэка-візантыйскага паходжання. Найперш былі перакладзены асобныя кнігі Бібліі — найбагацейшы па змесце помнік сусветнай культуры, які складаецца з твораў выключнай мастацкай сілы і глыбокай жыццёвай мудрасці. Біблія аказала значны ўплыў на развіццё культуры многіх народаў свету, бо ўжо аўтары першых арыгінальных твораў старажытнай літаратуры часта яе цытавалі, пераймалі яе стыль, выкарыстоўвалі біблейскія 
матывы і вобразы.
   Асобны жанр рэлігійнай літаратуры складалі апокрыфы — творы, блізкія па змесце да Святога Пісання, але не ўключаныя ў канон і афіцыйна забароненыя хрысціянскай царквой. У апокрыфах больш падрабязна распрацоўваліся асобныя сюжэты і эпізоды з Бібліі. Асабліва папулярным быў апокрыф «Хаджэнне Багародзіцы па муках», у якім Багародзіца паказана як заступніца людзей, іх апякунка. 
Найбольш распаўсюджаным з усіх жанраў царкоўна-рэлігійнай літаратуры быў агіяграфічны, або жыціі. Героі гэтых твораў — падзвіжнікі хрысціянскай веры, святыя, кананізаваныя царквой. Самымі дасканалымі ў мастацкіх адносінах творамі агіяграфіі з'яўляюцца «Сказанне пра Барыса і Глеба» і «Жыціе Еўфрасінні Полацкай».
   Забітыя ў 1015 г. па загадзе кіеўскага князя Святаполка браты Барыс i Глеб праз шэсць гадоў былі афіцыйна прызнаны першымі святымі рускай царквы. Князі Барыс і Глеб паказаны ў гэтым творы не толькі як сыны і браты, але і як хрысціянскія героі, пакутнікі за веру. Барыс ведаў, што рыхтуецца замах, але лічыў за вялікі грэх падняць руку на старэйшага брата, змірыўся з лесам і чакаў наканаванага. «Сказание...» не зусім адпавядае жанру жыція. У ім нічога не гаворыцца пра дзяцінства Барыса і Глеба, пра цуды на іх магіле. Самі святыя паказаны зямнымі людзьмі, але надзеленымі ідэальнымі якасцямі. Апісанне падзей вызначаецца драматызмам і лірызмам. 
   Па класічнай схеме жыційнай літаратуры манах Кіева-Пячэрскага манастыра Нестар напісаў «Чытанне пра жыццё Барыса і Глеба». Ён жа ў пачатку XII ст. склаў выдатны помнік летапіснага жанру «Аповесць мінулых часоў» — гісторыка-паэтычны сінтэз мінулага Русі. 
   Помнік складаецца з дзвюх частак: уступнай аповесці ў форме апавяданняў пра мінулае і непасрэдна летапісу, які ўяўляе сабой пагадовыя запісы. «Аповесць...» пачынаецца аповедам і выкладам падзей ад Сусветнага патопу. Ва ўступнай частцы расказваецца пра паходжанне славян, рассяленні ўсходнеславянскіх плямён, іх норавы і звычаі.
    Асноўны змест «Аповесці...» — палітычная гісторыя Старажытнай Русі з 852 па 1110 гг. уключна, выкладзеная ў храналагічнай паслядоўнасці падзей. «Аповесць...» уяўляе сабой летапісны звод, гэта значыць своеасаблівую кампіляцыю, у якой аб'яднаны ў адно цэлае матэрыялы, пазычаныя з розных твораў. Аўтар гэтага помніка выкарыстаў самыя разнастайныя гісторыка-літаратурныя крыніцы, айчынныя і замежныя. Летапіс заснаваны як на гістарычным, так і на фальклорным матэрыяле. 
   Надзвычай багатая зместам «Аповесць...» з'яўляецца найкаштоўнейшай крыніцай ведаў пра жыццё продкаў рускага, беларускага і ўкраінскага народаў. У гэтым летапісе ёсць звесткі пра ранні этап палітычнай гісторыі Полацкага княства, пра першых полацкіх князёў Рагвалода і яго дачку Рагнеду, пра Ізяслава, Брачыслава і асабліва пра Усяслава Чарадзея. Імя князя было акружана арэолам славы і яшчэ пры яго жыцці стала легендарным. Аднак кіеўскі летапісец, будучы прыхільнікам палітычнага адзінства старажытнарускіх земляў, паказаў гэтага князя як хітрага, каварнага, «нялітасцівага на кровапраліцце». 
Жыціі і летапісы маюць вялікае культурна-гістарычнае значэнне не толькі як помнікі нацыянальнай мовы і літаратуры, але і як каштоўная крыніца вывучэння багатага гераічнага мінулага нашага народа. Слушна сцвярджае даследчык А. Мельнікаў, што яны даюць магчымасць «зведаць, што думалі, чым захапляліся нашы далёкія і не вельмі далёкія продкі, у што верылі, чым ганарыліся, што любілі, чым грэбавалі».
XII стагоддзе — перыяд найвышэйшага ўзлёту і спеласці старажытнарускай культуры, мастацтва, літаратуры. «Мы не ведаем нічога ў XI-XII стагоддзях на заходнееўрапейскіх мовах, што пераўзыходзіла б летапіс Нестара, словы Кірылы Тураўскага і «Слова пра паход Ігаравы», — пісаў выдатны ўкраінскі вучоны М. Максімовіч.
   Наколькі багатыя ў той далёкі час былі нашы духоўныя скарбы, якія сталі ў далейшым грунтам для няспыннага развіцця культуры Беларусі, сведчыць і дзейнасць аднаго з самых адукаваных людзей свайго часу — Клімента Смаляціча. У летапісе пра яго сказана, што «ён быў кніжнікам і філосафам, якіх на Русі не было яшчэ». Сваю духоўную кар'еру ён пачаў манахам у Смаленску. У 1147 г. пры падтрымцы кіеўскага князя Ізяслава Мсціславіча быў узведзены на пасаду рускага мітрапаліта без санкцыі канстанцінопальскага патрыярха. У летапісе засведчана, што Клімент Смаляціч «много писания написав, предаде», але, на вялікі жаль, ад яго да нас дайшоў толькі адзін твор — «Пасланне прасвітэру Фаме», які тым не менш выяўляе ў яго аўтару выключна адукаванага чалавека. Для творчай манеры Клімента Смаляціча былі характэрны алегарычна-сімвалічны падыход да Святога Пісання, іншасказальнае тлумачэнне біблейскіх тэкстаў, за што і абвінаваціў яго прасвітэр Фама, апанент Смаляціча, быццам той у сваіх творах апіраўся не на айцоў хрысціянскай царквы, а на філосафаў-язычнікаў Арыстоцеля і Платона. 
   Для нас жа тыя «дыскусіі» цікавыя найперш як сведчанне таго, якімі высокаадукаванымі людзьмі былі нашы слынныя продкі, якога высокага майстэрства яны дасягнулі, як дбалі яны пра духоўнае ў той крывавы і жорсткі век, калі «Менск ідзе на Полацк і церпіць паражэнне», а «Полацк ідзе на Менск і церпіць паражэнне» (так і называюцца раздзелы кнігі М. Ермаловіча «Старажытная Беларусь»). 
   Уражвае нас і жыццяпіс смаленскага князя Рамана Расціславіча, які сам любіў кнігі і заснаваў шмат вучылішчаў у Смаленску, на што выдаткоўваў немалыя сродкі, і таму на яго пахаванне прыйшлося рабіць зборы з жыхароў Смаленска. Дадамо яшчэ і тое, што ўсе адзначаныя культурныя дзеячы сваю высокую адукацыю змаглі атрымаць у сябе дома, на радзіме, не выязджаючы ў чужыя краі, напрыклад у Візантыю, як на тое акцэнтуе ўвагу сучаснікаў М. Ермаловіч у згаданай кнізе «Старажытная Беларусь». 
   Аднак у жыцці, а тым больш у гісторыі, няма, бадай, нічога абсалютнага толькі са знакам плюс ці толькі са знакам мінус. XII стагоддзе было ў гісторыі ўсходніх славян адным з самых складаных, супярэчлівых і драматычных перыядаў, напоўненых напружанай і нярэдка крывавай барацьбой, не толькі перамогамі, але і паражэннямі, горам і бядой людскою. Неад'емнай рысай феадальнай раздробленасці, прычынай і непасрэдным вынікам палітычнага распаду Кіеўскай дзяржавы былі міжусобіцы князёў. 
   Тагачасныя летапісы літаральна перапоўнены звесткамі пра няспынныя сваркі князёў за ўдзелы і ўладу, пра іх бясконцыя паходы на сапернікаў, пра разбурэнні, выгнанні, забойствы... «Летам хадзіў з бацькам на Полацк, а на другую зіму са Святаполкам зноў на Полацк і паліў яго»; «папаліў зямлю і паваяваў яе да Лукомля і да Лагожска, пасля на Друцк пайшоў вайною»; «хадзілі з чарнігаўцамі і з полаўцамі-чытаевічамі на Менск, захапілі горад і не пакінулі ў ім ні чалядзіна, ні скаціны», - так, бы геройства, апісваў свае былыя паходы з агнём і мячом на сваіх адзінаверных суайчыннікаў кіеўскі князь Уладзімір Манамах. 
    Феадальная раздробленасць і міжусобіцы князёў былі абцяжараны грозным націскам на ўсходнеславянскія землі стэпавых качэўнікаў полаўцаў, якія ўпершыню з'явіліся ля паўднёвых межаў Русі ў сярэдзіне XI ст. Бесперапынныя напады, грабяжы і разбурэнні, гібель тысяч людзей сталі сапраўды ўсенародным бедствам. А з захаду на землі ўсходніх славян набліжалася новая, не менш грозная небяспека — крыжакі...  

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!