Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іпаліт Клімашэўскі

(1802-1875)


   Пісьменнік, педагог, бібліятэкар. Нарадзіўся ў мястэчку Капаткевічы на Мазыршчыне. У 1820-1822 гг. І 1826-1827 гг. вывучаў філасофію ў Віленскім універсітэце. У 1830 г. ён выдаў «Noworocznik Litewski na 1831» («Літоўскі каляндар на новы 1831»). Прымаў удзел у паўстанні 1830-1831 гг. Пасля падаўлення паўстання ў 1832 г. эмігрыраваў у Францыю. У 1841 г. разам з А. Астроўскім, В. Звіркоўскім і Ф. К. Гадэбскім заснаваў у Версалі таварыства Віленскай бібліятэкі і на грамадскіх пачатках стаў яе першым бібліятэкарам. Бібліятэка прызначалася для эмігрантаў з Польшчы, Беларусі і Літвы. Меркавалася, што яна стане асновай новага кнігазбору Віленскага ўніверсітэта замест закрытага царскімі ўладамі. Атрымала назву Версальска-Віленскай, або Польскай, бібліятэкі ў Версалі. Пачаткам кнігазбору сталі кнігі, падараваныя Астроўскім, Ф. Зельтнерам і іншымі, збор рукапісаў самога Клімашэўскага і разнастайных пісьмовых крыніц, якія датычыліся паўстання і жыцця эмігрантаў. На працягу 1841-1843 гг. Іпаліт Клімашэўскі надрукаваў некалькі інфармацыйных паведамленняў пра бібліятэку. Да 1847 г. у гэтай бібліятэцы было 4 тыс. тамоў, 2 апрацаваныя каталогі. У 1847 г. Клімашэўскі пачаў працаваць дырэктарам эмігранцкай школы ў прыгарадзе Парыжа Батыньёлі і адначасова стаў апекуном школьнай бібліятэкі, якая налічвала 2 тыс. тамоў і папаўнялася за кошт падараванняў, у тым ліку з кнігазбору Юзафа Крашэўскага. Намаганнямі Клімашэўскага ў 1849 г. школьная бібліятэка была аб’яднана з Версальска-Віленскай і рэгулярна папаўнялася з пазнанскіх кнігарняў; ахвяравалі ёй свае кнігі I. Лялевель і інш. У 1865 г. яна налічвала 21 383 тамы, 5 тыс. малюнкаў і гравюр, 2 тыс. геаграфічных карт і больш за 500 рукапісаў. У 1874 г. з-за адсутнасці памяшкання бібліятэку вырашылі перавезці ў Польшчу ў г. Курнік да кнігазбораў Дзялынскіх. Пасля смерці Клімашэўскага гэты намер ажыццявіў яго пераемнік А. А. Рупрэхт, які ў хуткім часе і сам памёр. У 1880 г. бібліятэка перайшла да ўласнікаў Курніка Замойскіх, якія ў 1925 г. стварылі так званы Курніцкі фонд і перадалі яго дзяржаве. У 1953 г. гэта бібліятэка ўключана ў склад бібліятэк Польскай акадэміі навук, рукапісы з батыньёльскіх збораў захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.
 


З кнігі «Мысліцелі і асветнікі Беларусі»