Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ігнат Храпавіцкі

(1817-1893)

      Род Храпавіцкіх здаўна вядомы на Беларусь. Яго прадстаўнікі займалі даволі высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім і ў Расійскай імперыі. Храпавіцкія былі параднёныя з многімі знакамітымі беларускімі родамі — Агінскімі, Радзівіламі, Плятарамі, Рыпінскімі. Беларусь — спрадвечная радзіма Храпавіцкіх.
      Паэт і фалькларыст Ігнат Храпавіцкі нарадзіўся 31 ліпеня 1817 г. у сям’і камергера царскага двара Яўстаха Храпавіцкага, які жыў у сваім родавым маёнтку ў Каханавічах Дрысенскага павета Віцебскай губерні. Вучыўся дома, у нанятых настаўніках. Звестак пра яго жыццё, асабліва пра ранні перыяд, захавалася не шмат. Вядома толькі, што ён падарожнічаў па краінах Еўропы, наведваў, напрыклад, Рым. Як відаць з яго публікацый, Iгнат Храпавіцкі быў надзвычай адукаваным чалавекам, вызначаўся шырокай эрудыцыяй, культурай.
      Ужо ў маладыя гады Iгнат Храпавіцкі карыстаўся немалым аўтарытэтам сярод сваіх землякоў. Нездарма ж у 1843 г. яго абралі на грамадскую пасаду наглядчыка сельскіх «ссыпных магазінаў» Дрысенскага павета. У яго абавязкі ўваходзіла вывучаць патрэбы сялян, знаёміцца з іх жыццём. Гэтыя абавязкі былі адначасова душэўнай патрэбай абаронцы свайго народа. Вывучаючы народныя побыт і фальклор, Ігнат Храпавіцкі адчуў усю бесчалавечнасць прыгону, пачаў рабіць усё магчымае для вызвалення сялян ад ганебнай няволі. У 1850 г. разам з аднадумцамі Сяргеем Убры і Юстыніянам Шчытам Ігнат Храпавіцкі распрацаваў праект ліквідацыі прыгоннага права, які нават быў прыняты большасцю галасоў на губернскім з’ездзе шляхты Віцебшчыны. Праўда, час адмены прыгону яшчэ не надышоў, і пастанова з’езда засталася толькі на паперы.
      Невядома, з якіх прычын Iгнат Храпавіцкі быў неўзабаве зняты з пасады наглядчыка ссыпных магазінаў. У 1858 г. ён увайшоў у склад губернскага камітэта для выпрацоўкі прапаноў у паляпшэнні жыцця прыгонных сялян, а ў 1859 г. яго выбралі маршалкам шляхты Дрысеншчыны.
      Паслядоўнае змаганне Храпавіцкага за вызваленне сялян, за што ён, відаць, меў нямала непрыемнасцей, урэшце было ўзнагароджана. З афіцыйнай адменай прыгонніцтва Iгнату Храпавіцкаму аб’явілі пра імператарскае «благословеніе» за дзейнасць у падрыхтоўцы рэформы. Пры гэтым яму быў уручаны адпаведны медаль.
      У 1880-х гадах Храпавіцкага як паважанага і шаноўнага чалавека выбралі маршалкам дваран усёй Віцебскай губерні. На гэтай пасадзе ён працаваў да апошніх гадоў свайго жыцця.
      Ігнат Храпавіцкі меў немалыя літаратурныя здольнасці. Першы нумар часопіса «Рубон» (1845) адкрываўся вершам «Дзвіна» Ігната Храпавіцкага, гэты і іншыя вершы паэт пісаў па душэўнай патрэбе. Выдатна праявіліся гэтыя здольнасці і ў публіцыстыцы.
      Гэта відаць і з артыкула «Позірк на паэзію беларускага народа», які блізкі сваім жанрам да эсэ і быў напісаны «з агнём» (Рамуальд Падбярэскі). Свабодная манера пісьма, багатая вобразнасць, лірызм адразу кідаюцца ў вочы пры яго чытанні. Толькі сапраўдны літаратар можа пісаць, такімі, напрыклад, словамі: «Хто ведае паўночныя краі, хто захапляўся напраўду феерычным краявідам нашых палёў і лясоў, аздобленых брыльянтамі інею, хто бачыў у марозны пагодны адвячорак над убогай сялянскай страхой пазалочаны сонцам дым, што ўздымаецца проста ўверх узорыстым воблакам, у якім можна пазнаць то нейкі воз чараўніка, то незвычайны закляты замак, той толькі, кажу я, зразумее, адкуль мог узнікнуць у галаве беднага беларускага селяніна гэты фантастычны свет казкі, свет дзівосаў, свет, поўны золата, перлаў, незлічоных багаццяў, як у аповесцях Усходу».
      Артыкул Ігната Храпавіцкага ярка выяўляе дэмакратызм яго аўтара, шырыню яго душы, гарачае імкненне палепшыць жыццё народа. Гэтым артыкулам аўтар вучыў паважаць народ, шанаваць яго традыцыйную культуру, мову. Нездарма ж ён дае ў канцы і невялічкі тлумачальны слоўнік беларускай мовы. З той жа мэтай, дарэчы, Ігнат Храпавіцкі склаў для сябе шырокую праграму збору беларускага фальклору і ажыццяўляў яе ў шматлікіх паездках па Віцебшчыне і, магчыма, далей, запісваючы ад сялян іх песні і казкі. Ён рыхтаваў да друку «Поўны беларускі песнязбор». На жаль, гэту вялікую задуму ён не змог ажыццявіць ва ўмовах непрыязнасці афіцыйных улад да беларускай культуры. Сабраныя ім матэрыялы не пабачылі свет і хутчэй за ўсё загінулі ў віхурах часу.
      Артыкул Ігната Храпавіцкага «Позірк на паэзію беларускага народа» меў у свой час шырокі рэзананс, пра што сведчыць і водгук на яго Р. Падбярэскага ў артыкуле «Беларусь і Ян Баршчэўскі». Артыкул скіроўваў пісьменнікаў арыентавацца на свой беларускі народ, браць за аснову творчасці яго багатую вусную паэзію, у якой ва ўсёй красе адбілася яго жыццё, багаты ўнутраны свет, заклікаў ствараць сваю нацыянальную беларускую літаратуру.
 


Кастусь Цвірка

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!