Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ян Ходзька

(1777-1851)


   Пісьменнік, драматург, грамадскі дзеяч Ян Ходзька (Барэйка) нарадзіўся ў г. п. Крывічы Мядзельскага раёна. З 1793 г. быў цывільна-вайсковым камісарам Ашмянскага павета, з 1795 — асэсарам суда ў Паставах, з 1798 — падсудкам, з 1808 — падкаморым Вілейскага павета, з 1811 г. — старшынёй Галоўнага цывільнага суда ў Мінску, інспектарам школ у Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях. Адзін з арганізатараў масонскіх ложаў у Мінску і Вільні. Прытрымліваўся памяркоўна-асветніцкіх поглядаў. Прыхільнік асветы для народа. За сувязь з таварыствам філаматаў у 1826 г. быў зняволены. За ўдзел у паўстанні 1830-1831 гг. сасланы на Урал (1830-1834 гг.). Пісаў на польскай мове. Друкаваўся ўчасопісе «Віленскі дзённік», альманаху «Рубон» і інш. Класіцыст, потым псеўдакласіцыст-маралізатар. Аўтар камедыі «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана» (1812), трагедыі «Кракус» (1816), аповесцей «Пан Ян са Свіслачы» (1821), «Брат і сястра» (1845), трактата «Аб эксдывізіях, або Аб судовым падзеле маёнтка даўжніка на карысць крэдытораў» (1816), успамінаў і артыкулаў па гісторыі Міншчыны, адметных жывасцю апавядання і значнай колькасцю беларусізмаў. П’есы Ходзькі ставіліся ў Мінску на аматарскай сцэне ў 1812 г.
   Камедыя «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана» была напісана Янам Ходзькам у Мінску летам 1812 г. і пастаўлена тады ж у гонар Напалеона. У выкананні яе бралі ўдзел сам аўтар, князь Радзівіл, Манюшка і іншыя. Гэты твор — яскравае гістарычнае сведчанне таго часу, калі насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага раздзялілася на тых, хто чакаў прыходу Напалеона, звязваючы з ім надзеі на вяртанне незалежнасці сваёй дзяржавы, і на тых, хто ўжо не жадаў ніякіх перамен, прыстасаваўся да новай улады і законаў, служыў Расіі.
   Аўтар высмейваў прыстасаванства, прадажнасць, хцівасць апошніх. Тады ён не мог ведаць, як закончыцца вайна, аднак у вусны Грамадзяніна, які вітае польскае войска, ён укладвае палымяныя словы пра шчаслівы будучы лёс вольнай Радзімы. Цікава, што гэты грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага адчуваў сябе палякам, а пра княства ў п’есе нагадвае толькі выява «Пагоні» ў дэкарацыях.
   Вайна 1812 года прынесла нашаму краю страшэнныя страты і разбурэнні. Шляхта пайшла на службу да Напалеона і ператварылася ў выбівальнікаў нядоімак і экзекутараў. Сяляне, якія таксама чакалі французаў з надзеяй на вызваленне ад прыгонніцтва, вымушаны былі хавацца і ад сваіх уладароў, і ад прыхадняў-французаў.
   Венскі кангрэс у 1815 г. аднавіў польскую дзяржаву, а былое Вялікае Княства Літоўскае канчаткова ўвайшло ў склад Расіі.
   Камедыя Яна Ходзькі яшчэ раз яскрава нагадвае нам пра тое, што народ, жывучы будзённымі турботамі, часам згаджаецца на кампрамісы дзеля пэўных выгод, аднак ёсць асаблівыя жыццёвыя пытанні, у вырашэнні якіх людзі павінны кіравацца голасам сумлення, адхіляючы ўсе іншыя меркаванні.
 


З. Дудзюк, У. Мархель

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!