Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Юльян Ляскоўскі

(1826 - пасля 1888)

   Пісьменнік, журналіст (псеўданімы Бандурыст Карабіч, Ю. Карабіч, Марцін Мізэра). Нарадзіўся ў вёсцы Новая Жосна Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці). Паходзіў са старадаўняга шляхецкага роду герба «Кораб» (адсюль псеўданімы). Пачатковую адукацыю атрымаў у адной з бернардзінскіх школ (відаць, у Будславе). Працаваў канцылярыстам у Вільні. Удзельнічаў у вызваленчым руху, таму ў 1849 г. вымушаны быў эмігрыраваць, перажыў шмат нягод. У адным з вершаў з сумам згадваў «гэтыя вандроўкі і прыгоды, што зламалі век мой малады» («Мая ўява», 1858). Твор «Гетманская магіла» (1858), прысвечаны гетману С. Жулкеўскаму, які загінуў у 1620 г. у бітве з туркамі, сведчыць пра знаходжанне пісьменніка ва Украіне (верагодна, у Галіцыі) і ў Румыніі. Нейкі час жыў у Лондане, там у 1855 г. напісаў паэму «На чужой старане». Паметы пад творамі 1856-1860 гг. (Шчучын, Карсы, Осек, Зелюнь, Елень) не ўсе паддаюцца пэўнай прывязцы да канкрэтнага рэгіёна, але частка іх, відаць, звязана з Пазнанскім княствам.
   Пасля агульнай амністыі ў 1860 г. вярнуўся з эміграцыі і пасяліўся ў Вільні, дзе знаходзіўся пад наглядам паліцыі. У 1861 г. удзельнічаў у антыўрадавых дэманстрацыях. Тады за свой кошт у друкарні Aдама Кіркора выдаў кнігу паэтычных твораў на польскай мове «Беларускі бандурыста. Зборнічак вандроўны». Для змешчаных там твораў (паэма «На чужой старане» і інш.) характэрны сувязь з беларускім фальклорам (выкарыстаны часткова і ўкраінскі фальклор), шматлікія беларусізмы і назвы беларускіх рэалій (рэкі Дзвіна, Бярэзіна, Сергуч, вёска Жаркі). У творах яскрава выяўляюцца патрыятычныя пачуцці, пратэст супраць сацыяльнага прыгнёту. Як паэт-рамантык Юльян Ляскоўскі фарміраваўся пад моцным уплывам заснавальніка ўкраінскай школы ў польскай паэзіі Браніслава Залескага (на гэты конт у творах Ляскоўскага ёсць адпаведныя прызнанні). Пра зборнік «Беларускі бандурыста...» выказвалася думка, што ён спачатку быў напісаны на беларускай мове («Наша ніва», 1913, № 37).
   У 1870-1880-я гады часта выступаў у польскім друку (пад псеўданімам). На пачатку 1880-х гадоў у Варшаве дапамагаў вядомаму педагогу К. Прушынскаму (родам з Беларусі) у рэдагаванні папулярнага выдання для народа «Святочная газета», на старонках якой выступаў супраць эміграцыі сялян у Амерыку. Нейкі час рэдагаваў газету «Ломжынскае рэха». Аўтар аповесці «У Амерыку па золата» (1888) пра цяжкае жыццё сялян-эмігрантаў з Польшчы і Беларусі, паасобных вершаў у перыёдыцы, брашур і артыкулаў на эканамічныя і сельскагаспадарчыя тэмы, адметных клопатам пра народны дабрабыт. У артыкуле «Слова пра песню» (1882) выявіў добрае веданне беларускай мовы і фальклору, падкрэсліваў іх багацце і самабытнасць, прывёў тэксты беларускіх (мабыць, уласных) вершаў «Зямелька мая» і «Пад дуду». У пісьме Аляксандра Рыпінскага Адаму Плугу (1883) названы ў ліку беларускіх пісьменнікаў.



Г. Кісялёў