Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Юзаф Ігнацы Крашэўскі

(1812-1887)

   Пісьменнік, гісторык, выдавец, ілюстратар, бібліяфіл, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў Варшаве ў сям’і пружанскага харунжага. Дзяцінства правёў у вёсцы Доўгае каля Пружан. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі і Віленскім універсітэце. За ўдзел у антыцарскай змове ў 1830-1832 гг. адпраўлены ў турму. Друкавацца пачаў з 1830 г. На працягу ўсяго жыцця займаўся публіцыстычнай і выдавецкай дзейнасцю. У 1841-1851 гг. рэдагаваў віленскі часопіс «Athenaeum» («Атэнэум»), з 1860 г. у Варшаве — рэдактар «Польскай газеты» («Gazeta Polská»). Літаратурная спадчына Юзафа Крашэўскага складае каля 600 тамоў (проза, паэзія, драматургія, літаратурна-крытычныя артыкулы, працы па гісторыі, філасофіі і інш.). У гісторыю літаратуры ўвайшоў як буйны раманіст, які ў творчай эвалюцыі прайшоў шлях ад рамантызму да рэалізму. Класікі польскага рэалізму бачылі ў ім свайго папярэдніка і настаўніка. Аўтар паэтычнай трылогіі з гісторыі Літвы «Анафеляс» (1840-1845), якую рэцэнзаваў Ян Чачот. Цяжкае жыццё беларускага і ўкраінскага сялянства адлюстраваў у творах: «Гісторыя Саўкі» (1842), «Уляна» (1843), «Астап Бандарчук» (1847), «Хата за вёскай» (1853-1854), «Ярмола» (1856), «Гісторыя калка ў плоце» (1859), «На Палессі» (1883). Мінуламу Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны прысвечаны раманы «Апошнія з слуцкіх князёў» (1841), «Жыгімонтаўскія часы» (1846), «Залаты яблык» (1853), «Графіня Косель» (1873), «Бруль» (1874), «Старая казка» (1876), «Кароль у Нясвіжы. 1784» (1885) і інш. У камедыях «Пане Каханку» і «Радзівіл у гасціне» апісаў падзеі, што адбываліся ў Нясвіжы. Аўтар навуковых прац «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні...» (1847-1850), «Барысаў» (1848), «Мастацтва ў славян, асабліва ў Польшчы і дахрысціянскай Літве» (1860) і інш. Свае падарожжы па Беларусі апісаў у нарысах «Пінск і Піншчына» (1837-1838), «Успаміны Валыні, Палесся і Літвы» (1840), «Малюнкі з жыцця і падарожжаў» (1841-1842), «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына і Пружан» (1859-1860). Побач з красамоўным апісаннем прыроды ў гэтых працах прыводзяцца каштоўныя звесткі пра жыццё народа, яго заняткі, прылады працы, жыллё, адзенне і ежу.
   Юзаф Крашэўскі валодаў таксама талентам мастака: маляваў тыпы беларускіх сялян, вясковыя будынкі, пейзажы, рабіў ілюстрацыі не толькі да сваіх твораў, але і да твораў іншых аўтараў (Казіміра Тышкевіча, Уладзіслава Сыракомлі і інш.), гравіраваў і аздабляў вокладкі да кніг. У час знаходжання на Валыні склаў на французскай мове каталог (застаўся ненадрукаваным) бібліятэкі А. Урбаноўскага, адной з самых значных у гэтым краі. У канцы 1868 г. Юзаф Крашэўскі заснаваў сваю друкарню, у якой на добрым паліграфічным узроўні выдаваў творы польскіх аўтараў і кнігі польскай тэматыкі. Асабістая бібліятэка пісьменніка налічвала некалькі тысяч тамоў, сярод якіх былі старадрукі, гістарычная літаратура, багаты збор гравюр (каля 6 тыс.) і малюнкаў. Значныя матэрыялы ён сабраў па гісторыі віленскіх выданняў, дзеячаў кнігадрукавання, кнігарняў і бібліятэк (пазней гэтыя матэрыялы былі выкарыстаны бібліёграфам К. Эстрайхерам). Кнігі са сваёй бібліятэкі Юзаф Крашэўскі ахвяраваў эмігранцкім бібліятэкам у Парыжы і ў іншых месцах, калекцыю гравюр прадаў бібліятэцы Браніцкіх. Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. па загадзе царскіх улад пакінуць межы Расійскай імперыі Крашэўскі выехаў з Варшавы і да канца жыцця знаходзіўся ў эміграцыі ў Жэневе.
 


Паводле кнігі «Мысліцелі і асветнікі Беларусі»

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!