Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Францішак Карпінскі

(1741-1825)


   Хаця паэт-сентыменталіст Францішак Карпінскі быў родам з Галіцыі, але свой лёс ён звязаў з беларускай зямлёй. У 80-х гадах паэт асеў у мястэчку Заблудаве Гродзенскай губерні (цяпер Беластоцкі павет, Польшча) у доме беларускіх магнатаў Радзівілаў, дзе служыў гувернёрам княжацкіх дзяцей. Потым цягам многіх дзясяткаў гадоў арандаваў панскія фальваркі на Гродзеншчыне і Пружаншчыне. На ўлонне прыроды, у вясковую ціш ён уцёк з Варшавы, дзе меркаваў спачатку пасяліцца і жыць. Свае матывы ўцёкаў Францішак Карпінскі раскрыў у вершы «Вяртанне з Варшавы на вёску», што меў шырокі на той час розгалас. У вёсцы Краснік яму выдзелілі зямлю ў арэнду тэрмінам на 50 гадоў. У кнізе «Успаміны» паэт цікава расказвае, як ён сваімі рукамі карчаваў разам з наёмнымі сялянамі зямлю, як будаваў дом і абжываўся. Вайной 1812 г. «калонію» Францішка Карпінскага Краснік, якую людзі назвалі Карпін, казакі разрабавалі і спалілі. Пакуль узнаўляўся Краснік-Карпін, паэт жыў у суседняй Мураве. У 1819 г. ён набыў ва ўласнасць вёску Хораўшчына (цяперашні Свіслацкі раён), дзе жыў да канца сваіх дзён. Пахаваны непадалёк, у Лыскаве на Пружаншчыне.
   У памяці беларускага люду Францішак Карпінскі пакінуў добры след. Ён быў апекуном адкрытай у 1805 г. славутай Свіслацкай гімназіі, якой ахвяраваў частку кніг са сваёй бібліятэкі. У Хораўшчыне паэт адкрыў школку для сялянскіх дзяцей, сам вучыў іх грамаце. Па магчымасці памагаў бедным сялянам.
   Творчасць «апошняга паэта старой Польшчы» высока цаніў Адам Міцкевіч. У сваіх парыжскіх лекцыях ён даў такую характарыстыку паэту: «Карпінскі не ішоў ні за якімі ўзорамі, не прытрымліваўся ніякай сістэмы, ён спяваў шчыра, як спяваюць птушкі, лёгка і нязмушана. Ён не ўвасабляў у сваіх творах жыццё залатога веку, не ствараў фантастычных карцін у манеры ідылічных паэтаў старажытнасці ці сучасных французаў, ён паказваў нам з поўнай адкрытасцю сцэны і вобразы навакольнага вясковага жыцця».
   Як заўважылі польскія літаратуразнаўцы, Францішак Карпінскі быў першым паэтам, чые творы «заблукалі пад сялянскія стрэхі». Адно са сведчанняў гэтага — эпілог Міцкевічавага «Пана Тадэвуша», дзе аўтар расказвае, як ён яшчэ ў юнацтве «чытаў не раз пад ліпай на траве песню пра Юстыну...» Ф. Карпінскага і як слухалі яе вяскоўцы. У асобных творах Ф. Карпінскага адбілася жыццё і беларускага селяніна. Паэт таксама творча выкарыстоўваў матывы беларускага фальклору. «З беларускім фальклорам, — як зазначае ў навукова-літаратурным альманаху «XIX стагоддзе» Мікола Хаўстовіч (кн. 1, с. 141), звязаны і адзін з апошніх твораў Ф. Карпінскага «Падарожжа па зачараваным краі»... Гэта і мост, па якім ідуць на той свет, і закамянелыя героі, і соннае каралеўства ды іншае. Праўда, паэт выкарыстоўваў фальклор з пэўнымі мэтамі: ён прагнуў паказаць, як аднабаковы погляд на свет можа прывесці да памылковага разумення рэальных з’яў і прадметаў рэчаіснасці».
   Францішак Карпінскі працаваў у літаратуры на мяжы двух стагоддзяў XVIII і XIX, сваёй паэзіяй, і не толькі паэзіяй, ён як бы перакідаў мост ад адной эпохі да другой. У яго творчасці, вельмі тыповай для сентыменталізму, можна заўважыць разам з тым і зародак новага літаратурнага напрамку, што ярка расквітнеў на беларускай зямлі у першай палове XIX ст., — рамантызму. Для таго, каб лепш зразумець паэта, нельга механічна разрываць яго творчасць, адносячы частку яе да аднаго, частку — да другога стагоддзя, а трэба разглядаць яе ў цэлым.

 

Кастусь Цвірка