Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Тамаш Зан

(1796-1855)


   Славуты грамадскі дзеяч і паэт Тамаш Зан паходзіў з тыповай беларускай шляхты. Сапраўднае прозвішча яго продкаў — Зань. Родавае гняздо Заняў — Радашковічы. Дзяды па матчынай лініі Далеўскія жылі ў мястэчку Узда. Усе яны былі ўніятамі.
   Нарадзіўся Тамаш Зан 21 снежня 1796 г. у падмаладзечанскай вёсцы Мясата, дзе яго маці — жонка касцюшкаўскага паўстанца Кароля Зана — спынілася на кароткі час. Дзяцінства Тамаша Зана прайшло на ўлонні беларускай прыроды. Гэта вёскі Селішча, Вязынь, Слабада, Выверы цяперашніх Вілейскага і Маладзечанскага раёнаў. Вучыўся ён у гувернёраў, пасля ў Уздзенскай парафіяльнай школе, Мінскай гімназіі і Маладзечанскай павятовай школе.
   У 1815 г. Тамаш Зан паступіў у Віленскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, вучыўся ён за ўласны кошт, таму адначасова займаўся гувернёрствам. Ва ўніверсітэце Тамаш Зан у першыя ж дні зблізіўся і назаўсёды пасябраваў з Адамам Міцкевічам, з якім арганізаваў славутае Таварыства філаматаў. З яго ініцыятывы было створана адгалінаванне гэтага згуртавання студэнцкай моладзі — Таварыства прамяністых, якое потым пераўтварылася ў Таварыства філарэтаў. Тамаш Зан адразу стаў старшынёй (прэзідэнтам) гэтага Таварыства. Мэтай усіх названых згуртаванняў беларускай шляхецкай моладзі была самаадукацыя, пашырэнне асветы ў краі, маральнае ўдасканаленне маладых людзей, падрыхтоўка іх да будучай барацьбы з царызмам за вызваленне Бацькаўшчыны. Гэтым арганізацыям аддаваў Зан увесь свой вольны час, усю маладую энергію. Сумленнасць, мужнасць і самаахвярнасць Тамаша Зана выдатна праявіліся ў час яго арышту і следства ў 1823-1824 гг., калі, выратоўваючы з бяды сваіх сяброў, у першую чаргу Адама Міцкевіча і слабога здароўем Юзафа Яжоўскага, усю віну за стварэнне і дзейнасць згуртаванняў моладзі ён узяў на сябе. Гэта падкрэсліваў і Адам Міцкевіч, малюючы ў сваіх славутых «Дзядах» прывабны вобраз Тамаша Зана, прытым пад яго ж уласным імем. Вось якія словы ўкладвае вялікі паэт у вусны Тамаша:

 

Я вамі кіраваў, каб збыць няволі путы,
I абавязак мой — за вас прыняць пакуты.


   Ён свядома, без нараканняў пайшоў на гэтыя пакуты. За арганізацыю віленскіх згуртаванняў моладзі і кіраўніцтва філарэтамі Тамаша Зана (а таксама Яна Чачота і Адама Сузіна) чакала самае суровае пакаранне: бестэрміновая высылка на Урал з папярэднім адбываннем там зняволення ў «крэпасці». Але турма і ссылка не зламалі «найпрамяністага», як называлі Тамаша сябры. Ён і там, адседзеўшы вызначаны тэрмін у Арэнбургскай крэпасці, застаўся верны ідэалам маладосці. Нават прыняў удзел у тайнай арганізацыі рускіх рэвалюцыянераў у Арэнбургу, пра што цікава расказаў у сваім гістарычным рамане «Казённыя людзі» сучасны рускі пісьменнік Эрнст Сафонаў.
   Толькі ў 1841 г. Т. Зану дазволілі вярнуцца на радзіму. Ажаніўшыся з маладой шляхцянкай з вёскі Маліноўшчына на Маладзечаншчыне, Т. Зан пасяліўся ў специальна купленым для маладых маёнтку Кахачын у Аршанскім павеце, дзе і дажыў да канца сваіх дзён. Памёр ён у 1855 г., пакінуўшы пасля сябе трох сыноў.
   Тамаш Зан заслужыў нашу пашану не толькі як змагар супраць царскай тыраніі, як будзіцель грамадскага руху за разняволенне сваёй зямлі. Вельмі важная яго роля і ў нашай культуры. Ужо ў студэнцкія гады ён праславіўся як цікавы паэт. З-пад яго пяра выйшла нямала паэм, балад, вершаў, трыялетаў, элегій, песень і іншых твораў. Найбольш значныя з іх — камедыя «Грэцкія піражкі» (1817), паэма «Табакерка» (1818), балады «Цыганка», «Свіцязь-возера» і інш. Асабліва вялікая заслуга Тамаша Зана ў тым, што ён адзін з першых звярнуўся да вуснапаэтычнай творчасці роднага яму беларускага народа як важнай творчай крыніцы.
   Як і ўсе філаматы і філарэты, Тамаш Зан добра ведаў і шанаваў беларускую мову, шырока выкарыстоўваў яе элементы ў сваёй польскамоўнай творчасці. Ёсць усе падставы меркаваць, што і ў яго самога былі беларускія вершы. Але яны толькі выпадкова маглі б дайсці да нас, бо іх не было дзе друкаваць. Ва ўсякім разе, намеры такія ў яго былі. Магчыма, дзе-небудзь у архівах пыляцца нікім не чытаныя творы «найпрамяністага» на беларускай мове. Вывучэннем яго літаратурнай спадчыны ніхто ў нас яшчэ па-сапраўднаму не займаўся.
 


Кастусь Цвірка