Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Тадэвуш Лада-Заблоцкі

(1811-1847)

   У «Былым і думах» А. Герцэна, у тым месцы, дзе расказваецца пра ўзмацненне ў Расіі, у тым ліку ў Маскоўскім універсітэце, рэпрэсій царызму супраць вальнадумства пасля Лістападаўскага паўстання, ёсць згадка: «У 1832 годзе прапаў паляк-студэнт нашага аддзялення. Прысланы на казённы кошт, не па сваёй волі, ён быў залічаны на наш курс, мы пазнаёміліся з ім, ён паводзіў сябе сціпла і журботна, ніколі мы не чулі ад яго ніводнага рэзкага слова, але ніколі не чулі і ніводнага слабага. Адной раніцай яго не было на лекцыях, на другі дзень — таксама не было. Мы пачалі распытваць, казённакоштныя студэнты сказалі нам па сакрэце, што па яго прыходзілі ўночы, што яго паклікалі да кіраўніцтва, потым з’яўляліся нейкія людзі па яго паперы і рэчы і не дазволілі пра гэта гаварыць. На гэтым і скончылася, мы ніколі не чулі нічога пра долю гэтага няшчаснага маладога чалавека».
   Што ж гэта за такі загадкавы «паляк-студэнт», пра якога з такім спачуваннем і спагадай, так цёпла выказаўся яго паплечнік па вучобе ва ўніверсітэце вялікі рускі пісьменнік-рэвалюцыянер?
   А быў гэта не хто іншы, як малады паэт з Беларусі Тадэвуш Лада-Заблоцкі. Нарадзіўся ён у 1811 г. у вёсцы Лугінавічы цяперашняга Сенненскага раёна ў шляхецкай сям’і. Вучыўся ў Віцебску — спачатку ў семінарыі пры кляштары базыльянаў, а потым у гімназіі, якую скончыў у 1831 г. У гэтых навучальных установах выкладанне вялося на польскай мове, вучні выхоўваліся ў польскім патрыятычным духу.
   Вырашальную ролю ў жыцці Тадэвуша Лады-Заблоцкага адыграў сам куратар Беларускай навучальнай акругі P. I. Карташэўскі. У 1830 г., як успамінаў Карташэўскі, у час яго «першай інспекцыі беларускіх школ» яму прадставілі вельмі здольнага, добра падрыхтаванага вучня Тадэвуша Ладу-Заблоцкага, які да таго ж «пісаў вершы як на польскай, так і на рускай мовах». Карташэўскі дапамог маладому таленту паступіць на вучобу за кошт Беларускай навучальнай акругі ў Маскоўскі ўніверсітэт на славеснае аддзяленне. Пасялілі Т. Ладу-Заблоцкага ў інтэрнаце для казённакоштных студэнтаў. У гэтым жа інтэрнаце ў нумары II жыў і будучы вялікі рускі крытык В. Р. Бялінскі, які ўтварыў там з таварышамі прагрэсіўны студэнцкі гурток пад назвай «Литературное общество II нумера», актыўным членам якога неўзабаве стаў і Тадэвуш Лада-Заблоцкі. З дапамогай Бялінскага малады паэт з Беларусі пазнаёміўся з найбольш прагрэсіўнымі студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэта. Сярод іх былі і землякі — нядаўні старшыня Таварыства філаматаў Юзаф Яжоўскі, філарэт Ян Вернікоўскі, былы вучань Полацкай уніяцкай семінарыі Ян Савініч і інш. Разам з землякамі Тадэвуш таксама стварыў літаратурнае таварыства для пашырэння прагрэсіўных ідэй. Іх выказваў ён і ў сваіх вершах.
   Але цар са сваімі памагатымі таксама не спаў. Летам 1833 г. у Чавусах на Беларусі яго шпікам трапіўся ў рукі вельмі дзёрзкі верш на польскай мове з такой, напрыклад, страфой (надаём яго ў падрадковым перакладзе):

Пекла для нас — царскі трон.
Сёння сядзіць на ім чорт.
Ён варты шыбеніцы.
Помста, братва, або смерць!


   У Віцебску пачалося следства па палітычнай справе «о песне возмутительного содержания...». Следства ўстанавіла, што аўтар яе — студэнт Маскоўскага ўніверсітэта Тадэвуш Лада-Заблоцкі. 29 чэрвеня 1833 г. «зламыснік» быў арыштаваны, пра што і ўспомніў праз шмат гадоў А. Герцэн (праўда, з асобнымі недакладнасцямі, напрыклад, ён няправільна назваў дату арышту). Пасля доўгага следства маладога паэта «по велению» цара вырашана было адправіць радавым «у Каўказскі корпус». Гэта было ў 1835 г.
   Пра свой настрой на каўказскай высылцы і салдатчыне расказвае ён сам ў пісьме да свайго новага сябра грузінскага паэта-рамантыка князя Міхаіла Туманішвілі ад 29 ліпеня 1839 г.: «Не чакайце ж, князь, ад мяне тапаграфіі Каўказа ў адносінах геаграфічных і паэтычных. Што да першага, то тут яшчэ ў тым-сім магу Вас задаволіць, але ў апошнім... Ці можа што-небудзь ажывіць астылую душу? Наўючаны ранцам і сухарамі, са стрэльбай у руцэ, караскаючыся па высях і абрывах, я не раз праклінаў каўказскія горы, не заўважаючы іх прыгажосці, і яны болей давілі на мяне, чым абуджалі вытанчанае пачуццё эсгэтычнай красы. Вы яшчэ малады і глядзіце на свет праз шкло чараў фантазіі... Але мая душа нямая — і калі з яе глыбіні вырвецца які-небудзь стогн, то ён болей падобны на крык Праметэя, што прыкаваны да аграмадзін Каўказа, і нутро яго раздзіраюць нябесныя арлы...». На Каўказе беларускі выгнаннік зблізіўся таксама з вядомым грузінскім паэтам Н. Бараташвілі, з рускім паэтам Я. Палонскім, азербайджанскім пісьменнікам А. Бакіханавым, ён наведваў дом славутага А. Чаўчавадзе ў Тыфлісе, быў знаёмы з яго дочкамі Нінай Грыбаедавай і Кацярынай Дадзіяні. Зблізіўся ён таксама з сасланым сюды з Сібіры аўтарам верша-паслання «Струн вещих пламенные звуки» паэтам-дзекабрыстам А. Адоеўскім. У 1839 г., уражаны раптоўнай смерцю рускага сябра, Тадэвуш Лада-Заблоцкі выказвае свой смутак у прачулым «Санеце».
   У 1846 г. беларускі выгнаннік быў вызвалены ад салдацкай службы і прызначаны кіраўніком Кульпінскімі салянымі промысламі ў Грузіі. Але неўзабаве памёр ад халеры.
   Тадэвуш Лада-Заблоцкі напісаў няшмат. Вершы, напісаныя ў такіх цяжкіх умовах, ён пры дапамозе Р. Падбярэскага выдаў асобнай кнігай у Пецярбургу. Галоўная тэма паэзіі Т. Лады-Заблоцкага на чужыне — туга па роднай Беларусі. Пра беларускую тэматыку яго твораў сведчаць іх назвы — «Ваколіцы Віцебска, «Да Лучосы», «Вілія», «Даўжанскае возера» і інш. Пры ацэнцы творчасці паэтаў у польскай «Усеагульнай энцыклапедыі» С. Аргельбранта адзначана (1868 г.), што Т. Лада-Заблоцкі «вызначаўся паэтычным талентам, вылучаючыся сярод паэтаў так званай беларускай школы».

Кастусь Цвірка