Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Міхал Клеафас Агінскі

(1765-1833)


   Беларускі кампазітар, літаратар і грамадскі дзеяч Міхал Клеафас Агінскі паходзіў са славутага «літвінскага» роду Агінскіх, якія сваю генеалогію выводзілі ад Рурыкаў. Іх роданачальнікам быў смаленскі князь Іван Васільевіч Глушонак. У XV ст. яго сын Дзмітрый атрымаў ад вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка каля Коўна маёнтак Агінты, што і даў назву роду.
   У сваіх «Мемуарах» Міхал Клеафас Агінскі адзначаў: «Паходзячы з літвінскага роду, я нарадзіўся ў Польшчы, у вёсцы маіх бацькоў, у сямі мілях ад Варшавы». Пачатковую адукацыю будучы кампазітар атрымаў дома. Для ўдасканалення музычнага навучання бацькі аддалі сына ў сям’ю яго дзядзькі, гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Агінскага ў горад Слонім. Настаўнікам музыкі ў яго быў вядомы кампазітар Восіп Казлоўскі, аўтар славутага паланэза «Гром перамогі, гучы».
   У 1794 г. Міхал Клеафас Агінскі прыняў дзейсны ўдзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі супраць падзелу Рэчы Паспалітай. Ён сабраў у Вільні вайсковы аддзел і з баямі прабіваўся ў Мінскую губерню, каб і там падняць паўстанне. У сутычках з царскім войскам ён ледзь не загінуў.
Пасля падаўлення паўстання знаходзіўся ў эміграцыі. У 1802 г. вярнуўся на Радзіму. Жыў у сваім маёнтку Залессе недалёка ад Смаргоні. Супрацоўнічаў з царскімі ўладамі.
   У 1811 г. зрабіў спробу аднавіць беларускую дзяржаўнасць. Ён распрацаваў і падаў расійскаму імператару Аляксандру I, з якім наладзіў прыязныя адносіны, акт аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага ў межах Расійскай імперыі. У сваёй запісцы Агінскі так абгрунтоўваў неабходнасць аднаўлення беларускай дзяржавы з цэнтрам у Вільні: «Частка Польшчы, далучаная да Расійскай імперыі, складала калісьці асобнае самастойнае валоданне — Літву — яшчэ перад актам уніі Літоўскага Княства з Каралеўствам Польскім. Жыхары яго спрадвеку вылучаліся ваяўнічым духам, клапаціліся пра свае правы і былі верныя сваім манархам, адзначаліся мужнасцю і любоўю да Бацькаўшчыны. Гордыя сваім паходжаннем, літвіны, нягледзячы на аб’яднанне сваёй правінцыі з Польшчай, захавалі свае звычаі, свой грамадзянскі кодэкс, мясцовае кіраванне, сваё войска, вярхоўны суд, міністраў, дзяржаўных саноўнікаў і нават сойм, які збіраўся па чарзе ў Варшаве і Гародні. Усе гэтыя прывілеі былі такімі дарагімі для літвінаў, што, нягледзячы на ўсякія намаганні і красамоўныя адгаворы, немагчыма было схіліць літвінаў адмовіцца ад сваіх прывілеяў. Я перакананы, што калі б з часу далучэння да Расіі забраных польскіх зямель была з іх утворана адна правінцыя, захавана імя Літвы і пакінуты яе даўнія правы і каб з яе быў ўтвораны асобны край са сваім кіраўніцтвам, дзяржава у складзе Расійскай імперыі, то тады іншаземны ўплыў пранікаў бы туды з цяжкасцю».
   Аляксандр I з прыхільнасцю паставіўся да праекта Міхала Клеафаса Агінскага і даў сваю згоду на ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Загадам цара быў распрацаваны праект канстытуцыі беларускай аўтаномнай дзяржавы, у якім прадугледжвалася нават адмена прыгоннага права на працягу дзесяці гадоў. Але супраць гэтага праекта дружна выступілі расійскія шавіністы, пад уздзеяннем якіх Аляксандр I вясной 1812 г. адмовіўся ад аднаўлення беларускай аўтаноміі ў складзе Расійскай імперыі.
   У 1823 г. Міхал Клеафас Агінскі выехаў у Італію, пасяліўся ў Венецыі, дзе жыў да канца сваіх дзён.
   Міхал Клеафас Агінскі пісаў паланэзы для фартэпіяна. Самым папулярным стаў яго паланэз ля-мінор «Развітанне з Радзімай». Пісаў таксама і маршы, сярод якіх «Марш паўстанцаў 1794 года», вальсы, мазуркі. У 1826-1827 гг. выдаў у Парыжы чатыры тамы сваіх «Мемуараў», напісаных на французскай мове. У 1828 г. напісаў «Лісты пра музыку».
 


Кастусь Цвірка

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!