Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Восіп Сянкоўскі

(1800-1858)


   Пісьменнік, журналіст, Восіп Сянкоўскі нарадзіўся 19 сакавіка 1800 г. у маёнтку Антокалан паблізу Вільні. Выхадзец са шляхецкага роду. Сярод яго продкаў — славуты Мацей Сарбеўскі, паэт XVII ст., ушанаваны лаўровым вянком у самім Рыме. Па сваім паходжанні і менталітэту Сянкоўскі — ліцвін, беларус. Спачатку адукацыю атрымаў у хатніх умовах, затым вучыўся ў Мінскім калегіуме, дзе, дарэчы, выкладалася лаціна, веданнем якой пазней ганарыўся. Калі апынуўся ў Расіі, то здзіўляўся: як гэта так, інтэлігенцыя ў Маскве і Пецярбургу не ведае лацінскай мовы, сам Карамзін не ўмее чытаць па-лацінску.
   Паступіў вучыцца ў Віленскі ўніверсітэт, дзе захапіўся мовамі, у прыватнасці, усходнімі, якімі настолькі авалодаў, што заняўся ўзаемаперакладам, чым выклікаў цікавасць у выкладчыкаў, і яны аб’явілі своеасаблівую латэрэю на збор сродкаў для паездкі студэнта на Усход.
   Прабыў у Вільні нядоўга, усяго адзін год, але нават за гэты час паспеў уключыцца ў дзейнасць шубраўцаў, друкаваўся ў іх газеце «Вулічныя весткі» («Wiadomości brukove»), засвоіў іх паэтыку глыбока, адмыслова. Яна адпавядала яго жывой, актыўнай натуры. Паэтыка шубраўцаў была пабудавана на абыгрыванні слоў, выразаў, на прытворным шаленстве, нібыта дурэлі, перакручвалі словы, разыгрывалі шэльмаў, каб давесці, паказаць заганы людзей у іх гранічным выяўленні. Даводзілі іх да абсурду.
   У сваёй творчасці да канца дзён застаўся шубраўцам, выдумшчыкам. Многае ішло ў яго ад рэалій віленскага, ліцвінскага, жыцця, таму не ўсе яго творы былі прынятыя і зразумелыя. Гэта адбылося пазней. А на Усходзе, калі вучыўся на сродкі, сабраныя па падпісцы, калі вандраваў у Турцыі, Сірыі, Егіпце, ён сабраў шмат матэрыялу пра народы Усходу. Вывучыў іх культуру, геаграфію, этнаграфію, даўніну, мовы, стаў паліглотам.
   З 1822 г. у Пецярбургу Сянкоўскі служыць у калегіі Замежных спраў перакладчыкам, а затым стаў ардынарным прафесарам Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта адразу на дзвюх кафедрах — арабскай і турэцкай мовы. Лекцыі яго былі цікавыя, нават займальныя. Эрудыт, паліглот, пісьменнік, ён вабіў да сябе студэнтаў. Аднак у сярэдзіне 30-х гадоў XIX ст. траціць цікавасць да выкладчыцкай работы, таму ў 1847 г. выйшаў у адстаўку і цалкам аддаўся літаратурнай справе. Апублікаваў свае ўсходнія аповесці, пераклады, навуковыя рэцэнзіі, артыкулы. Друкаваўся пераважна ў часопісах «Северный архив», «Сын Отечества», у альманахах «Полярная звезда», «Северные цветы», газеце «Северная пчела».
   У снежні 1821 г. увайшоў у Санкт-Пецярбургскае таварыства аматараў рускай славеснасці. У 1828-1833 гг. ён цэнзар, з 1830 па 1836 г. — супрацоўнік польскай газеты «Баламут». Пісаў галоўным чынам па-польску, і спачатку яго творы на рускую мову перакладаў Марлінскі (Аляксандр Бястужаў) ў падзяку за тое, што Сянкоўскі вучыў яго польскай мове.
   Папулярнасць пісьменніка расла. Яго «Фантастычныя падарожжы барона Брамбеуса» выйшлі ў 1833 г. асобным выданнем, а ў 1835 г. былі перавыдадзены. Праявіўся колішні шубравец. Займальна, пацешна расказвае, як Брамбеус нібыта ў пячоры знайшоў накрэсленую на сценах іерогліфамі аповесць. Расшыфроўвае іх паводле сістэмы Шампальёна. Якое ж дзіва было, калі выявілася, што гэта не іерогліфы, а сталактыты. Спрацоўвае містыфікацыя. Здавалася б, бестурботная балбатня пра тое, як надворны саветнік барон Брамбеус апынуўся на востраве, які праваліўся, і трапіў у цэнтр Зямлі, ляцеў вярхом на камяні.
   Літаратурная маска Брамбеуса стала вядучай у творчасці Сянкоўскага. Пад подпісам «Брамбеус» друкаваліся фельетоны ў альманаху «Наваселле» ў 1833 г. Не абышлося без своеасаблівага літаратурнага скандалу. Аўтар закранаў у сваіх творах Пушкіна, Булгарына і іншых па-шубраўску з’едліва, балюча і гарэзліва. Тое, як пісалі шубраўцы ў Вільні, стала яго звычкай. Спрацоўвала цытаванне чужых твораў, іх перайначванне, парадыраванне, дарэчы, тое, што ўласціва было іменна ліцвінска-беларускай літаратуры, што праявілася ў «Энеідзе навыварат», «Уваскрэсенні Хрыстовым». Жыў Сянкоўскі ў Пецярбургу, а застаўся віленскім шубраўцам. Як у свой час шубраўцы, перайначваў творы Свіфта і Дэфо, Бальзака і інш. Многа было злога сарказму, насмешкі, прасочваліся палітычныя ідэі.
   Погляды і выказванні пісьменніка былі надзвычай арыгінальныя і расходзіліся з прынятымі, пашыранымі. Таму ён і выклікаў непаразуменне і ганьбаванне, але варта адрозніваць тое, што было выклікана літаратурнай барацьбой з канкурэнтамі за рынак збыту часопіснай прадукцыі, і тое, што ішло сапраўды ад літаратуры.
 


I. Шпакоўскі