Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Войслаў Савіч-Заблоцкі

(1850-1893)

   Нарадзіўся ў маёнтку Панчаны Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Міёрскі раён Віцебскай вобласці) у багатай памешчыцкай сям’і. Бацька яго памёр рана, і Савіч-Заблоцкі выхоўваўся ў дзеда ў маёнтку Мікалаева Гарадоцкага павета (цяпер Шумілінскі раён). Дзед не звяртаў на ўнука асаблівай увагі і не мог плённа ўплываць на яго. Той рос на руках у дваровых, што спрыяла яго збліжэнню з народам. Паміж дзедам і маці за Савіч-Заблоцкага ішла з пераменным поспехам упартая барацьба, звязаная з пэўнымі маёмаснымі інтарэсамі. Вучыўся Войслаў Савіч-Заблоцкі ў Віленскай гімназіі і ў замежных універсітэтах (Прага, Лейпцыг, Страсбург). Відаць, гэта было кароткачасовае навучанне са статусам вольнага слухача.
   Савіч-Заблоцкі рана пранікся ідэямі вызваленчага руху і нацыянальнага абуджэння беларускага народа. Паводле яго ўласных слоў, у 1868 г. ён узначаліў нацыянальна-асветніцую суполку «Крывіцкі вязок», што ўтварылася ў Пецярбургу і займалася выданнем беларускіх кніг, збіраннем фальклору, падрыхтоўкай слоўніка і г. д. Улады забаранілі суполку, а яе ўдзельнікаў абвінавацілі ў «сацыялізме і прапольскіх сімпатыях».Войслаў Савіч-Заблоцкі апынуўся пад наглядам паліцыі ў Варшаве, дзе надрукаваў на польскай мове сатырычную паэму «Праўдападобная гісторыя» (1871) і гістарычныя творы пра Каперніка (1873). Адначасова яго вабіла беларуская паэзія. У 1873 г. ён даслаў у пецярбургскі часопіс «Вестник Европы» тры свае лірычныя вершы разам з пісьмом, у якім гаварыў пра старажытнасць беларускай мовы і неабходнасць яе літаратурнай распрацоўкі на новым этапе. У пісьме таксама паведамляў пра намер выдаць «Пісьмы з Варшавы» на рускай мове.
   З самага пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці Савіч-Заблоцкі зарэкамендаваў сябе як пісьменнік трохмоўны (беларуская, польская і руская), што было характэрным для беларускіх літаратараў 2-й паловы XIX ст. Пра наступны перыяд свайго жыцця ён пісаў у аўтабіяграфічнай нататцы, называючы сябе ў трэцяй асобе: «Сатыры і імправізацыі зрабілі яму шмат ворагаў у Заходнім краі, прытым фінансавае становішча яго ў выніку марнатраўства маці моцна пахіснулася. Гэта прымусіла яго ў 1875 выселіцца за мяжу, дзе ён да 1888 жыў, знаходзячыся то ў Аўстра-Венгрыі, то ў Германіі, то ў Егіпце, то ў Францыі» (Пачынальнікі: з гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст. Мінск, 1977. С. 452). У гэты перыяд Савіч-Заблоцкі актыўна супрацоўнічаў у многіх французскіх, нямецкіх і польскіх газетах і часопісах. Матэрыяльнае становішча яго было надзвычай цяжкае. З архіўных матэрыялаў і іншых крыніц вядома, што ў 1875-1876 гг. ён жыў у Галіцыі, у Львове пазнаёміўся з польскім рэвалюцыянерам Б. Ліманоўскім, супрацоўнічаў там з выдаўцом часопіса «Ruch literacki» («Літаратурны рух»), колішнім паўстанцам 1863 г. А. Гілерам, у Тарнове рэдагаваў польскую газету «Gwiazda» («Зорка»). У 1876 г. «за сацыялістычныя прошукі» яго выслалі з Кракава у Познань. У тым жа годзе ён напісаў у Празе польскамоўную паэму «Аповесць пра мае часы», прысвечаную Беларусі напярэдадні паўстання 1863-1864 гг. У 1880-я гады жыў у Парыжы, спрабаваў выдаваць там газету на французскай мове, чытаць лекцыі пра славянства на рускай мове. У 1882 г. у сувязі з юбілеем паэта Браніслава Залескага падараваў яму верш «Беларуская пея» (песня), а ў 1883 г. мовазнаўцу Л. Нядзведкаму свой рукапісны зборнік «Вязанка эпіграмаў» (складаўся з твораў, напісаных у Швецыі, Аўстрыі, Егіпце, на Корсіцы). У 1885 г. надрукаваў у Познані гістарычную аповесць «Полацкая шляхта». У 1885-1886 гг. супрацоўнічаў з варшаўскай газетай «Chwila» («Хвіліна»). У той жа час выдаў у Парыжы брашуру «Яшчэ Польшча не загінула, пакуль існуе Расія», чым выклікаў вялікую незадаволенасць польскай эміграцыі. Летам 1887 г., калі жыў у вялікай беднасці ў Бруселі (Бельгія), папрасіў дазволу ў царскага ўрада вярнуцца з эміграцыі.
   У канцы снежня 1887 г. вярнуўся на радзіму, дзе за ім быў устаноўлены тайны нагляд. У 1888-1889 гг. працаваў у рэдакцыі газеты «Виленский вестник». У 1889-1891 гг. жыў у сваёй цёткі ў маёнтку Губіна Лепельскага павета, вёў перапіску з мовазнаўцам Я. Карловічам, рускім гісторыкам К. Бястужавым-Руміным. Летам 1891 г. наведаў метэаралагічную станцыю вядомага вучонага Наркевіча-Ёдкі ў маёнтку Наднёман (цяпер Уздзенскі раён), але візіт, як пісала прэса, закончыўся сутыкненнем з гаспадаром. У тым жа 1891 г. прыехаў у Мінск, пасяліўся ў Нова-Маскоўскай гасцініцы, перапісваўся са славістамі П. Кулакоўскім і А. Будзіловічам. У лістападзе 1891 г. апынуўся ў Пецярбургу «з намерам далучыцца да праваслаўнай царквы, веравызнання яго беларускіх продкаў». Там пазнаёміўся з гісторыкам і выдаўцом М. Сямеўскім і пакінуў аўтабіяграфічны запіс у яго вядомым альбоме «Знаёмыя. Кніга аўтографаў». У 1892 г. у часопісе «Благовест» надрукаваў нарыс «Шчаслівейшая Марыся» з серыі «Беларускія нарысы». Апошні вядомы дакумент, звязаны з Савічам-Заблоцкім, — адрасаванае яму пісьмо рэдактара «Биржевых ведомостей» М. Коншына ад 3 лютага 1893 г., у якім газета адмовілася надрукаваць яго пераклад з польскай мовы пад назвай «Пятруша» нібыта з-за нелітаратурнасці яго мовы. Жыццё і творчасць Савіча-Заблоцкага, яго супярэчлівыя ідэйна-грамадскія пошукі адлюстроўваюць нялёгкія шляхі станаўлення беларускай літаратуры і нацыянальнай культуры таго часу. Яго беларускамоўная творчасць знайшла належнае месца на старонках гісторыі роднага пісьменства. Асобныя рукапісы і дакументы зберагаюцца ў архівах і бібліятэках Мінска, Вільнюса, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Львова, гарадах Польшчы.



Г. Кісялёў

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!