Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Антоні Гарэцкі

(1787-1861)


   Родам Антоні Гарэцкі з Вільні. Антоні быў малодшым сынам у даволі вялікай сям’і віленскага войскага Валенція Гарэцкага. Адна з яго сясцёр Схалястыка — маці вядомага беларускага мастака Валенція Ваньковіча. Вучыўся Антоні ў Віленскім універсітэце на літаратурным факультэце. Сябраваў з Іяхімам Лялевелем. У студэнцкія гады пачаў пісаць вершы, якія публікаваў у віленскім друку. У 1809 г. запісаўся на вайсковую службу. Удзельнічаў у паходзе Напалеона на Расію як ад’ютант брыгаднага генерала Мяльчынскага. Быў нават узнагароджаны за баявыя заслугі крыжам Ганаровага легіёна. Пасля разгрому напалеонаўскага войска капітан Антоні Гарэцкі выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў родавай вёсцы пад Вільняй. Захварэўшы, паехаў на лячэнне ў Італію. Пабываў таксама ў Францыі, Чэхіі. Вярнуўшыся дамоў, ажаніўся і заняўся гаспадаркай у сваіх падвіленскіх маёнтках Дусяняты і Пагава. Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Вільні, дзе ўступіў у Таварыства шубраўцаў, адзін з членаў якога вядомы гісторык Miхал Балінскі нават прывітаў яго напісаным з гэтай нагоды вершам. У Вільні Антоні Гарэцкі зблізіўся з Адамам Міцкевічам і іншымі філаматамі, а таксама філарэтамі. У час працэсу над філарэтамі ў яго доме ў Вільні была арганізавана дапамога зняволеным. У 20-х гадах XIX ст. меў магчымасць заняцца творчай працай. Супрацоўнічаў з шубраўскім часопісам «Wiadomości Brukowe» і іншымі віленскімі і варшаўскімі выданнямі. Пісаў вершы, байкі, элегіі, думы, фрашкі. Творы, у якіх паэт выступаў у абарону запрыгоненага беларускага селяніна, крытыкаваў царскія ўлады, карысталіся вялікай папулярнасцю сярод моладзі. «Прыземленасць», народнасць яго творчасці выклікалі крытыку з боку кансерватыўных сіл. Вельмі злосную сатыру на Гарэцкага напісаў Францішак Мараўскі пад назвай «Новы Парнас», у якой здзекліва называў яго «смаргонскім Піндарам». У 1828 г. за «Байку пра фурманаў», у якой закранаўся нават царскі намеснік князь Канстанцін, паэт быў арыштаваны ў сваёй падвіленскай вёсцы і дастаўлены ў варшаўскую турму. З яе А. Гарэцкі быў выпушчаны толькі пасля таго, як падпісаў для віленскага генерал-губернатара Корсака дэкларацыю, у якой абавязваўся не пісаць палітычную сатыру.
   Але Антоні Гарэцкі не толькі не адышоў ад палітыкі ў сваіх творах, а заняўся ёй і на практыцы. Прыняў актыўны ўдзел у Лістападаўскім паўстанні, пасля разгрому якога вымушаны быў выехаць за мяжу. Да канца жыцця паэт заставаўся ў эміграцыі. Спачатку жыў разам з Адамам Міцкевічам і іншымі выгнаннікамі-ліцвінамі ў Дрэздэне, потым усе яны перабраліся ў Парыж. Пасяліўшыся ў сталіцы Францыі, Антоні Гарэцкі ўдзельнічае ў розных эмігранцкіх згуртаваннях, аддаецца літаратурнай творчасці. У 1834 г. ён выдае ў Парыжы зборнік ранейшых і новых твораў над назвай «Паэзія Ліцвіна». Потым выходзілі іншыя паэтычныя кнігі. У эмігранцкіх творах паэта асабліва моцна гучыць туга па роднай зямлі, па сваёй Віленшчыне, дзе засталася яго сям’я. З болем у сэрцы даведваецца Гарэцкі, што яго два сыны Ў 1839 г. былі прымусова вывезены ўладамі ў Пецярбург. Толькі на схіле жыцця паэт меў шчасце сустрэцца з сынам Тадэвушам, які прыехаў да бацькі. Ажаніўшыся з дачкой Адама Міцкевіча Марыяй, Тадэвуш Гарэцкі застаўся ў Парыжы і стаў адзінай уцехай для знямоглага бацькі: памёр Антоні Гарэцкі 18 верасня 1861 г.
   Літаратуразнаўцы адводзяць Гарэцкаму пераходнае месца паміж класіцызмам і рамантызмам. У яго творах нават праяўляліся элементы рэалізму, што вельмі цаніў Адам Міцкевіч. Пад уплывам рамантыкаў Гарэцкі спрабаваў пісаць творы, заснаваныя на народнай паэзіі беларусаў, якую добра ведаў, жывучы ў падвіленскіх вёсках. Польскія даследчыкі знаходзяць у яго творах «налёт правінцыялізмаў», г. зн. беларускія словы і выразы. Некаторыя матывы творчасці Гарэцкага выкарыстаў Адам Міцкевіч у сваіх байках, баладзе «Лілеі», паэме «Пан Тадэвуш»: так, байку «Д’ябал і збожжа» вуснамі Жэготы (Ігната Дамейкі) пераказаў Міцкевіч у трэцяй частцы сваіх «Дзядоў». Змагаючыся за аднаўленне Рэчы Паспалітай, якая стала называцца Польшчай, Антоні Гарэцкі ніколі не забываўся, што ён сын беларускай зямлі, гістарычнай Літвы. Нездарма ж адзін з яго псеўданімаў быў Літвін.

Кастусь Цвірка

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!