Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Аляксандр Рыпінскі

(1811? — пасля 1896)

   Радзіма паэта і фалькларыста Аляксандра Рыпінскага — вёска Кукавячына пад Віцебскам. Выхоўваўся ён у заможнага дзеда ў маёнтку Стайкі — таксама на Віцебшчыне.
   Сярэднюю адукацыю атрымаў у Віцебскай гімназіі. Вельмі запомнілася юнаму шкаляру, які мроіў паэзіяй, сустрэча там з літаратарамі-шубраўцамі Восіпам Сянкоўскім, Янам Ходзькам, а таксама сакратаром апошняга — маладым Тамашом Занам. У 1829-1830 гг. вучыўся ў школе падхарунжых у Дынабургу, дзе сышоўся са зняволеным там дзекабрыстам Вільгельмам Кюхельбекерам, якога вучыў польскай мове, знаёміў з асаблівасцямі беларускай мовы, з мясцовай літаратурай, у прыватнасці з творамі Юльяна Нямцэвіча і Адама Міцкевіча.
   Калі ўспыхнула Лістападаўскае паўстанне, Рыпінскага і яго таварышаў мабілізавалі ў расійскую армію генерала Дыбіча, але па дарозе да месца прызначэння «падхарунжыя» паўцякалі на бок паўстанцаў. Пасля трагічнага заканчэння паўстання эмігрыраваў у Парыж, дзе пражыў дванаццаць гадоў. На сходах Гісторыка-літаратурнага таварыства, куды сам уваходзіў, Аляксандр Рыпінскі чытаў лекцыі пра беларускі фальклор і этнаграфію, што потым склалі кнігу «Беларусь», выдадзеную ў Парыжы ў 1840 г. Дабратворнае ўздзеянне зрабіла на яго там знаёмства з Адамам Міцкевічам, якому Рыпінскі прысвячаў свае творы. З мэтай вывучэння англійскай мовы ў 1846 г. пераехаў у Лондан, дзе зарабляў на хлеб, працуючы настаўнікам. Разам з наваградчанінам Ігнатам Яцкоўскім, аўтарам «Аповесці майго часу», заснаваў там уласную кнігарню і друкарню, дзе выдаваў разам з іншымі аўтарамі і свае кнігі, пры тым з уласнаручнымі ілюстрацыямі.
   Дачуўшыся пра аб’яўленую царом Мікалаем I амністыю паўстанцам, прадаў сваю лонданскую друкарню з кнігарняй і ў 1859 г. вярнуўся ў Беларусь, да сваіх братоў на Віцебшчыну.
   Аляксандр Рыпінскі пісаў пераважна вершы на польскай мове, выдаваў іх асобнымі зборнікамі. Для нас найбольшую цікавасць мае яго публіцыстычна-этнаграфічная кніга «Беларусь», дзе ўпершыню быў зроблены агляд вуснай паэзіі беларускага народа і як ілюстрацыя былі пададзены фальклорныя творы ў арыгінале, на беларускай мове, якія аўтар насіў у памяці з дзяцінства. Рыпінскі падкрэсліваў, што ў вуснай паэзіі беларусаў, якая валодае «чарадзейнай» сілай, хаваюцца «новыя, невычэрпныя крыніцы мовы, гісторыі і паэзіі» і што на яе аснове можна ствараць «сапраўды нацыянальную, вольную ад чужаземнай літаратуру». У кнігу «Беларусь» аўтар уключыў і некалькі беларускамоўных вершаў, аўтарства якіх да канца не высветлена. Кніга «Беларусь» мела шырокі розгалас сярод беларускай інтэлігенцыі. Яна паказвала, які невычэрпны скарб тоіць у сабе беларускі фальклор. З яе старонак у поўны голас гучала чыстая беларуская мова, самабытная і мілагучная. Для нас цікавыя звесткі і пра яе пашырэнне. Напрыклад, Рыпінскі паказвае, што ў яго часы ў касцёлах святары не цураліся беларускай мовы, што там заўсёды гучалі беларускія рэлігійныя песні, асобныя з якіх ён і прыводзіць у кнізе на мове арыгінала. Пра адну з такіх песень «О! Мой Божа, веру табе» аўтар піша, што «сёння няма ніводнага касцёла, ніводнага месца, дзе б не чулася гэтая песня».
   Спрабаваў Рыпінскі пісаць на беларускай мове і сам. Праўда, да нас дайшла толькі яго балада «Нячысцік», якую аўтар надрукаваў у 1853 г. у сваёй лонданскай друкарні, прытым двойчы. Хоць Рыпінскі і назваў твор баладай, яго ўсё ж трэба аднесці хутчэй да жанру звычайнага вершаванага апавядання, альбо інакш — «быліцы», жанру, які недзе ў гэты час распрацоўваў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
   У нашым літаратуразнаўстве Рыпінскі лічыўся нейкі час амаль рэакцыянерам, непрыхільнікам беларускага народа. У доказ звычайна браліся яго словы з кнігі «Беларусь» пра тое, што беларуская зямля «складае неад’емную частку Польшчы» і што беларускае дзіця павінна выгаварыць слова «Польшча» раней, чым «мама», а таксама тое, што сваю кнігу ён прысвячаў «першаму з беларускіх сялян, які навучыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць па-польску». Сапраўды, тут выразна выявіўся польскі патрыятызм аўтара, які залічаў сябе да палякаў, хоць папраўдзе паходзіў з беларускай, толькі апалячанай шляхты. Разам з тым відаць, што ён душой палюбіў песні і мову беларускага народа і недзе ў глыбіні сваёй свядомасці разумеў, што гэта мова не толькі цяперашніх сялян-беларусаў, але і яго радавітых продкаў. Жаданне ж «прыблізіць» беларусаў да палякаў можна, відаць, растлумачыць рэальнай небяспекай «паглынання» Беларусі вялікай усходняй дзяржавай. Прызнанне «блізкасці» беларускай мовы да рускай магло быць важным аргументам у захопніцкай палітыцы царызму, які імкнуўся апраўдаць, «навукова» абгрунтаваць сваю экспансію, далучэнне «исконно русских земель» да Расійскай імперыі.
   Аляксандр Рыпінскі пасля вяртання на радзіму ў нейкай ступені ўсё ж памяняў свае погляды, стаў бліжэй да беларускай нацыянальнай ідэі. Так, у вершы для альбома Арцёма Вярыгі-Дарэўскага беларускую песню ён ужо называе «сваёй», «нашай» у адрозненне ад «чужой», польскай. А ў пісьме да Адама Плуга ў 1883 г. заяўляў, што беларусам няма патрэбы «гарнуцца да Польшчы».
 


Кастусь Цвірка

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!