Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Канстанцін Вераніцын - Два д’яблы

Гдзе бутэлечка зазвоніць,
Быц кадук1 у шыю гоніць.
Беларуская песня


Дрыб-дрыб, дрыб-дрыб чэшуць ножкі
Упрыскочку і трушком.
Смаліць д’ябал па дарожцы
Без папаскі, хоць пяшком.

Сам мізэрны, рожкі круты,
Быц хранцузік-небарак,
Козлі ногі не абуты,
Капялюш на ім і храк.

Бегшы шпарка, змардаваўся,
Ажна высунуў язык.
Што шаг — мордай спатыкаўся
(Знаць, к дарогам не прывык).

А дарога была слізка,
Бяжыць д’ябал — рад не рад.
(Ведзь жа з Віцебска не блізка
Ў пекла збегаць і назад).

Змардаваўшысь, пад ялінкі
Троха спыхацца прысеў,
Пусціў з морды гужам слінкі
I, як цюцька, засапеў.

Вось глядзіць ён — аж з-пад леса
Нехта быццам бы ідзець.
Забрала цікавасць беса,
Скок на пень і стаў глядзець.

Абшарпаны, абадраны,
Без рагоў і без хваста,
Ў юсе морда, ўсюды раны —
Бес кульгае з-за куста.

«А, здароў, адкуль? як маеш?
Ай, авохці мне, сваяк,
Гэта ж ты зусім кульгаеш,
Хто цябе змяжджуліў так?

Лупіў нехта, знаць, сярдзіты,
Калі йдзеш ты без хваста», —
Гаманіў так бес нябіты
Проці бітага чарта.

Як завые тут калека,
Слёзы градам так і йдуць:
«Во, сваяк, дажыць мне веку
Злыя людзі не дадуць.

Сатане было заўгодна
З пекла нас дваіх паслаць:
Цябе — ў Віцебск, мяне — ў Гродна
Душы п’яніц самушчаць.

Думаў, будзе мне пажыва,
Загуляю ў Гродне я;
Гдзе акцыз2 ідзе шчасліва,
Ёсць пажыва там мая.

Так думаў, ды абмыхнуўся,
Во адтуль які іду.
Ледзь-няледзь жывы вярнуўся,
Знаць, да пекла не дайду.

Першы год было і што-та:
То апоіш, то разбой.
Досыць будзе тут работы,
Меркаваў я сам з сабой.

Стаў я лазіць па ўсіх рандах3,
Як за чарку хто — я тут
Тыц к яму з бясоўскай радай:
Чуць паслухаў — і капут.

То абкрадзе, то загубіць,
Іншы цэркву абкрадзець,
А хто й сам сябе пагубіць —
Люба-радасна глядзець!

Раз прыйшоў я нешта ў ранду
(Страх успомніць — аж дрыжу!),
Мужыкоў сабралась банда,
Я ж пад печку і сяджу.

За сталом сядзіць шынкарка,
Смутна нешта, слёзы лье.
Па руках не ходзіць чарка,
Ніхто песень не пяе.

Што тут, думаю, за ліха?
Зусім п’яных не відаць,
I у рандзе стала ціха,
Паўлягліся слоўна спаць.

Мо аб подачах гукаюць?
Ці у некруты4 бяруць?
Можа, піць за што не маюць,
А ў пазыку не даюць?

Ну, ды гэта мне не вадзіць5,
Што галышыкі не п’юць.
Няма грошай — дык украдуць
Ці, аграбіўшы, заб’юць.

Сам жа, вушы навастрыўшы,
Стаў я слухаць, што бубняць.
Віжу — ці то не падпіўшы?
Што гукаюць — не паняць.

Паціхонечку з-за печы
Шмыкнуў я праміж людзей
Ды шынкарцы й сеў за плечы,
Штоб расслухаць пачутней.

Хоць нам страшан хрэст і вера
(Гэта ведама з вякоў),
А страшней таго няўмеру,
Што я чуў ад мужыкоў.

Адракліся, закляліся
Піць гарэлку мужыкі.
Як у іх не адняліся,
У шайтанаў, языкі!

Каб мяне, за хвост паймаўшы,
Хто храстом перажагнаў,
Верна б, я так не спужаўся,
Як таго, что я узнаў.

Шэрсць са страху стала дыбам,
У дугу мяне звяло,
Пакрывіла морду, губы
I мытухай6 праняло.

Проста, брацітка, сшалелі —
Хоць адзін хто б зробіў грэх,
Чыста ранды апусцелі —
Чарку б выпіў хто на смех.

Мала ж гэтага няшчасця —
Як праняў мяне тут страх,
Млосна стала мне з напасці —
Я на землю чубурах!

Як прыцямілі ж тут гады,
Што зваліўся я на пол,
I нявесь як сталі рады —
Хваць хто цёрла, а хто кол.

А адзін, штоб ён апохнуў,
Цуп такі за самы хвост.
Худа мне, я толькі вохнуў,
Як урэзаўся аб мост.

Хто ганцінай, хто дубінай —
Знай што валюць ды пяруць.
Разламалі чыста спіну,
Ані вохнуць, ні дыхнуць.

Як шалёны, я кідаўся,
Проста пару хоць пусці.
I ўжо с пеклам папрашчаўся,
Мусіць, мне туды не йсці.

Добра йшчэ, што дагадаўся,
Зірнуў — блізка да дзвярэй.
Я рвануўся — хвост астаўся,
Сам наўцёкі паскарэй».

«Худа ж, — кажа чорт з Віцебска, —
Жаль жа мне цябе, сваяк.
Відна, ў Гродне чарцям кепска,
Во у нас зусім не так.

Гол народ наш, як свірэлка,
Падвяло яму жывот,
Зато дзёшава гарэлка
I выходзіць іншы шчот.

Была й мне-та труднавата,
Як стаяла ў нас цана.
Па бутэльцы брала хата.
Што тут зробіць сатана?

Вып’е чарачку, другую,
Трэцяй ў губу не бярэць.
А траплялась зачастую,
Што й зусім ніхто не п’ець.

Раз у раз у цэркву ходзяць,
Гдзе казанне ім бубняць.
Ой, ксяндзы нам многа шкодзяць —
Косцю ў горле нам сядзяць.

Мужык чысты — Богу верыць,
Яго лепей не чапай.
Во як стане чаркі мерыць,
Тады смела падступай.

Раз у горад бег з сяла я
(Акурат на Новы год),
Во ў сяле мне жызнь плахая:
Зусім кіне піць народ.

Толькі што падбег к рагатке7,
Чую гоман, галас, крык:
Пяюць п’яныя салдаткі
I, насцёбаўшысь, мужык.

Гдзе ні ўзгляну — ўсюды п’яны.
Я к рагаткам — чорта з два! —
Да тла чыста пазламаны.
I каго-та там няма!

Што за памжа8 тут такая?
Вочам веры не даю.
Завялось нешта чудное.
Рот разінуў і стаю.

Вось ідуць удвох, абняўшысь,
З сабой нешта баруздзяць,
Ды ўжо так жа насцябаўшысь,
Толькі й можна разабраць:

«Кварта стоіць цяпер злоты.
Во раздолле нам, Дзям’ян!
З панядзелка да суботы
Ад дзяшовай будзеш п’ян».

Як пачуў я, у чым дзела,
З ума троху не сышоў,
Затраслося маё цела —
Аж прыплясываць пайшоў.

Я у горад — сярод бруку
П'яных, быццам бы як дроў.
А ўжо ж гоману і гуку,
Зараўло быц сто кароў.

Хто гарэлкі перш і ў губу
Адрадзясь яшчэ не браў —
Той сцябаў цяпер, аж люба:
Па паўгарца іншы жраў.

Будзе поўна пекла наша,
Будзе мне і пеклу чэсць.
Наварыў я смачнай кашы —
Бяры лыжку, ёсць што есць.

У паўдні, сярод дарогі,
Рэжуць, топяць у Дзвіне.
Не, няможна без падмогі,
Аднаму няспраўна мне.

Я аб гэтым і сабраўся
Бегчы ў пекла к сатане,
Штоб ён даў адтуль шубраўца9
У таварышы ка мне».

«А ці ведаеш, сваячык,
Што-ткі я скажу табе;
Куды дзенусь, небарачык,
Ласку зроб — вазьмі к сабе.

Хоць мяне й забілі гады,
Можа, мне нядоўга жыць,
А ўсё ж пеклу радзець нада,
Трэба троху паслужыць».

«Жаль цябе мне і самому,
Ну ды ладна, дай руку.
Адказаў бы я чужому,
А няможна ж сваяку».

Тут два д’яблы схамянулісь,
Верць туды-сюды хвастом
I з разгону апынулісь
Пад Задунайскім мастом10.

 

1. Чорт, д'ябал;

2. Ускосны падатак на тавары шырокага спажывання;

3. Корчмах;

4. Рэкруты;

5. Не турбуе;

6. Паносам;

7. Да заставы;

8. Навала, напасць;

9. Свавольніка, жартаўніка. Тут - чорціка;

10. Мост у Віцебску (ад Задунайскай слабады).

 

 

Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!