Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Афанасій Філіповіч

   Трагічны лёс Афанасія Філіповіча (каля 1597-1648) і яго «Дыяруш» — яркае сведчанне той вірлівай эпохі, у якую яму было наканавана жыць, і сімвал стойкасці чалавечага духу, які перамагчы нельга, а можна толькі знішчыць фізічна самога чалавека.

   A вірлівасць той эпохі у многім была вызначана і абумоўлена здаровай і прагрэсіўнай самой па сабе ідэяй аб'яднання «рымскай» і «рускай» цэркваў — каталіцызму і праваслаўя. Аб'яднанне, якое здзяйснялася фальшыва і гвалтам, бо мела не рэлігійны, a палітычны характар, у выкананні царкоўных палітыканаў і дзяржаўных валюнтарыстаў прывяло ў XVII ст. да катастрафічных вынікаў. Насілле, што зведала праваслаўная царква ад уніяцкіх іерархаў, каталіцкай царквы і каралеўскай улады, выклікала адпаведны адпор праваслаўнага насельніцтва, якое вылучыла са свайго асяроддзя шэраг правадыроў і герояў. Адным з іх і быў пісьменнік і публіцыст, ігумен Сімяонаўскага манастыра ў Брэсце Афанасій Філіловіч.

   Коратка перакажам яго жыццяпіс. Бо калізіі яго жыцця і духоўныя здабыткі ў выніку сталі зместам і матывамі галоўнай працы яго як палеміста, прапаведніка, шчырага патрыёта, нястомнага барацьбіта за адзінства славянскіх народаў і іх волю — зводу публіцыстычных артыкулаў «Дыяруш» (дзённік).

   Атрымаўшы добрую адукацыю, Афанасій Філіповіч змог працаваць настаўнікам «по науках церковно-русских». Падобна таму, як Мялецій Сматрыцкі быў запрошаны хатнім настаўнікам да магната Саламярэцкага, так і канцлер BKЛ Леў Сапега запрасіў Філіповіча настаўнікам для «царэвіча маскоўскага». Сем гадоў Афанасій выкладаў юнаку навукі і наогул выхоўваў яго. Філіповіч перажыў сапраўднае ўзрушэнне, калі даведаўся, што «Дзмітравіч» — чарговы самазванец Ян Луба, якога рыхтавалі аддаць на шыбеніцу замест выкрадзенага сына Марыны Мнішак. Філіповіч быў чалавек шчыры, сумленны, і адкрыццё, што служыў несумленнай справе, з'яўляўся пешкай у цёмных гульнях палітыканаў, што яго веды і пачуцці выкарыстоўваліся дзеля несправядлівасці, прынесла яму душэўныя пакуты. Ён палічыў сябе грэшнікам і вырашыў парваць са свецкім жыццём. У 1627 г. Філіповіч прыняў манаства ў віленскім Святадухавым манастыры. Тут «злые видимые и невидимые духи» часта кроілі яму сэрца. Тут ён быў узведзены ў сан іераманаха і святара, a ў 1633 г. накіраваны намеснікам ігумена ў Дубойскі манастыр бліз Пінска, адкуль хутка перайшоў у Купяцічы. Тут у манастырскай царкве знаходзілася цудатворная ікона Купяціцкай Маці Боскай.

   Дарэчы, падзеямі манастырскага жыцця Філіповіч і пачынае «Дыяруш» — апісанне падарожжа ў Маскву ў 1637 г.

   Не здолеўшы сабраць патрэбныя грошы на аднаўленне Купяціцкай царквы, вядомай яшчэ ў дамангольскія часы з выпадку з'яўлення ў тым месцы «на дереви образу Пречистой Богородици в крестном знаку» (гісторыя царквы выкладзена Філіповічам у рэляцыі цару Міхаілу Фёдаравічу), святар вырашае ехаць па дапамогу да цара. Каля чатырох месяцаў доўжылася тая вандроўка, поўная прыгод, перашкод і рызыкі.

   У Маскву Філіповіч з Боскай дапамогай прыйшоў. Але як патрапіць да цара? І Філіповіч вырашыў падаць цару праз Пасольскі ўказ рэляцыю, у якой апісваў і сваё падарожжа, і мэту яго, і зацікавіў цара раскрыццём дзяржаўнай тайны: у межах Беларусі жыве асоба, якая адказнымі асобамі Рэчы Паспалітай прызнаецца «царэвічам Дзмітравічам».

   Прычыну свайго з'яўлення перад царом Філіповіч у рэляцыі патлумачыў не толькі мэтай атрымаць ялмужну (міласціну), дзеля якой ён пусціўся ў такую рызыкоўную вандроўку, а воляй Прачыстай Багародзіцы, якая з'явілася яму і сказала: «Цар московский збудует ми церков! Иди до него». Афанасій апісвае, як Багародзіца неадступна ішла з ім і ў паўторным «чудесном видении» заявіла: «О Афанасий! Иди до царя Михаила и рци ему: звитяжай [перамагай] неприятели наши, бо юж час пришол. А в битви той кождого человека, мянуючогося православным, здорово заховай».

   Філіповіч атрымаў багатую ялмужну, а пдсля яго ад'езду царскі пасол накіраваўся да караля з пытаннем пра самазванца і патрабаваннем выдаць яго Маскве.

   Паездка ў Маскву падвысіла аўтарытэт Фіпіповіча сярод праваслаўных. Ён выбіраецца брэсцкімі братчыкамі ігуменам Сімяонаўскага манастыра. Пераехаўшы ў Брэст, ён актывізаваў дзейнасць супраць уніяцкай капітулы. З мэтай умацаваць матэрыяльную базу манастыра едзе ў Варшаву на генеральны сойм.

   Кароль Уладзіслаў IV Ваза выдаў яму прывілей, згодна з якім брацтву гарантаваліся правы і нават дазвалялася набыць участак пад забудову брацкай школы. Аднак канцлер Радзівіл і падканцлер Трызна заявілі, што зробяць гэта толькі калі сам ігумен і яго паслушнікі прымуць царкоўную унію.

   Філіповіч зноў едзе ў Варшаву з «Суплікай» (скаргай), у якой адкрыта пагражаў каралю: «Если унею проклятую выкорените, а всходнюю правдивую церков успокоите — то шасливые лета ваши поживете. А если не знесете унеи проклятой, то дознаете запевне гневу Божого».

   Царкоўныя праваслаўныя іерархі за гэтае выступленне спачатку пасадзілі яго пад хатні арышт, а потым наладзілі Філіповічу свой царкоўны суд, пазбавілі яго сану і адправілі ў Кіеў да мітрапаліта Пятра Магілы. Суд кансісторыі вызваліў яго з-пад арышту, але хутка яго арыштавалі ўжо польскія ўлады ў якасці дзяржаўнага злачынцы па справе Яна Лубы. Цяпер жыццё Філіповіча залежыла ад жыцця самазванца. Пакуль у Маскве вырашаўся яго лёс, Філіповіч пакутаваў у варшаўскай вязніцы. За паўгода турмы ён напісаў шмат артыкулаў і перадаў іх каралю. Сярод іх былі: «Навіны», «Трактат», «Фундамент непорядку костела рымского», «Суплика третья», «Приготовление на суд» і інш. Тры першыя аб'яднаны тэмай барацьбы супраць царкоўнай уніі. У «Навінах» гісторыю сваіх пакут A. Філіповіч разглядае як палітычную акцыю, накіраваную супраць яго нястомнай барацьбы ў абарону праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай.

   Праўдзіва апісваючы жыццё абяздоленага народа, пісьменнік дае вынішчальную характарыстыку ўсім, хто спрычыніўся да дзяржаўнай палітыкі патурання каталіцызму і уніі. Паўвекавая гісторыя уніі ў выкладзе Філіповіча — гэта гісторыя жудасных ганенняў і здзеку з сумлення духоўнага праваслаўнага насельніцтва. Суровай крытыцы падверг Філіповіч і дзейнасць праваслаўнага епіскапата за яго прагу да нажывы, раскошы і багацця.

   Афанасій Філіповіч у «Навінах» папярэджвае пра небяспеку абвастрэння міжнародных зносін з Рускай дзяржавай ва ўмовах, калі народ у Рэчы Паспалітай падзелены на два варожыя лагеры з розным веравызнаннем. Ён прапануе каралю актывізаваць справу прымірэння і згоды ў краіне.

   Ян Луба шчасліва вярнуўся з Масквы, і Філіповіча як заложніка павінны былі вызваліць з-пад арышту. Але замест гэтага ён быў адпраўлены ў ссылку ў Кіеў з рашучым наказам караля мітрапаліту Пятру Магіле затачыць ігумена-бунтаўшчыка ў такое месца, адкуль ён не змог бы больш падаць свайго голасу. Мітрапаліт пасяліў Філіповіча ў келлі Кіева-Пячэрскага манастыра.

   Не здолеўшы пераканаць мітрапаліта ў неабгрунтаванасці абвінавачання і строгіх мер у адносінах да сябе, ён заняўся зводам усёй сваёй публіцыстыкі ў адзін твор - «Дыяруш».

   Ён імкнуўся стварыць такі літаратурны помнік, які б выкрываў унію і праўдзіва адлюстраваў рэчаіснасць Рэчы Паспалітай; помнік, які меў бы актуальнасць «не только тепер» (1646), але і «у потомные часы».

   Толькі пасля смерці мітрапаліта A. Філіповіч выйшаў на волю, але хутка па даносе капітана каралеўскіх войскаў Шумскага быў арыштаваны за пасылку «якихсь листов и пороху» казакам Багдана Хмяльніцкага.

   Фанатычныя салдаты ваяводы Масальскага «пекли огнем», а потым расстралялі яго каля вёскі Гершановічы пад Брэстам. Так трагічна абарвалася жыццё пісьменніка-публіцыста, волю якога да барацьбы за праваслаўную веру і свой народ не змаглі зламаць ні арышты, ні турмы, ні кайданы, ні ссылкі.

   Ён таксама зрабіў свой выбар. Аднойчы і назаўсёды.

   Збылася мара А. Філіповіча: яго «Дыяруш» — не толькі гістарычны помнік і сведчанне таго далёкага, вірлівага і змрочнага часу, але і помнік палемічнай публіцыстыкі, заснаванай на ўласных назіраннях пісьменніка. Пададзена ў творы ўсё з уласцівай толькі яму манерай пісьма. Апроч гнеўнай публіцыстыкі, вандроўных запісаў, яго ўспамінаў, дзённікаў і аўтабіяграфічнага нарыса аб пражытым і перажытым, лістоў і пасланняў, эскізаў асобных выступленняў, трактатаў багаслоўнага зместу ў «Дыярушы» змешчаны легенды, паданні і нават уласныя песні і вершы, напісаныя ў турме, якімі ён мацаваў свой дух:

Звитяжай же зрайцов: первей униатов.
Препозитов также, и их номинантов.
Абы больш не колотили, в покою лет конец жили.
Потлуми всех противников и их рады,
Абы больш не чинили гневу и здрады
Межи греки и рымляны, гды ж то люд
Твой есть выбраный!

   Усяго 48 радкоў, да якіх сам ігумен напісаў музыку. Даследчыца Л. П. Касцюкавец (Беларуская дзяржаўная кансерваторыя) расшыфравала нотны запіс A. Філіповіча. Гімн айца Афанасія праз трыста год пасля яго напісання быў выкананы на канцэртах у Мінску. і гучыць ён узнёсла і ўрачыста.

   I змест усяго створанага А. Філіповічам, і манера яго пісьма вызначаны самай галоўнай якасцю яго асобы — сумленнем, а гэтая каштоўнасць вечная і агульначалавечая. Таму не толькі тады, калі жыў патрыёт і міратворца, яго ведалі, але і ў «потомные часы» будуць «ведать». і шанаваць яго памяць.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!