Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Алесь Дзятлаў - Зарок

Увага! Поўны змест

   Мы з таварышам выбраліся ў лес у выхадны дзень яшчэ поцемкамі. Лёгкі, як павуцінка, туман заблытаўся ў нізовінках сярод густога падлеску з ядлоўцу, крушыны, лазняку, зябка павявала прэлым лісцем, сырой зямлёй і тонкім, амаль няўлоўным духам сасны. Невялікія лужынкі ў калюжынах зацягнула за ноч тонкім лядком; няўзнак натрапіш нагой — хрусціць на ўвесь лес; чорная, быццам дзёгаць, вада хлюпоча пад ботамі, залівае лядок.
   Неба пакрысе святлее, але ў лесе стаяў шэры змрок. Камлюкаватыя ствалы соснаў, спарахнелыя пянькі і сям-там на палянках малады асінавы падрост.
   Мы бадзяліся ўжо гадзіны са дзве, крыху прытаміліся і вырашылі адпачыць. Пятро, мой спадарожнік, пачаў злаваць, што не ўдалося натрапіць ні на звера, ні на птушку. Не зрабілі ніводнага здымка. Дарэчы, ён і выцягнуў мяне ў лес на фотапаляванне, маўляў, удвух весялей.
   Неўзабаве мы натрапілі на нешырокую палянку, скрозь зарослую густой зрудзелай травой. Пятро кінуў пад куст пляцак, і ў той жа момант імкліва пырхнула ўверх уздоўж ствала вялікая пярэстая птушка, мільганула белымі пёрамі, і там, у вышыні, у густых кронах пачуўся рэзкі, пранізлівы голас, быццам двое катоў, не падзяліўшы здабычы, счапіліся і шкуматаюць адзін аднаго. Мы застылі ад нечаканасці, слухалі незвычайны ў гэтым сырым і непрыветным перадзімовым лесе, які, здавалася, спаў глыбокім сном, канцэрт. З гушчару адразу адгукнулася сарока, трывожна затрашчала і разнесла па наваколлі вестку пра небяспеку.
   Пятро схапіўся за фотаапарат, выцікоўваў у кронах соснаў птушку, але дзе ты яе прыкмеціш сярод галін і ствалоў. Ён коратка крыкнуў, каб успудзіць птушку, паглядзець на яе, і тая, узмахнуўшы бела-чорнымі крыламі, пужліва пераляцела на суседнюю сасну, зноў заверашчала-закрычала на ўвесь лес.
   — Сойка, старая знаёмая,— вымавіў Пятро і чамусьці спахмурнеў. Паказаў рукой на малады гонкі дубок, з-пад якога ўзляцела птушка, растлумачыў: — Запазнілася ўвосень, вось і падбірае жалуды, спяшаецца да снегу запас зрабіць на зіму.
   Мы падышлі бліжэй, добра разгледзелі птушку. Яна была сапраўды прыгожая, нават не верылася, што ў гэтым непрыветным перадзімовым лесе ўбачым такі цуд. Прырода быццам знарок пажартавала: у бясколернасць перадзім'я ўпляла яркія фарбы. На фоне шэрага неба вылучаліся блакітныя, з чорнымі і белымі палосамі пёры крылаў птушкі, спінка ружаватая, а бліжэй да хваста — ярка-белая. Сойцы, відаць, не спадабалася, што мы яе разглядваем, яна ўзмахнула крыламі, зрабіла нешырокае, плаўнае паўкола і села на другі бок палянкі ў голле шырокай кроны сасны, зноў пранізліва закрычала на ўвесь лес: хавайцеся, чужыя. Сойка крычала на розныя лады: верашчала, быццам яе хочуць схапіць і задушыць, пагрозліва крычала, рэзка пасвіствала: у яе крыках чуўся ўвесь птушыны гармідар лесу, які птушка чула і запомніла, і ў той жа час умела ўпляла ва ўласны рэпертуар.
   Мы зразумелі, што не так яна баялася нас, а быццам стала ёй проста сумна ў лесе, які пакінула на зіму большасць жыхароў, вось птушка і знайшла сабе забаўку. Яна суправаджала нас мо з паўкіламетра, пакуль мы не выбіліся ў сухі бярэзнік, які рос на пясчаным грудку. У апошні раз сойка правяла нас рэзкім крыкам, відаць, пабаялася вылецець з гушчару, і змоўкла.
   Пятро моўчкі крочыў побач, пахмурны, паглыблены ў свае думкі. Я не зразумеў, чаму ён раптам унурыўся, мо стаміўся бадзяцца па лесе, а мо яшчэ якая прычына была? Не перамовіўшыся ні словам, мы мінулі голы, як венік, бярэзнік, спусціліся ў лагчыну, зарослую вербалозам, і выбіліся на луг, на якім сям-там стаялі нізкія шэрыя стажкі.
   — А ведаеш, пра што нагадала мне сойка? — раптам спытаў мой спадарожнік. Я адмоўна пахістаў галавой, моўчкі ступаў па жухлай шорсткай траве. Здаецца, я ўсё ведаў пра сябра, бо ўжо дзесяць гадоў працавалі ў адной школе, сустракаліся кожны дзень, нават у адпачынак ездзілі разам.
   — Нікому не расказваў,— пахмурна сказаў Пятро. — Але, калі хочаш, паслухай. Вядома, для іншага — дробязь, а для мяне той выпадак многае значыць.
   Я з цікаўнасцю зірнуў на сябра, бо зразумеў, што той нешта таіў у душы столькі гадоў і цяпер вось наважыўся расказаць.
   — Няўжо ёсць нейкая тайна, якую я не ведаю? — знарок з гарэзлівасцю ў голасе спытаў я.
   — Есць, ды яшчэ якая, — прамовіў Пятро. Ён пачаў расказваць.
   — На лета бацькі звычайна адпраўлялі мяне ў вёску да дзядзькі Сцяпана. Ён, ляснік, прападаў у лесе з раніцы да вечара, а часам і ноччу выпраўляўся ў абход, а мы з Іванам, яго сынам, амаль маім аднагодкам, бавілі час, як хацелі. Вядома, і ў трынаццацігадовага хлопца вецер у галаве свішча, сілу дзяваць не было куды.
   Дзядзька ўлетку ніколі стрэльбу ў лес не браў, вісела яна ў бакоўцы, дражніла нас з Іванам. Той хваліўся, што ўмее страляць, кпіў з мяне, няўмекі-гараджаніна.
   Увечары, калі мы паклаліся ў хляве на вышках, дзе ляжала сена, згаварыліся з Іванам. Дзядзька Сцяпан, як заўсёды, раніцай пайшоў у лес, а Іван вынес стрэльбу і адзін патрон.
   Я горда нёс стрэльбу, у кішэньцы штаноў муляла набітая шротам гільза, а Іван павучаў: — Ты, кажа, левае вока прыжмур, не дыхай — і на спуск цісні. Бабахне — то глядзі, каб на нагах устаяў. Слабака так турне аддачай, што пяткі заблішчаць.
   Я ніколі ў жыцці не страляў са стрэльбы, таму ажно еў вачыма свайго трэнера, ад нецярпення дрыжыкі па спіне пабеглі.
   Мы паглыбіліся ў лес, трапілі ў такія зараснікі, што чорт нагу зломіць. А Іван вучыў: калі заяц выскачыць, то перад пысай цаляй, акурат шрот у галаву трапіць. А птушку наўздагон бі, хоць адна шраціна ды зачэпіць.
   Я спыніўся, дрыжачымі рукамі пераламаў ствалы, як паказваў Іван, у правы ствол запхнуў набой. Цяпер мы асцярожней прадзіраліся цераз кусты, цікавалі здабычу. Раптам у густым голлі яліны мільганула нешта белаватае. Іван голасна загалёкаў на ўвесь лес, і велікаватая птушка з лёгкім лапатаннем крылаў узляцела, панеслася між ствалоў. Я з перапуду націснуў на курок, стрэльба ледзь не вырвалася з рук, аглушальна бабахнула. Птушка з лёту спікіравала ўніз, бездапаможна замахала крыламі і звалілася на дол дзесьці за кустом. Я спачатку не зразумеў, што адбылося, бязвольна апусціў рукі. Стрэльба ўпала, а Іван спалохана-радасна закрычаў, пацягнуў мяне за рукаў кашулі.
   Мы схіліліся над нежывою птушкаю, якая, адкінуўшы тоўстую галоўку з моцнай дзюбай, ляжала на шэра-брудным лісці, і некалькі кропель крыві, як маленькія журавінкі, пунсавелі на блакітнаватых пёрах крыла. Я ўбачыў гэтыя кропелькі, і ў мяне ледзь не падагнуліся ад слабасці калені.
   — Пойдзем адсюль,— прашаптаў я Івану.
   Ён моўчкі зірнуў на мой бледны твар, раптоўна пасур'ёзнеў і ўсё зразумеў. Мы моўчкі адышлі ад птушкі, падабралі стрэльбу і пабрылі дадому. Абое адчувалі, што зрабілі вялікае злачынства, не маглі глядзець адзін аднаму ў вочы.
   На ўзлессі Іван ціха сказаў:
   — А ты ведаеш, што гэта за птушка? Я прызнаўся, што не ведаю.
   — Сойка, лясная птушка,— прамовіў Іван.
   У тое лета мы, нібыта згаварыліся, не ўспаміналі пра сойку. Мне было сорамна і балюча за сваю бяздумнасць і жорсткасць.
   — З таго часу я не браў у рукі стрэльбы. Ніколі. Верыш ці не?
   Я зірнуў на Пятра, які, угнуўшыся, крочыў побач, згодна кіўнуў галавой.
   — Вось так, — скончыў Пятро свой сумны расказ. — Даў зарок на ўсё жыццё. А ў лес бяру толькі фотаапарат.
   I я ўжо не шкадаваў, што пайшоў з Пятром у лес у той пахмурны, няветлівы перадзімовы дзень.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!