Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Іван Чыгрынаў - Самы шчаслівы чалавек

Увага!!! Поўны змест

   Сонца забарылася нечага і пакуль разлівала па небасхіле адну ружовую чырвань. Была нядзеля, і ніхто не адважваўся парушаць ранішняй цішы. Толькі днявальныя ляніва сноўдалі паміж парусінавых палатак, падчышчалі, мякка шоргаючы мётламі, пясчаныя лінейкі, налівалі ў дубовыя двухдонкі халодную ваду.
   Ад дзяржаўнай граніцы, што была не больш як за паўтара кіламетра ад лагера, сёння чамусьці не далятала ніводнага гуку, які мог бы насцярожыць чалавека.
   Палаткі стаялі ўздоўж самай шырокай, пасыпанай жвірам лінейкі. У рэдкім тумане яны нагадвалі нечым парусы, што паднялі над сваімі лодкамі рыбакі, перад тым як адплысці ад берага.
   Аляксей Балаш стаяў пад абшарпаным, выцвілым грыбком і чакаў, пакуль чырвонаармеец Казакоў, з якім яму выпала гэты раз дняваліць, падмятаў пляцоўку. Казакоў павінен быў стаць замест яго пад грыбок. Але той усё, нібы наўмысна, марудзіў, і Аляксея гэта злавала.
   Аляксей не вытрымаў, гукнуў:
   – Варушышся ты там, як мяла!
   – А што? – пазяхнуў Казакоў.
   – Можа, яшчэ і памагчы?
   – Я сваё сам зраблю.
   Абодва злавалі ціха, каб не разбудзіць каго.
   Нарэшце вынырнула з-за пагоркаў сонца. Макаўкі маладых сасонак – смалістыя шышкі, што не паспелі задзеравянець, – заблішчалі, як пазлацаныя, і першыя промні нячутна скочылі на пахаладзелую зямлю. Тады скалыхнуўся, нібы ад ветру, туман, які плаваў на ўзлеску, стала відно, як там, дзе яго секанулі сонечныя промні, замітусіліся драбнюткія пылінкі.
   Аляксей зняў з пояса нож, аддаў Казакову.
   – Цяпер ты загарай, – засмяяўся ён. – Ды глядзі, каб нос зноў не аблупіўся.
   Аляксей прайшоўся па лінейцы, размінаючы ногі, адшпіліў полаг палаткі – там соладка спалі, пасопваючы, таварышы. Аляксей пастаяў, паглядзеў, але зноў зашпіліў полаг. Яму раптам не захацелася лезці ў палатку з цяжкім паветрам, і ён адышоўся, сеў на лаўцы.
   Мусіць, Аляксей ужо апошні раз быў за днявальнага. Праз тыдзень у яго канчаўся тэрмін службы – бралі яго ў армію не тады, як і аднагодкаў, і дэмабілізоўвалі не ўвосень, як звычайна, а ўлетку. Гэта яго радавала. Не тое каб служба ў цяжар была – проста хлопец спяшаўся дамоў.
   Яшчэ нядаўна шмат гаварылі пра вайну, і Аляксей палохаўся, што яго дэмабілізуюць раней, чым пачнецца яна. У іхняй сям’і ўсе мужчыны былі на вайне: дзед – на японскай, бацька – на германскай, старэйшы брат таксама ваяваў – Аляксей ведаў, што ордэн брат атрымаў за Іспанію. Аляксею таксама хацелася мець ордэн – было такое тайнае жаданне. Тым больш што вайну ён уяўляў сабе такою, якой паказвалі яе ў фільмах. Нават думалася, больш таго – хлопец быў упэўнены, што ў вайне ўдзел прымуць, можа, адны толькі пагранічнікі – за якое даабеддзе, калі пачнецца раніцой, яны разаб’юць немцаў, а там падымецца рабочы клас у самой Германіі, і тады. Хто ведае, можа, гэта самы зручны выпадак паквітацца з фашызмам! Але чатырнаццатага прыйшлі газеты, і там чорным па беламу напісана, што Германія таксама няўхільна захоўвае ўмовы савецка-германскага пакта аб ненападзенні, як і Савецкі Саюз. Пасля гэтага на граніцы нібы паспакайнела, чуткі і сапраўды больш не «мусіраваліся» – у арміі проста было забаронена гаварыць аб хуткай вайне, – і чырвонаармейцы перасталі падазрона прыслухоўвацца да гулу матораў, які ўвесь час даносіўся з таго боку.

* * *

   Дзяжурным па лагеры быў Аляксееў зямляк, капітан Сітны, і Аляксей пазнаў яго па голасу, як той загаварыў з днявальнымі. Аляксей ведаў яго малодшага брата – вучыліся разам, нават у адзін дзень прызываліся, – і праз таго Сітнага пазнаёміўся з гэтым. Яны часта размаўлялі, і Аляксей ніколі не адчуваў над сабой капітанавай вышэйшасці. Паміж імі заўсёды была зямляцкая прыязнасць. Сітны нават чырванеў, калі чырвонаармеец Балаш выцягваўся перад ім.
   Сітны падышоў і да Аляксея.
   – Адстаяў сваё?
   – Так точна.
   Сітны ўсміхнуўся:
   – Нябось адна твая нага яшчэ тут, а другая ўжо на Волзе?
   – Цяпер паеду, таварыш капітан.
   – Зайздрошчу я табе.
   – Праўда?
   – Праўда, Алёшка.
   Памаўчалі. Тады Аляксей сказаў:
   – Сёння ж самая кароткая ноч.
   – Але.
   – Ды сонца неяк не спяшаецца ўгору, нібы хто стрымлівае яго.
   Капітан Сітны паглядзеў на гадзіннік:
   – Хутка ўжо чатыры.
   – Учора Максім прыслаў ліст – яго таксама пускаюць дамоў.
   – Мы, здаецца, таксама.
   – Што, зноў у Баранавічы?
   – Тут пакідаюць адзін батальён.
   – Правільна, раз не патрэбны, навошта трымаць...
   – А ты і сапраўды думаеш, што не патрэбны мы тут? – раптам зірнуў Аляксею ў вочы Сітны.
   – Калі верыць паведамленню.
   – Вось, вось!.. Калі верыць!
   Аляксей паціснуў плячамі.
   – Паслухай, Алёшка, мы з табой камуністы і будзем шчырыя ў нашай гаворцы, раз яна пачалася. – Сітны нібы зазлаваў. – Я не баюся ні за цябе, ні за сябе. Але баяцца, што і дрэва мае вушы, таксама не трэба. Вядома, там, наверсе, відаць лепш. Але ж учора начальнік палітаддзела ездзіў да пагранічнікаў. Тыя гавораць зусім адваротнае. Немцы рыхтуюцца да вайны і вось-вось пачнуць. Так і лезуць да нас, адных правакацый не злічыць...
   – Значыць, пісалі няпраўду?
   Сітны сумна ўсміхнуўся:
   – Цяпер нават можна пачуць, што ёсць усялякая праўда. Але ж гэта хлусня. Усім вядома, што праўда ніколі не рабіла шкоды.
   Капітан развітаўся і пайшоў – у яго хапала клопатаў па дзяжурстве. Аляксей застаўся адзін. Капітанавы словы неяк непрыемна закранулі яго, і ён нібы ўпершыню адкрыццё для сябе зрабіў, што капітан Сітны ведае штосьці такое, чаго не ведае чырвонаармеец Балаш.
   Аднекуль прыляцеў дзяцел і сеў на сасну, што стаяла крокаў за дзесяць ад палатак.
   – Стук-стук-стук, стук-стук-стук.
   На зямлю пачала церушыцца сасновая кара.
   «Канаплянік», – падумаў Аляксей. Праз хвіліну на кусце жавіны, што буяў ля дашчанае сцяны ротнай капцёркі, запела берасцянка:
   – Пінь-пінь, пінь-пінь.
   Песня была звонкая, бадзёрая:
   – Фыю... фыю... фыю...
   – Ля-ля-ля, – не змаўкала берасцянка. – Дзі-дзі, дзі-дзі, ві-чую, ві-чую.
   Аляксей ажно заслухаўся.
   Уставала раніца.

* * *

   Недзе далёка наперадзе вухнула раз, пасля другі, трэці... Аляксей нават пачуў высока над галавой характэрны шорах снарада. Але шорах гэты дайшоў да яго свядомасці як скрозь сон, быццам было нейкае соннае замарачэнне. Нават калі ўжо і за спіной у яго, можа, кіламетраў за пяць якіх, вухнула колькі разоў, ён не падумаў, што гэта рвуцца снарады. Тады загрымела зусім блізка, і Аляксей нарэшце ўскочыў, спалоханы, але не паспеў зрабіць і двух крокаў, як перад вачамі бліснуў агонь, падкінула крайнюю палатку. Другі снарад расшчапіў сасну, на якой сядзеў жвавы канаплянік, якраз пасярэдзіне, і дрэва абрынулася, падмінаючы пад сябе палаткі. Але Аляксей ужо не чуў, як валілася дрэва, ён нават не чуў, як па лагеры рваліся адзін за адным снарады. Ён нібы аглух – адразу залажыла вушы, але тым не менш ён нейкі момант яшчэ стаяў, здранцвелы, і толькі пасля ўпаў ніцма.
   Снарады калацілі зямлю доўга. Аляксей баяўся паварушыцца і ўвесь сціскаўся ад жаху, як камякі балюча білі па спіне, – яму здавалася, што гэта не камякі, а асколкі сякуць цела.
   Артналёт скончыўся раптоўна, таксама як і пачаўся. Аляксей, яшчэ не верачы сабе, падняўся спачатку на карачкі, пасля стаў, хістаючыся, на ногі; твар яго ў гэты момант быў як у нежывога. Здранцвенне праходзіла паступова, але і пасля таго як ён пачаў азірацца па баках, пад каленкамі дрыжала і к горлу падступала моташнасць.
   Палатак другога батальёна як і не было. Усё пераварочана – копаць, кроў ды пашматаныя чалавечыя целы.
   Менш дасталося першаму батальёну, палаткі якога стаялі трохі ніжэй. Там цяпер бегалі напаўраздзетыя чырвонаармейцы, чуліся каманды. Ля штабных баракаў ужо выстрайваліся роты. Аляксей таксама падаўся туды. Але крануўся з месца, як п’яны. Да яго адразу падскочыў нейкі камандзір, сунуў у рукі вінтоўку, сумку з патронамі і піхнуў у строй. Тым часам начальнік палітаддзела дывізіі, надзіва спакойны, хоць і бледны, з кропелькамі поту на скронях, штосьці гаварыў чырвонаармейцам – Аляксеева глухата яшчэ не прайшла, і ён дрэнна чуў. Нарэшце начальнік палітаддзела падаў каманду, і чырвонаармейцы, адразу парушыўшы строй, пабеглі, трымаючы вінтоўкі ў руках, па лясной дарозе, якая вяла ад лагера праз лес на граніцу, дзе не пераставала грамыхаць і адкуль даносіўся шум блізкага бою.
   Аляксей бег амаль апошні. Ён увесь час бачыў перад сабой то белыя, то зялёныя спіны чырвонаармейцаў. Бегчы было лёгка, нягледзячы на тое, што сумка з патронамі адцягвала плячо. Чым хутчэй Аляксей бег, тым больш рабіўся спакойны. І не было ў яго душы ніякага страху. Але неўзабаве Аляксей адчуў, як тупы боль працяў яго нагу, і ён закульгаў, пачаў паступова адставаць ад чырвонаармейцаў. Праз нейкі момант ён ужо адзін кандыбаў па дарозе, але ўсё яшчэ спяшаўся.
   Немцаў Аляксей убачыў на вялікай круглай паляне, якую абступалі з усіх бакоў густыя лазовыя кусты. Немцы ішлі насустрач яму і стралялі з аўтаматаў. Яны нават не цэліліся, проста стралялі перад сабой і ішлі на ўвесь рост. Аляксей кінуўся на зямлю і папоўз да невысокага пня, які ўбачыў збоку, крокі за тры ад сябе. Першага свайго стрэлу ён не пачуў, толькі заўважыў, як паваліўся на зямлю шыракаплечы, рослы немец. Ад гэтага Аляксею стала радасна, і другога немца ён ужо браў на мушку з вясёлаю злосцю, падобнай на ўдачлівую зухаватасць: Можа, таму, што фашысты былі зусім блізка, страляў ён без промаху. Спачатку ворагі разгубіліся, нават запыніліся на момант, але затым зноў рушылі наперад, падыходзячы ўсё бліжэй і бліжэй да Аляксея. А Аляксей страляў па іх і страляў без продыху. Нарэшце патроны скончыліся. Тады Аляксей дастаў з сумкі, што ляжала побач, запасную абойму, глянуў на патроны і не спяшаючыся пачаў перазараджаць. У гэты момант ірванула зямлю. Аляксей адчуў, як штосьці моцна штурханула яго, ён ударыўся галавой аб пень і выпусціў з рук вінтоўку.

* * *

   Апрытомнеў Аляксей, можа, праз гадзіну. На паляне ўжо не было немцаў. Адны забітыя валяліся на пажухлай траве, і апошні немец ляжаў усяго крокаў за трыццаць ад пня, з-за якога страляў Аляксей.
   Панавала глухая цішыня.
   Галава Аляксея была як налітая, і ўсё кружылася, хілілася да зямлі. У целе адчувалася незвычайная лёгкасць і слабасць. Зліпаліся павекі, быццам перад сном пасля малацьбы.
   Аляксей яшчэ раз акінуў позіркам нерухомыя постаці на паляне і раптам па-сапраўднаму зразумеў: гэта ж ён палажыў столькі ворагаў!
   «А дзе ж астатнія? – падумаў ён. – Іх жа было больш. – І тады Аляксей нягучна, як хапіла сілы, засмяяўся, у галаве з’явілася радасная здагадка: – Значыць, яны павярнулі назад! Значыць, атака адбіта!» І чым даўжэй Аляксей прыслухоўваўся да цішыні, тым больш рады быў гэтай сваёй здагадцы, хоць яна ўжо і не надта вялікім адкрыццём была для яго, бо па-іншаму ён нават і не ўяўляў сабе зыходу першага бою. Цяпер яго хвалявала і радавала тое, што і ён, Аляксей Балаш, чырвонаармеец другога батальёна трыста сорак чацвёртага палка, мае непасрэднае дачыненне да сённяшніх падзей. На душы, нягледзячы на шматлікія раны, было хораша, і Аляксей адчуваў сябе, можа, самым шчаслівым чалавекам.
   Яму балела, і ён не мог паварушыцца, толькі часта паднімаў галаву, глядзеў перад сабой і ўсё чакаў санітараў. Але санітары не ішлі, і Аляксей траціў прытомнасць, потым зноў ажываў, клікаў слабым голасам санітараў і дзівіўся, чаму не ідуць па яго.
   Апошні раз да яго вярнулася свядомасць у канцы дня, у той момант, калі на паляне спыніўся вялізны крыты грузавік. З грузавіка выйшлі трое ў такіх жа мышастых мундзірах, якія былі і на тых, што ляжалі на паляне. Гэта прыехала пахавальная каманда. Але Аляксею ўжо дрэнна бачылася, у галаве ўсё блыталася і нельга было сабраць у адно думкі. Аляксей канаў, і яму здавалася, што на паляне варушыліся не немцы, а вялізныя дымчатыя жабы. Некалі гэтыя жабы не давалі Аляксею спаць – за дваром у іх была сажалка, і жабы заўсёды квакалі ўлетку на ўсю моц. Аляксей набіраў у кошык камення, насіў да сажалкі і кідаў яго ў ваду. Жабы на нейкі час, напалоханыя, сціхалі, але як толькі Аляксей адыходзіў ад сажалкі, зноў пачыналі квакаць. Гэта яго злавала. І цяпер вось вярзлося.

* * *

   Аляксей ужо не дыхаў, калі крокі за чатыры ад яго спыніліся салдаты з пахавальнай каманды: адзін – кароткі, тоўсценькі і малады, а астатнія два немцы – пажылыя ўжо, амаль аднаго росту. Немцы прыйшлі паглядзець на тое месца, адкуль уранні стралялі чырвоныя. Яны спадзяваліся ўбачыць разрытыя акопы і шмат забітых, але на краю паляны не відно было ні акопаў, ні забітых, акрамя аднаго, які ляжаў, скурчаны, за пнём.
   Немцы былі расчараваны.
   Малады сказаў:
   – Горача, – і расшпіліў мундзір. – А ён, аказваецца, быў тут адзін. – Сеў трохі воддаль на пясчаную купку, выпрастаў сваю правую нагу і, сунуўшы руку ў кішэню, дастаў адтуль блішчасты губны гармонік.
   – Не трэба, Курт, – скрывіў твар пажылы немец.
   Курт злосна паглядзеў на яго, колькі разоў падкінуў угору гармонік свой, затым нечакана перакуліўся цераз спіну, ускочыў, бы малады мядзведзь, на ногі і пабег прэч, туды, дзе стаяў грузавік.
   – Гэй, вы! – крыкнуў ён. – Скідайце шапкі! Хаця не... лепш скідайце!.. – Але Курт не дагаварыў і весела, як вар’ят, зарагатаў, мусіць, са свае выдумкі.
   Тым часам другі немец сказаў:
   – Відаць, і яго трэба закапаць...
   – Можна і закапаць.
   – Тут нядоўга. Закідаем зямлёй, і ўсё.
   – Але ж па рыдлёўку трэба ісці ажно да машыны!
   – Тады не будзем.
   – Так, усіх не закапаеш. Колькі іх яшчэ будзе, пакуль Маскву тую забяром.
   На паляне загурчаў матор. Вясёлы Курт вырульваў на дарогу. Яму карцела як хутчэй выбрацца з гэтага лесу куды-небудзь на шумную шашу, дзе рухаліся на ўсход калоны войск, тым больш што на гэтай паляне ўжо не было чаго рабіць: дамавіны стаялі адна на адной у кузаве грузавіка. Дзве былі пустыя – канчаўся толькі першы дзень вайны, і драўляных скрынь, прывезеных ажно з Германіі, яшчэ хапала на ўсіх забітых.

1965

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!