Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Чыгрынаў - Коні

Увага!!! Поўны змест

   Некалі мяне ўгаворвалі напісаць пра конюха нарыс. Але я не напісаў. І кніга тая ў Магілёве выйшла без майго нарыса. У мяне ў бібліятэцы яна ёсць. Часам, калі яна трапляецца на вочы, я бяру яе ў рукі, гартаю старонкі і кожны раз бачу недзе на сярэдзіне нарыс пра таго конюха, але напісаны другім аўтарам, і мне становіцца ад гэтага нібыта ніякавата. Ніякавата не таму, што не здолеў тады напісаць, ніякаватасць ад іншага – ад таго, што не зусім тое пра яго напісана. Хоць, вядома, гэта таксама адноснае – тое, не тое, проста я напісаў бы іначай пра таго чалавека.
   А так – я ездзіў тады на конезавод. Было гэта зімой, у самыя сумёты, калі нічога цікавага, здавалася б, не магла даць паездка. Уласна кажучы, яна і не дала. Мы пахадзілі з конюхам па стайні, падзівіліся на коні; я запісаў іхнія клічкі, радаслоўную, узятыя ад бацькоў і набытыя якасці; сёе-тое занатаваў на паперы пра самога конюха – дзе нарадзіўся, дзе працаваў дагэтуль, чаму пераехаў з добрага калгаса сюды на конезавод.
   – Так выйшла, – сказаў ён.
   Яго звалі Антонам, а тады пачаў тлумачыць: сапраўды, ён атрымаў Героя яшчэ ў калгасе, але пасля шмат што памянялася ў жыцці, галоўнае ж – звяліся паступова ў гаспадарцы коні; вось ён і працуе ўжо колькі гадоў тут, на конезаводзе.
   Матэрыялу, які сабраў я ў часе камандзіроўкі, хапала для нарыса, нават дадумваць мала што спатрэбілася б, але я адразу ўжо ведаў што пісаць не стану. І не таму, што штосьці мне не спадабалася ў самім чалавеку ці ў ягонай справе. Не. Антонавы коні былі гладкія і прыгожыя, з доўгімі, усё роўна як знарок вырашчанымі грывамі, і сам Антон прыгодны быў у героі; праўда, можа, залішне гаваркім здаўся, але гэтая акалічнасць не выклікала ў мяне адмоўнага пачуцця, не кажучы ўжо аб непрыязнасці. І тым не менш, паўтараю, пісаць нарыс я не стаў. Цяпер хочацца тлумачыць гэта рознымі прычынамі, першая сярод якіх з’яўляецца і самай простай, бо сапраўды лепей было б прыехаць на конезавод улетку, як кажуць, пабачыць усё на прыродзе, з табуном і начлежным вогнішчам. Між тым была яшчэ адна прычына, гэта я магу сказаць сёння дакладна, можа, нават і самая важная, якая канчаткова паўплывала на маё рашэнне; яна дзейнічала хутчэй за ўсё несвядома, але дзеянне яе было падобна на пах, што адбівае ў чалавека смак ад нечага надоўга, а то і назаўсёды. Зразумеў я гэта потым, бадай, ужо гадоў праз колькі, як з’ездзіў на той конезавод другі раз.
   Але растлумачыць апошнюю прычыну якраз цяжэй. Нават не ўпэўнены, ці зразумелае будзе тлумачэнне. А справа ўся ў конскіх клічках, у тых імёнах, якія насілі гэтыя жывыя, не дужа вольныя істоты; так, у імёнах, але таксама і ў словах адной частушкі, што прыйшла тады на памяць у канюшні. Праўда, ведаў я з яе ўсяго адзін радок – аб тым, што «конная Будзённага» некалі «пайшла на каўбасу». І ўзнік ён у памяці па асацыяцыі, калі Антон назваў Рулетам самага грывастага жарабка пегай масці. Так яно і склалася адно ў адно, як наўмысна – спярша Антонава апраўданне, што, маўляў, коні ў калгаснай гаспадарцы звяліся, таму давялося пераязджаць сюды, затым гэтая конская клічка – Рулет, пасля даўняя частушка, якая засталася ў памяці маёй, няйначай, ад вайны, з часу нямецкай акупацыі. І ўсё гэта, кажу, сышлося разам, стаўшы своеасаблівай псіхалагічнай перашкодай. Да таго ж я помніў яшчэ, як пасля вайны ўжо сапраўды забіралі з калгасаў коні не куды-небудзь, а на «загатжывёлу».
   Другі раз паехаў я на конезавод сапраўды ўлетку. Але хутчэй за ўсё не таму, што нарэшце рашыўся напісаць пра Антона. Няйначай, што абяцаў у першы прыезд наведацца на конезавод і другой парой, балазе, што моцна запрашаў тады дырэктар, маўляў, улетку ў пойме Віхры куды прыгажэй, чым зімой, і зноў жа – як гэта чалавеку, які змалку прывык ганяць коні на начлег, не хочацца пасядзець сярод ночы ля вогнішча. Так што спакуса для другой паездкі была і без таго.
   Пойма Віхры, яе выгляд у чэрвені месяцы сапраўды пацвердзіў усё, чаго можна было наперад чакаць: злева скрозь распасціраліся заліўныя лугі, шчыльна парослыя пярэстым каляровым разнатраўем, якое здалёку чамусьці здавалася ажно сінім, нават фіялетавым, нібыта іх, тамашнія лугі, займала ад краю да краю адна аўсяніца; справа, па другі бок ракі, высіўся стромы бераг з белымі вымоінамі пяску на адхонах, што нагадвалі паўночныя дзюны; а па-над тым берагам, як акінуць вокам у два канцы, нібыта вытыркаліся аднекуль з глыбіні зямлі няроўныя камяніцы старажытнага горада, можа, самага ранняга ў нас.
   У другую паездку ў мяне часу было больш, чым тады, калі наведваўся на конезавод у лютым месяцы. І яго траціў як хацеў, балазе цяпер не быў абмежаваны ніякімі акалічнасцямі, якія б звязвалі рукі – як кажуць, свая воля і свая няволя, а тут ахвота. Знаходзячы кожны раз хоць якую прычыну, проста для сябе, удзень я смурыжыў паміж лозамі густую, акурат авечая скура, траву; часам, усё роўна як зачараваны, падоўгу ўзіраўся цераз раку ў сцішаны горад, думаючы чамусьці – і зусім не з-за ўвагі да гісторыі – больш пра тыя далёкія часы, калі татара-мангольская конніца, дакаціўшыся сюды ад самай Волгі, не раз і не два таптала гэтыя лугі і заўсёды заканчвала тут, на Віхры, няўдачай свой чарговы набег; а ўначы мы з Антонам сапраўды палілі вогнішча, кожны раз выбіраючы не так для сябе, як для табуна, новае месца, хоць у выбары і існавала заканамернасць, нават не заканамернасць, называць наш выбар такім чынам было б занадта, – проста кіламетры за тры ад Віхры выбівалася аднекуль з сярэдзіны «святая» крыніца, і мы ўзялі сабе за звычай браць з яе ваду на гарбату. Чаму гарбату? Гэтае слова першы сказаў Антон, а я пасля не стаў гаварыць звыклае «чай», так і павялося паміж нас – гарбата ды гарбата. Ну а чаму крыніца святая? Таксама тлумачэнне знайшлося.
   – Ат, – махнуў рукой Антон, калі я пацікавіўся гэтым, – папы недзе агледзелі яшчэ ў старыя часы, пасля зруб узвялі. Раней нават імшу правілі каля гэтай крыніцы. Цяпер гэта звычайны калодзеж. Ну а вада ў ёй сапраўды смачная. У кожным разе незвычайная. Нешта ў ёй ёсць такое, што адрознівае яе ад іншых. Ці мала за жыццё давялося піць з якіх крыніц, а гэта.
   Вада і праўда была цудоўная, калі можна ўвогуле так гаварыць пра ваду. Пахучая, акурат разварыстая, з яе атрымлівалася чай-гарбата. Але ў тым, што гарбата выходзіла такая, вінаваты быў, канечне, Антон. Ён умеў варыць яе, іначай не скажаш, бо чалавек варыў гарбату, а не заварваў: клаў у вядро цэлы ахапак, загорнуты ў марлю, розных траў, які, можа, аднаму яму і вядомы, доўга трымаў на ціхім агні, пасля адцэджваў і ўжо затым разліваў па кубках. Пілі мы ягонае пітво няспешна і моўчкі, акурат насцярожвалі спалохаць штосьці, да таго ж заўсёды без цукру, як юшку. І калі я не вытрымліваў, пачынаў хваліць гарбату, Антон адно ўсміхаўся ды чамусьці з палёгкай уздыхаў, прамаўляючы сваё звыклае «ат», у якім кожны раз чулася то своеасаблівае адмаўленне чагосьці, то, наадварот, амаль поўная згода, і мне, прызнацца, спярша не адразу ўдалося адчуваць гэтую розніцу. Акрамя ўсяго іншага, Антон цяпер зусім непадобны быў на сябе, на ранейшага. І не падобны перш за ўсё’ сваёй неразгаворлівасцю. Калі зімой ён быў залішне гаваркі, ажно мітуслівы, нібыта хацеў знарок спадабацца, дык гэты раз яго акурат падмянілі, можа, ён нават і ў галаве ўжо не меў, што я прыязджаў некалі пісаць пра яго. Словам, чалавек раптам зрабіўся, няйначай, самім сабой. Падрыхтаваўшы гарбату, Антон звычайна садзіўся на грудку, крокаў за колькі ад вогнішча, але не на такое адлегласці, каб схавацца ў змроку. Я заўсёды бачыў яго ссутуленую постаць і гарбаносы профіль, даволі было дзеля гэтага адно кінуць у той бок позірк; дзіўна, але і ўначы я часта адчуваў ягоную жывую прысутнасць, дастаткова было, напрыклад, прачнуцца, як ён тут жа не спаў маючы клопат пасвіць коні і мяне губляць з поля зроку. З гэтага поваду ён неяк сказаў:
   – Вы не зважайце, што я часта прачынаюся. Я наогул вельмі чуйна сплю. Конюх іначай не можа. Яму нельга. Ну а яшчэ... Такім вось чынам я даўжэйшым раблю сваё жыццё. І ноч амаль не спіш, і дзень працуеш. Таму і здаецца, што доўга і даўно ўжо жывеш на свеце. А той чалавек, які ночы прасыпае, адным днём жыве, яму і жыццё падаецца кароткім. Я гэта зразумеў зусім нечакана, на поўдні, калі ездзіў туды па пуцёўцы. Ляжаш, бывала, з вечара, а прачнешся толькі ўранні. Ні клопату табе ўначы, ні трывогі. Ну і спіш таму моцна. У выніку ноч – адно імгненне несвядомае, на жыццё застаецца толькі дзень. А ў мяне тут – і ноч, лічы, свядомае жыццё, і дзень.
   Я, канечне, пасмяяўся з гэткага спосабу падоўжваць жыццё. Ён таксама пасмяяўся разам са мной, усё роўна як за кампанію, але нічога не збіраўся мяняць у сваім распарадку. Дакладней, у сваім ладзе жыцця: заставаўся такім жа чуйным па начах і рупліва-гаспадарлівым удзень, калі амаль не выходзіў са стайні. Я ўжо казаў, што цяпер, улетку, ён быў нешматслоўны, гэта так, аднак разам з тым гэта не азначала таксама, што мы не размаўлялі з ім увогуле. Наадварот, гаманілі шмат, праўда, найчасцей урыўкамі, як бы нечакана, і я нарэшце, здаецца, ужо ведаў пра яго ўсё ці амаль усё, што можна было ведаць пра прыстойнага чалавека. Ведаў нават больш таго. Асабліва часта ён успамінаў сваіх дачок. Іх у яго было дзве. Адна замужам жыла ў Клайпедзе, за мараком рыбалоўнага флоту, але няўдала, з мужам у яе завяліся нелады, і бацька перажываў за сваю малодшую, казаў што трэба з’ездзіць туды, быццам ад ягонай паездкі сапраўды залежала нешта. І ўсё-ткі не гэтыя размовы, не гэты клопат змусілі мяне і сёння ўспамінаць пра Антона, праз шмат гадоў.
   Аднойчы пад ранне, калі чырвонай мярэжай запалаў на ўсходзе світанак, а над пясчанай выспай, на якой мы тады абначыліся, аціхнуў вецер, каб неўзабаве зноў пачацца на краю старой дзебры, конюх ускінуўся раптам, усклікнуў:
   – Коні?
   Дзіўна, але вочы яго былі цяпер быццам невідушчыя, свяціліся аднымі бялкамі, як у старца. Між іншым, коні былі побач, адзін нават стаяў бадай каля самага вогнішча, пакрытага попелам.
   – Вось яны, коні, – сказаў я ціха, каб не разбудзіць яго, бо падумаў, што чалавек ускочыў у сне.
   Але Антон сам хутка ачомаўся, сказаў вінавата:
   – Гэта я так. Прыснілася раптам. А ўжо здавалася ж, што пазбавіўся ад гэтага.
   – Ад чаго пазбавіўся?
   Ён памуляўся трохі, усё роўна як яму цяжка было на штосьці рашыцца, тады расказаў. Уласна кажучы, ягоны расказ і растлумачыў усё астатняе.
   Здарылася гэта ў мінулую вайну. Антон партызаніў. Але ў партызаны прыйшоў з нямецкага палону, якраз супроць першай ваеннай зімы. Праўда, гэтая акалічнасць нічога не значыла ў ягоным расказе. Галоўнае, што Антон быў у партызанах і аднойчы апынуўся ў варожай блакадзе. Іх, партызанаў, тады было трох, на конях. І выбрацца з варожага кола можна было толькі праз раку, якая агінала ў тым месцы бярозавы гай. Але коні заміналі партызанам. З імі немцы ўбачылі б адразу партызан. І яны прывязалі свае коні да бярозаў, а самі папаўзлі праз травяністы луг да ракі. Ім тады пашанцавала. З блакады яны выбраліся ўплаў, не выклікаўшы ў немцаў нават падазронасці. Але назад, у той бярозавы гай, дзе былі пакінуты прывязаныя коні, ніхто з трох не трапіў. Па-першае, доўга трымалася варожая блакада, па-другое, немцы прымусілі партызанаў, у тым ліку і Антона, адступіць далёка ад таго месца, дзе стаялі коні. І калі нарэшце Антон вярнуўся ў бярозавы гай, коні былі нежывыя – выскублі не толькі ўсю траву пад нагамі, але і абгрызлі кару на дрэвах.
   З тых дзён прамінула шмат часу, але Антон успамінаў пра мёртвых коней надзвычай цяжка.
   Я доўга сядзеў трохі здалёк ад яго, маўчаў. Вочы яго зноў зрабіліся відушчымі, але цяпер ён часта-часта пацепваў плячамі, быццам моцна празябнуў без палаючага вогнішча. Дык хіба ж мог ён не стаць конюхам?
   Вецер, што заціхнуў на нейкі час паміж Віхрой і выспай, дзе мы з Антонам выбралі гэты раз начлег сабе, зноў пачаў варушыць траву навокал; ад ракі тым часам пацягнула новай, ужо начной, нейкай колкай свежасцю.
   Я цяпер, праз гады, адчуваю той вецер на сваім твары. Асабліва калі бачу коні.

1994

Похожие статьи:

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - У ціхім тумане

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Звон - не малітва

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Дзівак з Ганчарнай вуліцы

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Бульба

БиографииІван Чыгрынаў