Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Навуменка - Вецер у соснах

   Неўзабаве пасля «Сасны пры дарозе» з’явіўся новы раман Івана Навуменкі «Вецер у соснах», які засведчыў, што пісьменнік сапраўды не меў намеру развітацца са сваімі героямі. Празаік выкарыстаў магчымасць паказаць у новым рамане народнае супраціўленне ў большым маштабе, раскрыць партызанскі рух у сюжэтным развароце, які не вымагаў доўгай экспазіцыі. Так нарадзіўся працяг «Сасны пры дарозе».
   Сцяпан Птах, баючыся за лёс сям’і, хацеў застацца ў баку ад падпольшчыкаў і партызанскай барацьбы. Як бачым, гэта яму не ўдалося. У рамане «Вецер у соснах» Іван Навуменка пераканаўча паказвае, што нейтральнай, старонняй пазіцыі ў велізарным супрацьборстве народа з захопнікамі быць не можа. Сумленны чалавек мог заставацца сумленным толькі пры ўмове, што пераходзіў на бок барацьбітоў. Не мог застацца «над барацьбой» ні Аўгуст Крамер, ні Эрна Турбіна, якая становіцца партызанскай сувязной.
   Партызанскі рух паўстае з рамана «Вецер у соснах» ужо як вялікая баявая, палітычная і маральная сіла жыцця. «За кожнай з такіх дробных груп, якія выйшлі на заданне, стаялі памочнікі з вёсак, мястэчак, гарадоў, яны наводзілі партызан на цэль, перадавалі патрэбныя звесткі, папярэджвалі аб небяспецы...» – чытаем мы на адной са старонак рамана «Вецер у соснах». Як нам здаецца, тут з публіцыстычнай аголенасцю выказана тое, што складае галоўны змест і ўнутраны пафас твора.
   Раманы Івана Навуменкі маюць складаную жанравую структуру і разгалінаваны сюжэт. У іх мы знойдзем і элементы сямейнай хронікі, і прыкметы твора пра маладое пакаленне, і прыгодніцкія па сюжэтнай напружанасці раздзелы, і атрыбуты псіхалагічнага рамана. I гэта не штучная складанасць – яна адпавядае самой сутнасці апісаных падзей і выяўляе іх глыбінную праблематыку. Грамадскае і асабістае, гераічнае і трагічнае, грамадзянскае і інтымнае, сямейна-бытавое і гістарычнае, узаемаадносіны чалавека і калектыву – вось праблемы, якія ставіць аўтар і якім дае пераканаўчае мастацкае вырашэнне.
   Раман «Вецер у соснах» ствараўся як працяг «Сасны пры дарозе». Гэта цікавы і праўдзівы твор аб партызанскім руху. Беларуская літаратура мае нямала твораў, якія добра асвятляюць гэтую тэму. Можна прыгадаць «Глыбокую плынь» Івана Шамякіна, «Векапомныя дні» Міхася Лынькова, «Партызаны» Алеся Адамовіча і г. д. I ўсё ж Іван Навуменка не толькі здолеў сказаць сваё слова, ён у святле шырокага кола падзей і фактаў з сапраўднай мастацкай дакладнасцю паказаў вытокі і асаблівасці барацьбы, умовы і абставіны дзейнасці атрадаў у першыя гады вайны, «шматслойнасць» партызанскага руху і яго сувязі з насельніцтвам, не абмінуў асобныя пралікі, памылкі і паражэнні партызан, раскрыў асаблівы драматызм баёў, блакад, засад.

Ларыса Кароткая


Крыніца: Навуменка I. Збор твораў. У 6-ці т. Т. I. Аповесці і апавяданні. – Мн.: Маст. літ., 1981.– 559 с.

Похожие статьи:

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Танец соснаў

Пераказы, дыктантыСасна пры дарозе

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Як сасна з бярозай пасябравала

Пераказы, дыктантыСасна

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Сасна і бяроза