Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Іван Мележ — чалавек і грамадзянін

   "Пра Мележа-пісьменніка будзе пісаць не адно пакаленне яго ўдзячных чытачоў. Але і пра Мележа-чалавека можна гаварыць бясконца" (Г. Шупейка). Гэта сапраўды не толькі вялікі творца, выразнік душы народнай, але і мужны, гуманны, вельмі добры чалавек.
   "У свае маладыя гады Мележ часта бываў засяроджаны, заклапочаны. А людзей вітаў са сваёй асаблівай, мележаўскай усмешкай — такой ласкавай, непасрэднай!.. Слава не псавала яго. У адносінах да сяброў ён заставаўся нязменна добрым і шчырым" (Эдзі Агняцвет "Ружы Івана Мележа").
   Мележ вельмі шмат чытаў. Рознага, нават тое, што адрасавалася сельскаму культасветработніку. Яго цікавіла ўсё, і да ўсяго ён ставіўся сур'ёзна, з веданнем справы. Мележ заўсёды з павагай ставіўся да працы іншых пісьменнікаў. "Мяне дужа кранула яго ўвага і чуласць.Яна падбадзёрыла, надала мне светлай узнёсласці..." "У ім адчувалася тая выключная сіла духу, якая ўласціва людзям, што глыбока адчуваюць сувязь з жыццём і спаўна ўсвядомілі сваю адказную ролю ў грамадстве", — успамінае А. Капусцін.
   "Такім ён, Іван Паўлавіч Мележ, паўстаў перада мною ў той сціплай гутарцы: увесь у клопатах пра літаратуру, пра чалавека. Абнадзейваючым, добрым і мудрым мне запомніўся позірк яго ўважлівых вачэй на развітанне. ("А. Капусцін "А за акном свяціла сонца...").
   Над сваімі творамі Мележ працаваў вельмі сур'ёзна. Меў незвычайна высокае пачуццё адказнасці за сваю пісьменніцкую прафесію. Таму ён не любіў людзей няўважлівых, легкадумных у ацэнках працы чалавека. "Чытача павярхоўнага, няўдумлівага, раўнадушнага Мележ не паважаў".
   Сам жа ён "не скупіўся на добрае слова — вуснае ці пісьмовае, але... толькі па адрасу талентаў сапраўдных, арганічных, шчырых..."
   На пасадзе старшыні Камісіі па прыёму ў Саюз пісьменнікаў Мележ патрабаваў уважлівага і добразычлівага разгляду кожнай кандыдатуры.
   "Ва ўсім — пачуццё чалавечай годнасці і адказнасці за гэтую сваю годнасць, за свой абавязак, за тое, што табе даверыла Радзіма. Так пачынаўся Мележ-пісьменнік, Мележ-грамадзянін, Мележ-камуніст".
   А яшчэ Мележ вельмі любіў народныя песні і фальклор. А як ён слухаў песні! "Здавалася, нішто зараз не можа адарваць яго ад гэтага пакланення хараству. Ён слухаў народныя песні так, як самы набожны ў свеце чалавек слухаў бы ў храме ўрачыстую месу!.. (Ніл Гілевіч "Яго запавет").
   Яго адкрытасць, шчырасць, адданасць літаратурнай справе, прынцыповасць, адказнасць за сябе і іншых адзначаюць усе аўтары кнігі "Успаміны пра Івана Мележа".

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!