Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Мележ - Здарэнне

Увага! Поўны змест

   Добра летам было Валодзьку. Добра ўсюды, але, можа, нікуды не вабіла яго так, як у хмызняк за сялом. Ён прыходзіў сюды ледзь не кожны вольны дзень, часам і не адзін раз. У іншыя дні, здаралася, забываўся пра дом, пра маці, пра яе наказы, пра ўсё на свеце, толькі змрок, што ўпаўзаў між кустоў і рабіў хмызняк незразумела страшным, выганяў яго дахаты.
   Чаго толькі не было ў гэтым хмызняку, што цягнуўся за Куранямі, здавалася Валодзьку, без канца-краю. У нізкіх з клейкім лісцем алешынах таіліся птушыныя гнёзды, між алешын нярэдка трапляліся стройныя тонкія крушыны, з якіх добра было рабіць кавенькі. Патрымаеш дручок над агнём, так, каб ён прапацеў, прапрэў, і бяры, гні з яго палазок-кавеньку! Можна такую кавеньку выгнуць, што, калі выйдзеш з ёю, як дзед, на вуліцу, усе хлопцы пазайздросцяць.
   А колькі тут усялякай расліны, і горкай-прагоркай, такой, што калі возьмеш у рот, куснеш, дык язык нібы агнём апячэ, потым увесь дзень будзе гарэць, і пахучай валяр'янаўкі, за якую ў кааперацыі нават грошы даюць. Трава ў хмызняку такая высокая і густая, што праз яе церабіцца цяжка, як праз каноплі. Але самае цікавае ўсё ж зараснікі. Алешыны, крушына, лаза тут амаль усюды так густа пераплецены, што лезці ў іх мала хто і наважыцца. Дарослыя, ды і Валодзькавы сябры, тыя звычайна стараюцца ісці сцежкамі.
   У гэты дзень Валодзька доўга сядзеў каля копані. Валодзькава мама казала, што копань тут не сама па сабе, а яе выкапалі, толькі Валодзьку ў гэта неяк слаба і верыцца. Як жа паверыць у гэта, калі яна ўся аброслая, так што і падступіцца цяжка.
Бераг у копані круты, гэта Валодзька ведае. Адзін раз тарфяная грудка, на якой ён стаяў, адламалася, і Валодзька так шухнуў у ваду, што ледзь не схаваўся з галавой. Яму ўдалося ўхапіцца за лазіну, і ён утрымаўся, спалохана адчуваючы, што ногі яшчэ не дастаюць дна.
   З таго дня Валодзька пабойваўся копані, яе вады. Але, можа, якраз таму так і цягнуў да сябе загадкавы зарослы астравок, што купчасціўся сярод копані. Чаго там, якіх цудаў не ўяўляў сабе Валодзька! Вось і сёння сядзеў ён на беразе са сваім дружком Хведзькам, пазіраў на зялёную пялёнку раскі, такую густую і нібы цвёрдую, што, здавалася збоку, хоць ты ступай і ідзі сабе, як па сухому. З раскі то там, то тут цяжка выпоўзвалі зялёныя брыдкія лягушкі.
   — Вунь,— сказаў Хведзька і замахнуўся. Камячок чорнай зямлі ціха сцепнуў, слаба варухнуўшы зялёную паверхню, і лягушка лена, неахвотна знікла.
   — Не папаў! Цалко! — Валодзька знайшоў зялёны бугорчык лягушкі і шпурнуў камячок. Яшчэ да таго, як камячок упаў на раску, Валодзька, пасачыўшы за ім, зразумеў — пералёт. З гэтай прычыны на Валодзькавым твары адразу паявіўся абыякавы, нудлівы выраз.
   Хведзька задаволена падскочыў:
   — Сам — цалко!
   — Вельмі мне трэба! — працадзіў Валодзька.— Каб я хацеў, я адразу б...
   — Ты — адразу б? Хвалько!..
   — Я — хвалько? — устаўшы, перапытаў Валодзька з рашучым выглядам, такім рашучым, што Хведзька прамаўчаў.— Не ведаеш, дык і не кажы!
   Яны пастаялі, памаўчалі, насцярожаныя адзін да аднаго, нібы чужыя. Можа быць, яны б і разышліся, затаіўшы кожны лёд у сэрцы, але вакол было так цёпла, мірна і ў саміх іх было так бесклапотна, што лёд гэты не трымаўся. Спрачацца зусім не хацелася.
   — Ну, глядзі...— мякчэй, хоць і з вельмі хмурным выглядам, прамовіў Валодзька. Ён паглядзеў на астравок, на загадкавы зараснік, і хмурнасць раптам сышла.      — Ведаеш, давай знойдзем алешыну сухую!
   — Нашто?
   — Пакладзем туды. Адсюль туды — і перабяромся!..
   — Уга, пакладзеш туды! — Хведзька тут жа літасціва згадзіўся.— Ну, давай!
   Валодзька звярнуў са сцежкі і палез у зараснік, Хведзька з выглядам адвагі пацерабіўся за ім. Гэты выгляд быў недарма на Хведзькавым твары,— з галлём і гушчынёй лісця тут цесна абступала іх невядомасць. Усюды былі, чапляліся за рукі, за ногі высокая трава, галлё, гнілое, не віднае ў траве і зялёнае на дрэвах, шыю халадзіў сыры цяністы прыцемак, ад якога па спіне прабягалі мурашкі. Чамусьці здавалася, што нехта з гэтай гушчыні назірае, цікуе, і ў галаву мімаволі лезлі страшныя гісторыі з казак, якія расказваў хворы Валодзькаў дзед Ігнат. Ці ж дзіўна, што Хведзька меў такі адважны выгляд.
   Валодзьку таксама было страшнавата, але ён і знаку гэтага не падаваў Хведзьку. Разам з тым, жыло ў ім, спрачалася са страхам і іншае. Яго цягнула да сябе гэтая страшнаватая загадкавасць, што, здавалася, таілася ў змроку і гушчыні зараснікаў. Цікаўнасць, дапытлівасць былі, можа быць, самымі моцнымі рысамі яго дзіцячай натуры. Яму чамусьці заўсёды хацелася ўсё бачыць, хацелася да ўсяго падысці пабліжэй, дакрануцца, калі можна, рукамі, паспытаць...
   — Во! — гукнуў ззаду Хведзька.
   Валодзька вярнуўся да яго. Хведзька, задаволены, выцягваў з травы мокры, даволі тоўсты, з добры чалавечы кулак, камель алешыны. Дрэва было чорнае, і тонкая кара на ім пад Хведзькавымі пальцамі лёгка спаўзала.
   — Склізкая! — паскардзіўся Хведзька, пачырванелы ад натугі, учэпліваючы ў яе пальцы.
   — Гнілая! — заявіў тонам вопытнага чалавека Валодзька, адначасна беручыся дапамагаць прыяцелю.
   — Гнілая! Сказаў! Яна яшчэ — як зялеза!
   Кусты і трава, што трымалі алешыну, раптам адпусцілі яе, і яна лёгка папаўзла на прагалінку. Кінуўшы камель, прыяцелі агледзеліся і заўважылі, што яна вельмі кароценькая, пераламаная. Тут была толькі палавіна дрэва.
   — Не хопіць! — заключыў Валодзька.
   Хведзька ўздыхнуў. Ці то згадаўшы несправядлівую заўвагу сябра, ці то каб суцешыць сябе, наступіў з усёй сілай на дрэва, прамовіў:
   — А так яна — як зялеза!
   Падаліся далей. Неўзабаве трапілі на хліпкую забалочаную мясцінку, збочылі, абыходзячы яе, управа і неспадзявана для сябе выбраліся к канаве. Канава, выкапаная ў даўнія часы і ўжо аброслая кустамі лазы І алешнікам, пераразала амаль увесь хмызняк. Яна ішла ўсцяж сяла, пакуль не ўпадала ў другую, большую. Гэтая большая і перабівала грэбельку, што злучала Курані з Алешнікамі.
   У канаве і ў балотах абапал грэблі, у шматлікіх затончыках вадзілася нямала дробнай рыбы.
   Валодзька раптам забыўся пра нядаўні клопат, запаліўся новым:
   — Хадзем на рыбу! К грэблі!
   — Хадзем! — лёгка згадзіўся Хведзька. Ён адразу разважыў, што ісці на балота куды лепш, як бадзяцца, поўзаць па мокрым зарасніку.
   Беражок канавы быў сухі, ад насыпанай калісьці зямлі крыху вышэйшы за іншую паверхню ўзболатку. Тут весела зелянеў па-веснавому маладзенькі муражок. У гэтым муражку і бегла ўсцяж канавы прамая, утаптаная сцежка, па якой цяпер хутка тупалі двое куранёўскіх прыяцеляў.
Каля аднаго куста, што кідаў на ціхую ваду зеленаваты цень, пастаялі некалькі хвілін, назіраючы за плотачкай, што нібы драмала ў зацішку.
   — Во каб баўтуху! — пашкадаваў шэптам Валодзька.
   Ён раптам затупацеў, шумнуў, і рыбінка ўміг знікла. Неўзабаве дайшлі да другой канавы, павярнулі берагам яе да няблізкай грэблі. Абодва ішлі ў гэтых мясцінах адны ўпершыню і адчувалі сябе нельга сказаць, каб вельмі ўпэўнена. Тут недалёка былі алешніцкія хаты, і лёгка маглі напаткацца самі малыя алешнікаўцы — напаткацца і надаваць у каршэнь. Такія падзеі былі не ў навіну каля Алешнікаў, як і — у дачыненні да алешніцкіх хлопцаў — каля Куранёў.
   Ішлі таму з хуткасцю павялічанай, быццам хто-небудзь падганяў. Каб хутчэй дапасці да сваіх, збочылі на сцежку, што вяла напрасткі да балота. Хведзька часта соп, ледзь упраўляючыся за большым прыяцелем, час ад часу пераходзіў на дробны жарабячы трушок. Ён, аднак, не скардзіўся, не прасіўся прыпыніцца. Абы хутчэй да ўзболатку, да сваіх.
   Хмызняк ужо канчаўся, калі Валодзька спыніўся так рэзка, што Хведзька ткнуўся тварам у яго спіну. Яшчэ не разумеючы, што здарылася, чаго баяцца, ён збочыў услед за прыяцелем у кусты. Прысеў наўколенцах на траву, зморана аддыхваўся. Мяркуючы па Валодзькавым твары, устрывожаным і насцярожаным, яны ледзь не трапілі ў бяду, і гэтая бяда наперадзе, на сцежцы. Хто там, алешніцкія?
   Хведзька асцярожна выглянуў з-за куста. Не, там былі не алешніцкія хлопцы, але тое, што ён убачыў, здзівіла і ўразіла так, як не ўразіў бы цэлы гурт алешніцкіх. Каля канавы стаяла двое незнаёмых. Адзін быў па-гарадскому апрануты, у пінжаку і ў кепцы, з сумкай цераз плячо. Другі, у зрэбным, трымаў нейкі брус.
   Гарадскі ўздымаў на плечы нешта вельмі дзіўнае, проста незразумелае.
   — А-а! — пачуўся неспадзеўкі поруч злавесны голас. Не ўправіўся Валодзька скочыць убок, як чыясьці моцная рука ўзяла яго за локаць, сціснула.— Куды?
   Валодзька спалохана, зверавата азірнуўся. Страшны, нечаканы незнаёмец, па адзенні гарадскі, падобны да першага з тых двух, толькі без кепкі, вельмі весела, гарэзна смяяўся. Ні смех гэты, ні сам воблік чалавека, нязлосны нібы, добры, не супакоілі Валодзьку. Ён паспрабаваў вырвацца. Незнаёмы трымаў моцна.
   — Ты што гэта нелюдзім такі? — зноў засмяяўся незнаёмы, здавалася, злавесным смехам.
   З-за кустоў пачулася:
   — З кім ты там, Паўлік?
   — Звярка злавіў!... Зайца!
   Ён павёў Валодзьку да двух сваіх таварышаў. Падышоўшы да іх, Валодзька заўважыў, што яны толькі што адпачывалі, падмацоўваліся і цяпер выкіроўвалі ў дарогу. Той, што трымаў на плячах дзіўную рэч, чарнявы, сутулы, спусціў яе зноў на зямлю, сказаў спачувальна:
   — Напалохаўся хлапчына. Ахвота табе было палохаць яго,— як дзіця!..— Ён зірнуў на Валодзьку.— Ты адкуль? З Алешнікаў?
   Валодзька адказаў не адразу, сабраўся з духам, наважыўся.
   — Хто ты? Як зваць?
   — Валодзька,— смялей адказаў ён. Пасля роздуму дадаў: — Дзяцел.
   Той, што прывёў, Павел, зарагатаў:
   — А я думаў — заяц! Пераблытаў звярка з птушкай!
   Засмяяліся і іншыя. Павел, які дасюль ішоў босы, сеў на траву і пацягнуў да сябе вялікія боты з дзіўнымі даўжэзнымі халявамі. Гэтыя боты так зацікавілі хлопчыка, што ён, забыўшыся на свой стан і трывогу, толькі і глядзеў на іх, як на дзіўнае дзіва.
   — Што, можа, табе надзець? — улавіў яго позірк чарнявы.
   Валодзька заматаў галавою: не, ён у такім абутку з галавой схаваецца, хіба дзядзька не ведае гэтага? Павел жа, загарнуўшы цыгарку доўгімі пальцамі, выцягнуў тонкую, з кадыком, шыю, пусціў праз ноздры дым і сказаў, што ў гэтых вашых багнах і з такімі халявамі ногі вечна мокрыя. Валодзька на гэта шчыра сказаў, што лепш за ўсё басанож.
   — Мы так і робім! — згадзіўся дзядзька, што паставіў ужо на зямлю незразумелую рэч. Валодзька заўважыў, што ён, як і Валодзька, стаіць босы, з падкасанымі штанамі. Ногі яго — худыя, з рудымі валасамі — былі памыты, але на іх яшчэ трымаліся разводы ўедлівай твані. Штаны да самага пояса таксама афарбоўвала твань, плямы яе, падсохлыя, клеіліся да вышмальцаванага пінжачка з падкасанымі рукавамі. Твань сядзела крапінкамі і на зямлістым твары.
   Усё гэта не здзівіла Валодзьку, яно было вельмі звычайным, рабіла гарадскіх з выгляду незнаёмцаў зразумелымі, свойскімі. Трэці ж, увесь у зрэбным, з такімі ж, як у Валодзькі, цурбалкамі-палачкамі замест гузікаў, быў зусім свой, можа, алешнікавец. Валодзька асмялеў. Ён ужо не баяўся незнаёмых і нават пра Хведзьку ўспомніў, паклікаў:
   — Ідзі сюды! Не бойся!.. Свае!
   Але Хведзька не адгукнуўся. «Уцёк, значыцца»,— рашыў Валодзька. Ён больш не думаў пра сябра, аддаўся ўвесь блізкім цікавым праявам. Калі Павел устаў, чарнявы дзядзька, якога ён зваў Сцяпанам Іванавічам, узняў на сутулыя плечы дзівосную прыладу, аб’явіў:
   — Што ж, рушылі?..
   Ён нічога не сказаў да Валодзькі — ісці з імі ці не ісці,— і Валодзька на момант задумаўся. Але яшчэ да таго, як развагі зрабілі вывад, ногі яго нібы павяло за людзьмі.
   Праз дзесяткі паўтара крокаў, каля ўваткнутай у мокрую траву на багністым беразе галінкі-меткі, Сцяпан Іванавіч зняў сваю прыладу, расставіў ёй ножкі, а чалавек з размаляваным брусам і дзядзька Павел сталі перабірацца на другі бок. З таго боку пайшлі далей, цягнучы тонкую жалезную стужку, адмяраючы адлегласць.
   Хмызнячок тут быў рэдкі і нізкарослы, і нават Валодзьку быў добра відаць над ім верх размаляванага бруска, на які дзядзька Сцяпан наводзіў трубачку сваёй прылады. Паглядзеўшы, ён выняў з сумкі заплямлены сшытак і штосьці напісаў.
   — А, дзяцел? — заўважыў ён Валодзьку.— Памагаць рашыў?
   Валодзька ўгукнуў, і дзядзька Сцяпан сказаў, што гэта вельмі добра, што памочнікі ім патрэбны. Валодзьку страх як захацелася зазірнуць у таямнічую трубачку, паглядзець, што ж там, якія цуды бачыць у ёй дзядзька. Але прасіць ён не наважыўся, а Сцяпан Іванавіч сам здагадацца пра гэта не даўмеўся.
   Узняўшы на плечы прыладу, дзядзька Сцяпан палез у твань, у той бок, дзе ўжо былі іншыя. Ішоў ён цяжка, сутулячыся пад сваёй, відаць нялёгкай, ношай, багна моцна трымала валасатыя ногі і выпускала неахвотна, незадаволена хлюпаючы. Валодзька ішоў за ім як зачараваны.
   — Вот, брат дзяцел,— дабрадушна гаварыў дзядзька, расстаўляючы зноў сваю трыногу,— несалодкая гэта справа — дыбаць па вашай багнюцы... Але нічога, трэба!.. Загад такі!..
   — А што ето вы робіце? — не ўтрываў, нарэшце, Валодзька.
   — Што, кажаш? Пакуль нічога... Справа потым будзе...— ён зрабіў націск на «потым».— Гэта — так...
   Ён маўчаў, глядзеў у сваю трубачку, расставіўшы худыя ногі. Калі даставаў сшытак, заўважыў, якімі вачыма глядзеў Валодзька на прыладу, сказаў:
   — Ну што, паглядзі, калі ўжо рашыў памагаць.
   Валодзька аж затаіў дух, становячыся на цыпкі, каб дастаць да трубачкі. Яна была высакавата, але і тое, што куранёўскі хлопчык убачыў у гэты момант, здалося яму незвычайна важным, асаблівым. Ён убачыў, і да таго ж кепска, ледзь дацягваючыся да трубкі, яркую купку куста, брусок, нейкія незразумелыя рыскі. Кусты былі вельмі блізка, быццам перад самымі вачыма, і гэта разам з такімі загадкавымі рыскамі, са знакамі на бруску проста ашаламіла яго. Яму здавалася, нібы ён заглянуў не проста ў трубачку, а ў нейкі зусім інакшы свет, нічым не падобны да ўсяго таго, што ён дасюль ведаў. Ён нібы зазірнуў за мяжу, за якой пачыналіся дзівы і цуды. Гэты нязведаны свет адразу запаланіў яго...
   Момант, што мільгануў перад ім цяпер, урэзаўся яму ў памяць на многія, многія гады. Усё жыццё потым не раз успамінаў ён гэты момант, з якога пачыналася, можа, самае галоўнае ў яго жыцці...
   Дзядзька Сцяпан згарнуў сшытак і, не заўважаючы, што робіцца з хлопчыкам у зрэбным, сказаў абыякава:
   — Што ж, брат дзяцел, далей рушым?
 

 

Крыніца: Мележ, Іван Паўлавіч. Збор твораў : у 10 т. / Іван Мележ. - Мінск : Мастацкая літаратура. Т.1. - 1979. - 447с. 

Похожие статьи:

Іван МележПалеская хроніка. Людзі на балоце. Частка першая

Іван МележБеларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележВасіль Дзяцел і Ганна Чарнушка як мастацкія тыпы ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележІван Мележ - Спатканне за горадам

Іван МележПалеская хроніка. Людзі на балоце. Частка другая