Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Палеская хроніка. Подых навальніцы. Частка першая

   ...Першыя навальніцы былі літасцівыя. Але наступная спраўдзіла гразьбу: зіхала, ляскала — ды і кінула грымучы агонь свой на гумны. 
   Пакуль аціхла, адышло страхотнае лясканне і дапялі да пажару, агонь узяў ужо тры гумны. Хоць ліў безупынку дождж, хоць, як маглі, стараліся стрымаць агонь, да світання ад трох гумнаў засталіся толькі мокрыя абгаркі... A раніцай убачылі і жахнуліся: навальніца кінула маланку і на крыж за сялом, на разгалку дарог. Затрывожыліся: большасць меркавала цвёрда, што гэта не на добрае, што чорны крыж — знак Божай няміласці. Былі і такія, што нават пасмейваліся: глядзіце, і Бог сам крыжы паліць. Прызнае, што пара святая прайшла... 
   І жыццё, сапраўды, кожнаму шчодра адсыпала даволі рознай бяды. 
   Вялікія перамены, пачаўшыся некалькі гадоў таму назад, вярэдзілі цяпер куранёўскія хаты адчуваннем наступу новых, няўхільных, небывалых. Яны рабілі ўсё заўтрашняе нетрывалым, гразіліся ўсяму звыкламу, цвёрдаму, выпрабаванаму... Здаецца, усё тое ж самае, што і кожнае лета: зноў касавіца, зноў звыклыя раніцы, звыклыя клопаты. 
   Чацвёрты год жыве з Яўхімам Ганна. Як адзін доўгі-доўгі дзень, як адна бясконцая дурнотная ноч, успаміналася Ганне яе замужняе жыццё — тры гады жыцця! Яўхім быццам помсціў за Васіля, за вольныя гады... Нясцерпнай пакутай напаўнялася кожная хвіліна яе жыцця з нялюбым, нялюдскім, жорсткім і пыхлівым Яўхімам. Не нявесткай, а па-ранейшаму галадранкай была яна для Глушакоў. І толькі Сцяпан кроіў сабе сэрца, гледзячы на пакуты і прыніжэнні Ганны ў іх сям'і. Спачуваў, заступаўся, але Ганна была абыякавай нават да гэтых яго шчырых пачуццяў і парыванняў. Спраўдзіліся не надзеі на тое, што "сцерпіцца — злюбіцца", што прыме яе адзіную ўмову Яўхім — "кеб па-добраму було", а самыя горшыя прадчуванні. 
   Свет зачыніўся для Ганны, калі памерла яе адзіная радасць,уцеха і надзея — дачушка Верачка. Як ні малілася, як ні прасіла Бога, каб зжаліўся, не адбіраў у яе самае дарагое, адзінае, што яна мае, чым толькі жыве, — непапраўнае здарылася. Праз Глушакоў, лічыла Ганна, і гэта яе гора, праз іх сквапнасць і зайздрасць, бяздушнасць і жорсткасць. Лютасцю гарэлі і яе вочы, калі праклінала: "Няхай яно згарыць, ето ваша дабро!" 
   Пачуўшы пра гора сяброўкі, Хадоська спачатку думала спакойна: Бог пакараў іх за ўсё, заступіўся за яе! Вельмі няпростым было і яе вяртанне да жыцця, да ўратавання ўласнай душы: праз пакуты, праз нянавісць да людзей, нявер'е, абыякавасць да ўсяго, праз усведамленне і свайго граху — да веры ў Бога, да любові, да спачування людзям, да вызвалення ад свайго грэшнага кахання. Усё, што было да Яўхіма, неяк скамянела ў ёй: як на камені, нішто не жыло. Аднойчы, летнім днём, нанава пачула яна і спеў жаваранка, нанава ўбачыла барвы красы ў агародчыку — свет для яе як бы перамяніўся. Свет быў поўны гукаў, поўны свайго, нябачнага раней жыцця. Ён жыў увесь час, дзівосна багаты і розны... Няшчасце Ганны з новай сілай запякло думкамі пра сваё малое, якое звяла, загубіла сама, пра сваю бяду, якой ужо таксама не паправіць ніколі. Помніла: радавацца чужой бядзе — фэх. "Божачко, злая я, злая, — каялася з адчаем яна. — Што мне рабіць, парай, памажы мне, Божачко! Няма дабраты ў мяне. Не магу забыць, не магу!.." 
   Праца душы змяніла, упрыгожыла ўсю яе. Харошая яна сабою стала, красуня—канапляначка! Чулася ў Хадосьцы нязнаная калісьці годнасць, строгасць. Прыгожая яна была асабліва цяпер, у заўзятай працы; у тым, як яна рабіла, бачылася, колькі ў ёй і дужасці, і маладога агню. Хоня дапамог сваёй і далікатнасцю, і дабрынёй, і аптымізмам вярнуцца да жыцця Хадосьцы, сам закахаўся ў яе яшчэ больш. Настойліва і цярпліва чакае ён свайго шчасця, не зважаючы ні на непадступнасць Хадоські, ні на абурэнне і ўпартае нежаданне Нібыто-Ігната мець за зяця такога галадранца і "бязбожніка". І дача-каецца! Цярпенне і бязмежная любоў да Канапляначкі перамогуць ўсё! 
   Драматычна, нават трагічна складваецца жыццё Васіля. Выгадна ажаніўся ён з Пракопавай Маняй: добры пасаг прынесла! Тыя паўдзесяціны ўрадлівай зямлі, што даў за ёю Пракоп, скрыня з дабром, карова дапамаглі Васілю стаць на цвёрды фунт. Каня добрага купіў, хату ставіць пачаў, ды не абыякую хату — пяцісценку, на дзве палавіны! Не ляжала душа да вечна соннай, непаваротлівай, як цеста з дзяжы, рыхлай Мані, але не хлопец ужо — не пра тое думаць трэба, а пра галоўнае — "пра дзела"! Шчыраваў за дваіх так (Маня тая, пакуль павернецца — як мокрае гарыць, а як Алёшка нарадзіўся — нават каля печы без Дзятліхі і то не ўправіцца!), як і да гэтага не шчыраваў: што на касьбе, што ў полі — роўнага яму не было! і толькі цешыцца пачаў, толькі гаспадаром сябе на гэтай зямлі адчуў — пачалося! Са зняможнай стомай, прыемнай, хмельнай, дужаўся ён, а з тым, што навалілася, дужацца было няпроста: "Толькі пачаў жыць!.. І от — на табе!.." 
   Яшчэ раней вярэдзілі душу чуткі пра калгас. Вечарамі на балоце збіраліся купкамі і гаманілі пра новае, што іх чакае. Некаторыя даводзілі, што страхі людскія — пустое, адступяцца; аднак Сарока як у сук уляпіла: "Не для таго гаворано, штоб кінуць няворано!.. Пачуеце, як дома пераначуеце!" Не пераконваў людзей і прыклад, што ў Алешніках ужо жывуць калгасам: "Не дай Бог жыць каму так!.." 
   Ганніна мачаха кіпела: "Дзе ето відано, кеб усё сяло — як адна сям'я була! Тут і ў сям'і грызешся вечно, брат брата за горло бярэ! А то кеб з чужым — мірно! Смех, дый годзе!". Калі "шчэ й з помаччу ад казны", то нават і па камандзе жыць не страшно". Страшней за ўсё — "І хлеў — не твой! І свіран — не твой, і хата — чужая! І конікі, і кароўкі - yсё чужое!" У Глінішчах "ускочылі" ў калгас, "цяпер круцяцца, як ад заразы! Выпісацца хочуць каторыя, дак іх і слухаць не хочуць! Hі коней, ні зямлі не даюць назад! Ідзі голы ў свет!" 
   Ганніна мачаха яшчэ больш дадала трывогі, калі расказала, што яе брат запісаўся ў калгас — "дык каецца не перакаецца! А вярнуцца назад няма як!.." 
   У другім гурце гаманілі, што і жанок абагульняць будуць, што вельмі даспадобы было Зайчыку: "Штоб, скажам, маю старую — Васілю, а Васілёву Маню — мне!" Калі ўсе сціхлі, Васіль сказаў панура і цвёрда: "Не будзе з етага нічога! Я — сам па сабе! Не пайду! Скажу: не! і ўсё!" Калі і прыстрашылі нават, што адбяруць усё "ды яшчэ прыпаяюць", Васіль і не думаў сыходзіць з пазіцыі: "А і прыпаяюць — усё адно! Як такое — што жыць, што не — усё адно!" 
   Па-сапраўднаму апанавалі трывогі, калі ў Курані прыехаў сам Апейка і на агульным сходзе асцярожна, але настойліва даводзіў, што толькі ў арцелі — ратунак. Толькі арцеллю можна збыць злыбеду — нішчымніцу і галечу. Намнога катэгарычней павёў сябе Міканор: "Штоб з сягонняшняга дня калгас быў і ў Куранях! І хто гатоў уступіць — няхай тут астанецца і запішацца! А хто не хоча, хто проціў народа і... савецкай улады — можа ісці дадому, спаць!.." 
   Спаць пайшлі ўсе, акрамя толькі шасцярых гаспадароў, што паддаліся і на довады Апейкі, і на скрытую пагрозу Міканора, ды цікаўных жанок. "Небагата", — нібы падумаў Апейка. "З нашым народам хіба зробіш што!"— не таіў расчаравання Міканор. І пачаў хутка запрагаць: "і курэй. як і ўсякую жыўнасць, будзем абагульняць". 
   Яшчэ больш расчараваўся, калі пачуў ад Апейкі, што не з заўтрашняга дня "калякцівам" жыць пачнуць, а пасля, як пакосяць і пажнуць. 
   Расчараваўся, што мара пра калгас, нават такі, нават з гэтай купкі людзей, зноў не спраўджвалася, адступала да восені!.. Памякчэў трохі, калі ўсе дружна выбралі яго за старшыню. 
   Бязмежнымі былі горыч і адчай Васіля: "Аддай у арцель коніка... Аддай чорту нейкаму за нішто... Аддай зямельку сваю..., аддай сваё на нічыё, змяняй матку родную на мачаху! Аддай гуменца... Аддай за добрыя словы, за абяцанкі! Аддай за нішто!" Не спалася ў тую ноч не толькі Васілю. Доўга не мог заснуць і Апейка. Толькі яму было ўсё ж лягчэй, хоць ён, як ніхто, разумеў усіх і таксама трывожыўся, пакутаваў, але ён "бачыў над сабою неба"! Не столь нудную, а высокае, з зоркамі далёкімі, бяссоннымі, неба. І думаў, што не самае цяжкае і важнае — звесці іх усіх у адну сям'ю, але і "навучыць думаць, адчуваць інакш! Трэба змяняць душы, псіхалогію іх: уласнік павінен стаць калектывістам! От у чым найбольшы сэнс! І тут — ясна — галоўнае: пераконваць людзей! Цярпліва, доказна, па-ленінску!.." 
   І ўсё ж назаўтра паспрабавалі працаваць (пакуль што толькі касіць!) арцеллю. Спрачаліся, хто павядзе, хто пойдзе першым, бо гэта да ўсяго было гонарам. Зайчык прапанаваў: Апейка. І Апейку засталося толькі падзякаваць за гонар і давер. 
   ...Пачатак перамены — пачатак радасці ці бяды? Глушак нюхам пачуў, што жыццё робіць паварот. Нядобры паварот. Першай грознай вяхою бяды яшчэ залеташняй восенню была дзіўная няясная навіна: Нохім усё прадае і збіраецца кудысьці ехаць! Свярбела зверыцца самому: ці праўда тое? Праўда! Сам Нохім патлумачыў, што "ўсякі называв нэпманам, капіталістам, буржуем!" "Хіба я сам — вораг які савецкай уладзе! Я толькі дабра хацеў уладзе, памагці хацеў! А як вам не падабаецца гэта, дак нашто мне яно!" Выснова Глушака была такая: "Чуе, значыцца, што не к дабру ідзе ўсё, што дабра не будзе!.." 
   Пазайздросціў: няма на свеце чалавека хітрэй за яўрэя — надзеі на добрае няма, пагібель ідзе, раз Нохім гэта пачуў. Тады ўжо трэба было і яму, Халімону, штосьці рабіць. Частку прыхаванага ім збожжа ўсё ж знайшлі, забралі. Квітанцыю на падатак ажно ў 56 пудоў супраць 48 раней намечаных ("Ето — утачнілі!") атрымаў з абурэннем: рабунак! 
   Размова з Міканорам ні да чаго не прывяла, нават грозьбы Яўхіма не напалохалі Дамеціка: "Справядлівасць, дзядзько, такая: здайце ўсё. 
   Калі па-добраму хочаце!" Паехаў скардзіцца Апейку, але і той свой сказ скончыў так: "Каб выканаць пяцігодку — патрэбен хлеб! Вельмі многа хлеба!" 
   Размова з багацеем Хролам з Загарадкаў (пацягнула да падобных сабе) яшчэ больш надала трывогі. Падцікаваць — і "крэкнуць", як раіў Хрол, — не выйсце: "гепеву толькі і цікуе, каб выткнуўся хто". Тут сіла трэба! На сілу — сіла! Падтрымка трэба! Такую падтрымку Глушак бачыць у жаданай вайне, пра магчымасць і пагрозу якой пішуць у газетах. Адно — ждаць моманту! 
   Пакуль разам касілі, жалі арцельшчыкі , было нават і добра. Усе турботы і хваляванні пачаліся, як сталі зводзіць кароў, коней, звозіць вазы, плугі. Аж плакала Дамеціха па сваёй кароўцы. А тут яшчэ Хонева кабыла грызнула Міканоравага каня, на што Руды ўзрадавана адрэагаваў (паглядзець на суполку прыходзілі, як на спектакль): "У кожнай культурнай канюшні абязацельно павінны будь, так сказаць, ячэйкі на кожнага каня..." 
   Зайчык і Алёша Губаты ўспрынялі гэта як агітацыю супраць калгаса, у іх тоне чулася пагроза Рудому, які сам у калгас не ўступае, а толькі павучае. Руды пазней прыйдзе да Міканора і прапануе свае "паслугі", але толькі, "следавацельно, інцілігентну то работу. Штоб бугалцерам, напрымер. Ці кладаўшчыком..." 
   На папрок, што адразу шукае выгаду, удакладніў: " Ета выгада найперш, так сказаць, для калгаса. Патом ужэ для мяне... Трэба цаніць грамату! І скарыстоўваць граматнаго як кадраваго спецыяліста!" Міканор паабяцаў падумаць. 
   Калі Вольга Хведарава і Зайчыха, падаіўшы кароў, разлівалі карцом малако ў гладышы, Міканор нагадваў: "Строго па колькасці едакоў! Штоб — па справядлівасці!.. Пароўну. А не так — каму густо, каму пусто!" 
   Ведаў Міканор: кожнае слова яго ловяць, панясуць па хатах, будуць абмяркоўваць, думаць. Няхай думаюць, можа, таксама за розум возьмуцца! 
   Веялку, якую прыкаціў Міканор, сустрэлі як дзіва. А потым прывёз і тры мяхі сартавога, адборнага насення, якое даставілі ў Юравічы аж з-пад Гомеля, са спецыяльнага саўгаса. Міканор дазволіў развязаць мяхі і паглядзець на заваблівы цуд будучага лета. Калгасаўцы трымаліся адзін аднаго. "Як сваякі", — дзівіліся людзі. 
   Узбударажыла куранёўцаў яшчэ адна навіна: будзе новы перадзел зямлі, які Міканор называў землеўпарадкаваннем. І лепшыя землі — калгасу. Папярэдзілі ўсіх, каб не аралі і не сеялі, бо з дня на дзень прыбудзе каморнік. 
   Васіль не паслухаў: і заараў, і засеяў. 
   Пакуль чакалі каморніка, Міканор вырашыў раскідаць гумны. І пачаў са свайго. Адных радаваў імпэт разбурэння. Былі і такія, што глядзелі моўчкі, сур'ёзна, сумна. Іх усё гэта трывожыла... Дамеціха жагналася, гледзячы на жахлівую пустэчу. Разрывалася яе душа ад болю, страху і крыўды: "Божачко, ты — усемагутны!.. Памажы, парай!.. Навучы іх, неразумных!.." 

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!