Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Палеская хроніка. Аналіз трылогіі

   Мележ вельмі даўно хацеў напісаць твор пра любыя сэрцу мясціны, пра людзей, сярод якіх прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Ён доўга абдумваў тэматыку, сюжэт, планаваў назвы. Паступова выспела задума перанесці дзеянне ў даваенны час і, вяртаючыся да мінулага, глыбей раскрыць жыццё палешукоў. Так з'явіўся ў 1960 годзе першы раман вялікай кнігі пад назвай "Палеская хроніка" — "Людзі на балоце". У 1965 годзе ўбачыла свет другая кніга — "Подых навальніцы". За абедзве кнігі ў 1972 годзе Iвану Мележу была прысуджана Ленінская прэмія. У 1976 годзе выйшаў раман "Завеі, снежань". У архіве пісьменніка засталіся накіды і занатоўкі да раманаў "За асакою бераг" і "Праўда вясны", але творчым планам з-за смерці мастака не суджана было збыцца.
   Праблема твора бачылася пісьменніку даволі шматпланава: "Зямля — карміцелька; зямля — жыццё і зямля — надзея, любоў, нянавісць". Усе героі, усе падзеі ў "Палескай хроніцы" сканцэнтраваны вакол зямлі. Ад яе залежаць іх лёсы, і ад іх залежыць яе лёс.
Усебакова малюе роднае Палессе аўтар. Героі рамана і прырода жывуць тут побач і дапаўняюць адно аднаго. Людзі паказаны пераважна ў бытавых паўсядзённых клопатах. Ніякіх значных подзвігаў, нічога гераічнага куранёўцы не робяць, яны жывуць няяркім, аднастайна-шэрым жыццём, у якое моцнай хваляй уляцела рэвалюцыя, пасля вайна, калектывізацыя. Аўтар "Палескай хронікі" робіць нас сведкамі надзвычай складаных узаемаадносін, якія спрадвеку існавалі паміж чалавекам, прыродай і космасам. "Жыццё ў абдымку з прыродай" (В. Шукшын) пранізвала ўвесь змест духоўнага свету палешукоў.
   Так Іван Мележ стварыў шэдэўр нацыянальнага мастацтва, якому было аддадзена 15 гадоў напружанай працы.
   Мележ вельмі любіў сваіх родных і вяскоўцаў, роднае Палессе. Таму ён дае аўтарскае прысвячэнне ў пачатку першай кнігі: "Бацьку, маці, бацькоўскай зямлі", у якім выказвае сваю непасрэдную сувязь з зямлёй бацькоў, з палешукамі. Усе падзеі рамана адбываюцца вакол зямлі, і людзі таксама жывуць на гэтай зямлі, ды і сам пісьменнік сваім жыццём абавязаны роднай бацькаўшчыне.
   Словы прысвячэння пачынаюць аповед пра тых, каго так шчыра любіць аўтар. Гэтыя словы заключаюць у сабе мележаўскую ацэнку рэчаіснасці, сутнасць якой у тым, што крытэрыем ацэнкі падзей і чалавека з'яўляецца народная ацэнка. На падзеі рамана мы глядзім вачыма герояў. З пазіцыі народа асвятляе Мележ амаль усе падзеі свайго твора, ацэньвае характары.
   На падзеі, якія адбываюцца ў рамане "Людзі на балоце", мы глядзім вачыма Ганны, Васіля і іншых герояў твора. Васіль сэнс свайго жыцця бачыць у працы на зямлі. Ён упэўнены, што толькі зямля можа яго пракарміць, дапамагчы яму сцвердзіць сябе як гаспадара, стаць упоравень з самымі паважанымі людзьмі ў вёсцы. Дзве страсці, дзве любові ў Васіля Дзятла — зямля і Ганна.
   У цяжкай душэўнай барацьбе ўсё ж перамагае зямля. Яна бачыцца Васілю самым трывалым падмуркам у жыцці, які дапамагае перажыць Ганніна замужжа. "Усе сілы чалавека — у зямлі, — разважае Васіль. — I сіла ўся, і радасць. Няма зямлі — няма, лічы, чалавека". У яго характары назіраецца спалучэнне працаўніка і ўласніка, але ўласніцкі пачатак развіты менш, таму што свой дабрабыт Васіль бачыць не столькі ў багацці, колькі ў жаданні быць роўным, як усе. Ён не хоча, каб лепшая зямля была ў Глушака, таму так упарта змагаецца за аблюбаваны ім надзел каля цагельні. "Не дам! Мая зямля! Мая!" — крычыць ён. I ў гэтым "не дам" выяўляецца не проста сялянская прывязанасць Васіля да зямлі, не яго абмежаванасць, а вялікая сіла мужыка, які лічыць зямлю і працу на ёй сэнсам свайго жыцця.
   Страта зямлі, якую так любіў Васіль, у час калектывізацыі яшчэ больш абвастрае страту кахання, бо "да горкага адчування сваёй бяды прымяшалася няёмкая, вінаватая думка пра Ганну. Адступіўся ад яе, не памог выбавіцца, пакінуў адну ў бядзе — усё з-за гэтай зямлі, з-за палоскі, якую цяпер адбяруць. Усё жыццё сваё спаганіў з-за зямлі гэтай, а яе адрэжуць". "Тады таксама вельмі балела, і от цяпер баліць. Як і тады, на душы цяпер так, што і жыць, здаецца, не хочацца. Глядзець на свет не хочацца". Тады ў бядзе ратавала надзея на зямлю, а зараз не было чым ратавацца. Урэшце, поўная душэўная драма: "ні Ганны, ні зямлі".
   Ганна Чарнушка славілася на ўсё наваколле сваёй гарэзлівасцю і прыгажосцю, прывабнасцю і дасціпнасцю, чулай душой і пяшчотным сэрцам. Дзяўчына захапляе сілай свайго характару, пачуццём уласнай годнасці. Пісьменнік параўноўвае яе з рабінай: "ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак. Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна". I маральна, і знешне Ганна вельмі прыгожая. Учынкі яе бескарыслівыя, пазбаўлены халоднага разліку. Хараство гераіні ў яе здольнасці чуйна адклікацца на чужы боль, падтрымаць у цяжкую хвіліну. Захапляе Ганна працавітасцю, калі завіхаецца па гаспадарцы, калі дапамагае бацьку ў гумне, калі да стомы працуе на малацьбе ў Глушака. Рана зведала дзяўчына, што "работа — гэта не цешыцца, не радавацца". Пачуццё чалавечай годнасці, дзявочага гонару, самастойнасці і незалежнасці меркаванняў выяўляе яна ва ўзаемаадносінах з куранёўцамі. Не могуць не крануць яе пяшчотныя адносіны да бацькі, да браціка Хведзькі. Ганна жыве па прынцыпу: ніколі не рабіце іншым таго, чаго не хацелі б вы, каб вам рабілі іншыя.
   Каханне стала для яе вялікай сілай, якая напоўніла адчуваннем бясконцасці і радасцю жыццё. Дзяўчына гатова ахвяраваць усім дзеля каханага. Шкада, што Васіль паверыў плёткам і растаптаў светлыя пачуцці Ганны. Яна, абражаная і пакрыўджаная, насуперак свайму жаданню, без кахання выходзіць замуж за Яўхіма. Невыноснае жыццё ў сям'і нялюбага, смерць дзіцяці вымушае Ганну пакінуць Глушакову хату.
   Iван Мележ у сваім творы ішоў ад праўды жыцця, таму, мабыць, і павёў гераіню цяжкім шляхам, які патрабаваў ад яе асаблівай мужнасці і вынослівасці. Літаратурны герой, нават станоўчы, мае права памыляцца, калі гэта жыццёвы, праўдзівы вобраз, а не "носьбіт ідэй", штучны выканаўца аўтарскай волі. На асабістым лёсе мележаўскай Ганны адбіліся супярэчнасці, якія абвастрыў пераломны час калектывізацыі.
   Калі Васіля арыштавалі, да Ганны часта стаў падыходзіць Яўхім. Яму дзяўчына вельмі падабалася. Але Ганна нават і думкі не дапускала, каб быць з Яўхімам. Здарылася так, што аднойчы ў лесе^жалі дзяўчына збірала маліну, Яўхім стаў да яе прыставаць.
   "Ён сілком пацалаваў яе ў шчаку. У той жа момант Ганна так ірванулася, што Яўхім ледзь утрымаў яе — але ўсё ж утрымаў... Ганна з роспаччу і нянавісцю плюнула яму ў твар, проста ў тхарыныя вочы!
   Яўхім, як бы яго ўдарылі, тузануўся, гнеўна прахрыпеў: — А, дак ты!.. — са усёй сілы, з ярасцю сагнуў яе ў стане, кінуў на траву".
   Ганна моцна ўдарыла, яго і змагла ўцячы. Дамоў яна прыйшла ўзрушаная і ў падранай кофце. Пра гэта здарэнне пайшлі чуткі. Дайшлі яны і да Васіля. "Сустрэчы з Васілём і чакала і баялася: ведала, які раўнівы, асабліва да Яўхіма. I вось, звесіўшы босыя ногі, бялеючы адзежай, Васіль акурат ехаў.
   Чуў ці не чуў ён? А калі чуў — ці паверыў? Няўжо мог паверыць?.. "Мог — раўнівы, недаверлівы!.." — прайшла ў галаве Ганны неспакойная думка. Але другая адразу ж запярэчыла: "Не, не мог, не павінен верыць другім". Ёй — адной — верыць павінен!"
   Толькі Васіль паверыў другім, растаптаў светлае пачуццё. "Ад крыўды, ад злосці на яго ў грудзях паліла, думкі блыталіся". Размовы не атрымалася. Яны пасварыліся. А тут якраз Яўхім прыйшоў у сваты. Ганна столькі ўсяго перадумала. "Больш за ўсё, вастрэй, важчэй чулася непазбежнасць лёсу, няўхільнасць таго, што надышло... Як няўхільны закон жыцця, ведала — спрадвеку так заведзена ў людзей: воля бацькоў для дзеўкі — Божая воля. Так было са ўсімі, так будзе і з ёй. I няма чаго рвацца, трэба слухацца іх, бацькоў і Бога...
   I яна слухалася. Не бедавала, не пярэчыла, ішла побач іх паслухмяна. Так было заведзена, так рабілі ўсе". Па страшнаму закону беднасці Ганна выходзіць замуж за Яўхіма. Шлюб гэты не па каханню і не па разліку. Хутчэй як помста каханаму чалавеку, які паверыў хлусні, а не ёй, Ганне. Гэты яе выбар абумоўлена сукупнасцю гістарычных абставін, сацыяльных і бытавых фактараў.
   Аўтар малюе вобраз Міканора з усіх бакоў, праўдзіва паказвае ўсе яго супярэчлівасці. Мы бачым, як радуецца малады актывіст, што вярнуўся ў родную вёску да бацькоў, сяброў, аднавяскоўцаў. Бачым, як ён шчыра працуе і арганізуе на працу вяскоўцаў. Бачым, як хлопца засмучаюць беднасць і галеча, якія ў цесныя абцугі скавалі людзей. Бруд, адсутнасць элементарнай гігіены, калі ў хаце жывуць побач людзі і свінні, выклікае ва ўчарашняга вайскоўца моцнае жаданне хаця б трошку перайначыць такое жыццё. Абураюць Міканора і п'янкі, бо яны атупляюць чалавека. Не ўспрымае ён і рэлігійных свят, якія часта ператвараюцца ў абжорства. Бачым, як часам Міканору не хапае цярпення, вытрымкі.
   Аўтар паважае ў ім працавітасць, жаданне дапамагчы людзям і адмоўна ставіцца да імкнення маладога актывіста рашуча перабудаваць стары вясковы побыт, разбурыць тыя маральныя ўстоі, якія спрадвеку былі асновай духоўнасці селяніна. Адсюль і супярэчлівасць вобраза Міканора, якія выяўляецца ў эпізодзе "Святкаванне Каляд", калі ён раптам для сябе адкрыў, што свята з'яўляецца неабходнасцю для людзей, убачыў, якая прыгожая і шчаслівая ў свята маці, як радуюцца дзеці, калі ходзяць з Казою; у эпізодзе размовы з Васілём наконт паступлення ў калгас; у сцэне размовы з Хонем наконт жаніцьбы на Хадосьцы.
   Усе пачынанні ў Куранях звязаны з Міканорам, які пасля адчуў, што, змагаючыся са старым, ламаючы яго, трэба быць вельмі асцярожным, зберагаць усё лепшае, працоўнае, здаровае.
   Стары Глушак вядзе падвойнае жыццё. Ён хоча, каб дзеці хадзілі ў школу, каб у вёсцы была пабудавана грэбля, а калі застаецца сам з сабою, ён ненавідзіць вясковых актывістаў, з непавагай адносіцца да сваіх сямейнікаў.
   Глушак — чалавек прагавіты, сквапны, не грэбуе нічым дзеля асабістага ўзбагачэння. Грубы, дэспатычны муж, бацька, свёкар. У душы Халімона свой бог, які дапамагае разбагацець. Коршак, павук, грак, гадзюка, стары ліс... Такім успрымаюць Глушака куранёўцы, сам жа аўтар у героі імкнуўся выявіць як мага больш чалавечага. Пісьменнік паказвае яго працавітым і заклапочаным па гаспадарцы, бачыць у Халімоне чалавека "цвярозага розуму", які многа зведаў, перажыў, перадумаў. Пакутліва перажывае Халімон новы паварот лёсу. Ён "не мог перайначыцца, перастаць жыць тым... што навек уелася ў душу. Перастаць жыць заўсёдным клопатам было яму як смерць. А ён хацеў жыць. Ён ірваўся жыць". Адсюль развагі, сумненні, нянавісць на ўвесь свет...
   I. Мележ спачувае чалавеку, якога таталітарная антыгуманная сістэма з моцнага гаспадара на зямлі пераўтварае ў ахвяру абставін. Халімон Глушак, пры супярэчлівасці яго натуры, — усё ж адзін з тых, хто складаў трывалы "станавы хрыбет" сялянства, якое толькі і магло падтрымліваць падзвіжніцкае жыццё вёскі, не дапускала ляноты, марнатраўства, безгаспадарнасці. У гэтым вобразе бачыцца не проста Корч, які моцна трымаецца за зямлю сваімі каранямі, не проста крот, які слепа рыецца ў зямлі, а селянін-працаўнік, здольны, як ні цяжка яму гэта, цвяроза асэнсоўваць ход гісторыі, што ўрываецца ў спрадвечны лад жыцця.
   Дыялектная мова і фальклорны матэрыял у творы з'яўляюцца эфектыўным сродкам адлюстравання народнага жыцця, паказу палескага асяроддзя.
   Народныя выслоўі нясуць у сабе адбітак сацыяльных узаемаадносін, старых звычаяў і традыцый, служаць найлепшым сродкам-характарыстыкі герояў хронікі: саманадзейнага, фанабэрыстага Яўхіма, вострай на язык Сарокі, калючай Ганны Чарнушкі.
   Аб незвычайным гумары і дасціпнасці палешукоў сведчаць шматлікія прыказкі і прымаўкі: у чужое проса не ўтыкай носа, тут і без таго, куды ні кінь — дык клін, цуд-то цуд, ды грошай пуд і г. д.
   Шырока прадстаўлена ў творы дыялектная мова. Мележ прадумана адбіраў вобразна-выяўленчыя сродкі палескай гаворкі. Дыялектныя словы і фразеалагізмы, сінанімічныя формы дзеясловаў (гарланіў, лямантаваў, забруілася), дыялектныя эпітэты і параўнанні (крыж счарнеў, быццам галуза, падшыванцы — свіныя пастухі) не толькі ўдала працуюць на мастацкасць рамана, але і выступаюць як адзнака жывой народнай мовы, якую нельга забараніць, якая нясе ў сабе столькі мудрасці.
   Гукавая асаблівасць палескай гаворкі (мо, кеб, эге, дак, було, ето) дапамагае аўтару ўзнавіць мясцовы каларыт, раскрыць характары герояў.
У якасці галоўнага сродку ў раскрыцці думак і пачуццяў .чалавека выступае ў рамане ўнутраны маналог і няўласна-простая мова.
   Унутраны маналог уласцівы псіхалагічнаму вобразу Васіля. Напрыклад: "Маслакі праклятыя, — узяла іншы кірунак думка Васіля. — Трэба ж було налезці ім якраз на мяне, увесці ў такую бяду". Або думкі пра
   Яўхіма і Ганну: "Корч... задавака... Думае, як багацце, дык і ўсё...". "Усе дзеўкі на багацце падкія...". Ён часта ацэньвае свае ўчынкі і думкі, і тады ўнутраны маналог можа быць нават дыялагічным: "Толькі пачаў станавіцца як мае быць на ногі!.. Толькі пачаў жыць... I от — на табе!.."
   Унутраны маналог выступае асноўным сродкам характарыстыкі душэўнага стану Апейкі: "Чаго ты хочаш? — спрачаўся ён сам з сабою, цвярозы, разважны. — Каб проста было ўсё? Не будзе проста. Складана будзе ўсё. Бо складаны час. Вораг не той, што ў грамадзянскую. Не тымі метадамі дзейнічае...".
   Няўласна-простая мова ўжываецца таму, што аўтарская пазіцыя была блізкая да светапогляду герояў, іх роздумаў. Прыкладамі няўласна-простай мовы могуць быць сцэны: Васіль і Глушакі напярэдадні землеўпарадкавання, перадзелу зямлі, Ганна перад вяселлем і ў ноч пасля яго, Хадоська па дарозе да знахаркі, Апейка ў час "чысткі" і на сесіі).
   Прырода і бытавыя сцэны раскрываюць характары герояў, перадаюць рытм жыцця куранёўцаў, паўней абмалёўваюць дзеючых асоб, паказваюць адносіны паміж людзьмі. Нельга аддзяліць ад чалавека тое, сярод чаго ён жыве, чым дыхае, што яго корміць. Палешукоў мы бачым у сувязі з прыродаю, з навакольным светам. Кожны пейзажны малюнак — гэта дзейсны сродак раскрыцця таго асяроддзя, у якім жывуць героі, дзе плачуць, радуюцца і смуткуюць. Прырода выступае ў творы важным сродкам раскрыцця падзей, паглыблення псіхалагічнага аналізу.
   Але гэта яшчэ і сродак раскрыцця патрыятычных пачуццяў аўтара да роднага яму Палесся. Няхай балоты, няхай клімат, няхай туманы, але гэта ўсё роўна родны край, і ён самы прыгожы і любы.
   Наватарства I. Мележа ў "Палескай хроніцы" выявілася ў шматграннасці адлюстравання з'яў і падзей, у глыбокай павазе і любові да чалавека працы, у добрым веданні яго свету. Ён звярнуўся да вельмі складанага гістарычнага перыяду, паказаў, якой трагедыяй стала калектывізацыя для сялянства, для будучыні. Твор чытаецца на адным дыханні. Тут усё звязана ў адзіны моцны вузел. Дасягнуць эфекту бесперапыннасці жыцця пісьменніку дазволіла паслядоўнае чаргаванне эпізодаў — сямейна-бытавых з тымі, што ўзнаўляюць грамадска-палітычныя падзеі 1920-х гадоў. У канву "Палескай хронікі" натуральна ўпісаліся дакументальныя матэрыялы, у якіх абмяркоўваліся пытанні калектывізацыі. Дзякуючы абранай жанравай форме рамана-хронікі) I. Мележу ўдалося спалучыць грамадскія праблемы з асаблівасцямі жыцця, працы, побыту жыхароў палескай вёскі. Вельмі прадумана пераходзіць Іван Мележ ад апісання да дыялога, малюнкі прыроды ён натуральна кампануе з бытам, улічвае кантраснасць чаргавання лірычных і драматычных сцэн. Усё гэта таксама дапамагае стварыць уражанне жывога жыцця.
   Адметна вырашаецца і канфлікт у творы: ён звязаны з падзеямі, якія парушаюць звыклы ўклад вясковай рэчаіснасці і якія сведчаць аб нараджэнні чалавека, што сцвярджае ўладу над зямлёю.
   Напоўніўшы спрадвечную вясковую тэматыку палескім матэрыялам, I. Мележ здолеў выказаць сваё непаўторнае слова пра чалавека на зямлі. Аўтар дазволіў сваім героям гаварыць на іх роднай мове, і ад гэтага твор напоўніўся непаўторным гучаннем. Плённым аказаўся таксама зварот да фальклору, які выступае ў творы як адна са сфер жыцця народа.
   Мележ стварыў сапраўды народную кнігу, раскрыў самабытнасць народнага жыцця і народнага характару.

Похожие статьи:

Іван МележВасіль Дзяцел і Ганна Чарнушка як мастацкія тыпы ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележІван Мележ - Спатканне за горадам

Іван МележІван Мележ - Здарэнне

Іван МележПалеская хроніка. Людзі на балоце. Частка першая

Іван МележБеларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"