Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Васіль Дзяцел і Ганна Чарнушка як мастацкія тыпы ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

   Так бывае: сіла ўздзеяння таленавітага твора такая вялікая, што чытач страчвае ўсведамленне прачытанага як факта мастацтва і ўспрымае літаратурнага героя як канкрэтнага чалавека, якога палюбіў, як блізкага, як роднага, як самога сябе. I не можа змірыцца з воляй аўтара, бо трагедыю героя ўспрымае як трагедыю рэальнага і блізкага яму чалавека.
   I забываецца чытач на тое, што ў мастацтве дзейнічаюць свае законы, часам непадуладныя нават самаму таленавітаму мастаку.
   Што законы мастацтва, як пра тое даводзіць не раз Васіль Быкаў, і законы жыцця нярэдка не супадаюць. "Больш таго, яны амаль заўсёды ў супрацьстаянні", па словах пісьменніка.
   Правіла, закон жыцця такі: калі наканавана дваім сустрэцца на жыццёвай дарозе і зведаць каханне, то яны, як дзве палавінкі, павінны спалучыцца ў адно цэлае, усвядоміўшы, што ўзнагароджаны найвялікшым дарам, здрада якому — вялікі грэх. Бываюць і выключэнні з правіла: сустрэліся дзве палавінкі, але ці то не ўсвядомілі сустрэчу як падарунак лёсу, ці то сіла абставін аказалася мацнейшай за сілу дару — і тады трагедыя. Але ж то — трагедыя чалавека.
   Лягчэй за ўсё Мележу-чалавеку было б "ашчаслівіць" свайго чытача, дагадзіць яму і "спалучыць дзве палавінкі", якія, безумоўна, заслугоўвалі шчасця і былі вартыя адна другой. Аднак Мележ-творца не мог адступіць ад праўды жыцця і пераступіць законы мастацтва. У творцы была задача паказаць не толькі трагедыю чалавека, а трагедыю народа ў адзін з самых крытычных момантаў нацыянальнай гісторыі. Пісьменнік выявіў свой светапогляд, сваё разуменне ўсяго, што спрычынілася з нашым народам у час "карэннага пералому" і ў выніку яго, найперш праз вобразы Васіля і Ганны.
   У гэтых вобразах увасоблены не толькі характар беларуса, а яго менталітэт. А паняцце ментальнасці намнога шырэйшае за паняцце характару. Менталітэт — гэта своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чала века ці супольнасці людзей. Элементаў менталітэту любой нацыі вялікае мноства. Спынімся на некаторых, а найперш на вызначальным — на ўсведамленні каштоўнасцей, якія для чалавека і нацыі з'яўляюцца першаснымі, прыярытэтнымі.
   Для беларуса такой каштоўнасцю з'яўляецца (хочацца спадзявацца, што ўсё яшчэ з'яўляецца) зямля. I ўдакладнім: зямля не толькі як тэрыторыя жыцця, але (тое засведчана навукоўцамі, даследчыкамі, творцамі ў "адбітку родных з'яў") і як "промень волі і свабоды", як "аснова ўсёй айчыне". Мару пра зямлю і яе саму Міхал з "Новай зямлі" "апісваў фарбамі паэта". "Одной лишь думы власть" ведаў Васіль Дзяцел. Хай ён і не апісвае яе фарбамі паэта, але гаварыць пра яе не менш палка і малітоўна. "Каб той кавалачак зямлі, што за цагельняй!", — дзеліцца ён з Ганнай сваёй самай запаветнай марай. I ён бы ўжо на ёй шчыраваў, ён бы ўжо на ёй разгарнуўся! Яна б не была ў яго недагледжанай і няўдаліцай.
   Ментальнасць чалавека і нацыі вызначаецца і шляхамі, якімі яны ідуць да акрэсленай каштоўнасці, і сродкамі, якімі дамагаюцца яе.
   Беларускі шлях — праца, нястомная праца, нечалавечыя высілкі— і ўсё дзеля яе, зямелькі-карміцелькі, бо яна адна "н е зменіць і не здрадзіць", "яна дзяцей тваіх не кіне"... З непрыхаванай сімпатыяй і захапленнем апісвае I. Мележ свайго любімага героя ў час касьбы, пры-чым апісвае сапраўды фарбамі паэта, а не празаіка. Менавіта старонкі, прысвечаныя Васілю- працаўніку і куранёўскай прыгажуні Ганне ("Як тая рабіна цвіла ў тое лета Ганна!"), — старонкі, на якіх Мележ-празаік уступае месца Мележу-паэту. Як зямля — аснова ўсёй айчыне, так праца на ёй — аснова жыцця, жыцця годнага, людскага.
   У працы выяўляецца ўся сіла і прыгажосць чалавека, рэалізуюцца лепшыя яго якасці і талент, бо працавітасць — сама па сабе ёсць талент чалавека і сведчанне яго жыццястойкасці, нязломнасці, цягавітасці.
   Але адной працы на гэтай зямлі, каб авалодаць ёю і праз яе — воляй, мала. Як казаў коласаўскі герой, "тут грошы, грошы трэба". А іх няма. Змены ў жыцці, новую ўладу Васіль Дзяцел успрымае як падарунак лесу: нарэшце здзейсніцца! Але не збылося... Новыя падзеі і абставіны патрабуюць ад яго таго, што яму чужое і дзікае. Ён далёкі ад мітусні і калатнечы, якая ўсчалася навокал. Ён хоча проста жыць і працаваць на сваёй зямлі. Васіль шчыра паверыў, што савецкая ўлада прыйшла, каб даць зямлю і волю такім, як ён, спадзяваўся, што ўсё будзе па справядлівасці. Першае працверажэнне адбылося, калі пасядзеў у турме. Канчаткова пазбавіўся ілюзій, калі арганізаваўся калгас. Але гэта было пасля. Да гэтага лёс паставіў яго перад выбарам: жыць з каханай, адмовіцца ад сваёй мары пра зямлю ці Маніна пасажная зямля як крок да здзяйснення мары.
   Васіль — моцная, выключная, незвычайная асоба, на сіле і незвычайнасці якой неаднаразова акцэнтуе ўвагу чытача пісьменнік. Васіль рана асірацеў і ўжо ў падлеткавым узросце ўзяў на сябе клопат і адказнасць за ўсю сям'ю, узваліў такую ношу, якую не кожны мужчына адужае. Ён жа цярпліва нёс свой крыж, цвёрда засвоіўшы галоўны ўрок жыцця: цярпі, трывай, хочаш прысесці ад стомы — ідзі, а прысеў— устань і ідзі! Злучнасць пісьменніка са сваім героем настолькі моцная, што ў чытача страчваецца ўсведамленне: выяўленне пачуццяў Васіля ў час касьбы — гэта аўтарская характарыстыка ці ўнутраны маналог героя? Мележ — майстар дэталі. Дэталі ў партрэце Васіля таксама "працуюць" на яго выключнасць. Так, Ганна, прызнаючыся ў каханні да Васіля, кажа яму, што ёй люба ў ім усё: "...валасы неаднолькавыя: ззаду цёмныя, а спераду, як у рабога цяляці, і вочы не адзінакія... Адно, як вада светлае, другое, як жалудок".
   Вось такое незвычайнае прызнанне ў каханні, але колькі ў ім шчырасці, чысціні і мудрасці: прыгожае ўсё тое, што любае і дарагое.
   У жыцці героя была вясна з камянямі на дарозе, якія "губяць сілы маладыя", было і "лета-песня, лета-свята", што перайначыла ўсё ў душы Васіля. Акрамя аднаго: не ўтаймавала ў яго душы неадольнага жадання "разжыцца новай доляй". А новую долю магла даць яму толькі ўласная зямля.
   Прычына трагедыі нязбытнага кахання Васіля і Ганны многімі чытачамі ўсведамляецца як віна і здрада Васіля свайму пачуццю.
   Чытачы лічаць, што герой не вытрымлівае выпрабавання каханнем і выяўляе слабасць сваёй душы. Аднак модная, незвычайная асоба вызначаецца да ўсяго яшчэ і здольнасцю "пераступіць" цераз важнае і дарагое ў імя яшчэ больш дарагога, свядома зрабіць свой выбар паміж дарагім і яшчэ даражэйшым. I ў гэтым выбары выяўляецца не здрадлівасць Васіля, не яго слабасць, а, як ні парадаксальна, яго сіла.
   Усведамляе гэта і Ганна, робячы таксама свой крок. Не выбар, не, бо выбару ў яе якраз і не было, калі не лічыць таго, што зусім не выходзіць замуж. Ганну як моцную асобу таксама вызначае акрэсленасць каштоўнасці ў яе ўяўленні: такой каштоўнасцю для яе было каханне да Васіля. I не довады мачыхі пра выгоды шлюбу з Яўхімам, не напамін пра абавязак перад бацькамі паўплывалі на яе рашэнне даць згоду на шлюб з нялюбым. Ганарліўка і прыгажуня Ганна да ўсяго была яшчэ вельмі мудрай. Яна ведала, што няшчасныя дзеці не бываюць надзейным апірышчам для сваіх бацькоў, якім бы матэрыяльным багаццем дзеці ні валодалі. Малітва бацькоў — падмурак сям'і іх дзяцей, даводзіцца ў Бібліі і нагадваецца, што малітва — гэта не толькі словы, а найперш пабожныя справы. Шчасце дзяцей — трывалы падмурак спакойнай, дагледжанай старасці бацькоў. Доўга ўгаворвала мачыха Ганну, але згоды ад яе дамаглася, калі пацэліла ў самае сэрца. Ганна згадзілася, бо зразумела: Васіль яе не возьме.
   Выбар Васіля — не здрада Ганне і каханню да яе, а вернасць сваёй мэце. Спалучыць жа адно з другім было немагчыма. Спалучыць ці зрабіць іншы выбар мог нехта іншы, але не Васіль.
   Крытыкі і многія чытачы лічаць, што ў Васіля некалькі разоў была магчымасць выправіць сваю "памылку". Свядомы крок памылкай не з'яўляецца! Так, Ганна некалькі разоў угаворвае яго кінуць усё і пачаць жыццё спачатку, пераконвае яго, што разам яны ўсё адолеюць...
   У вобразе Ганны не толькі ўвасоблены пісьменніцкі ідэал жанчыны, услаўлена беларуская жанчына, але і паказана жаночая ментальнасць. Ёсць ментальнасць мужчынская і ментальнасць жаночая.
   Жаночая выяўляецца ў імкненні і гатоўнасці віць сваё гняздо з каханым чалавекам, быць ахоўніцай сямейнага ачага, ісці за каханым, як нітка за іголкай. I ў тым сіла жанчыны, яе прыгажосць і прызначэнне. Такая — Ганна.
   Ментальнасць мужчынская (адвеку так было ў нашым народзе!) — быць адказным за звітае гняздо, якія б матывы ні ляжалі ў яго падмурку. Права выбару сваёй палавінкі належала мужчыне, але адказнасць таксама лажылася менавіта на яго. У ментальнасці нашага народа — клопат пра дзяцей. Здрада сям'і, развал яе, асірацелыя дзеці-бязбацькавічы пры жывых бацьках — неадпушчоны грэх. Усведамленне яго было падмуркам векавой народнай маралі.
   Лёс Васіля надзвычай трагічны. Мары яго не суджана было здзейсніцца: на ўсякую сілу ёсць другая сіла! Тое , што рабілася ў калгасах, — не Васілёва. Здаровы розум і жыццёвая мудрасць гаварылі яму (таму такі неспакой у душы, такі ўнутраны злом), што гэта дабром не кончыцца, што ў такіх калгасах гаспадаром быць немагчыма. Тое, дзеля чаго ён пераступіў, ахвяраваў сваім "летам - песняй, летам-святам", нішчылася на вачах. Жыць інакш ён таксама не можа, бо на шляху да іншага, другога, хай сабе і не такога, пра якое марылася, жыцця, ёсць тое, пераступіць цераз што ён не можа, бо яно — святыня, роўная зямлі і жаданню быць на ёй гаспадаром. Гэта святыня — дзіця. Нават ад нялюбай, вечна соннай Мані, але яго роднае дзіця! Ён нават у думках не дапускае, што яго сын будзе бязбацькавічам.
   Так праз вобраз Васіля Іван Мележ паказвае трагедыю нашага народа ў часы "карэннага пералому" і нагадвае пра тыя каштоўнасці, на якіх трымалася наша зямля, доўжылася жыццё. Ментальнасць чалавека і нацыі пад уплывай часу і падзей можа змяняцца: адны яе элементы слабеюць і нават знікаюць, другія ж — наадварот, з'яўляюцца.
   Трылогія Мележа запрашае нас спыніцца і азірнуцца, падумаць і ўзважыць: ці варты знікнення тыя каштоўнасці, якія лічыліся нашымі продкамі першаснымі і святымі? Што будзе з намі, калі мы адрынем гэтыя каштоўнасці і святыні?
   Іван Мележ марыў напісаць пенталогію "Палескай хронікі", але планам яго не суджана было здзейсніцца. Паводле задумы аўтара, Васіль Дзяцел павінен быў прыйсці да здзяйснення подзвігу ў гады вайны. I гэта было б не фантазіяй пісьменніка, а сведчаннем глыбокага псіхалагізму яго творчасці. Абараніць сваю зямлю, сваё гняздо, сваё каханне, сваё дзіця можа толькі той, хто моцна любіць і сваю зямлю, і блізкіх і дарагіх яму людзей. Любіць так, як Васіль Дзяцел.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!